Падарожжа з Жыгамонтам: Гудагай

Автор: Юрый Жыгамонт
Фото: Сяргея Плыткевіча

Мы пачынаем цыкл краязнаўчых матарыялаў Юрыя Жыгамонта, якія былі надрукаваны ў кнізе “Мястэчкі і вёскі Беларусі”. Гэта сумесны праект партала “Планета Беларусь” і выдавецтва “Беларусь”. Сам аўтар на нашу ініцыятыву адрэагаваў так: “Калі гэта на карысць падарожнікаў, то я згодны. Але падкрэсліваю, што я не гісторык, я акцер, таму лепш глядзець мае перадачы пра розныя населеныя пункты Беларусі”.

У гістарычным слоўніку ёсць слова “гудагай”, сугучнае назве старажытнага народа гудай. Гэты народ згадваецца яшчэ ў часы Рымскай імперыі. У летапісах захаваліся звесткі пра “войскі рымскія”, разам з якімі крочылі войскі іншых народаў, што былі пад моцай рымскай, – “грэкі, егіпцяне, персы ды гудай”… Можа, калісьці тут, у сучасным Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, і ўзнікла некалі паселішча гэтага народа, якое назвалі Гудай, а пазней – Гудагай?


Да Літвы адсюль лічаныя кіламетры, i на памежжы літоўцы называюць беларусаў не інакш як гудамі. Напэўна, сапраўды жылі тут некалі такія людзі. Каля самага Гудагая калісь было даволі шмат курганоў, якія датуюцца 2-й паловай I тысячагоддзя. Падчас раскопак тут знайшлі рэшткі ляпнога посуду, жалезныя шылы, старадаўнюю сякеру, колькі спражак, наканечнікаў дзідаў і шмат чаго іншага, не менш цікавага і пераканаўчага.

1-2022-02-12-11-DJI_0503pb_1330.jpg

А вось у летапісах Гудагай упершыню згадваецца толькі ў XVI ст. Калі больш дакладна, то ў 1509 г. Тады гэта паселішча належала мядзельскаму намесніку Урбану, які набыў Гудагай у ашмянскага баярына Станкі Ганусавіча.

З таго часу і пачалі тут жыць паны Урбаны. Пазней іх сталі зваць Урбановічамі. Прайшло ўсяго нейкіх паўстагоддзя – і Гудагай згадваецца ў дакументах ужо як маёнтак і двор Ашмянскага павета, а таксама як уласнасць ашмянскага зямяніна Яна Урбановіча.


Зямяне, ці, як іх яшчэ называлі, зямляне, былі ў ВКЛ асобай катэгорыяй вайскоўцаў. Падчас вайны яны паўставалі з канём і рыштункам у войска. Але выступалі не пад павятовай харугвай, а толькі ў атрадзе князя. І ў адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў соймах. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай зямян абавязалі плаціць падушны падатак, але з сялянамі яны не змяшаліся і здолелі даказаць сваё шляхецкае паходжанне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі.

Урбановічам Гудагай належаў да канца XVI ст. Пасля іх гаспадары мяняліся тут амаль штогод. А недзе ў 1-й палове XVIII ст. Гудагай стаў уласнасцю Міхала Козел-Паклеўскага.

2-2022-02-12-11-DJI_0522pb_1330.jpg

З імем Козел-Паклеўскага звязана гісторыя з’яўлення мясцовага касцёла. У старажытныя часы побач з Гудагаем праходзіў тракт, які звязваў між сабой Вільню, Менск і Смаленск. І на тракце гэтым часта рабавалі падарожных. Хутка людзі пачалі зваць яго Чорным шляхам. Недалёка была вёсачка, сярод мясцовых вядомая як Татарскі Дол. Расказваюць, там жыло шмат такіх людзей, якія анічога не садзілі, не сеялі, а толькі глядзелі, дзе б што ўкрасці. І вось быццам ехаў аднойчы гэтым шляхам абоз са Смаленска на Вільню. Злодзеі падпільнавалі купцоў ля Гудагая. Пабілі іх, а дабро сабе забралі. Потым паселі пад дубам ды давай дзяліць, каму што. Усё падзялілі, застаўся толькі адзін абраз Маці Божай. Просты, без золата, срэбра і каштоўных камянёў. Ніхто яго сабе браць не захацеў. Кінулі Маці Божую пад дубам...

Знайшоў той абраз адзін пабожны ляснічы – і павесіў яго ў сваёй леснічоўцы. А праз нейкі час пайшла па наваколлі пагалоска, што знайшлі ў лесе абраз Маці Божай, які цуды творыць. І пацягнуліся адусюль людзі, каб папрасіць збавення ад хвароб ды няшчасцяў розных. Неўзабаве тут пабудавалі каплічку, куды і памясцілі цудадзейны абраз. Аднак у 1660 г. прыйшлі шведы і каплічку падпалілі. Маці Божую людзі паспелі ўратаваць. Але цудадзейны абраз забралі сабе шляхціцы Развадоўскія, якія на той час тут гаспадарылі. І звезлі яго ў невядомым напрамку пасля таго, як прадалі Гудагай.

Калі маёнтак стаў уласнасцю Міхала Козел-Паклеўскага, мясцовыя жыхары распавялі яму гісторыю пра цудадзейны абраз, і ён задумаў вярнуць яго ў Гудагай.

3 841ea79c4b881b9dbcb9a0841003dd74.jpg

Толькі ажыццявіць свой намер Козел Паклеўскі не паспеў. Яго забілі на тым самым тракце, калі пан Міхал пад’язджаў ужо да свайго дома, вяртаючыся з варшаўскага сойма. Яго любая жонка, Людвіка з роду Сулістроўскіх, засталася адна з малым дзіцём на руках. Як яна пакутвала, як сумавала! Але адной дзіця расціць цяжка. Праз пэўны час пасватаўся да яе полацкі абозны Юзаф Крыштаф Война. І Людвіка згадзілася выйсці замуж другі раз.

Пачалі яны жыць з Юзафам. Але раптам пачаў ёй сніцца першы муж-нябожчык. Стала Людвіка да касцёла хадзіць, імшу заказваць, але ён усё роўна з'яўляўся. Кожную ноч прыходзіў і маўчаў. Ну, людзі і падказалі Людвіцы, што гэта пан Міхал хоча, каб яна ў Гудагаі пабудавала касцёл, куды б прыходзілі вернікі і маліліся за яго душу. І каб вярнула пані ў Гудагай цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай.

Распавяла яна пра ўсё гэта свайму мужу Юзафу Войне. І пачалі тут будаваць касцёл на тым месцы, дзе стаяла раней каплічка, спаленая шведамі. 19 студзеня 1764 г. касцёл быў урачыста асвячоны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Пазней пані Людвіка знайшла шляхціцаў Развадоўскіх, выкупіла ў іх абраз Маці Божай і прывезла ў Гудагай. Абраз змясцілі ў касцёле на вялікім алтары. І цудаў ён тут здзейсніў багата. Расказваюць, аднойчы, ужо недзе ў 1920-я гг., калі тут ішла імша, дзверы расчыніліся і ў касцёл на каленях увайшла група людзей. Калі імша скончылася, людзі распавялі, што прыйшлі сюды з Гальшан, бо напярэдадні іх зямляк, якога дактары прызналі невылечна хворым і адправілі дахаты паміраць, пакланіўся Маці Божай Гудагайскай і паправіўся.

5 3c44375c56d99397430646737c7e0706.jpg

Пазней Людвіка і Юзаф Война падарылі “на векі вечныя” Гудагай і касцёл з цудадзейным абразом манахам ордэна босых кармелітаў. Тыя пабудавалі сабе кляштар і апекавалі гэта святое месца амаль да канца XIX ст. Але пасля паўстання іх адсюль “папрасілі”, кляштар разабралі, касцёл закрылі, а абраз перавезлі ў Ашмяны. Толькі ў 1906 г. гудагайская парафія была адноўлена і абраз вярнуўся ў касцёл.

6-2022-02-12-11-DJI_0509pb_1330.jpg

Сёння ёсць вёска Гудагай з касцёлам, а ёсць станцыя Гудагай, якая тут з’явілася, калі ў 1874 г. пабудавалі Лібава-Роменскую чыгунку. Тады ж узнік і гудагайскі чыгуначны вакзал, які цяпер лічыцца помнікам архітэктуры канца XIX ст. Ёсць у Гудагаі і свой музей, што быў адкрыты ў мясцовай школе ў 2002 г. Беларускі мастак Алег Драбышэўскі, які адсюль родам, падарыў музею некалькі сваіх прац.

Ёсць тут падарункі і знакамітага беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, пісьменніка і публіцыста Адама Мальдзіса – ён таксама родам з Гудагайшчыны. Некаторыя свае працы Адам Іосіфавіч падпісваў псеўданімам Гудас.

Не дзіва, што тут нараджаюцца мастакі і пісьменнікі, бо мясціны ў Гудагаі маляўнічыя, лепей за Швейцарыю! Не верыце – праверце самі.




Смотрите также

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Ахрэмаўцы, яны ж Бяльмонты

Чаму гэта цудоўнае беларускае мястэчка мае две

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Дрысвяты

Дрысвяты: святыя Пятро і Павел аберагаюць гэты край, гісторыя

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Іказнь

Вёска Iказнь Браслаўскага раёна Вiцебскай вобласцi месціцца ў

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Канстанцінава

Вёска гэтая стала называцца Канстанцінава толькі ў другой

Самые популярные Самые обсуждаемые