З 2 па 9 жніўня ў Друі адбыўся мастацка-літаратурны пленэр "Друя – месца спаткання гісторыі і мастацтва".
Пленэр пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ладзіцца з 2015 года.
Але з ініцыятывы пробашча ксяндза Вячаслава Адамовіча сёлета да мастакоў далучыліся літаратары. Калі мастакі стваралі свае творы падчас плэнэраў, то пісьменнікі дзяліліся на літаратурных вечарынах плёнам сваёй працы, якая папярэднічала прыезду на плэнэр.
Пісьменнік Франц Сіўко, які апошнія гады плённа працуе ў краязнаўстве, зладзіў для ўдзельнікаў плэнэру вандроўку ў вёску Вята і на знакаміты вадаспад на рацэ Вяце.
На вечарыне “Казкі родам з Мілашова” пісьменніцы-казачніцы Алена Масла і Наталля Бучынская (па сумяшчальніцтву родныя сёстры) расказвалі, як родныя мясціны натхнялі на стварэнне казак, а таксама казачныя падзеі ў якіх з іх твораў адбываюцца на прасторах ад Мёраў да Друі. Была і другая частка гэтай казачнай дзеі – сёстры-пісьменніцы запрасілі ўдзельнікаў плэнэру паглядзець родныя Ідолта-Мілашова, расказалі гісторыю мясцін.
Казачніцы Алена і Наталля каля бацькоўскай хаты на беразе возера Ідолта
Пасля шпацыру літаратары засталіся ў Мілашове. Не так даўно тут дзейнічала адна са старэйшых у Беларусі школ. Больш за 140 гадоў навучаліся тут дзеці, але зараз дзяцей паменела – і школу зачынілі. Пісьменніца Алена Масла, выпускніца Мілашоўскай школы, прапанавала наведацца да настаўнікаў і запісаць іх успаміны. Магчыма, адным з вынікаў плэнэру стануцца і падрыхтаваныя літаратарамі ўспаміны, атрыманыя ад настаўнікаў у той вечар.
Быў на плэнэры і тэатральны вечар! Пісьменніца Алена Мальчэўская і мастачка Мая Пракаповіч прэзентавалі новую кнігу “10 пытанняў пра тэатр”, а драматург Алена Іванюшанка прачытала сваю п’есу. У антракце праводзілася віктарына на веданне гісторыі тэатра, а таксама гралі музыкі.
Дарэчы, музычнае суправаджэнне вечарын ладзілася штовечар і стварала надзвычай урачыстую атмасферу. Дзякуй за гэта мёрскім і друйскім музыкам Ганне Гайдзель, Валянціне Казакевіч, Віялеце Томцы і Таццяне Званскай.
Вольга Шчукіна, пісьменніца і сцэнарыст, якая шмат гадоў стварала сцэнарыі да легендарнай “Калыханкі”, захапляльна расказвала цікавосткі пра сваё творчае жыццё ў “Калыханцы”. Дзеці і дарослыя былі зачараваныя, бо сапраўды: “Калыханка – гэта мы”, – як і сцвярджала выступоўца.
Заключная вечарына “Літаратура памежжа: помнікі і асобы” складалася з двух частак. У першай прысутныя даведаліся пра гісторыю рукапіснага літаратурнага помніка Друйскае Евангелле, якое зараз знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурга.
Кнігазнаўца, пісьменніца Таццяна Сапега расказала пра спосабы вызначэння часу напісання кнігі і асаблівасці яе структуры. Яна таксама прадэманстравала маляўнічыя фотакопіі асобных старонак Друйскага евангелля.
Пра творчасць Ільдэфонса Бобіча (Пётра Просты) і Рышарда Курыльчыка – пісьменнікаў мясцовага паходжання – падрыхтавала грунтоўны даклад кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца Алена Карп. Навукоўца была ўсцешана, што пра Ільдэфонса (Ільдэфанса) Бобіча добра ведаюць і памятаюць у Друі. У касцёле ўсталяваная мемарыяльная дошка ў гонар святара, а сваякі пісьменніка прадставілі для дэманстрацыі фотаматэрыялы з сямейных альбомаў, асабістыя рэчы, а таксама кнігу казанняў Ільдэфонса Бобіча. Яна была выдадзена ў Львове ў 1937 годзе і захоўвае старонкі з рукапіснымі пазнакамі святара.
Завяршыўся пленэр вернісажам. Мастакі плённа папрацавалі, выстава атрымалася надзвычай яскравай і цікавай. Побач з мастакамі са сталіцы, якія стварылі на плэнэры шэраг яскравых прац – Кацярынай Сумаравай, Маяй Пейхвасэр, Уладзімірам Кандрусевічам, Юрыем Немагаем, Марынай Бацюковай – сёлета працавалі мастакі, якія нарадзіліся і жывуць недалёка ад Друі. Звярнуў на сябе ўвагу жывапіс Інгі Карашкевіч і Аліны Трукан, а таксама маляванкі Юліі Шакель.
Фотамастак Марына Бацюкова побач са сваімі работамі
Сёлета надвор'е спрыяла творцам – было пагодна, сонечна. Завяршыўся плэнэр сапраўдным святам – жыхары Друі адзначалі 640-ю гадавіну першага пісьмовага успаміна пра гэтае старажытнае мястэчка. Раз'ехаліся творцы – але святло і цеплыня Друйскага плэнэру засталося і з яго ўдзельнікамі, і з гледачамі і слухачамі.
Імгненні свята ў старажытнай Друі, якая адсвяткавала сваё 640-годдзе
13 сентября. Глеб Всеславович
В этот день в 1119 году умер Глеб Всеславович, минский князь.
Просмотров: 9255
12 сентября. Паулина Мядзелка
В этот день в 1893 году родилась Паулина Мядзелка – первая исполнительница роли Павлинки в одноименной пьесе Янки Купалы.
Просмотров: 4445
7 сентября. Отель «Европа» в Минске
В этот день в 2007 году после реконструкции открылся минский отель «Европа».
Просмотров: 3573
10 сентября. Композитор Евгений Глебов
В этот день в 1929 году родился белорусский композитор Евгений Глебов.
Просмотров: 3213