Ru
En Bl

Памёр гісторык беларускага нацыянальнага руху Арсень Ліс

Автор: Аддзел інфармацыі
29.05.2018

lis1.jpg

Арсень Ліс працаваў настаўнікам, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. З 1959 году — аспірант у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1961 навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытуту. Даследаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар даследаванняў пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча. У 1970-я гады ўваходзіў у «Акадэмічны асяродак» навукоўцаў — беларускіх патрыётаў.

Паэтка Антаніна Хатэнка напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Дарагія людзі! Жменьку хвілін таму пакінуў гэты сьвет Найцудны чалавек нашае Краіны -- Арсень Ліс. Звыштонкі, Звышінтэлігентны, Звышмудры, Звышадданы справе, сям'і, Айчыне. Звыш...

У Вышынях яму ўзрадуецца ЎСЯ ВЯЛІКАЯ ГРАМАДА тых, чые лёсы ён тут разгортваў, расхінаў дзеля будучыні як хроніку Волі й Любові.

Сьпяшаўся, вельмі сьпяшаўся завершыць распачатыя дасьледаваньні. І... зрабіў, стварыў, адкрыў, растаемніў столькі Праўды 20-га стагодзьдзя, што нам яшчэ пазнаваць і пазнаваць, зьдзіўляцца й зьдзіўляцца, навучацца й навучацца. Сталець. Мужнець. Набірацца магуты й Сьвятла, шчодра й люботна перададзеных Арсенем Сяргеевічам далей, у вякі наступныя.

Жальна схіляю галаву перад Настаўнікам маім найлепшым, найшчырым, найгодным, перад маім дарадцам і сябрам, Зь якім пасьпела-такі нагаварыцца ў ціхі вечар пасьля апошняга ягонага дня народзін, калі настойліва, ледзь не сурова прыклікаў прыйсьці, разьвітацца, прыгадаць нешта няўлоўнае, што лучыла нас праз гады -- доктара навук і неслухмяную асьпірантку, якую вёў ён абярожна да Радасьці спасьціжэньня сябе ў народзе і народу ў сабе. Прывёў. І надаў нейкага надзвычай цёплага трываньня.

Ён усё і ўсіх на сваім шляху вёў і прыводзіў -- да крананьня тых духовых ісьцін, якія бароняць, аберагаюць, ратуюць у часы сьцюжныя й асьвятляюць небакраі ў лагодзе й міралюбнасьці.

На парозе балючага расстаньня веру непахісна, што цяпер, зусім блізенька і ўжо недасяжна далёка, Чалавеку, які прысьвяціў жыцьцё збалелай Радзіме, больш не балюча, не гаркотна, ня скрушна. Што яму Ўзьлётна, Праясьнена й Надзейна ў дарозе да Нябеснага Роду.

І дасылаю ў тыя азораныя абсягі Любоў, Павагу й Гонар, што ведала ТУТ Арсеня Ліса, незабыўнага й адзінага, хто стаяў на варце нашае гістарычнае сапраўднасьці непахісна й неадступна.

Няхай жа Варта Божая сустрэне яго як блаславёнага пасланьніка гэтае дарагое-дарагое яму зямлі, як спадчыньніка ўсяе магуты ліцьвінскага Краю. Бо ён жа быў таленавітым парасткам Залесься, якое ўзгадавала колісь Міхала Клеафаса Агінскага й якое акрыліла вакол Крэва ці ня княжую дружыну нашых творцаў, мысьляроў, ваяроў і дасьледнікаў!

Сышоў у Вечнасьць неўтаймоўны рамантык Беларусі нескаронай, моцнай і прыгожай. І нам належыць тое сьцьвердзіць, пакуль застаемся ТУТ. Бывайце, мой родны, мой харобры, мой памятлівы Чалавеча!»


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые