Штогод напрыканцы зімы ў Сёмкаўскай сярэдняй школе і на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава праходзіць мітынг памяці выратавання дзяцей Сёмкаўскага дзіцячага дома. Традыцыйна яго ганаровай удзельніцай з’яўлялася Ніна Пятроўна Кабанава.
Нарадзілася Ніна Пятроўна Кабанава 7 лістапада 1935 года ў вёсцы Сідарава Ржэўскага раёна Смаленскай вобласці ў сям’і калгасніка Пятра Кабанава. Акрамя Ніны ў сям’і было яшчэ 3 дачкі і сын. З прыходам Вялікай Айчыннай вайны на Смаленскую зямлю жыццё сям’і імгненна змянілася. У 1941 годзе на вачах аднавяскоўцаў і дачкі Клаўдзіі гітлераўцы павесілі за сувязь з партызанамі Пятра Кабанава. Старэйшую сястру расстралялі [2]. Праз некаторы час мама, брат, дзяўчынкі Клава і Ніна апынуліся за калючым дротам Слуцкага фашысцкага канцлагера. У сакавіку 1943 года ў канцлагеры памерла ад голаду (па іншых звестках – тыфу) маці, праз два дні – брат Коля. Клава з Нінай засталіся адны [3]. Дзяцей са Слуцкага канцлагера перавезлі ў Заслаўе, а потым у Сёмкаўскі дзіцячы дом. Сярод іх былі Скобелевы – сёстры Ангеліна і Вера, брат Барыс; Мікалай Някрасаў і Валянціна Сакальчук з Ржэва, сёстры Ніна і Клава Кабанавы з Сычаўскага раёна і шмат іншых [4, с. 237].
У дванаццаці кіламетрах ад Мінска ў вёсцы Сёмкава ў былой сядзібе Рамуальда Хелкоўскага да вайны яшчэ быў створаны дзіцячы дом, у якім выхоўвалася больш за 300 сірот. На пачатку вайны абставіны склаліся так, што дзіцячы дом не паспелі эвакуяваць на ўсход. Калі прыйшлі немцы шмат дзяцей старэйшага ўзросту разбегліся па навакольных вёсках. Іх прытулілі мясцовыя жыхары. Большасць жа выхаванцаў засталіся на месцы.
Сёмкаўскі дзіцячы дом. Архіў школьнага краязнаўчага кутка
Нямецкія ўлады вырашылі размесціць тут дзіцячы прытулак, сабраць дзяцей з некаторых дзіцячых дамоў, піянерскіх лагероў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі. Такім чынам, у Сёмкаўскім прытулку неўзабаве апынуліся дзеці з самых розных куткоў Беларусі, Смаленскай вобласці, Кіева [4, с. 237].
Гітлераўскія ўлады прызначылі дырэктарам прытулка некага М. Д. Генералава – вернага гітлераўскага памочніка. Уявіўся сябе паўнавартнасным гаспадаром, ён рабіў з дзецьмі ўсё, што пажадаў. У доме разам з сябрамі наладжваў п’янкі, цягнуў адтуль усе. Што толькі мог. У дзяцей пачалося жыццё поўнае цяжкасцяў. “Выхавацелі” іх білі і абкрадалі. З таго маленькага пайка, які выдзялялі немцы, дзецям амаль нічога не перападала: галадалі, хадзілі басанож, і без адзення. Замест ложка – гнілая салома на халоднай сырой падлозе. Адзенне – анучы, Ежа – яе зусім тут не давалі. Дзеці штодзенна паміралі дзесяткамі. Іх целы складвалі ў адным з пустых баракаў, а потым вывозілі і закапвалі [3].
Школа была зачыненая. З выхаванцамі толькі ладзіліся гутаркі пра бога, “Вялікага фюрэра”. Каб не памерці ад знясілення, старэйшыя дзеці таемна хадзілі у вёску выпрасіць лусту хлеба ці бульбінку для тых, хто заставаўся ў бараках, для хворай і знямоглых малых. Таксама хадзілі па палях, шукалі прамерзлую бульбу, шукалі на сметніцы былой сталоўкі. Дзеці пухлі з голаду, паміралі [4, с. 238-239].
