Ніколі б не падумала, што здымак з чужога фотаальбома стане нагодай для журналісцкага даследавання даўжынёй амаль у два гады. Асабіста для мяне самадзейная мастачка Ніна Бохан – сенсацыя.
Практычна дэтэктыўная гісторыя, пра якую пойдзе размова ў гэтым матэрыяле, пачалася недзе напрыканцы студзеня 2019 года. Аляксей Крукоўскі з Мінска, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, даслаў мне фота, зробленае падчас этнаграфічнай экспедыцыі па Смаргоншчыне летам 2018 года. На здымку – маляваны дыван, які ўдзельнікі экспедыцыі купілі ў Браніславы Шутовіч з Лісічына.
Маляванка з аленямі ўразіла сваім самабытным, у нейкай ступені дзіцяча-наіўным, “почыркам”, незвычайным сюжэтам і яркасцю фарбаў. Прызнацца, нічога падобнага я не бачыла, хоць часта бываю ў вёсках і даволі шмат пішу пра сталых людзей.
Яшчэ адну маляванку этнографам перадала журналістка Святлана Станкевіч, шукальніца “скарбаў” даўніны, якая літаральна выцягнула яшчэ адных “аленяў” з-пад завалаў старой хаты ў Клочках. Знойдзены дыван аказаўся вельмі падобным да лісічынскага.
“Народныя маляванкі – жанр народнага мастацтва, які доўгі час быў недаацэнены прафесіяналамі і адпаведна публікай, – кажа Аляксей Крукоўскі. – Да канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі амаль ніхто сур’ёзна не займаўся вывучэннем маляванак. Гэты жанр не чыстае народнае мастацтва. Ён прыйшоў з горада ў вёску, лічыўся другасным, таму доўгія гады памылкова думалі, што займацца даследаваннем маляванак няварта. Пры тым, што ва ўсім свеце ў другой палове ХХ стагоддзя адбыўся бум цікаўнасці да наіўнага мастацтва. І не вельмі істотна, адкуль бралі мастакі свае сюжэты. Гэта адмысловы спецыфічны жанр, у якім праяўляецца народны талент”.
Пасля майго знаёмства з першай маляванкай прайшло месяцы чатыры. Аднойчы ў знаёмай швачкі Наталлі Трацяк я разглядала старыя фотаздымкі. Мяне зацікавіла фота, зробленае ў Ленінградзе каля паўсотні гадоў таму. Сваякі Наталлі сфатаграфаваліся на фоне маляванага дывана. Гаспадыня ўзгадала, што на Смаргоншчыне таксама была самадзейная мастачка. Тады ўпершыню я пачула пра Боханіху – менавіта так называлі па-мясцоваму Ніну Бохан. У цяжкі пасляваенны час, здавалася б, усім было не да карцін. А жанчына хадзіла па вёсках і зарабляла на хлеб маляваннем. Людзі, хоць і жылі бедна, але шукалі спосабы ўпрыгожыць сваё жыллё.
Калі я расказала Аляксею Крукоўскаму пра свае здагадкі наконт аўтарства “аленяў”, ён зацікавіўся асобай Ніны Бохан і актыўна далучыўся да пошуку інфармацыі па-за межамі Смаргоншчыны.
“Я была даволі малая, але помню Нініны работы, у суседзяў мастачка размалявала дзверы і сцяну, а яе дываны былі практычна ў кожнай укропенскай хаце. Гэта маляванка з Лісічына падобная да тых, – удакладняе Наталля Трацяк. – Я помню, што на адной карціне маглі быць і возера з лебедзямі, і алені, і бярозы, і кветкі буйныя – ружы і лілеі. Маляванкі нагадвалі дзіцячы малюнак. Толькі вялікага памеру. Не пейзажы Шышкіна ці Левітана. Але ў сціплы хатні інтэр’ер яны цудоўна ўпісваліся”.
91-гадовая Вера Кабак, маці Наталлі Трацяк, расказвала, што Ніна з’явілася ва Укропенцы пасля вайны не адна – з братам і сёстрамі. Яны былі, як казалі, “бежанцамі”. Бацькоў не мелі. Жылля таксама. Хадзілі па людзях. Ніна малявала, старэйшая сястра і брат дапамагалі ёй. Дзе працавалі, там і жылі. У астатні час спыняліся ў лесе, паміж Чарнятамі і Укропенкай, у адной з зямлянак, дзе вайной хаваліся мясцовыя жыхары. Той акоп у народзе празвалі Боханіхін.
Пра родных мастачкі вядома няшмат. Яе старэйшая сястра Вольга пачала сустракацца з мясцовым хлопцам Ёзафам і зацяжарыла, нарадзіла дзяўчынку, але сям’і ў іх не атрымалася. Вольга з дзіцём некуды з’ехала.
Толькі ў 80-х гадах ХХ стагоддзя малодшая сястра Вера знайшла Вольгу, якая жыла пад Ленінградам. Сёстры збіраліся пабачыцца, але, на жаль, Вольга раптоўна памерла.
Пётр, брат Ніны, узгадваецца ў успамінах толькі раз. Пляменніца паказала фотакартку, якую ў 1953 годзе Пётр падарыў Ніне, калі яны сустрэліся ў Іжы Вілейскага раёна.
Смаргонец Міхаіл Бохан, 76-гадовы стрыечны пляменнік мастачкі, удакладняе: “Пасля вайны ў нас сапраўды было шмат бежанцаў. Неўраджай 1946 года прынёс страшэнны голад. Людзі хадзілі па хатах, прасілі есці.
Боханы на Смаргоншчыну прыйшлі з Вілейскага раёна. Жылі ў вёсцы Пукелы (цяпер Засценкі). Бацька Ніны таксама быў мастаком. Ён вёў вандроўны лад жыцця. Я быў падлеткам, калі з мамай трапіў у царкву ў вёсцы Ручыца. Мама мне ўзгадала, што напачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя родны брат майго дзеда Сцяпан Бохан распісваў царкву. Мне казалі, што фрэскі і дагэтуль захаваліся”.
У сеціве фотаздымкаў з роспісамі Ручыцкай царквы я не знайшла. Паехала на Вілейшчыну, каб на свае вочы пабачыць, што захавалася. Фрэскі сапраўды ёсць. Высока пад столлю. Сцены святыні шмат разоў перабельвалі, але ні ў каго не паднялася рука поўнасцю знішчыць старыя роспісы. Вобразы святых выглядаюць, як аплікацыі на выбеленым фоне. На жаль, ні мясцовыя жыхары, ні святар, які служыць у Гануце працяглы час, нічога не ведаюць пра аўтарства гэтых роспісаў.
Міхаіл Бохан з усіх дзяцей дзядзькі найбольш помніць Ніну. Яна нарадзілася ў 1917 годзе. Пасля вайны, зусім нядоўга, жыла ў смаргонскім Доме культуры, дзе ёй адвялі невялікі пакойчык. Афармляла наглядную агітацыю, афішы для кіно. Ездзіла да сваякоў у Чарняты і Укропенку, там малявала для мясцовых жыхароў.
1947 год стаў трагічным у лёсе мастачкі. У Вільнюсе яе злавілі з падробнымі грашыма: сама намалявала. У міліцыю пра яе, быццам, данёс кавалер, калі ўбачыў, як Ніна капіруе асігнацыі. Свой тэрмін – сем гадоў – адбывала на Калыме.
Гісторыя з Нінай і падробнымі грашыма ператварылася ў народны жарт. Працяглы час людзі яе ўспаміналі прымоўем: не маеш грошай – ідзі да Боханіхі, хай намалюе.
Партрэт Ніны Бохан. Мастак Святлана Наздрын-Платніцкая
Ніна вярнулася з Калымы на Смаргоншчыну ў 1954 годзе. Пасялілася на хутары Кулі паблізу вёскі Чарняты – прытуліла жанчыну цётка Броня, удава па Нініным стрыечным браце.
«Мы жылі тады ў старой лазні “па-чорнаму”, прыстасаванай пад жыллё, з земляной падлогай і акенцам у адно шкло. Мама, два браты, сястра і я. Бацька з вайны не вярнуўся, прапаў без вестак, – напісала ў сваім пісьме з Анапы 76-гадовая Ганна Бохан, адна з дачок Браніславы, якую удалося знайсці з дапамогай сацыяльных сетак. – У гэту хатку прыйшла пажыць да нас Ніна Сцяпанаўна пасля адбывання тэрміну. Была моцна змардаваная, без зубоў, бо перахварэла на цынгу. На зоне яна таксама займалася маляваннем і афармленнем нагляднай агітацыі. Аднойчы замест слова “воздушные” напісала “воздэху”, за гэта яе пакаралі карцарам і забаронай на “художества”.
У нашай хаціне Ніна намалявала на печцы розныя кветкі, а на палатне – лебедзяў і аленяў. У мяне застаўся партрэт бацькі, які мастачка перамалявала з маленькага фотаздымка”.
“Малявала Ніна вельмі шмат. У хляве ці пад паветкай. Розныя дываны з лебедзямі, аленямі, прыродай, кветкамі. Мяняла ў людзей іх на яйкі, бульбу, муку ці прадавала па вёсках і ў Смаргоні на кірмашы, – удакладняе Міхаіл Бохан. – Афармляла насценную агітацыю, плакаты з надпісамі тыпу “Дагонім, перагонім, пераможам”. Пісала па клетачках партрэты правадыроў – Леніна і Сталіна.
Каб “карціна” была больш трывалай, аснову грунтавала растворам крухмалу ці зубнога парашку (тады фарбы прыемна пахлі), а калі наносіла грунтоўку з варанага сталярнага клея жывёльнага паходжання, то пах быў невыносна гідкі, затое малюнак атрымліваўся бліскучы. Фарбы купляла ў Смаргоні. На вуліцы Кірава жыла Зязюля. Яна вазіла іх з Вільнюса – вельмі яркія, з гадамі зусім не бляклі”.
У Чарнятах Ніна пражыла да канца 50-х гадоў, пакуль сын гаспадыні не ажаніўся. Адтуль яна накіравалася да малодшай сястры Веры ў Ленкаўшчыну Маладзечанскага раёна. Пасля гэтага Міхаіл бачыў цётку толькі аднойчы. Недзе напачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя яна заязджала ў госці. “Вельмі жвавая, стройная, голас нізкаваты, пастаўлены”, – такой запомніла мастачку жонка Міхаіла Аляксеевіча, якую, дарэчы, таксама завуць Ніна Бохан.
Недзе ў 1963-1964 гадах Ніну бачылі на Астравеччыне. Сын Броні, Аляксандр Бохан, з жонкай Фаінай перабраўся ў вёску Віктасіна. Пачаў там будаваць дом. “Мне было гадоў шэсць, калі ў нас з’явілася сваячка-мастачка, – расказвае іх дачка Людміла Гродзь з вёскі Варона. – Ніна жыла ў нас, харчавалася і малявала. Рабочым кабінетам ёй служыў вялікі пакой у хаце, у ім тата яшчэ нават падлогу не паслаў. Яна малявала дываны з вялікімі і малымі вянкамі з кветак, а таксама з казачнымі сюжэтамі, жывёл (звычайна аленяў ці ласёў), лебедзяў. Хадзіла, каб прадаць свае маляванкі, у Валэйкавічы, Старую Рудню, іншыя вёскі (да Клочак, дзе была знойдзена другая маляванка, – рукой падаць – аўт.). Там таксама спынялася ў мясцовых людзей і малявала, а пасля вярталася ў Віктасіна”.
У хаце Боханаў у Віктасіна доўга вісеў на сцяне дыван з выявамі жанчын у хітонах. На жаль, да гэтага часу ён не захаваўся. А вось другі, ідэнтычны, знайшоўся ў Ніны Колтан, роднай сястры Фаіны Бохан. Гэта была наша першая знаходка, якую дакладна стварыла Ніна. Але па сюжэце і тэхніцы выканання вельмі моцна адрознівалася ад тых маляванак, якія належаць СЭТаўцам.
Яшчэ адзін прыгожы дыван – з выявамі трох волатаў – знайшоўся ў Варнянах. Бацькі Людмілы Кухарэвіч купілі яго на кірмашы ў Міхалішках бліжэй да сярэдзіны 60-х гадоў.
Пошукі прадаўжаліся.
У Маладзечанскім раёне знайшліся раннія работы Ніны Бохан – “кветкавы” абрус і вельмі цікавы абраз Святой Кацярыны і адзін дыванок – “Алені і лебедзі”, намаляваны на дзіцячай коўдры. Многае распавяла пра сваячку пляменніца Галіна з Радашковічаў.
Напрыканцы жніўня 2019 года ў смаргонскай газеце “Светлы шлях” быў змешчаны фрагмент маляванкі з Лісічына і зварот да чытачоў, каб дапамаглі ўстанавіць аўтара работы і расказалі штосьці пра Ніну Бохан. Адзін тэлефонны званок раскрыў нам “козыры” самадзейнай мастачкі. Аказалася, працяглы час яна жыла ў вёсках Сінькоўскага сельсавета. У сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя за ежу і начлег стварала прыгажосць у хатах мясцовых жыхароў. Усе насілі ёй свае старыя капы, а мастачка ператварала іх у квяцістыя дываны – адзін такі знайшлі ў Сяльцы. Вялікая маляванка, на ўсю шафу, з вельмі цікавым сюжэтам, захавалася ў вёсцы Наваспаск, у сям’і Ульяш.
У Сяльцы, у хаце 85-гадовай Галіны Вяршковіч, чакаў сапраўдны скарб: карціны, якія малявала Ніна Бохан на сценах.
Выява трох волатаў, памерам 135х115 см, паверх якой павесілі сучасны дыван. Дзве іншыя – заклеілі шпалерамі. Тым не менш гаспадыня, убачыўшы зацікаўленасць да насценных малюнкаў, дазволіла нам іх “адкрыць” – зняць шпалеры. А пад імі… на адной сцяне – казачныя павы (паўліны) на ярка-блакітным фоне. На другой – плывуць лебедзі.
Ларыса, дачка Галіны Вяршковіч, успамінае пра нязвыклую тэхніку стварэння гэтых карцін: “Ніна малявала знізу ўверх. Напрыклад, пачынала з хваста паўліна і пайшла-пайшла ўверх. Мяне гэта здзіўляла, бо звычайна чалавека ці жывёлу пачынаюць маляваць з галавы”.
“Ніна казала, што прыйшла ў Сялец з Ленкаўшчыны. Там жыла яе малодшая сястра, – удакладняе Галіна Вяршковіч. – Яна была вельмі простая ў зносінах, непераборлівая ў ежы, худзенькая. Па ўсім было відаць, што многа гаравала. Вялікіх грошай за работу ў людзей не прасіла. З мужчынамі не зналася. Пастаянна была адна”.
Сярод сясцёр і брата (якія былі шатэнамі з прамымі валасамі) яна найперш выдзялялася цёмненькай шавялюрай. Фарбавала вусны і вочы (што на той час было рэдкасцю), сачыла за модай. Галоўны аксесуар, па якім здалёку пазнавалі мастачку, – вялікі драўляны чамадан, дзе знаходзіліся пэндзлікі і фарбы.
Наша “паляванне” на работы мастачкі было няпростым. Кожную знаходку мы ўспрымалі, як нешта надзвычай каштоўнае. Нават не ў матэрыяльным плане. Хаця ў нейкай ступені работы маюць матэрыяльную каштоўнасць. Але яшчэ больш – гістарычную. Не так шмат вядома ў Беларусі прадстаўнікоў інсітнага (наіўнага) мастацтва.
Пакуль вялося “следства”, мы знайшлі каля дваццаці работ мастачкі. І прадаўжалі знаходзіць… Пасля таго, як выйшла газета з другім матэрыялам, жыхарка з Сінькоў Алена Танковіч паведаміла, што напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя мастачка малявала ў іх доме.
Дагэтуль захаваліся тры маляванкі: дзве з квяцістымі вянкамі і адзін – з аленямі.
Ганна Мядзелец, якая жыве ў Смаргоні, а родам з Астравеччыны, расказала, што Ніна Бохан шмат малявала на яе малой радзіме. Гэта інфармацыя не аказалася нечаканай. Сляды мастачкі мы і дагэтуль “бачылі” на астравецкай зямлі. На жаль, не вельмі выразныя.
Ганна Антонаўна нам паведаміла, што ў яе маці ў Вашкунах захоўваліся два дываны ад Ніны Бохан. Але цяпер іх няма: мама прадала ў Ашмянах на базары. Ганна падказала канкрэтныя вёскі, дзе жыла і малявала мастачка. Усе яны – паблізу атамнай станцыі.
Мы выправіліся на Астравеччыну, спадзеючыся знайсці работы самабытнай мастачкі. Пабывалі ў Вашкунах, Чэхах, Гайголях, Бабраўніках. Гэта быў вельмі насычаны на знаёмствы дзень. Адзінаццаць чалавек нам прыпомнілі імя мастачкі. У кожнай з названых вёсках мы чулі ад людзей, што Ніна Бохан там жыла і малявала. Было гэта і на пачатку, і ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя. На пытанне: “Можа, што засталося з работ мастачкі?” – людзі адказвалі: “Былі і ў нас капы. З аленямі, коцікамі, кветкавымі вянкамі. Ой, даўно няма, павыкідалі, папалілі”.
"Сляды" Ніны Бохан мы знайшліся і ў Бабраўніках. У адной – сцены, размаляваныя кветкамі. У другой хаце мы ўбачылі дыванок: на мешкавіне – прыгожая жанчына з кацянём і любімыя ружы мастачкі. На жаль, гаспадыня, якой ужо за 90 гадоў, не зразумела нашай зацікаўленасці і нават не дазволіла адцягнуць халадзільнік, каб сфатаграфаваць дыванок поўнасцю.
Тым не менш людзі падказалі, што ў аднаго мужчыны ў Вашкунах бачылі работу Ніны Бохан – карціну, прыбітую да печы. Гаспадар не адразу ўцяміў, што мы ад яго хочам. Потым доўга ўпіраўся паказваць:
“У мяне там брудна, печ чорная”. Але, нарэшце здаўся.... І нечакана для нас выцягнуў з печы скарб – дзве карціны мастачкі, якія былі прымацаваны да сцен тоўстымі цвікамі.
Тое, што гэта работы “кісцей” Ніны Бохан, можна было разглядзець скрозь пыл і сажу. Тэма – паляванне.
Праўда, адна з карцін – “Паляўнічыя на прывале” – была моцна пашкоджана: разламана на дзве часткі, прычым ніжняя частка не захавалася поўнасцю. Тым не менш сюжэт аказаўся для нас зразумелым.
Другая работа – назавем яе “Коннік (ці паляўнічы) з “віламі” – аказалася ў даволі добрым стане. Мужчына прыпомніў мастачку Ніну, якая малявала ў Вашкунах у пачатку 1970-х гадоў. А пасля правёў нас у суседні дом. Там таксама захавалася гісторыя. Мастачка па перыметры хаты намалявала ружовыя кветкі. Нініны кветкі, адназначна.
73-гадовая жанчына ў Чэхах, якую завуць Ліля Вайнілка (сваячка Ганны Мядзелец), цудоўна помніць мастачку. Яна пэўны час жыла і ў яе доме, малявала. “Такія прыгожыя дываны былі. Кветкі, вялікі вянок, а ў цэнтры – яшчэ адзін. А зверху па кветках – пасыпала бітымі ёлачнымі цацкамі. Прыгожа глядзеліся. Такія дываны на падлогу не пасцелеш, бо нагой не станеш. Дый і шкода: кветкі, як жывыя, – кажа Ліля Уладзіславаўна. – Але сапраўдная прыгажосць была ў доме Бразевічаў. Яны жылі ў Рудзішках. Ніна там сцены размалявала. І людзі, і кветкі, і тры волаты. Я спецыяльна туды хадзіла паглядзець. А як убачыла, прывяла яе ў Чэхі. У мяне жыла тыдні з два і малявала”.
Тое, што я пачула ад Лілі Вайнілка, расказала Аляксею Крукоўскаму. Нечакана для мяне ён прыпомніў інфармацыю васьмігадовай даўніны.
Фатограф Сяргей Лескець рабіў у Рудзішках здымкі апусцелай хаты, якую павінны былі знесці (што неўзабаве і было зроблена).
Дык вось гэта хата і аказалася той, у якой пакінула выразны след мастачка Ніна Бохан – вялікія насценныя малюнкі. Фатограф тады не ведаў, “чыіх кісцей” работы.
“Аўтарам гэтых работ, калі меркаваць па тэматыцы і стылістыцы, хутчэй за ўсё была мясцовая жанчына. Яе працы падобныя па стылістыцы да твораў Алены Кіш – генія беларускага інсітнага мастацтва, дываны якой паспелі сабраць Міхась Раманюк і мастакі ягонага кола.
Прыкра, што няма ў каго распытаць пра яе, безыменнага народнага майстра з Астравеччыны. Да таго ж, роспіс на сценах зроблены на гіпсакартоне, што шчыльна прыбіты да брусоў. Магчымасці пераносу карцін няма. І са зносам дома сыдуць у нябыт працы яго гаспадыні”, – пісаў у сваім матэрыяле Сяргей Лескець восем гадоў таму.
Безумоўна, шкада, што не ўдалося захаваць працы Ніны Бохан, якія яна стварыла на сценах дома ў Рудзішках. Але радасна ад таго, што яны засталіся на фотаздымках. Гісторыя захавалася. У адрозненні ад іншых работ мастачкі, якія людзі павыкідалі ці папалілі…
Толькі праз два гады пошукаў удалося устанавіць, што дажывала мастачка ў Поцевічах. Ранняй вясной 1982 ці 1983 года яе прытуліла сям’я Варановічаў. “Мае бацькі былі людзьмі небагатымі, але мелі вялікае сэрца. Яны былі адкрытыя да людзей, асабліва да тых, каму патрабавалася дапамога. Яшчэ перад Нінай у іх жыў жабрак, таму нічога дзіўнага, што яны далі “вугал” для мастачкі, – кажа 76-гадовы Казімір Варановіч.
Мужчына прыпомніў, як Ніна размалявала ружаміі яго матацыкл з каляскай. Калі ехаў – усе звярталі ўвагу на прыгожы “Іж”.
У жніўні ў Ніны здарылася кровазліццё ў мозг. Урачы не рашыліся везці хворую ў бальніцу.
Варановічы напісалі пісьмо Нінінай сястры Веры. Праз тыдзень сястра прыехала. Настаяла, каб Ніну забралі ў смаргонскую бальніцу. Там неўзабаве мастачка і памерла. Людзі гаварылі, што пахавала яе міліцыя на могілках непадалёку ад бальніцы.
На жаль, родныя не ведаюць пра месца пахавання. І цяпер вельмі шкадуюць, што ў апошнія гады Нінінага жыцця не зналіся з ёй.
Са сваім сынам я настойліва шукала месца пахавання мастачкі. Мы абышлі старыя смаргонскія могілкі. Дакументацыі пра пахаванні ніхто ніколі не вёў. Смаргонскія старажылы сцвярджалі, што раней тут хавалі людзей адзін на адным. Стомленыя, мы прыселі, і сын прамовіў: “Шукаць магілу – як іголку ў стозе сена”.
Звестак пра Ніну няма ні ў смаргонскай бальніцы (інфармацыя пра хворых ёсць толькі за апошнія 25 гадоў), ні ў пашпартна-візавай службе, ні ў ЗАГСе. Тагачасныя міліцыянеры таксама не прыпомнілі пахаванне бяздомнай жанчыны.
Супрацоўнікі ЗАГСа вылучылі версію, што мастачка магла жыць без пашпарта. І гэту версію пацвердзілі і Ганна, і Міхаіл Боханы. Таму не захавалася і пасведчанне аб смерці.
Людзі часам называлі Ніну Бохан “жабрачкай”. А на мой погляд, яна ў прамым сэнсе была вольнай мастачкай.
На гэты час мы знайшлі каля 30 работ самадзейнай мастачкі. Невядомае імя Ніны Бохан паціху раскрывае свае таямніцы…
У 2021 годзе прайшлі дзве выставы “Маляваныя дываны”, на якіх былі прадстаўлены працы Ніны Бохан. У сакавіку – у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі, у красавіку – у Варнянскім Доме культуры.
У 2022 годзе, у жніўні, былі знойдзены яшчэ дзве работы Ніны Бохан – у Крэве…
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....