Падарожжа з Жыгамонтам: Канстанцінава

Автор: Юрый Жыгамонт
Фото: Сяргей Плыткевіч

Мы працягваем цыкл краязнаўчых матарыялаў Юрыя Жыгамонта, якія былі надрукаваны ў кнізе “Мястэчкі і вёскі Беларусі”. Гэта сумесны праект партала “Планета Беларусь” і выдавецтва “Беларусь”. Сам аўтар на нашу ініцыятыву адрэагаваў так: “Калі гэта на карысць падарожнікаў, то я згодны. Але падкрэсліваю, што я не гісторык, я акцер, таму лепш глядзець мае перадачы пра розныя населеныя пункты Беларусі”.

Вёска гэтая стала называцца Канстанцінава толькі ў другой палове XVIII ст. Раней яна звалася Слабодка. У перыяд феадалізму жыхары слабодак карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. Так нашыя князі засялялі неабжытыя землі. Асабліва шмат слабодак з’явілася пасля Паўночнай вайны 1700–1721 гг. А ў 1785 г. кароль Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей, згодна з якім многія слабодкі сталі ператварацца ў мястэчкі. Не была выключэннем і гэтая Слабодка – сённяшняе Канстанцінава ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці.


1-2022-02-13-15-DJI_0724pb_1330.jpg

Узнікла паселішча на старажытным вялікім шляху, вядомым пад назваю Полацкі тракт. Некалі гэты шлях звязваў Полацк і Вільню, яго называлі яшчэ “дарогай Стэфана Баторыя”, ці Вітаўтаў шлях. Больш за чатыры стагоддзі гэта была найбуйнейшая дарога на нашай тэрыторыi. У свой час яна ўся была выкладзена брукам. Але сёння брук закаталі ў асфальт і колішні знакаміты шлях стаў звычайнай дарогай.


Вось па гэтым шляху і прыбылі сюды новыя ўладары Слабодкі – палкоўнік Канстанцін Хамінскі з жонкаю Ганнай. І ў 1792 г. пабудавалі тут драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, на вечныя часы ахвяраваўшы са свайго маёнтка 1200 злотых ксяндзу штогод. У студзені 1793 г. тут узнікла новая парафія.

А пасля смерці Канстанціна Хамінскага ў 1803 г. Слабодку і парафію перайменавалі ў памяць заснавальніка і фундатара мясцовага касцёла. З таго часу паселішча завецца Канстанцінава.

Падчас вайны 1812 г. тут размясціліся французскія войскі і ператварылі касцёл у свой штаб. Пры адступленні мястэчка спалілі. Тады ж згарэў і драўляны касцёл. Пасля той вайны ад Канстанцінава не засталося анічога. У фальварку жыло толькі чатыры чалавекі. Але каталікі з бліжніх вёсак хадзілі маліцца менавіта сюды, у драўляную капліцу, якая захавалася на мясцовых могілках.

У 1825 г. Уладзіслаў Пашкевіч-Талаконьскі пачынае ў Канстанцінаве будаўніцтва новага мураванага касцёла. У тым жа годзе памірае яго маладая жонка – Зоф’я Пашкевіч з роду Жаромскіх. І няўцешны муж вырашае ўзвесці святы касцёл у памяць сваёй каханай. Будаўніцтва ідзе вельмі хутка і ўжо блізіцца да завяршэння, але ў 1828 г. Уладзіслаў Пашкевіч-Талаконьскі таксама пакідае гэты свет.

Дабудоўваць касцёл узяўся муж Ганны Хамінскай Станіслаў Барткевіч. Тады якраз ішла падрыхтоўка да паўстання 1830– 1831 гг. і ўсе свае грошы і сілы Барткевіч аддаў паўстанцам. Калі паўстанне задушылі, расійскі царскі ўрад, як толькі мог, пачаў абмяжоўваць уплыў каталіцкага духавенства на насельніцтва Беларусі.

А потым зноў наш народ падняўся на барацьбу за незалежнасць Беларусі-Літвы – цяпер ужо пад сцягамі Кастуся Каліноўскага. Пасля таго паўстання на каталікоў пачаўся мацнейшы ціск. Касцёлы сталі паўсюдна закрываць і перабудоўваць пад цэрквы.

Каталікі Канстанцінава доўгі час маліліся ў недабудаваным касцёле. Каб падтрымаць іх дух, Папа Рымскі Леў ХII 5 сакавіка 1878 г. перадаў сюды, у Канстанцінаўскую парафію, мошчы Святога Станіслава Косткі, Святой Кацярыны, Святога Фларыяна і блажэннага Андрэя Баболі.

Толькі ў 1895 г. з дазволу Мікалая II ціск на каталікоў крыху аслаб. І тады адсюль у Санкт-Пецярбург адправілася дэлегацыя мясцовых мужыкоў, якія дабіліся прыёму ў цара, і той даў ім дазвол дабудаваць касцёл. 80 гадоў людзі чакалі гэтага!

3-2022-02-13-15-DJI_0711pb_1330.jpg

Будаўніцтва вялі мясцовыя вернікі і грошы за працу не бралі. Пашыраць касцёл расійскія ўлады не дазволілі, хаця змясціць ён мог толькі 300 прыхаджан, а парафія Канстанцінава налічвала тады 3830 вернікаў. За нейкія 8 месяцаў будаўніцтва было скончана.

4-2009-10-22_2713pb_1330.jpg

Значную суму на будаўнічы матэрыял для касцёла дала ўдава Станіслава Хамінскага. Генерал Хамінскі, уладар тутэйшых зямель, якога жонка перажыла на 20 гадоў, быў знакаміты чалавек. Даслужыўшыся да губернатарства ў Волагдзе, ён падаў у адстаўку і разам з сям’ёй у 1878 г. вярнуўся на Беларусь, у роднае Альшэва. Мясцовая шляхта не раз выбірала яго маршалкам.

Дзякуючы Хамінскаму з’явіліся школы для простых людзей у Шэметаве, Засвіры, Кабыльніку, Камаях і іншых навакольных вёсках і мястэчках. І яшчэ шмат чаго добрага зрабіў ён для свайго роднага краю. Пахавалі Станіслава Хамінскага каля касцёла, пазней побач пахавалі і яго жонку. На помніку выбіты словы: “Адпачывай пасля працы, а справы будуць жыць вечна”.

На мясцовых парафіяльных могілках захавалася каплічка-касцяніца, збудаваная Хамінскімі ў XIX ст. Перад капліцай стаіць пліта з надпісам: “Абдон Гурыновіч, памёр 27 кастрычніка 1896 г., маючы 88 гадоў. Божа, выратуй яго душу”. Дык вось, гэта магіла паплечніка Кастуся Каліноўскага і роднага дзядзькі знакамітага беларускага паэта Адама Гурыновіча.

Абдон Гурыновіч жыў у Канстанцінаве і служыў у Станіслава Хамінскага камісарам. Падчас паўстання Каліноўскага разам з братам Калікстам (бацькам паэта) збіраў харч і зброю і дастаўляў у лес на хутар Малая Сырмеж, дзе знаходзіўся атрад паўстанцаў пад камандаваннем Густава Чаховіча. Пасля паўстання Абдона Іасафатавіча хацелі арыштаваць, але ўмяшаўся ў справу Станіслаў Хамінскі, які на той час быў губернатар Волагды. І Гурыновіча не арыштавалі.

У архіве канстанцінаўскага касцёла захоўваецца кніга 1859 г. пад назвай “Брацтва цвярозасці”. Справа ў тым, што пасля падзелу Рэчы Паспалітай тут даволі хутка пачало распаўсюджвацца п’янства. Першымі забілі трывогу ксяндзы. І пачалі ствараць “Брацтвы цвярозасці”. Дзякуючы ксяндзу Рудольфу Рыхлевічу сваё “Брацтва цвярозасці” ўзнікла і ў Канстанцінаве. У гэтае брацтва ўступалі цэлымі вёскамі! Людзі пісьмова адмаўляліся ўжываць спіртныя напоі, і калі хто парушаў свой зарок, плаціў штраф 5 рублёў. Вялізныя грошы на той час. За п’янства маглі прылюдна і розгаў усыпаць. А яшчэ чаплялі на грудзі шыльдачку “п’яніца” і вадзілі па вёсках. Праз 70 гадоў, у 1928 г. ксёндз Канстанцінаўскай парафіі Ян Яскевіч напісаў біскупу: “У парафіі п’яніц няма”.




Смотрите также

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Ахрэмаўцы, яны ж Бяльмонты

Чаму гэта цудоўнае беларускае мястэчка мае две

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Дрысвяты

Дрысвяты: святыя Пятро і Павел аберагаюць гэты край, гісторыя

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Іказнь

Вёска Iказнь Браслаўскага раёна Вiцебскай вобласцi месціцца ў

Статьи
Падарожжа з Жыгамонтам: Гудагай

У гістарычным слоўніку ёсць слова “гудагай”, сугучнае назве

Самые популярные Самые обсуждаемые