Ru
En Bl

Якія замкі і палацы ў Беларусі будуць аднаўляць у 2018 годзе

Автор: Алесь Дашчынскі
Источник: Радыё Свабода
Ссылка: Радыё Свабода
20.12.2017

У 2018 годзе ў Беларусі на бюджэтныя сродкі будуць аднаўляць 18 гісторыка-культурных помнікаў. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра культуры Беларусі Аляксандар Яцко.

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня Міністэрства культуры Барыса Новікава, у 2018 годзе на аднаўленьне помнікаў архітэктуры толькі ў межах інвэстыцыйнай праграмы за кошт рэспубліканскага бюджэту плянуецца вылучыць каля 2 мільёнаў рублёў. У 2017 годзе на іх выдаткавана каля 1,5 мільёна рублёў.

«Калі прэзыдэнт падпіша інвэстыцыйную праграму, тады будзем бачыць канчатковыя сумы», — сказаў Новікаў.

Міністэрства культуры прапанавала ўключыць у дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на 2018 год працяг рэканструкцыі і рэстаўрацыі на ўмовах долевага ўдзелу сродкаў дзяржаўнага бюджэту наступных помнікаў архітэктуры, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці:

— Косаўскі палаца-паркавы ансамбль у Івацэвіцкім раёне;

Косаўскі палаца-паркавы ансамбль.jpg

— Ружанскі палацавы комплекс у Пружанскім раёне;

Ружанскі палацавы комплекс.jpg

— Полацкая Спаса-Праабражэнская царква;

— Комплекс былога калегіюму езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну;

Комплекс былога калегіюму езуітаў у вёсцы Юравічы.jpg

— Нясьвіскі касьцёл Божага цела;

Нясьвіскі касьцёл Божага цела.jpg

— Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну;

Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы.jpg

— Усьпенскі манастыр у вёсцы Пустынкі Мсьціслаўскага раёну;

Усьпенскі манастыр у вёсцы Пустынкі.jpg

— Будынкі на вуліцы Савецкай, 13, 15 (Чырвоны касьцёл) у Менску;

Чырвоны касьцёл.jpg

Прапануецца фінансаваньне аб’ектаў рэспубліканскай уласнасьці:

— Адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музэю;

— Будынку рэспубліканскай гімназіі-каледжу пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на плошчы Свабоды ў Менску;

— Мірскага замкавага комплексу (распрацоўка праектнай дакумэнтацыі рэгулярнага і пэйзажнага паркаў);

Мірскі замкавы комплекс.jpg

Прапанавана фінансаваньне капітальнага рамонту наступных замкаў:

— Рэстаўрацыя з рэканструкцыяй Лідзкага замку;

Лідзкі замак.jpg

— Кансэрвацыя Наваградзкага замку (праектная дакумэнтацыя);

Замак у Навагрудку.jpg

— Кансэрвацыя з рэстаўрацыяй фрагмэнтаў Крэўскага замку ў Смаргонскім раёне;

Замак у Крэва.jpg

— Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй былога замку Сапегаў у Гальшанах Ашмянскага раёну.

Замак Сапегаў у Гальшанах.jpg

Адпаведныя прапановы былі накіраваныя ў Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў. Рамонтна-рэстаўрацыйныя працы на гэтых аб’ектах выконваліся ў 2017 годзе.

Згодна з рашэньнем рады прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва вылучаныя сродкі на кансэрвацыю з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй замку ў Крэве і Калоскай (Барысаглебскай) царквы ў Горадні.

Паводле дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы, у 2017 годзе прадугледжана вылучыць Горадзенскаму аблвыканкаму сродкі з нацыянальнага бюджэту на рэканструкцыю з рэстаўрацыяй Старога замку ў Горадні (працягнуцца ў 2018 годзе).

Стары замак ў Горадні.JPG

У 2018–2020 гадах плянуецца таксама накіраваць зь бюджэту «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі 319 млн 215 тыс. расейскіх рублёў на 16 пазыцыяў праекту капітальнага рамонту, рэстаўрацыі і музэефікацыі збудаваньняў Берасьцейскай крэпасьці. Неўзабаве тут адкрыецца новая музэйная экспазыцыя, якую прафінансавала ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», таксама вылучаныя бюджэтныя сродкі.

У Наваградзкім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што дабрачынны фонд «Любчанскі замак» пад кіраўніцтвам Івана Пячынскага ў 2018 годзе працягне аднаўляць замак у Любчы. Гэтыя працы ідуць ужо 15 гадоў, будаўнічыя матэрыялы набываюцца за сродкі фонду, а працуюць тут валянтэры.

«Чым менш сродкаў для так званай рэстаўрацыі, тым лепш»

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

— Тут трэба казаць не пра аб’ёмы фінансаваньня і не пра колькасьць аб’ектаў, а пра вельмі недасканалы Кодэкс аб культуры, які фактычна канчаткова зьнішчыў рэстаўрацыю ў Беларусі — тым, што да немагчымага спрасьціў працэдуру працы з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі.

Міністэрства культуры канчаткова страціла свае назіральныя, кантрольныя функцыі ў гэтай галіне, практычна ўсё аддадзена ў кампэтэнцыю мясцовых органаў улады. А яны проста ці то не жадаюць гэтым займацца, ці наагул ня маюць кваліфікаваных спэцыялістаў, каб працаваць у гэтай сфэры.

У нас адсутнічаюць і тэхнічныя нарматывы, якія рэгулююць выкананьне рэстаўрацыйных працаў.

Таму чым менш будзе ўкладацца сродкаў у так званую рэстаўрацыю ў Беларусі, тым лепш. Я прыхільнік таго, каб лепш руіна дэградавала, чым прыйдзе неспэцыяліст і гэтую руіну ці то канчаткова даб’е і на яе месцы вырасьце новы аб’ект, ці яна будзе сфальсыфікаваная.

«Эпоха рэстаўрацыйных мэгапраектаў ужо ў мінулым»

Сьцяпан Стурэйка, старшыня Беларускага камітэту ICOMOS (Міжнароднай рады помнікаў і мясьцінаў):

— Што да статыстычных зьвестак Міністэрства культуры, то варта разумець, што яны не ахопліваюць аб’ектаў, працы на якіх вядуцца коштам прыватных уладальнікаў, інвэстараў і некаторых ведамстваў. Напрыклад, працы ў палацы ў Сьвяцку фінансуе санаторый «Азёрны», і яны ў статыстыку Міністэрства культуры не трапляюць. А такіх нямала.

Яшчэ больш выпадкаў, калі працы вядуць на будынках, якія фактычна адпавядаюць крытэрам гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але ня ўнесеныя ў адпаведны дзяржаўны сьпіс. Яны для нашых службаў аховы помнікаў наагул не існуюць. Асабліва шмат такога ў раённых цэнтрах.​

На жаль, Міністэрства культуры апошнія гады ня гэтулькі кіравала спадчынай, колькі займалася пабежным адміністраваньнем сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, і таму сёньняшні інструмэнтар для ацэнкі працэсаў з помнікамі недасканалы.

Сытуацыя будзе паступова выпраўляцца, хоць бы і сіламі грамадзкіх аб’яднаньняў.

Наагул думаю, што ў сувязі з эканамічнымі цяжкасьцямі эпоха рэстаўрацыйных мэгапраектаў кшалту Мірскага ці Нясьвіскага замкаў ужо ў мінулым. Адпаведна і буйных скандалаў чакаць не выпадае.

Што да аб’ектаў, над якімі вісіць найбольшая пагроза, дык іх сьпіс за год таксама ня надта зьмяніўся. Я б казаў пра цэлыя катэгорыі: гэта панскія сядзібы і сынагогі, яны пераважна ў закінутым стане. Гэта старая гаспадарчая архітэктура ў сельскай мясцовасьці — млыны, сьвірны, тое, што мае этнаграфічную каштоўнасьць. Ну й зразумела — шараговая забудова беларускіх мястэчак. Ёй пакуль наагул замала ўвагі надаецца.

Што замест праграмы «Замкі Беларусі»?

У 2016 годзе была скасаваная дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі», пачаткова разьлічаная на 2012–2018 гады. Згодна зь ёю плянавалася аднавіць 38 замкаў, палацаў і замчышчаў Беларусі, уключаных у пералік гісторыка-культурнай спадчыны краіны. На праграму выдаткоўваўся больш за 131 мільярд недэнамінаваных рублёў.

Акрамя таго, плянавалі накіраваць сродкі ў межах дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы, якая штогод зацьвярджаецца прэзыдэнцкім указам.

У Міністэрстве культуры Свабодзе патлумачылі, што праграма «Замкі Беларусі» інтэграваная ў агульную — «Культура Беларусі», разьлічаную на 2016–2020 гады. 18 сьнежня сёлета Савет міністраў Беларусі ўнёс зьмены ў гэтую праграму. Згодна з урадавай пастановай № 950, аб’ёмы фінансаваньня будуць зьменшаныя з 2 мільярдаў 980 мільёнаў да 2 мільярдаў 945 мільёнаў рублёў.

У 2009 годзе Мінкульт абвясьціў сьпіс 46 закінутых сядзібаў і палацаў і дазволіў прыватным асобам выкупляць іх.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
10 разрушенных белорусских замков, которые стоит посетить этой осенью

Неприступные крепости, укрепленные замки, оборонные храмы – частые войны на территории нашей страны некогда

Статьи
План на 2018-й. 10 белорусских городов, которые стоит посетить

Начало нового года – самое время, чтобы писать самому себе обещания и планировать путешествия. Колесить по Беларуси

Статьи
Беларусь – страна замков

С XIII по XVIII век замков на нашей земле построили больше сотни. Увы, основная их масса не сохранилась даже в виде

Статьи
В Беларуси возрождают 30 замков и храмов-крепостей времен ВКЛ. Пока в миниатюре

Фонд «Страна замков» начинает кампанию по сбору средств на закупку дополнительных 3D-принтеров для печати моделей

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые