Падарожжа з Жыгамонтам: Iдолта

Автор: Ю. Жыгамонт
Фото: С. Плыткевіча

«Планета Беларусь» працягвае цыкл краязнаўчых матэрыялаў Юрыя Жыгамонта. На гэты раз – гісторыя вёскі, якая мае своеасаблівую назву — Ідолта.

Назва гэтай вёскі ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці – своеасаблівая і таямнічая, бо і па сёння не разгаданая. Нідзе, нават у самых старажытных дакументах, такога слова не знойдзена, піша ў сваёй кнізе “Мястэчкі і вёскі Беларусі” знакаміты падарожнік. Першыя ж летапісныя згадкі пра Ідолту адносяцца да XVI ст. Тады гэта было ўладанне добра вядомага ў ВКЛ шляхецкага роду Рудамінаў-Дусяцкіх.


У 1667 г. тут гаспадарыў нейкі Шток. На тыя часы маёнтак Ідолта дзе-нідзе пішацца як Дубрава. Магчыма, так незразумелую Ідолту спрабавалі зрабіць больш даступнай? Але, прайшоўшы праз стагоддзі, першапачатковая назва перамагла.

З 1725 г. Ідолта стала ўласнасцю Сапегаў і належала ім аж да 1824 г. Набыў Ідолту – тады ўжо шляхецкі фальварак – суддзя Ковенскага земскага суда Іосіф Мілаш. І яго сын, Яўген Мілаш, які быў у шлюбе з Эміліяй роду Таргонскіх, вырашыў збудаваць тут палац.

2 Усадьба Милошей 1.jpg

Будаўніцтва Яўген і Эмілія распачалі недзе ў 1860-х гг. Як кажуць мясцовыя краязнаўцы, збудавалі яны свой дом за даволі кароткі час. І не проста дом, а сапраўдную крэпасць з прасторнымі сутарэннямі для харчовых запасаў, з падземнай студняй з крынічнай вадой. Усё для таго, каб на выпадак вайны можна было трымаць абарону. Так некалі рабілі ў сярэдневяковых замках. Палац Мілашаў захаваўся і сёння. Цяпер тут знаходзяцца кантора, бібліятэка і мясцовы клуб.

3 Усадьба Милошей 2.jpg

На тэрыторыі сядзібы была пабудавана і радавая капліца Мілашаў. Але пасля рэвалюцыi капліцу разрабавалі і зрабілі тут склад для ўгнаенняў. Толькі ў 1990 г. яе перадалі вернікам, якія разам з ксяндзом Антоніем Лосем адрамантавалі яе.

4-2022-03-14-22-DJI_0156pb_1330.jpg

Звычайна палацы будуюць на ўзвышаным месцы, але Яўген Мілаш зрабіў па-свойму. Каб асушыць нізіну, дзе вырашыў паставіць дом, ён выкапаў цэлую сістэму каналаў і сажалак. А на асушанай тэрыторыі насадзіў парк, дзе расло шмат ліп, клёнаў, каштанаў. Расказваюць, быццам тут, у парку, утапіўся ў адной з сажалак маленькі сын Мілаша – Эдуард. І Яўген загадаў насыпаць на тым трагічным месцы пагорак у выглядзе крыжа.

Два іншыя сыны Яўгена Мілаша, Іосіф і Эўгеніюш, выраслі і атрымалі добрую адукацыю. Малодшы Эўгеніюш пасля вучобы ў Францыі скончыў яшчэ акадэмію вайсковага права ў Пецярбургу і стаў ваенным пракурорам. Аднак зрабіць вартую кар’еру не змог – дзеля гэтага яму прапанавалі адрачыся ад каталіцкай веры і прыняць праваслаўе, дзяржаўную рэлігію ў Расіі. Але здрадзіць сваім святым Эўгеніюш так і не здолеў.

Ён пакінуў Пецярбург і вярнуўся на радзіму. Пасяліўся ў спадчынным маёнтку побач з Ідолтай. Жыў адзін і днямі іграў на фартэпіяна. Але аднойчы людзі не пачулі звыклых гукаў музыкі – і зразумелі, што з панам нешта здарылася. Калі ўвайшлі ў пакоі, Эўгеніюш быў пры смерці. Памёр ён у 1908 г. Пахавалі яго тут, у Ідолце, у радавой капліцы Мілашаў. Яго старэйшы брат Іосіф таксама жыў у Пецярбургу, таксама быў ваенны. І даслужыўся да ротмістра Уланскага палка імператарскай гвардыі. А калі выйшаў у адстаўку, вярнуўся сюды і пасля бацькавай смерці заняўся гаспадаркай.

У капліцы некалі была пахавана і дачка Яўгена Мілаша – Ядвіга. Бацька яе вельмі любіў і менавіта ёй перапісаў Ідолту. Кажуць, жанчына яна была вельмі рашучая і бескампрамісная. Зусім яшчэ юная яна пабралася шлюбам з нейкім Іжыцкім. Згулялі вяселле, але потым Ядвіга дала загад адвезці свайго мужа на чыгуначную станцыю і купіць яму квіток у адзін бок.

6 Озеро Идолта 2.jpg

Усё сваё жыццё яна пражыла адна. Вяла гаспадарку, займалася дабрачыннасцю. Як амазонка, ездзіла на кані, з вясны і да позняй восені купалася ў мясцовым возеры. Яно таксама завецца Ідолта. Хаця хто-ніхто з мясцовых упарта называе яго Мілашоўскім возерам.

7 Мостик в Идолте.jpg

Праз масток ад вёскі Ідолты можна хутка прайсці да вёскі Мілашова, якая таксама належала Мілашам. Па дакументах Мілашова вядома з 1567 г. І прозвішча Мілаш згадваецца ў пісьмовых крыніцах прыблізна ў той жа час. Відавочна, што Мілашы – чыста беларускі шляхецкі род, з якога паходзіць знакаміты французскі паэт Аскар Мілаш, які нарадзіўся на Віцебшчыне, у Чарэі. А яшчэ Мілашы з Ідолты – блізкая радня паэта, публіцыста, празаіка, перакладчыка і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша.

У сваёй кнізе “Пошук Айчыны” Чэслаў Мілаш згадвае ў тым ліку і пра Яўгена Мілаша. Піша, што “быў гэта чалавек сціплы, працавіты. Пакінуў пасля сябе найлепшыя ўспаміны сярод мясцовага люду... Дзякуючы яго гаспадарлівасці сяляне Мілашоўскай воласці былі багацейшыя за іншых. Унукі тых сялян скончылі не толькі сярэднюю школу, але і вучыліся ў вышэйшых установах. Між імі былі святары, ксяндзы, дактары, вайскоўцы. Многія з іх загінулі падчас сусветных войнаў ці сталінскіх рэпрэсій на Салаўках і ў Катыні пад Смаленскам”.

8 Озеро Идолта.jpg

Тут, у вёсцы Мілашова, што за возерам, 1 красавіка 1873 г. намаганнямі Яўгена Мілаша было адкрыта народнае вучылішча. Праўда, вучылішча згарэла, і на тым месцы ў 1904 г. з’явілася сённяшняя Мілашоўская школа, у якой калісьці вучыўся знакаміты доктар і дзеяч нацыянальнавызваленчага руху Язэп Малецкі. Лёс закінуў яго аж у Аўстралію. Там Малецкі стаў сябрам Першай управы Беларускага аб’яднання ў штаце Новая Паўднёвая Валія. Пазней ён узначальваў Федэральную раду беларускіх арганізацый Аўстраліі, дапамагаў уладкоўвацца беларускім эмігрантам, не пакідаючы займацца лекарскай практыкай. І напісаў вельмі цікавую кнігу “Пад знакам Пагоні”.

Вучыўся ў гэтай школе і будучы ксёндз Язэп Гайлевіч. З 1935 па 1945 г. ён служыў у Дзвінскім касцёле і адначасова ў беларускамоўных школах Латвіі выкладаў Закон Божы. За гэта ў 1949 г. яго арыштавалі і абвінавацілі ў “националистической деятельности”, асудзіўшы на 10 гадоў лагераў.

9 Костел в Идолте.jpg

Паміж Мілашовам і Ідолтай стаіць касцёл, збудаваны з цэглы і бутавага каменю ў 1939 г.

10 Костел в Идолте 2.jpg

Адны яго называюць Ідолтаўскі, другія – Мілашоўскі. Як жа цесна перапляліся тут назвы і прозвішчы…

11-2020-07-23-3--6709pb_1330.jpg


Самые популярные Самые обсуждаемые