«Не часта ходзім, не многа просім». Як па вёсцы Дзеркаўшчына на Вялікдзень ходзяць валачобнікі

Автор: Юлія Барыла
0 5584

Каб павіншаваць аднавяскоўцаў са святам, яны крочаць ад хаты да хаты, пяюць традыцыйную для свята песню «Вэсолы», гуляюць з яйкамі і збіраюць пачастункі. Мы паглядзелі, як праходзіць валачобны абрад у невялічкай вёсцы Віцебскай вобласці.

Здаўна валачобніцтва было важнай часткай святкавання Вялікадня ў Беларусі. Валачобнікаў, якія песнямі ўслаўлялі Уваскрасенне Хрыстова, чакалі ў кожнай хаце. Людзі верылі, што яны спрыяюць дабрабыту сям’і. Як і калядоўшчыкаў на Каляды, гасцей чым-небудзь частавалі, у першую чаргу, пафарбаванымі яйкамі

Яшчэ гадоў 30 таму валачобніцтва ў Дзеркаўшчыне, як і ў многіх другіх вёсках, было звычайнай справай. Збіраліся адразу некалькі кампаній дарослых, і, хто з баянам, хто без, абыходзілі хаты. З часам традыцыя патроху адыйшла, але некалькі гадоў таму узнавілася. Маладыя ўдзельнікі фальклорнага гуртка рыхтавалі да свята пастаноўку, а пасля падумалі, чаму б і па хатах не прайсціся: касцюмы ёсць, сцэнарый вывучаны. Так і пайшло.

У гэтым годзе на валачобніцтва сабраліся чалавек дзесяць: вучні мясцовай школы, выпускнікі і супрацоўнікі клуба. Дырэктар клуба на тыдні разаслала па вайберу сцэнарый з распісанымі рэплікамі, правялі рэпетыцыю — так і падрыхтаваліся.

Людзей было б болей, каб не дрэннае надвор’е. На вуліцы дождж і вецер, дарогі размыла. Першыя хвіліны валачобнікі яшчэ вагаюцца: можа, не ісці? Але ў выніку рушаць да клубных шафаў з адзежай і выбіраюць сабе касцюмы. Пінжакі з цяжкасцю лезуць на курткі, а хусткі спатрэбяцца не толькі дзеля каларыту, але і ад дажджу.

Дзеркаўшчына знаходзіцца ў заходняй частцы Беларусі, і большасць мясцовых жыхароў  — каталікі. У вёсцы, дзе жыве ад сілы чалавек 800, стаіць вялікі каменны касцёл XIX стагоддзя, на велікодную імшу там  заўсёды шмат людзей. Дзеркаўшчынскія валачобнікі таксама пераважна каталікі, таму і збіраюцца яны на каталіцкае свята.

— У мінулым годзе добра было: каталіцкі і праваслаўны Вялікдзень супалі. Нас сабралася некалькі груп, абышлі вельмі шмат хат. А ў гэтым годзе і не ведаю, ці выбярэмся ўжо на праваслаўнае свята, — дзеліцца думкамі дырэктар Дзеркаўшчынскага клуба Аксана Баброўская.

За дзень валачобнікі абыходзяць 30-40 хат. Зайсці да ўсіх не атрымліваецца, але ўдзельнікі ўжо ведаюць, дзе іх дакладна чакаюць, і адразу накіроўваюцца туды.

Яшчэ на падыходзе да першай хаты валачобнікі пачынаюць спяваць, а гаспадары загадзя ведаюць, што госці набліжаюцца. Усе заходзяць у хату і, грудзячыся ў калідоры, распачынаюць міні-пастаноўку з віншаванняў са святам. Сярод валачобнікаў ёсць пачынальнік, які гаворыць больш за ўсё рэплік, падхватнікі і механоша, які збірае ў мех падарункі.

— Дай кожнаму пеюну хоць па яйку, ну а пачынальніку парачку! А нашаму механошу — пірог ды галёшу, каўбаскі з шастом, а мо і свінню з хвастом, — падказваюць падхватнікі гаспадарам.

Пасля пажаданняў здароўя і добрабыту пачынальнік праводзіць невялікую гульню з гаспадарамі «Пакаці яечка», каб даведацца, хто ў гэтым годзе будзе больш багатым і шчаслівым. А потым папоўніўшы торбу, удзельнікі зноў з песнямі ідуць далей.

У торбу валачобнікам чаго толькі не трапляе: і ежа, і грошы. Але больш за ўсё, вядома, яек, якія даюць усе гаспадары. Іх не толькі фарбуюць, але і свенцяць у касцёле.

— Нам яйкі пафарбавала ў цыбулі мая свякроў. Раздала іх нам і другім сваякам. Мы з раніцы паехалі і гэтымі ж яйкамі ўсе абмяняліся — смяецца адна гаспадыня.

Многія не проста фарбуюць яйкі ў цыбулі ці выкарыстоўваюць налепкі, а падыхозяць да справы вельмі крэатыўна. Калі прыляпіць да яйка лісцік і пакрасіць яго ў панчосе, атрымліваецца пасхальнае яйка з узорам.

Пасля першай хаты пачынальнік яшчэ скардзіцца, што не ўсе памятаюць словы песень. Але пасля хаты пятай дзея даходзіць да аўтаматызму.

Пакуль старэйшыя школьнікі шэсцем праходзяць па вёсцы, па яйка выпраўляюцца і малодшыя вучні. Яны пакуль абыходзяцца простым «Хрыстос Уваскрос», але з часам, магчыма, далучацца і да валачобнікаў.



Смотрите также

Талака, талачыся!  Як беларусы разам будавалі хаты і капалі бульбу Статьи
Талака, талачыся! Як беларусы разам будавалі хаты і капалі бульбу

У верасні беларусы-гараджане мінімум на адны выходныя забываюцца на свой гарадскі лад жыцця і адпраўляюцца на малую...

Масленица, Комоедица, «Гуканне вясны», или Самые интересные весенние обряды Статьи
Масленица, Комоедица, «Гуканне вясны», или Самые интересные весенние обряды

Трескучие морозы отступают, снег из белого становится бурым, удлиняется день, сосульки оплывают на солнце и...

Самые яркие обряды января: женить Терешку, окунаться в прорубь, устраивать «царские» забавы Статьи
Самые яркие обряды января: женить Терешку, окунаться в прорубь, устраивать «царские» забавы

У наших предков не было радио, телевизора, айфонов, планшетов и прочих достижений современной цивилизации. Но...