Маляўнічая турыстычная карта раскажа аб Налібоцкай пушчы

Автор: Алесь Белы

Створана турыстычная карта Налібоцкай пушчы, на якой прадстаўлены самыя славутыя мясцовасцi пушчы і яе ваколіц, а таксама яе векавыя міфы.

У рамках праекта «Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных супольнасцяў» распрацавана маляўнічая турыстычная карта Налібоцкай пушчы, якая прадстаўляе амаль чатыры дзясяткі самых славутых мясцовасцяў пушчы і яе ваколіц. Упершыню ці не ўсе знакавыя пушчанскія цікавосткі сабраны ў адным графічным творы. Такія карты рэгіёнаў усё яшчэ вельмі рэдкія ў беларускім турызме і выдавецкай справе.

На карце прадстаўлены такія разнастайныя рэаліі і міфалагемы Верхняга Панямоння, як, напрыклад, Лаўрышаўскі манастыр — першая цвярдыня праваслаўя ў даўняй Літве; або вальер для зуброў і экасцежка каля Сябрыні — візіт-цэнтр Налібоцкага заказніка; Чорнае возера — таямнічая затока Заходняй Бярэзіны, і казачнік Бай, які, паводле беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі, сцеражэ казкі і легенды бяздоннага возера Кромань; налібоцкае шкло — колішні гонар мястэчка, што дало пушчы імя, і івянецкая кераміка, якая яшчэ жыве, дзякуючы ахвярнай працы мясцовых майстроў; унікальная фітааптэка-лякарня ў Рубяжэвічах, што ўвасабляе векавыя традыцыі пушчанскага зельніцтва; і веласіпедны марафон «Налібокі» — штогадовая прыгода для веласіпедыстаў; і яшчэ многія іншыя страчаныя і дзеючыя сімвалы пушчанскай ідэнтычнасці — былой і сучаснай.

kartaNalibok_version7.jpg

Для Беларусі Налібоцкая пушча — важнае месца нацыянальнай памяці. Мяркуйце самі: з гэтага Лесу родам сучасны стандарт адроджанай беларускай літаратурнай мовы (творы Дуніна-Марцінкевіча, Канстанцыі Буйло, Пятра Бітэля і інш.), галоўная нацыянальная эпапея («Новая зямля»); тут (у Любчы) яшчэ на мяжы XVI-XVII стст. жыў самы першы чалавек, які назваўся беларусам, — Саламон Рысінскі.

Марыцца пра тое, каб з’явілася тут густая сетка веласіпедных сцяжынак, каб былі ўпарадкаваны для турыстаў самыя розныя тутэйшыя цікавосткі — былыя партызанскія зямлянкі, калонія буслоў у Панямоні, вёска Рум над Іслаччу — напалову гатовы жывы скансен, абы хтосьці ўзяўся давесці да ладу. Каб хоць у нейкай сімвалічнай форме былі пазначаныя былыя рудні, месцы, дзе знаходзіліся шкляная і металургічная гуты, самыя старыя, «заслужаныя» дрэвы, месцы важных бітваў і знакавых магнацкіх паляванняў.

Некалі ж, пэўна, так і будзе. За апошняе дзесяцігоддзе адноўлены гістарычныя сядзібы Дзяржынскіх у Дзяржынаве і Ленскіх у Суле, створаны выдатныя рыбалоўныя базы адпачынку на Кромані і на Сябрыньскіх азёрах. Тут адкрыта шмат аграсядзіб, з’явіліся непаўторна цікавыя прыватныя музеі: неабыякавыя могуць паслухаць бясконцыя байкі кантрабандыстаў ад Фелікса Янушкевіча (музей «Ракаўская цывілізацыя»), паглядзець на калекцыю старадаўніх народных музычных інструментаў Алеся Лася, зазірнуць ў просты і свойскі дом-музей скульптара-самавука Апалінарыя Пупко ў Івянцы... Штогод ладзяцца разнастайныя фэсты — «Цукеркавы фэст» у Івянцы, «Вольнае паветра», веламарафон «Налібокі»... І чым болей турыстаў будуць наведваць гэты край ужо зараз, тым хутчэй даведаюцца пра яго прыгажосць і таямнічасць іх сябры, сваякі, знаёмыя. І новаствораная карта няхай паспрыяе арыентацыі турыста ў таямнічым свеце пушчанскіх міфаў і рэалій.

Ідэя і канцэпцыя карты, падбор аб’ектаў: Алесь Белы, дызайн: Валянціна Чэпік



Смотрите также

Статьи
Выйшла кніга пра містычны лес пад Менскам

Ужо каторы год гісторык Аляксандар Белы стварае рэгіянальныя

Статьи
Блюда из оленины и шурпа из косули: ищем традиционные рецепты Центральной Беларуси

Компания «Боржоми» решила отыскивать по разным уголкам страны

Статьи
В Беларуси появилась кулинарная карта для туристов, на подходе – книга

В Беларуси появилась кулинарная карта для туристов, примерно

Самые популярные Самые обсуждаемые