Дрысвяты: святыя Пятро і Павел аберагаюць гэты край, гісторыя якога так цесна пераплялася з легендамі і паданнямі.
Даследчыкі сцвярджаюць, што назва гэтай вёскі ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці мае фіна-ўгорскія карані і перакладаецца як “возера”, “вада”. Ну і не дзіва, бо знаходзіцца вёска якраз на беразе цудоўнага возера з такой жа назвай – Дрысвяты.
Да мяжы з Літвой тут лічаныя метры. І літоўскія навукоўцы кажуць, што назва гэта мае літоўскія карані і з літоўскай мовы перакладаецца як “адважыцца”, “насмеліцца”. Маўляў, Дрысвяты – месца мужнасці і адвагі.
На возеры ёсць востраў, які мясцовыя жыхары завуць Замкам. У Х ст. на гэтым востраве было ўмацаванае паселішча Полацкага княства. На той час – самая моцная цытадэль полацкіх крывічоў. Гэта тут нашы продкі давалі адпор крыжацкім набегам. Калі на востраве праводзілі раскопкі, знайшлі шмат розных рэчаў, якія паведамілі археолагам яшчэ i пра высокі ўзровень рамесніцтва і добра наладжаныя гандлёвыя сувязі.
Тутэйшыя людзі расказваюць шмат легенд пра гэты востраў-замак. Кажуць, што пад вадой тут ёсць тры падземныя хады. І быццам выдаюцца такія дні, калі чуваць, як недзе глыбока ржуць коні і лязгае зброя. Распавядаюць і пра падзямеллі, у якіх схавана зброя, рыцарскія даспехі і розныя скарбы. Але дабрацца да ўсяго гэтага няпроста.
Кажуць, быў тут адзін выпадак… Неяк тры хлопцы касілі сена на востраве, і раптам каса аднаго з іх натыркнулася на нешта металічнае ў траве. Разгарнуў хлопец тую траву – а там скрыня, поўная каштоўнасцей. Касцы прыкрылі скарб травою ды пайшлі дадому – каб ноччу, калі ніхто не ўбачыць, забраць сваю знаходку. Але па дарозе той хлопец, які знайшоў скрыню, нечакана спатыкнуўся і памёр на месцы. Дык сябры яго так напужаліся, што вярнуліся на востраў толькі праз тыдзень. Але нічога не знайшлі. Зачараваны скарб быў.
Самае інтэнсіўнае жыццё на востраве было недзе з ХІ па ХІІІ ст. Потым Дрысвятамі авалодалі крыжакі. Але калі на чале ВКЛ паўстаў вялікі князь Вітаўт, Дрысвяты сталі яго ўласнасцю.
У 1412 г. у Дрысвяцкім замку Вітаўта пабываў бургундскі падарожнік і дыпламат Жыльбер дэ Лануа i пакінуў запіс, які лічыцца адным з самых старажытнах сведчанняў іншаземца аб нашых беларускіх землях. “Выехаўшы з Дынабурга ў Ліфляндыю, я заехаў у адзін вялікі няспынны лес у Дзяржаве Літоўскай і так падарожнічаў цэлых два дні і дзве ночы, не знаходзячы аніякага жылля, пакуль па замерзлых азёрах не патрапіў да аднаго з двароў князя Вітаўта, які завецца Каралеўскім Дваром”, – запісаў дэ Лануа. Каралеўскім Дваром, кажуць, раней называлі паселішча на востраве. Па ўсім відаць, што каралі шанавалі гэтае месца. У 1500 г. сюды прыязджаў новы гаспадар, вялікі князь Аляксандр разам з жонкай, прыгажуняй Аленай. А праз 15 гадоў вялікі князь Жыгімонт І Стары выдае фундуш на будаўніцтва тут касцёла Маці Божай.
Людзі жылі на востраве аж да 1622 г. Дамы стаялі шчыльна, ляпіліся адзін да аднаго, і калі ў 1622 г. здарыўся пажар, згарэла ўсё мястэчка. Пасля пажару сталі сяліцца ўжо на беразе возера. Хаця некаторыя па-ранейшаму будаваліся на востраве, пакуль у 1682 г. гетман Казімір Сапега не даў загад, каб усе тэрмінова перавезлі свае дамы на бераг... Дарэчы, падчас таго даўняга пажару адзіны будынак агонь не зачапіў – гэта касцёл. Але быў ён надта ўжо стары, таму неўзабаве ля возера з’явіўся новы храм.
Калі яго пабудавалі, было вырашана перавезці туды са старога касцёла абраз Маці Божай. Ксяндзы памаліліся і на чаўнах даставілі абраз у новы храм. Але ўранку яго там не знайшлі. Аказалася, што абраз незразумелым чынам вярнуўся ў стары касцёл. Разы тры спрабавалі перавозіць Маці Божую на бераг, але назаўтра абраз ізноў вяртаўся на звыклае месца.
І вось аднойчы аднаму са святароў у сне явілася Маці Божая і сказала, што гэта павінны зрабіць дзеці. Тады сабралі дзяцей, і яны з песнямі-малітвамі перанеслі абраз у новы касцёл. І знаходзіўся той абраз у храме на беразе возера аж да Першай сусветнай вайны, падчас якой святыня была разбурана.
У 1929 г. па праекце беларускага архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага пабудавалі цяперашні касцёл Святых Пятра і Паўла, і абраз, паранены аскепкамі ваеннага снарада, перанеслі сюды (сёння той абраз захоўваецца ў музеі). Кажуць, кіруючы будаўніцтвам, Дубейкаўскі нават паспяваў запісваць беларускія песні, якія яму выконвалі мясцовыя жыхары.
А яшчэ тутэйшыя старыя сцвярджаюць, быццам тут, калі раскапалі зямлю для падмурка, знайшлі косці людзей-волатаў. Але закапалі іх назад – і на тым месцы ўзвялі касцёл…
Яшчэ адну містычную гісторыю расказалі мне пра мясцовую капліцу на ўскрайку Дрысвятаў.
Жыў тут калісьці багаты пан Баброўскі. І была ў яго дачка, вельмі прыгожая. У свой час напаткала яе каханне – у асобе хлопца, які працаваў у іх на двары. Зразумела, парадніцца з простым хлопцам пан не пажадаў. Хлопца выгнаў, а дачку пасадзіў пад замок у надзеі, што зразумее, каго трэба кахаць. А яна збегла з дому і… павесілася. Пазней на тым самым месцы няўцешны пан пабудаваў каплічку.
І кажуць людзі, што доўгі час каля капліцы з’яўлялася дзяўчына ў белым з вяроўкай на шыі і прасіла, каб знялі з яе тую вяроўку, вызвалілі ад пакут. Але даўно ўжо нічога такога не адбываецца, бо нейкі чалавек не спалохаўся, дапамог гаротніцы…
У канцы XVIII ст. гаспадарыць у Дрысвятах сталі Агінскія. Але перад самым паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі славуты кампазітар прадаў свой маёнтак і ўзброіў на гэтыя грошы паўстанцкі атрад. Выкупіў Дрысвяты шляхціц Ян Лапацінскі. І жылі б тут Лапацінскія, гора не ведаючы, ды за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага Дрысвяты ў іх адабралі.
Апошняй гаспадыняй Дрысвятаў была баранеса Алена фон Гільдэнбант, якая атрымала гэты маёнтак ад бацькі, барона Аўгуста Эцінгена ў якасці падарунка на вяселле. Гільдэнбанты і пабудавалі тут царкву, запрасіўшы ў Дрысвяты знакамітага беларускага дойліда Аляксандра Шпакоўскага.
У 1908 г. царкву асвяцілі ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.
А ў 1953 г. тут узвялі электрастанцыю – роўненька на тым месцы, дзе быў калісьці вадзяны млын, там, дзе з возера выцякае рэчка з цікавай назвай Прорва. На жаль, электрастанцыя даўно не працуе, застаўшыся своеасаблівым помнікам савецкай эпохі.
І ўсё ж варта сюды заехаць. Каб адчуць, што святыя Пятро і Павел аберагаюць гэты край, гісторыя якога так цесна пераплялася з легендамі і паданнямі.
P.S. Больш гісторый чытайце ў кнізе Юрыя Жыгамонта “Мястэчкі і вёскі Беларусі”.
Чаму гэта цудоўнае беларускае мястэчка мае две
Вёска гэтая стала называцца Канстанцінава толькі ў другой
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....