en | by | de | pl

Падарожжа з Жыгамонтам: Крывошын

Автор: Юрый Жыгамонт
Фото: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц

Крывошын – колішняе мястэчка, а зараз вёска ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Iснуе пацешнае паданне пра паходжанне назвы гэтага паселішча. Быццам некалі тут была вельмі крывая дарога, з частымі выгінамі і выбоінамі. У чалавека, які па ёй ехаў, галава хутка пачынала круціцца, бы ад выпітай чаркі гарэлкі. Дык дарогу так і празвалі – Крывы шынок. А вёску, што пазней ля дарогі ўзнікла, – Крывошынам. А можа, крывая дарога тут колісь сапраўды вяла да шынка?

Вось кажуць: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепей. На карысць таго, што месца гэтае зусім неблагое, сведчаць ужо два курганы, насыпаныя побач з вёскай у лесе. Ёсць курганы – значыць, людзі жылі тут яшчэ ў глыбокую, сівую даўніну. Тады, калі да выбару месца для паселішча ставіліся вельмі прыдзірліва.


Гісторыя вёскі Крывошын цесна звязана з вёскай Рэпіхаў, што за кіламетар адсюль (яе сёння не існуе). Зямля, на якой узніклі гэтыя вёскі, лічыцца адным з найстаражытнейшых абжытых месцаў на Ляхаўшчыне. Кажуць, што заснаваў тут паселішча князь Міндоўг для аднаго са сваіх сыноў, якога звалі (па адной з версій) Рэпікасам. Магчыма, што Міндоўг з сынам тут і замак збіраліся будаваць, але не паспелі, бо, як вядома, абодва былі забітыя падчас паходу на Бранск.

Месца, заснаванае Міндоўгам, жыло сваім жыццём далей. Двор Рэпіхаў згадваецца ў метрыцы ВКЛ за 1481 год як адно з уладанняў Івана Ільініча. Да яго маёнтак патрапіў праз жонку Ганну Даўгірдаўну. Ганна, у сваю чаргу, атрымала гэтую зямлю, пабраўшыся шлюбам з Юрыем Гайцэвічам. Маладой удаве ўсё і перайшло пасля яго смерці. Неўзабаве яна зноў паспытала шлюбнага шчасця і перапісала на вечнасць зямлю першага мужа Юры на мужа другога, Івана.

1-2021-04-24-25-2021-04-24-24-DJI_0744pb.jpg

Пасля Івана тут стаў гаспадарыць яго сын Мікалай. Кажуць, добры ён дзядзька быў, маршалак дворны, намеснік менскі, затым смаленскі. І жонку сабе вартую ўзяў, з роду добрага, – дачку Міхала Нацэвіча, які ў Зэльве ўладарыў. Але сын, які ў іх нарадзіўся і якога ў гонар бацькі назвалі Мікалаем, вырас зусім бесталковы. Гістарычныя кнігі пра яго пішуць так: пасад высокіх не займаў, жыццё вёў разгульнае і значную частку бацькоўскай маёмасці змарнаваў.

Якраз у сувязі з разгульным жыццём Мікалая Мікалаевіча Ільініча Рэпіхаў і патрапіў другі раз у метрыкі ВКЛ. У 1528 годзе цярпенне жонкі Ільініча-малодшага Альжбеты канчаткова лопнула і яна напісала ліст самому каралю і вялікаму князю Жыгімонту І Старому, просячы ў яго заступніцтва. Маўляў, муж яе Мікалай Мікалаевіч скарбы свае страціў, жонку і дзяцей ні з чым пакінуў, а маёнткі свае распрадаў і прапіў.

Аднак Ільінічам гэтая мясцовасць належала амаль да канца XVI стагоддзя. Апошнім гаспадаром з іх роду тут быў Юрый Ільініч (гэта ягоны родны дзед, таксама Юрый, збудаваў Мірскі замак) – дзядзька вельмі багаты. У 1569 годзе у войска ВКЛ ён ставіў 142 узброеныя коннікі, у перакладзе на сённяшнія рэаліі гэта як 142 танкі разам з танкістамі. Але памёр ён нежанаты, нашчадкаў не пакінуў. І па завяшчанні галоўныя маёнткі Юрыя Ільініча – Мір, Чарнаўчыцы, Зэльва і вось гэты – перайшлі да яго стрыечнага брата, Мікалая Крыштафа Радзівіла па мянушцы Сіротка.

Маці Мікалая Крыштафа была графіня Эльжбета Шыдлавецкая, ад якой ён атрымаў горад Шыдлавец у Польшчы і графскі тытул у дадатак. Ад бацькі, знакамітага Мікалая Радзівіла Чорнага, яму перайшлі багатыя маёнткі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі і Літвы, а яшчэ – тытул князя Свяшчэннай Рымскай iмперыі. Калі Юрый Ільініч памёр, Сіротку было 20 гадоў. Да ўсіх яго ўладанняў дадаліся гэтыя. І Мікалай Радзівіл Сіротка стаў адным з найбуйнейшых магнатаў у Літве, Польшчы і Беларусі.

2 Радзивил Сиротка.jpg

Сваім багаццем ён распараджаўся як след. Славу Мікалай Крыштаф Радзівіл здабыў не ў карчмах ды шынках, а як сапраўдны рыцар, на полі бою. Падчас Лівонскай вайны сярод магнацкіх атрадаў самыя шматлікія былі ў Мікалая Сіроткі, які на ўласныя грошы ўзброіў 539 коннікаў і 386 дробаў (пяхотнікаў). У 1577 годзе на чале свайго палка ён змагаўся ля Заходняй Дзвіны, каб не дапусціць у Беларусь маскоўскіх войскаў. У 1579 годзе разам з братам Альбрэхтам прывёў прыватны полк з васальскай шляхты ў 700 коннікаў і потым асабіста ўдзельнічаў у вызваленні ад маскоўскай арміі горада Полацка (там яго, дарэчы, паранілі ў твар). За ўдзел у полацкай кампаніі Стэфан Баторый узнагародзіў Сіротку тытулам маршалка вялікага літоўскага. І гэта былі далёка не апошнія вайсковыя заслугі Мікалая Крыштафа Радзівіла.

3 Усадьба Репихово, нач. ХХ века.jpg Сядзіба Рэпіхава у пачатку ХХ стагоддзя

Да ўсяго Мікалай Сіротка быў вельмі пабожны чалавек. Атрымаўшы спадчыну ад Юрыя Ільініча, ён здзейсніў паломніцтва ў Святую зямлю і неўзабаве вырашыў падарыць маёнтак Нясвіжскаму калегіуму езуітаў. Езуіты адразу ўзяліся тут за справу і побач з Рэпіхавым, у Крывошыне, заснавалі сваю калонію. Цалкам магчыма, што езуіты і сталі першымі пасяленцамі ў Крывошыне.

У 1670 годзе манахі пабудавалі тут першы касцёл. Але хутка высветлілася, што для ўсіх жадаючых трапіць сюды на імшу месца не хапае. І ў 1740 годзе з’явіўся новы касцёл – вялікі, цагляны. Пры ім езуіты стварылі прытулак для сірот, шпіталь для старых і хворых, школку для дзетак. Але ў 1820 годзе, калі Беларусь была ўжо ў складзе Расіі, езуітаў адсюль выгналі.

Касцёл праіснаваў да 1863 года, а затым яго напаткаў лёс многіх іншых касцёлаў на Беларусі, ксяндзы якіх падтрымалі паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

4-5.jpg Свята-Пакроўская царква ў пачатку ХХ стагоддзя

Спачатку храм проста закрылі, а потым сюды прыбыў архітэктар, які распачаў перабудову езуіцкага касцёла пад праваслаўную царкву. Пачалі збіваць элементы барока, рабіць аркі, ламаць вежы і ставіць на іх купалы-цыбуліны, якіх у нашым праваслаўным дойлідстве амаль не было. Перабудову скончылі ў 1866 годзе.

6-2021-04-24-25-2021-04-24-24-DJI_0753pb.jpg

Але і зараз відавочна, што гэта колішні касцёл. Сёння ў ім знаходзіцца царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Аднак інтэр’ер храма захаваў сваю былую барочную пластычнасць і манументальнасць. Дагэтуль тут ёсць на што паглядзець.

7-201-04-24-10-A29V4381pb.jpg


Самые популярные Самые обсуждаемые