Кабанава Ніна Пятроўна – вахаванка прытулка:
– Нас з Клавай і некаторымі іншымі вязнямі ва ўзросце ад 7 да 14 год у лютым 1943 года адправілі ў Сёмкаўскі прытулак. Тут былі дзеці і з іншых месцаў. Дзяцей ва ўзросце ад 3 да 17 год практычна не мылі. Не кармілі. Яны хадзілі басанож, іх адзенне пераўтварылася ў лахманы. Ад гразі, вошаў, голаду ў мяне павылазілі валасы, галава пакрылася каростай. У нас, у дзяцей, бралі кроў для нямецкіх шпіталёў, рабілі нейкія прышчэпкі, відаць, выпрабоўвалі новыя вакцыны.
Малюнак выхаванца Сёмкаўскага дзіцячага дома Скобелева Барыса Мікалаевіча “Так нас запрашалі да ўрача”.
– Мы самастойна здабывалі сабе харчаванне, елі ўсе, што было магчыма. Нас, малечу, выратоўвалі хіба што старэйшыя дзеці, якія выпрошвалі па навакольных вёсках ежу ды пароўну дзялілі яе паміж усімі. Ды яшчэ, бывала, партызаны ўначы прыедуць і пакормяць [1], [5].
Супрацоўнікі дзіцячага дома былі цесна звязаны з мясцовай партызанскай брыгадай. Вядома, што часам і дзеці ўдзельнічалі ў некаторых партызанскіх аперацыях. На пачатку 1944 года партызанам брыгады “Штурмавая” стала вядома, што нацысты збіраюцца вызваліць памяшканні Сёмкаўскага дзіцячага дома для стварэння там гарнізона, а дзяцей вывезці ў душагубкі лагера Трасцянец.
Склікалі савет камандзіраў і камісараў атрадаў. Прынялі рашэнне: “Таемна не толькі ад немцаў, але і ад насельніцтва падрыхтавацца і вывезці ўсіх дзяцей у сваю зону” распрацавалі план аперацыі. Было дадзена кожнаму атраду падрыхмтаваць 10-15 падвод, коўдры, футры. На кожнай падводзепавінен быць узроены возчык-партызан. Атрад імя Жукава пад камандаваннем камандзіра роты І. І. Бацянка накіроўваўся ў якасці баявой аховы абозу. Іншым атрадам было загадана блакіраваць нямецкія гарнізоны ў Казекава, дафарэнцыі, Буцавічах, Грынях і Рагаве. Аперацыя павінна праводзіцца ноччу, калі гітлераўцы, як правіла, спынялі актыўныя дзеянні, хаваліся ў гарнізонай, выставіўшы толькі варту [2, с. 239].
Ноччу 26 лютага 1944 года аперацыя па эвакуацыі дзяцей Сёмкава-Гарадоцкага дзіцячага дома ў партызанскую зону брыгады “Штурмавая” была выканана без страт. Раніцай абоз даўжынёй больш за кіламетр уцягнуўся ў в. Сярэдняе (Манылы), з кожных саней тырчала па 4-5 дзіцячых галовак, захінулых хто ў што. Большая частка дзяцей мела ўзрост ад 3 да 10 гадоў. Вываз дзяцей ў зону, як аказалася, быў самым лепшым рашэннем. Аднак жыцце паказала, што асцярогі былі дарэмнымі. Несельніцтва зоны з цеплыней сустрэла дзяцей і ахвотна прыняло ў свае сем’і, больш таго некаторы час яны прыходзілі ў штаб і пыталіся, “ці не застаўся хаця б адзін выхаванец” [7, с. 182].
Малюнак 2 Малюнак выхаванца Сёмкаўскага дзіцячага дома Скобелева Барыса Мікалаевіча “І пятае дзіця не пазамінае”.
Ніна Пятроўна Кабанава – выхаванка прытулка:
– Я засталася жывой дзякуючы партызанскай сувязной брыгады «Штурмавая» Ганне. Калі бралі кроў, яна загадала мне прыбраць у яе пакоі. Я прыйшла, а там чыста. Ганна дапамагала многім дзецям, яе потым расстралялі... [6]. Потым пачалося імклівае наступленне Савецкай Арміі. Немцы жадалі адправіць нас у Трасцянец, каб замесці сляды сваіх злачынстваў. Але напярэдадні, ў начы, партызаны брыгады “Штурмавая” вызелі нас у партызанскую зону. Уначы, калі мы спалі, з'явіліся партызаны і загадалі хутка сабрацца. Пагрузілі на фурманкі, накрылі парашутнай тканінай: для маскіроўкі. І мы рушылі... [6]. Мясцовыя жыхары ў партызанскай зоне разабралі нас па дамах. Гэта было ў лютым 1944 года [1].
Вельмі складаным было дзяцінства Ніны Пятроўны Кабанавай. Пабачыць смерць бацькоў, сясцёр, брата. Голад, хваробы, пагроза смерці. Такое можна вытрымаць толькі будучы моцным ад нараджэння чалавекам і з дапамогай старэйшай сястры.
Аказалася, што не ўсіх дзяцей вывезлі ў тую ноч. Ангеліны Скобелевай і Клавы Кабанавай не было сярод іх. Дзяўчынкі акурат хадзілі па навакольных вёсках, збіраючы харчы, і заначавалі ў Лапаравічах. Вярнуліся раніцай, а на месцы прытулка – толькі вуглі і закапцелы каменны будынак былога дзетдома.
Скобелева (Шейчэнка) Ангеліна Мікалаеўна – выхаванка прытулка:
– Стаялі мы і плакалі. Мы ж былі ўпэўненыя, што ўсе нашыя жыўцом згарэлі. І памятаю: кінуўся да мяне сабака наш дзетдомаўскі Норка. Як мы ўзрадаваліся. Адзіная на свеце родная істота!
Пастаяўшы ля прытулка, дзяўчынкі вярнуліся ў Лапаравічы [4, с. 247]. Сёстры Ангеліна і Вера сустрэліся ў Мінску ў 1947 годзе, сёстры Клаўдзія і Ніна развіталіся на доўнія 24 гады… Клаўдзія Пятроўна ўвесь гэты час жыла ў Лапаравічах, у той самай сям’і, якая прыняла яе падчас вайны. Жанчыну, якая прытуліла яе ў сладаныя ваенныя часы называла ласкава “мама”. Старэйшая сястра працавала ў калгасе і ўвесь час чакала сустрэчы з сястрой Нінай, а з 1965 года актыўна шукала яе праз Бюро росшуку Выканкама Чырвонага Крыжа і Мінскае абласное бюро аховы грамадскага парадку [3].
Маленькую Ніну Кабанаву прытуліла жанчына з в. Сухая Гара. Пасля вайны, у 1945 годзе, Ніна Кабанава была пераведзена ў г. Мінск, дзіцячы дом №11, пасля чаго ў дзіцячы дом №2 Парычскага раёна (зараз Светлагорскі раён Гомельскай вобласці). Дасягнуўшы паўнагоддзя, Ніна развіталася з дзіцячым домам і ў жніўні 1952 года паступіла працаваць на Скідзельскі цукровы завод. Пасля адвучылася ў Мураванкаўскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі. З групай выпускнікоў выехала на працу трактарыстам ў Джентыгарынскі Кустанайскай вобласці. Апошняе месца жыхарства ў 1955 годзе – саўгас “Мілюцінскі”. Пасля адпрацоўкі размеркавання ў Казахстане Ніна Кабанава жыла і працавала ў Архангельску. Там пабралася шлюбам, нарадзіла дачку Валянціну.
Партрэт Ніны Пятроўны Кабанавай. Архіў сям’і Кабанавых
Ніна Пятроўна Кабанава:
– 9 мая, калі быў святочны салют, хаваліся, думалі, што гэта чарговая бамбежка…Пасля вызвалення Мінска я была ў дзіцячым доме па вуліцы Гандлёвая. Там скончыла 7 класаў, потым мяне адправілі вучыцца і працаваць на Скідзельскі цукровы завод Гродненскай вобласці. Там прабыла тры гады. Потым вучылася ў тэхнічным вучылішчы і была дасланая на працу на цаліну.
Працавала трактарыстам і камбайнерам у Кустанайскай вобласці Мілюцінскім саўгасе. Потым працавала ў Цюменскай вобласці на будаўніцтве чыгункі. Пасля завяршэння будаўніцтва, з групай іншых рабочых паехалі ў Аргангельск на лесапільны завод. У Архангельску ў мяне нарадзілася дачка і я засталася тут жыць. Але мяне шукала сястра [1], [4, с. 250].
27 чэрвеня 1968 года адбылася радасная сустрэча сясцёр Кабанавых у Мінскім аэрапорце [3]. Цэлых 24 гады шукалі адзін аднаго сёстры Клава і Ніна Кабанавы. Клава ўвесь гэты час жыла ў прыёмнай сям’і ў в. Лапаравічы. Ніна пасля завяршэння вайны вучылася і працавала ў розных месцах Беларусі, Казахстана, Расіі. Старэйшая сястра працавала ў калгасе і з 1965 года актыўна шукала Ніну праз Бюро росшуку Выканкама Чырвонага Крыжа і Мінскае абласное бюро аховы грамадскага парадку [19]. Пасля пераезду ў Мінск з 1968 па 1974 год Ніна Пятроўна Кабанава працавала паштальёнам.
Пасведчанне паштальёна. Архіў сям’і Кабанавых
Ніна Пятроўна Кабанава:
– Дзякуючы чырвоным следапытам на чале з Фільковай Г. А. і Чырвонаму Крыжу я сустрэлася з сястрой Клавай у 1968 годзе. З таго часу жыву ў в. Сёмкава [1].
Калі мы прачыталі аўтабіяграфію Ніны Кабанавай, то падумалі, што няпроста ён было і пасля Вялікай Айчыннай вайны. Вучоба і праца не там, дзе пажадаеш, а куды накіруе партыя… Беларусь, Казахстан, Расія. Вялікія адлегласці, розныя кліматычныя ўмовы, цяжкая нават для мужчыны праца… Вельмі радасна, што потым гераіню нашага даследвання запрасілі ў Сёмкава і тут яна ўжо працавала з дзецьмі, а не трактарыстам ці камбайнерам.
У 1974 годзе адбылася першая сустрэча партызан брыгады “Штурмавая” з выратаванымі імі былымі выхаванцамі сёмкаўскага дзіцячага дома. На той сустрэчы дырэктар дзіцячага дома прапанаваў Ніне Пятроўне працу і пражыванне на тэрыторыі былой панскай сядзібы.
Сустрэча партызанаў брыгады “Штурмавая” з былымі выхаванцамі Сёмкаўскага дзіцячага дома.
Справа – Клава і Ніна Кабанавы
Аляксей Кабанаў, унук Ніны Пятроўны Кабанавай:
– З 1974 па 1982 (???) Ніна Пятроўна працавала ў пральні, складзе чыстага адзення, на дапаможнай гаспадарцы, начной нянькай у семкаўскім дзіцячым доме і пражывала ў пакоі правай афіцыне (флігелі) былога панскага палаца, потым у бараку для супрацоўнікаў дзіцячага дома па вул. Паркавая алея. У 1985 годзе сельсавет выдзяліў сям’і Кабанавых асобны дом па вуліцы Праектнай, дзе Ніна Пятроўна дажыла свой век [9].
Ніна Пятроўна Кабанава:
– Працавала на розных працах у Сёмкаўскай санаторнай школе. Агульны працоўны страж 38 год і 9 месяцаў. Сыйшла не пенсію ў 1992 годзе. Зараз пенсіянерка і жыву ў в. Сёмкава Мінскага раёна [1]. [Дадатак А].
З 1992 па 2003 год Ніна Пятроўна Кабанава была сталым госцем на вечарах сустрэчы выпуснікоў, святочных мерапраемствах у Сёмкаўскай санаторнай школе-інтэрнаце. У 2003 годзе гэтую ўстанову зачынілі.
У 2010 годзе тэрыторыя сядзібна-паркавага комплекса Сёмкава была перададзеная для міжнароднаму дабрачыннаму фонду “Сям’я – Яднанне – Айчына”. Пачалося адраджэнне і гістарычнай памяці гэтага месца. Вучнямі 75 гімназіі г. Мінска быў выкананы макет рэканструкцыі палаца ў Сёмкава. Менавіта ў гэтым палацы, у тым ліку ў ім, ў гады вайны жылі выхаванцы Сёмкаўскага дзіцячага дома.
Ніна Пятроўна Кабанава, Марыя Міхайлаўна Фёдарава, Вера Мікалаеўна Скобелева ля макева палаца ў Сёмкава
Тамара Васільеўна Вайтэнка, выкладчык прадметаў выяўленчага мастацтва гімназіі №75 г. Мінска:
– Выконвала дыпломную працу ў выглядзе макета палаца ў Сёмкава вучаніца Марыя Бярэзіна. Мы прачыталі шмат навуковай літаратуры з апісаннем палаца,неаднаразова прыязджалі ў Сёмкава. Пра быт выхаванцаў Сёмкаўскага дзіцячага дома разрабязна і вобразна распаядала нам Ніна Пятроўна Кабанава. Гэтыя расповеды я не забуду ніколі. Калі падчас прэзентацыі нашых макетаў даходзіць чарга да макета палаца ў Сёмкава, то заўсёды распавядаю хаця б адну з гісторый, пачутых у Сёмкава ад Ніны Пятроўны.
9 мая 2012 года на тэрыторыі сядзібы прайшла урачыстая паніхіда па бязвінна забітым, па загінулым дзецям і выхавацелям, супрацоўнікам Сёмкаўскага дзіцячага дома ў часы Вялікай Айчыннай вайны. На паніхіду сабралася вялікая колькасць жыхароў навакольных вёсак, мінчан, гасцей. У якасці ганаровых гасцей на гэтай паніхідзе і ўсіх наступных мерапрыемтвах фонда прымалі ўдзел: Ніна Пятроўна Кабанава, Вера Мікалаеўна Скобелева, Марыя Міхайлаўна Фёдарава. Тады ж быў прадстаўлены макет праекта мамарыяльнага помніка загінуўшым дзецям, выкананы скульптарам Леанідам Пятровічам Яшэнка. Помнік уяўляе сабой скульптуру фігуры маленькай безабароннай дзяўчынкі,якая з надзеяй пазірае ўдалячынь…
Ніна Пятроўна Кабанава каля макета скульптуры “Дзіцячая малітва”
Успаміны Ніны Пятроўны Кабанавай сталі асновай для шматлікіх газетных артыкулаў і сюжэтаў пра Сёмкаўскі дзіцячы дом па тэлебачанні. Увайшлі яны таксама і ў дакументальны нарыс па гісторыі Сёмкаўскага дзіцячага дома кнігі У. П. Паўлава “Дзеці ліхалецця” і адной з сюжэтных ліній рамана М. Чаргінца “Аперацыя “Кроў”.
У 2012 годзе ў Сёмкава праходзілі здымкі тэлесерыяла “Смерць шпіёнам. Ударная хваля”.
Справа налева: былая выхаванка дзіцячага дома Ніна Кабанава, былая сувязная “Штурмавой” Марыя Фёдарава,
былая выхаванка дзіцячага дома Вера Адамовіч, акторы Павел Трубінер і Юлія Мельнікава. (здымкі фільма “Смерць шпіёнам. Ударная хваля”. Сёмкава, 2012 г.)
У 2014 годзе, на месцы Сёмкаўскай школы-інтэрната, аднавілі мемарыяльную дошку. З таго часу кожны год напрыканцы лютага ля помніка паходзіць мітынг-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў чатырох канфесій, Мінаблвыканкама і Мінрайвыканкама, Міністэрства Абороны РБ, Саюза пісьменнікаў РБ, былых выхаванцаў Сёмкаўскага дзіцячага дома, настаўнікаў і вучняў Сёмкаўскай сярэдняй школы [5].
Марыя Міхайлаўна Фёдарава і Ніна Пятроўна Кабанава ля помніка ў гонар выратавання дзяцей Сёмкаўскага дзіцячага дома
У былым памяшканні ізалятара школы-інтэрната быў створны музей, адна з экспазіцый якога была прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. На базе музея абдываліся сустрэчы з былымі выхаванкамі Сёмкаўскага дзіцячага дома: Верай Скобелевай, Нінай Кабанавай і былой партызанскай сувязной Марыяй Фёдаравай. Праходзілі экскурсіі, у газетах выходзілі тэматычныя артыкулы.
Штогод у лютым навучэнцы прымаюць удзел у мітынгу памяці выратавання дзяцей Сёмкаўскага дзіцячага дома. Частым госцем нашай школы была Ніна Пятроўна Кабанава. Менавіта праз яе нашыя вучні ведаюць гісторыю Сёмкаўскага дзіцячага дома і менавіта яна стала для нас сімвалам гэтай складаных падзей у Сёмкава.
Ніна Пятроўна Кабанава з вучнямі Сёмкаўскай СШ
У 2017 годзе зямля з тэрыторыі Сёмкаўскага дзіцячага дома была закладзена ў капсулу, якая ўрачыста папоўніла нішы храма-помніка ў гонар Усіх Святых, што ў Мінску [Дадатак Б].
Падчас ўрачыстысцяў у царкве ў гонар Усіх Святых у г. Мінску
Раіса Іванаўна Трызна, былы супрацоўнік Народнага музея баявой славы СШ №2 імя М. К. Пуцейка, г. Заслаўе:
– Мы былі знаёмыя з Нінай Пятроўнай Кабанавай толькі завочна, таму што я знаёмая з усей літаратурай па гісторыі Сёмкаўскага дзіцячага дома. Ужывую мы бачыліся адносна нядаўна - на урачыстасцях па па закладцы капсулы з зямлёй з Сёмкаўскага дзіцячага дома ў царкве ў гонар Усіх Святых у г. Мінску [10].
Пасля выхаду на пенсію, Ніна Пятроўна Кабанава пражыла яшчэ амаль 30 год, была ўдзельнікам шматлікіх мясцовых мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў рэспубліканскага значэння. Можна сказаць, што з цягам часу Ніна Пятроўна стала для мясцовых жыхароў сімвалам Сёмкаўскага дзіцячага дома і напамінам пра гаротны лёс дзяцей-сірот падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Памерла Ніна Пятроўна Кабанава ў 2019 годзе, пахавана на гарадскіх могілках г. Заслаўя [9].
Дзіна Паўлаўна Курылёнак, бібліятэкар Сёмкаўскай СШ:
– Мая мама была таксама ўдзельнікам вайны. Яны сябравалі з Нінай Пятроўнай Кабанавай. Цёця Ніна часта ў нас была ў гасцях. Калі я прачытала раман Мікалая Чаргінца “Аперацыя “Кроў”, то ў мяне ўзнікла шмат пытанняў, якія я кожны раз пры сустрэчы задавала цёці Ніне. Тады яна шмат чаго распавяда пра Сёмкаўскі дзіцячы дом падчас Вялікай Айчыннай вайны. А так, з большага, удзельнікі вайны не любілі распавядаць пра тыя цяжкія часы… Гэта было кепска і для іх слабога здароўя, тым больш у сталым узросце [10].
Апошні прыжыццёвы фотаздымак
Аляксей Кабанаў, унук Ніны Пятроўны Кабанавай:
– Бабуля дома не распавядала пра вайну, а я і не распытваў. Не жадаў, каб яна пракала. Здароўе было ў яе слабое… Пра тое, што яна перажыла я ведаю з сустрэч з ёю да Дня Перамогі ў Сёмкаўскай сярэдняй школе, у якой я таксама вучыўся. Я пражыў у адным доме, пакоі з бабуляй ад майго нараджэння да яе смерці. Памерла яна ў дзень майго нараджэння 19 ліпеня 2019 года. Зараз усёй сям’ёй наведваем яе ў памінальныя дні на могілках… [8], [Дадатак В].
Увесну 2020 года мы працавалі над стварэннем экспазіцыі і відэасюжэтаў, прысвечаный Вялікай Айчыннай вайне ў Сёмкава. Тады мы бліжэй пазнаеміліся з матэрыяламі, звязанымі з жыццём Ніны Пятроўна Кабанавай. Нашыя веды мы дапоўнілі праз шматлікія сустрэчы з Аляксеем Кабанавым, унукам нашай гераіні, якія адбыліся восенню 2020 і ўзімку 2021 года. Атрыманыя факты, фотаздымкі і краязнаўчыя інтэрв’ю сталі асновай відэасюжэта “Вялікая Айчынная вайна. Сёмкаўскі дзіцячы дом у асобах: Ніна Пятроўна Кабанава” і “Вялікая Айчынная вайна. Народны музей баявой славы, г. Заслаўе”.
Мы спадзяемся, што наш відэасюжэт пра Ніну Пятроўну натхніць прафесійных рэжыссёраў на здымкі фільма, а сабраны матэрыял стане асновай новай музейнай экспазіцыі.
Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах даследчай працы, выкананай для ўдзелу ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў.
Намінацыя “Гісторыя роднага краю” “Сёмкаўскі дзіцячы дом у асобах: Ніна Пятроўна Кабанава”. Выканала: Бароўская Валерыя, вучаніца Сёмкаўскай СШ. Кіраўнік аб’яднання: Таццяна Хамянкова.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....