Ru
En Bl

Iнтэлігенцыя заклікае надаць Нацыянальнаму аэрапорту Беларусi імя Скарыны

19.06.2016

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да прэзідэнта краiны Аляксандра Лукашэнкі i прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова з просьбай аб ушанаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

«У 2017 годзе Беларусь будзе адзначаць адну з найважнейшых датаў сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадруку і беларускай Бібліі, – гаворыцца ў лiсце. – У сувязі з гэтым просім Вас адзначыць гэтую слаўную дату наступным чынам:

1. Нацыянальнаму аэрапорту Рэспублікі Беларусь надаць імя Францішка Скарыны і ў далейшым называць яго «Нацыянальны аэрапорт імя Францішка Скарыны».

На сённяшні дзень больш за 300 аэрапортаў у свеце носяць імёны найбольш значных для адпаведнай краіны ці рэгіёна асобаў. Так, еўрапейскія аэрапорты праслаўляюць імёны Леанарда да Вінчы (Рым), Марка Пола (Венецыя), Хрыстафора Калумба (Генуя), Галілеа Галілея (Піза), Аляксандра Вялікага (два аэрапорты, у Кавале ў Грэцыі і ў Скоп’е ў Рэспубліцы Македонія), Вольфганга Амадэя Моцарта (Зальцбург), Фрэдэрыка Шапэна (Варшава), Мікалая Каперніка (Уроцлаў), Феранца Ліста (Будапешт), Шарля дэ Голя (Парыж), Антуана дэ Сэнт-Экзюперы (Ліён) і многіх іншых. На наш погляд, да гэтага сузор’я з годнасцю далучылася б такая вялікая асоба беларускай і еўрапейскай культуры, як Францішак Скарына.

A29V3520_3333.jpg

2. Ініцыяваць перад урадам Літоўскай Рэспублікі і органамі самакіравання горада Вільні (сёння – Вільнюс) усталяванне сіламі Рэспублікі Беларусь помніка Францішку Скарыну ў цэнтры названага горада.

Свае кнігі ў Вільні Францішак Скарына, ураджэнец горада Полацка, выдаваў у перыяд з 1522 па 1525 год, стаўшы такім чынам першадрукаром Вільні і Вялікага княства Літоўскага.

3. Ініцыяваць перад урадамі Польшчы, Украіны і Расійскай Федэрацыі і органамі самакіравання гарадоў Кракаў (Польшча), Кіеў (Украіна), Масква (Расія) усталяванне сіламі Рэспублікі Беларусь помнікаў Францішку Скарыну ў вышэйназваных гарадах.

Францішак Скарына атрымаў універсітэцкую адукацыю і пачаў шлях да сваёй нацыянальнай і еўрапейскай славы ў старажытным Кракаве. Акрамя таго, ён даў друкаваную кнігу ўсім усходнеславянскім народам: яго дасягненні і здабыткі пазней выкарыстоўваліся выдаўцамі і друкарамі на тэрыторыі сучасных Расіі і Украіны.

2010-05-29_8618.JPG

Таксама ў сувязі з 500-гадовым юбiлеем беларускага кнігадрукавання просім Вас абвясціць Беларускім днём друку6 жніўня – беручы пад увагу дату выдання Францішкам Скарынам першай кнігі, у якой ужывалася старабеларуская мова.

Да цяперашняга часу ў Рэспубліцы Беларусь Днём друку застаецца 5 траўня, які быў прыняты ў СССР у сувязі з пачаткам выдання Леніным у 1912 годзе газеты «Правда». Для краіны з паўтысячагадовай гісторыяй кнігадрукавання такая дата святкавання Дня друку, на наш погляд, з’яўляецца зусім не абгрунтаванай».

Подпісы пад зваротамі паставілі акадэмікi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Радзім Гарэцкі, Генадзь Лыч i Міхась Касцюк, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь мастак Эдуард Агуновіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусi ў 1991–1994 гг. Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета ў1994–1996 гг. Мечыслаў Грыб, акцёр, вядучы праграмы «Падарожжы дылетанта» Юрый Жыгамонт i iншыя.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Личности
Франциск Скорина

Франциск Скорина родился приблизительно в 1490 году в Полоцке, там же получил первоначальное

Самые популярные Самые обсуждаемые