Падарожжа з Жыгамонтам: Іказнь

Автор: Ю. Жыгамонт
Фото: С. Плыткевіча. Малюнак: П. Татарнікава

«Планета Беларусь» працягвае цыкл краязнаўчых матарыялаў Юрыя Жыгамонта, якія былі надрукаваны ў кнізе “Мястэчкі і вёскі Беларусі”. На гэты раз знакаміты падарожнік расказвае цікавую гісторыю мястэчка Іказнь.

Вёска Iказнь Браслаўскага раёна Вiцебскай вобласцi месціцца ў зоне балтыйскага і фінскага тапанімічнага пласта, значыць, старажытныя назвы тут балцкія і фінскія. Па меркаванні навукоўцаў, назва Іказнь мае фінскае паходжанне і азначае “акно”.


1-2019-08-18-6--DJI_0960pb_1330.jpg

У гістарычныя крыніцы вёска Іказнь патрапіла ажно ў 1499 г., калі ўсе навакольныя землі набыў сабе за 200 коп грошаў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. Праз тры гады Іван Сямёнавіч становіцца намеснікам браслаўскім, і ў тым жа годзе княгіня Алена выдае яму прывілей на землі і людзей. А яе муж, вялікі князь Аляксандр, за добрую і верную службу падпісвае грамату аб наданні Івану Сапегу яшчэ чатырох валок незаселенай зямлі і маёнтак Іказнь “з равами малымі, каналамі, рыбнымі ставамі, млынам” і ўсім іншым, што сюды адносіцца.

Вялікі князь Аляксандр і яго жонка Алена надзвычай прыязна ставіліся да Івана Сапегі. І 25 сакавіка 1504 г. князь дае дазвол Івану Сямёнавічу закласці ў маёнтку мястэчка. Паселішча Іказнь з’явілася і пачало квітнець дзякуючы менавіта Івану Сямёнавічу Сапегу. У 1503 г. ён быў паслом у Маскве, дзе заключыў шасцігадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ. У 1505 г. ён зноў адправіўся ў Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не атрымалася. Пазней пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага Сапега камандаваў часткай войска ў бітве на Бярэзіне, што адбылася 27 жніўня 1514 г. А 8 верасня таго ж года Іван Сямёнавіч удзельнічаў у бітве пад Оршай, калі 80-тысячнае маскоўскае войска было цалкам разбіта.

Іван Сапега заклаў мястэчка Іказнь з умовай, што на грошы, выручаныя ад карчмы, будзе пабудавана царква Святога Духа. Храм тут збудавалі, і ў розных крыніцах XVI ст. яго называюць то касцёлам, то царквой.

А ўся справа ў тым, што Іван Сапега будаваў храм Божы і для каталікоў, і для праваслаўных, каб адны і другія маліліся разам, без падзелу. Толькі так, меркаваў Сапега, наш народ зможа выстаяць паміж каталіцкай Польшчай і праваслаўнай Расіяй. І яшчэ задоўга да Брэсцкай уніі далучыўся ў Рыме да уніі фларэнтыйскай. А ў пачатку XVI ст. збудаваў тут уніяцкую царкву.

2 2a68760d6dc33f0133da09a117193937.jpg

Свой замак Іван Сямёнавіч узвёў на востраве возера Іказнь. Але ў 1515 г. на гэтыя землі напалі маскоўскія войскі і спалілі ўшчэнт і замак, і мястэчка. Сапегі адбудавалі ўсё нанова і ў сярэдзіне XVI ст. размясцілі ў замку даволі значны гарнізон наёмных войскаў.

3 e1ed22c76a46e4724b2e17065fc7d9ca.jpg

За ўсю сваю гісторыю замак лічаныя разы выходзіў з юрысдыкцыі Сапегаў. Адзін з выпадкаў апісаны ў Сапегаўскіх тастаментах – калі дачка Міхала Сапегі Ганна пабралася шлюбам з князем Пронскiм i форт перайшоў да князёў Пронскiх. Пазней замкам валодалі Страбоўскія, Сіняўскія, Язлавецкія, зноў Пронскія.

Нарэшце пад канец XVI ст. Леў Сапега, разумеючы стратэгічнае размяшчэнне замка, выкупляе цытадэль разам з мястэчкам. 6 чэрвеня 1593 г. ён дае фундуш на будаўніцтва ў Іказні каталіцкага касцёла Цела і Крыві Хрыста, а яшчэ – на пабудову пры касцёле шпіталя і школы. І наглядаць за ўсім гэтым запрашае ордэн езуітаў. Да асноўнага фундуша Леў Сапега дадае яшчэ дзве вёскі с зямлёю – Мілевічы і Шакелеўшчыну, а таксама – мытную i гарэлачную арэнды ў мястэчку Іказнь. І ўсё для таго, каб езуіты ў Іказні трымалі пры касцёле школу і мясцовыя дзеткі маглі вучыцца грамаце.

Іказнь. Замак і падзамча. 1629 год. Перабудова Яна Станіслава Сапегі. Навуковы кансультан М.Волкаў_1330.jpg Іказнь на малюнку Паўла Татарнікава. Замак і падзамча. 1629 год. Перабудова Яна Станіслава Сапегі. Навуковы кансультан М. Волкаў

Пры канцлеры Льве Сапегу замак набыў прыгожы сярэдневяковы выгляд, захаваўшы свае абарончыя якасці. Узвышаную частку вострава з поўначы і ўсходу абвялі мурам з валуноў і цэглы. Заходні бок ахоўваўся гліняным валам, на якім былі драўляныя сцены. На паўднёвым краі замкавага пагорка стаяла мураванае збудаванне таксама з цэглы i валуноў. У паўднёвым куце зрабілі драўляную вежу, на ўсходнім рагу – вежу з валуна-цаглянымі сценамі таўшчынёй 2 м. Схілы замкавага пагорка амаль да самай вады былі забрукаваныя. Падыходы да замка і ўсю астатнюю тэрыторыю вострава займаў падзамак, абнесены земляным валам з драўлянымі канструкцыямі. Пад замкам, кажуць, знаходзілася сажалка для рыбы. З берагам уся гэтая добра ўмацаваная канструкцыя злучалася мастом з чаўноў. Па сутнасці, гэта быў пантонны мост.

6-2022-01-08-7-DJI_0964pb_1330.jpg

Абарону тут даводзілася трымаць часта. Падчас 13-гадовай вайны абаронцы замка не раз адбіваліся то ад маскоўскіх войскаў, то ад украінскіх казакаў. Але найбольш замак пацярпеў у гады Паўночнай вайны – у пачатку XVIII ст. шляхта і магнаты, замест таго каб бараніць Рэч Паспалітую, занадта думалі пра свае вольнасці. У выніку адна іх палова выступіла на баку Пятра І, другая – на баку Карла XII. Сапегi прынялі бок шведаў, Агінскія сталі на бок маскоўцаў, і пачалося: Сапегі палілі маёнткі Агінскiх, Агінскія – Сапегаў. Мястэчка і замак зруйнавалі. З сярэдзіны XVIII ст. Іказнь страціла сваё стратэгічнае значэнне, і праз пару дзясяткаў гадоў канцлер Аляксандр Міхал Сапега палічыў, што лепш будзе прадаць такі непрыбытковы маёнтак.


Летам 1812 г. у мястэчку Іказнь размяшчалася галоўная кватэра рускага цара Аляксандра І. Французскія войскі тады наступалі, і падчас баёў Іказнь зноў была спалена дашчэнту. Але, як тая птушка Фенікс, у каторы раз паўстала з попелу і пад канец XIX ст. павялічыла сваё насельніцтва да 541 жыхара.

Была тут праваслаўная царква. А таксама – невялічкі касцёл, дзе хрысцілі маленькага Генрыха Дмахоўскага, будучага знакамітага скульптара і паўстанца. Пасля паўстанняў 1831 года Дмахоўскі эмігрыраваў у Амерыку, узяў там імя Генры Д. Сандэрс i стварыў бюсты Вашынгтона, Касцюшкі, Томаса Джэферсана і іншых выбітных асоб для будынка кангрэса ў Вашынгтоне.

4-2011-03-26_9969pb_1330.jpg

У 1912 г. на месцы таго драўлянага касцёла ўзвялі новы храм. З 1917 г. тут служыў ксёндз Міхаіл Буклярэвіч, які чытаў пропаведзі на беларускай мове і выступаў за адкрыццё беларускіх школ. Праз два гады ён узняў паўстанне супраць бальшавікоў. Калі тыя схапілі Буклярэвіча і запыталіся, чаму ён не прызнае іхняй улады, ксёндз годна адказаў: “Вы нясеце няволю і змагаецеся супраць Бога. А я слуга Хрыстовы і сын свайго народа, таму прыняць Вас не магу”.

Бальшавікі расстралялі ксяндза разам з яго сястрой, якая змагалася побач. У 1920 г. астанкі Буклярэвіча ўрачыста перапахавалі ля касцёла ў Іказні. Але ў савецкі час са святога будынка зрабілі зернясховішча, а помнік на магіле знішчылі. Толькі ў 1990 г., калі храм вярнулі каталікам, парафіяне аднавілі і касцёл, і памяць ксяндза, які загінуў за народ беларускі і веру Хрыстову. Цяпер тут зноў ёсць помнік.

5-2013-08-23_u4_5841pb_1330.jpg
Вось так востраў, на якім знаходзіўся замак Сапегаў, і вёска Іказнь выглядаюць напрыканцы зімы…


Смотрите также

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Ахрэмаўцы, яны ж Бяльмонты

Чаму гэта цудоўнае беларускае мястэчка мае две

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Дрысвяты

Дрысвяты: святыя Пятро і Павел аберагаюць гэты край, гісторыя

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Канстанцінава

Вёска гэтая стала называцца Канстанцінава толькі ў другой

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Гудагай

У гістарычным слоўніку ёсць слова “гудагай”, сугучнае назве

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые