Ru
En Bl

У Віцебску адсьвяткавалi ўгодкі Магдэбурскага права

Ссылка: Радыё Свабода
19.03.2016

Ініцыятыва адзначыць хоць «някруглую», але гістарычную дату, сыходзіла ад «краязнаўчай супольнасьці». Так вызначыў кола арганізатараў навуковы супрацоўнік музэя «Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва» Уладзімер Булаўскі, адкрываючы праграму імпрэзаў, якія праходзiлi ў горадзе 17–18 сакавіка.

D59F1032-81D5-43F6-B8CE-F3CD45E1AB41_mw1024_s_n.jpg

Запрашэньні на імпрэзы распаўсюджваліся па сацыяльных сетках, у горадзе былі вывешаныя абвесткі. І гараджане адгукнуліся: на бясплатную экскурсію і гістарычную лекцыю ў краязнаўчы музэй сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек.

85AD0A69-7E31-4A10-B320-D8212C87FA30_mw1024_s_n.jpg

Супрацоўнікі музэя прадэманстравалі экскурсантам экспазыцыі, прысьвечаныя старажытнаму Віцебску і збору скарбаў, знойдзеных у горадзе. А лекцыю пра Магдэбурскае права і сярэднявечныя беларускія гарады прачыталі Анатоль Дулаў, загадчык катэдры гісторыі Беларусі віцебскага дзяржунівэрсытэту, і Дзяніс Юрчак, галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму.

Але бадай што самым масавым мерапрыемствам стала пешаходная экскурсія па мясьцінах Віцебска, зьвязаных з гісторыяй Магдэбурскага права. Нягледзячы на ня дужа спрыяльныя ўмовы надвор’я, халаднаватага і часам з дожджыкам, разам з кандыдатам гістарычных навук, вядомым краязнаўцам і папулярызатарам гісторыі роднага краю Мікалаем Піваварам па горадзе прайшлі больш за 100 чалавек.

5DE6B962-03EB-4010-9BBD-6EA4D18F5D85_mw1024_s_n.jpg

Экскурсія пачалася на ганку краязнаўчага музэю, які месьціцца ў будынку гарадзкой ратушы – сымбаля гарадзкога самакіраваньня. Вядома, гэта іншая ратуша – ня тая драўляная, якую ўзьвялі па атрыманьні Віцебскам Магдэбурскага права 17 сакавіка 1597 году. І ўсё ж пачатак экскурсіі дый усёй праграмы сьвяткаваньняў атрымаўся сымбалічны.

1B2FFC34-0D61-4AE7-AEBC-36413E7030DC_mw1024_s_n.jpg

Экскурсанты разам зь лектарам прайшлі да Ўсьпенскай горкі, якая атрымала сваю назву ад збудаванага на высокім беразе Дзьвіны храма Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, што быў узарваны за савецкім часам і ня так даўно адбудаваны. Але з гісторыяй Магдэбурскага права гэтае месца зьвязанае тым, што тут праваслаўныя жыхары горада забілі і скінулі ў раку ўніяцкага полацкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Паўстаньне выбухнула 12 лістапада 1623 году і было задушанае каралеўскімі войскамі, а Віцебск пасьля гэта страціў Магдэбурскае права.

87EC4977-7CFD-44F6-AA02-12F077BFBCDC_mw1024_s_n.jpg

Толькі 25 лістапада 1644 году кароль Уладзіслаў IV вярнуў самакіраваньне гараджанам – разам з правам бязмытнага гандлю. Гарадзкую ратушу, разабраную пасьля таго, як Віцебск быў пазбаўлены Магдэбурскага права, адбудавалі наноў.

Экскурсія па гістарычных мясьцінах Віцебска скончылася каля помніка князю Альгерду. Сын Гедыміна Альгерд, Вялікі князь ВКЛ, быў адным з найвыдатнейшых палкаводцаў, а падчас княжаньня на тутэйшых землях ягоная дзейнасьць была накіравана на ўмацаваньне і развіцьцё Віцебска. У адпаведнасьці з тагачаснымі найноўшымі эўрапэйскімі дасягненьнямі Віцебск быў абнесены мураванымі фартыфікацыйнымі збудаваньнямі. Каменнымі сьценамі з абарончымі вежамі былі ўмацаваны Ніжні і Верхні замкі, у апошнім Альгердам пабудаваны княжацкі палац. За перыяд княжаньня Альгерда Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. І сёньня помнік князю Альгерду зьяўляецца самым важным помнікам для вяцяблян – аматараў гісторыі роднага краю.

896E2530-902D-4F98-9128-A3F5E4B9609E_mw1024_s_n.jpg

«Само па сабе Магдэбургскае права – ня ёсьць гарантыяй пасьпяховага жыцьця гараджан і росквіту горада. Але яно было ўмовай, пры наяўнасьці якой у віцяблян былі магчымасьці для разьвіцьця самакіраваньня, росту ўласнай годнасьці», – не аднойчы падкрэсьліў навуковец і краязнаўца Мікалай Півавар.

Музэйны супрацоўнік і каардынатар шмат якіх моладзевых ініцыятываў Уладзімер Булаўскі падкрэсьліў, што сёлетняе сьвяткаваньне «някруглых», 419-х угодкаў наданьня Віцебску Магдэбургскага права – неафіцыйнае, яно праходзіць не па загадзе «зьверху», і зьяўляецца выключна вынікам прапановы мясцовых жыхароў. Але гэтая ініцыятыва, шырока агучаная, у тым ліку і праз дзяржаўныя СМІ, можа стацца пачаткам новай гарадзкой традыцыі. Прынамсі, ёсьць спадзяваньне, што на наступны год ужо 420-я ўгодкі наданьня гораду Магдэбургскага права будуць адзначаны больш шырока, і ўжо на афіцыйным узроўні.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
В центре Витебска восстановят старинный костел

Многие города славятся своим историческим центром. Именно он притягивает туристов приехать и посмотреть на постройки

Самые популярные Самые обсуждаемые