en | by | de | pl

Мядзельскі сельсавет: ад вострава Замак да кветак сакуры

Автор: Наталля Лiсiцкая
Фото: Сяргея Плыткевіча
Источник: “Нарачанская зара”

Мядзельскі пасялковы сельсавет быў створаны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Мядзельскага раёна Вілейскай вобласці (з 20 верасня 1944 года – Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 – Мінскай). Ну а вёскі сучаснага Мядзельскага сельсавета першапачаткова ўваходзілі ў іншыя сельсаветы: Лук’янавіцкі і Баярскі Мядзельскага раёна і Лацвянскі Пастаўскага.

1-2019-06-16-7--DJI_0499pb_1330.jpg

Па стане на 1 студзеня на тэрыторыі сельсавета 45 населеных пунктаў, у якіх пастаянна жывуць 1574 чалавекі (у тым ліку 898 працаздольнага ўзросту, 169 маладзейшых і 507 – старэйшых за працаздольны ўзрост). Найбольш жыхароў у аграгарадках Баяры (331) і Лук’янавічы (266), вёсках Лотва (173), Сосны (116) і Мікольцы (91). А ў Чалеях пастаянных жыхароў няма зусім.

3 b0de593d156d144198d81c8d40c4c6e3.jpg

Сельвыканкам знаходзіцца па-за межамі сельсавета – у Мядзеле. У Лук’янавічах і Лотве ёсць ФАПы, у Лук’янавічах сельскія клуб і бібліятэка, у Лотве – Дом майстра, у Баярах – бібліятэка-дом вольнага часу. Магазіны маюцца ў Лук’янавічах, Баярах, Лотве і Соснах. А вось храмаў і ўстаноў адукацыі на тэрыторыі сельсавета няма (апошняе абумоўлена ў тым ліку і невялікай адлегласцю населеных пунктаў да райцэнтра). На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца сельгасугоддзі і вытворчыя аб’екты ААТ “Мядзелаграсэрвіс” і “Мядзельскае аграпрамэнерга”, уладанні Мядзельскага і Навамядзельскага лясніцтваў. З курортных устаноў – санаторый “Сосны”, са спартыўных – Рэспубліканскі цэнтр падрыхтоўкі па парусным спорце. Ёсць і аб’екты, спецыяльна створаныя для турыстаў: дэндрасад і Аптэкарскі сад. 

Шэсць прычын наведаць Мядзельскі сельсавет

4-2018-12-02-4--DJI_0079pb_1330.jpg

1. Прынесці кветкі да помніка партызанам

Гэты помнік – самы пазнавальны аб’ект не толькі Мядзельскага сельсавета, але і ўвогуле Нарачанскага краю.

27 сакавіка 1944 года ля вёскі Пасынкі адбыўся бой партызан брыгады імя Варашылава з акупантамі, якія прарываліся ў з Пастаў на дапамогу акружанаму мядзельскаму гарнізону. Ворага разграмілі, але загінула і шмат партызан. Непадалёк ад месца бою, побач з вёскай Мікольцы ў 1952 годзе быў пастаўлены помнік партызанам Вілейшчыны (да верасня 1944 года нашы мясціны былі ў складзе Вілейскай вобласці). У 1968 годзе яго знеслі, а на тым месцы пабудавалі велічную стэлу вышынёй 24 метры. Побач з прыступкамі да яе напісаны назвы 17 партызанскіх брыгад і атрадаў, якія білі ворага на Мядзельшчыне. Стэла тады атрымала назву “Помнік партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай”. У каталогах і турыстычных даведніках па-рознаму называюць гэты помнік: дзе – партызанам Вілейшчыны, а дзе – партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай. Якраз той выпадак, калі паралельныя назвы – не памылка, а адлюстраванне гісторыі знакавага аб’екта.

Тут – радзіма фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле” (да 1995 года называўся “Нарачанскія росы”), які апошнім часам праводзіцца ў Мядзеле.

5-2014-08-20-6-6924pb_1330.jpg

2. Падумаць пра вайну і мір

У гэтых мясцінах ваявалі не толькі ў Вялікую Айчынную. Захавалася шмат нямецкіх умацаванняў часоў Першай сусветнай вайны. Самае вядомае (побач двойчы праводзіліся гістарычныя рэканструкцыі) – Вышыня 217. Знаходзіцца каля вёскі Пасынкі, недалёка ад велічнай стэлы, якую мы наведалі ў першую чаргу.

А вось што тычыцца ўмацаванняў Рускай імператарскай арміі, то час ад іх амаль нічога не пакінуў: яны былі драўляныя.

Больш як праз стагоддзе пасля тых падзей усведамляеш справядлівасць вядомых ісцін пра Першую сусветную як вайну за перадзел свету, несправядлівую з боку ўсіх краін-удзельніц. Карыслівую для тых, хто яе развязаў.

Аднак не для тых, хто апынуўся ў акопах – з таго ці іншага боку. Яны шчыра выконвалі салдацкі абавязак і нават здзяйснялі подзвігі, але хацелі міру – пачытайце хаця “На імперыялістычнай вайне” Гарэцкага ці “На заходнім фронце без перамен” Рэмарка. Многія, каго вайна зрабіла ворагамі, спачылі побач у нашай зямлі – на ёй засталіся не толькі ўмацаванні, але і пахаванні.

6-2021-10-29-6-DJI_0276pb_1330.jpg

3. Даведацца, дзе радзіма Мядзела

Яна далекавата ад цяперашняга райцэнтра – на востраве Замак возера Мядзел (не блытайце з аднайменным паўвостравам возера Мястра). Першая вядомая згадка пра наш горад – ў лісце Гедыміна рыжскаму біскупу. У 1324 годзе вялікі князь паведамляе пра агрэсію тэўтонцаў: “…Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Мядзела, каб ён не быў так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі ў палон”. Мяркуецца, пазней большасць жыхароў тых мясцін памерла праз эпідэмію, а астатнія перасяліліся да возера Мястра. А вось назву паселішчу пакінулі ранейшую – Мядзел.

7 eaa202408c66c1a2a80f5d0c4a130beb.jpg

4. Стаць сведкам сустрэчы самай кароткай ракі з самым вялікім возерам

Так, менавіта на тэрыторыі Мядзельскага сельсавета знаходзіцца самая кароткая рака Беларусі – Скема. Яе даўжыня – 260 метраў, шырыня – 3-4 метры. А вось плошча вадазборніка сур’ёзная – 133 квадратныя кіламетры. Скема злучае азёры Мястра і Нарач. Як вядома, Нарач – самае вялікае возера краіны, нездарма яго часта называюць беларускім морам. Яго даўжыня – 12,8 кіламетра, шырыня – 9,8, плошча – 7960 гектараў. Найбольшая глыбіня – 24,8 метра, сярэдняя – 8,9.

8-2020-10-28-7--DJI_0765pb_1330.jpg

5. Убачыць расліны Сярэдняй Азіі і Паўночнай Амерыкі

Для гэтага зусім не абавязкова выпраўляцца ў доўгае далёкае падарожжа. Можна наведаць дэндрасад – экскурсійны аб’ект Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Месціцца ля вёскі Мікольцы, паміж азёрамі Нарач і Мястра. Створаны ў 2002 годзе, займае плошчу 16 гектараў. Калекцыйны фонд дэндрасада налічвае больш за паўтысячы відаў раслін, якія ў натуральных умовах у Беларусі не растуць. Тэрыторыя падзелена на геабатанічныя зоны. У дэндрасадзе размясціліся кавалачкі Еўропы і Сібіру, Далёкага Усходу і Сярэдняй Азіі, Крыма, Каўказа і Паўночнай Амерыкі.

Цікавыя і калекцыі дэкаратыўных раслін. Напрыклад, бэзу і руж. Самі разумееце, цвітуць гэтыя расліны ў розны час – так што адным наведваннем дэнрасада абмежавацца цяжка.

Ёсць Музей лесу. У экспазіцыі – шэсць блокаў, прысвечаных асноўным лесаўтваральным пародам Беларусі. Можна прасачыць усе стадыі развіцця расліны (ад насення да дарослага дрэва), а таксама паглядзець на чучалы жывёл – тыповых прадстаўнікоў нашых лясоў. З аглядавай пляцоўкі на другім паверсе адкрываюцца непаўторныя краявіды.

Наведванне дэндрасада і музея лесу платнае.

9-2020-10-28-8--DJI_0795pb_1330.jpg

6. Убачыць цвіценне сакуры

Нямногія могуць дазволіць сабе паездку ў Японію: трэба шмат часу і грошай, а цяпер яшчэ і абмежаванні з’явіліся ў сувязі з пандэміяй… Але не бядуйце: паглядзець, як цвіце сакура, можна і ў Аптэкарскім садзе (яна прышчэплена на сліву). А яшчэ тут ёсць магчымасць даведацца таямніцы лекавых раслін, захапіцца прыгажосцю камянёў, паспытаць духмяныя фітачаі, сфатаграфавацца ў вобразе траўніка…

Аптэкарскі сад – экскурсійна-турыстычны комплекс “БелАсептыкі”, які адчынены з 2014 года. Месціцца ля вёскі Гатавічы, паміж трох азёр: Нарач, Мястра і Белае. Створаны паводле прынцыпу манастырскіх агародаў (крыжападобная размяшчэнне і вырошчанне пэўных відаў раслін).

Наведанне Аптэкарскага сада платнае.

2-2019-09-19-1--DJI_0933pb_1330.jpg

Сучасныя рэаліі, цікавыя падарожніку

Як даехаць?

Хоць да большасці знакавых мясцін можна дабрацца на рэйсавым аўтобусе, зручней будзе скарыстацца ўласным транспартам.

Што прывезці?

Мноства ўражанняў і фотаздымкаў. Хочацца нечага больш матэрыяльнага? Тады звярніце ўвагу на чайныя зборы ад “БелАсептыкі” – яны прадаюцца ў “Аптэкарскім садзе”.

Дзе падсілкавацца?

Устаноў грамадскага харчавання на тэрыторыі сельсавета няма. Але ж выручыць тэрытарыяльная блізкасць да райцэнтра, дзе ёсць кавярня ў гасцініцы і “Сінгл-кафэ”, а таксама бургерная.

Дзе спыніцца?

На тэрыторыі сельсавета шмат аграсядзіб (адрасы і тэлефоны шукайце на сайце Мядзельскага райвыканкама). Можна заначаваць і ў Мядзеле, дзе да вашых паслуг гасцініца і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. А таксама аграсядзібы.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые