Падарожжа з Жыгамонтам: Новы Пагост

Автор: Юрый Жыгамонт
Фото: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц

У Мёрскім раёне Віцебскай вобласці ад Новага Пагоста да Старога Пагоста – лічаныя крокі, што не дзіўна: гэта цяпер яны дзве асобныя вёскі, але яшчэ не так даўно тут быў адзін непадзельны маёнтак з агульнай назвай Пагост.


Слова “пагост” – старажытнае ўсходнеславянскае і паходзіць ад слова “пагасціці”, інакш кажучы, пабываць у гасцях. У рускай мове пагостам называюць могілкі ці царкоўную абшчыну. У нас жа пад пагостам здаўна разумелі стан для князёў, месца прыпынку заезджых гасцей і купцоў.

4 Новопогостское озеро (1).jpg

Мясцовыя жыхары любяць расказваць пра княжацкі горад, які ў старадаўнія часы быццам узвышаўся на беразе тутэйшага возера. Зваўся той горад Багоцк. Па адной версіі, ён праваліўся пад зямлю, па другой – быў зачараваны і ў некаторыя асаблівыя дні зноў праяўляецца над возерам са сваім замкам і храмамі.

Усе, каму давялося пабачыць такое дзіва, распавядаюць пра пані ў карэце, запрэжанай чацвёркай белых коней. Тут яе так і завуць – Белая Пані. Кажуць, яна з’яўляецца на Купалле, сядзіць на кованых скрынях з грашыма і плача, а перад ёй – чатыры чорныя сабакі.

Купалле тут колісь святкавалі ля вялізнага валуна, што ляжыць паблізу Старога Пагоста. Валун гэты завецца Камень Швец. Кажуць, даўней у ім было акенца, куды клалі палатно з просьбаю пашыць адзенне, а ўранку забіралі гатовыя ўборы. Але адна баба паклала ў акенца гной і запатрабавала новыя чаравічкі. Пасля такога здзеку акенца зачынілася, ліхую бабу скруціла і больш валун нікому не шыў.

Паселішча гэта вельмі цікавае і старажытнае. З пісьмовых крыніц Пагост вядомы з XV стагоддзя як месца збору даніны. У 1498 г. гэтую зямлю вялікі князь Аляксандр дорыць пісару ВКЛ Івашку Сапегу. Але ўжо праз 2 гады тут новы гаспадар – немец Клод. У 1566 годзе вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст усю Пагосцкую воласць (тады Пагост ужо быў цэнтр воласці) перадае ў карыстанне ваяводу Мікалаю Сіняўскаму. Пагост атрымлівае статус мястэчка і ў 1593 годзе становіцца асабістай уласнасцю канцлера ВКЛ Льва Сапегі, аднаго з багацейшых магнатаў на Беларусі.

Пра Льва Сапегу можна распавядаць бясконца. У беларускую гісторыю ён увайшоў як яркі дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Калі Сапега атрымаў мястэчка Пагост, ён быў на піку славы. Першае, што ён тут зрабіў, – выдаў фундуш на будаўніцтва святога касцёла, падарыўшы ксяндзам у вечнае карыстанне свой двор у Пагосце разам з зямлёй і ўсімі пабудовамі. Узамен ксяндзы абавязваліся маліцца за ўсіх памерлых з роду Сапегаў – таксама вечна.

Касцёл быў драўляны, і ў 1654 годзе, падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай, згарэў ушчэнт. Але праз 2 гады храм адбудавалі нанова. Прастаяў ён больш за 100 гадоў, пакуль у 1766 годзе ксёндз Песляк пры фінансавай падтрымцы смаленскага кашталяна Станіслава Бужынскага не вырашыў узвесці тут новы двухвежавы касцёл у гонар Святой Тройцы.

11-DJI_0444pb.jpg

Гэты храм нябесныя сілы аберагалі яшчэ даўжэй, але за савецкім часам, недзе ў 1950-я гады, мясцовага ксяндза арыштавалі, касцёл зачынілі, вежы разрабавалі і ператварылі храм божы ў калгасны склад. Толькі ў 1990-я гады намаганнямі мясцовых каталікоў святыню аднавілі.

2-2018-01-12-6--A29V9219pb (1).jpg

Напачатку пагосцкі касцёл адносіўся да Іказненскай парафіі, але з XVIII стагоддзі тут была ўжо свая, Пагосцкая парафія. Пад канец стагоддзя на тэрыторыі парафіі пражывала каля 100 іўдзеяў, амаль 2000 каталікоў і больш за 5000 уніятаў.

Да 1839 года побач з касцёлам стаяла ўніяцкая царква, хаця пераход з уніяцтва да праваслаўя ў Новым Пагосце быў цяжкі і марудны. Не святой вадой перахрышчвалі тут уніі ў праваслаўе – казакі нагайкамі сваімі “хрысцілі”, пад штыкамі вымушалі людзей ісці на споведзь да папа. У другой палове XIX стагоддзя ніякіх уніятаў у Новым Пагосце ўжо не было.

3-DJI_0415pb (1).jpg

У 1879 годзе тут з’явілася новая мураваная царква ў гонар Мікалая Цудатворцы, якая вытрывала ўсе войны і рэвалюцыі, захавалася да нашых дзён і цяпер лічыцца помнікам архітэктуры.

10-DJI_0427pb.jpg

На Стары і Новы Пагосты маёнтак быў раздзелены ў 1818 годзе. У свой час пра абедзве вёскі шмат пісаў Вацлаў Ластоўскі, які хлапчуком бегаў па вулках Старога Пагоста і пазней вельмі яскрава апісаў успаміны старажылаў пра зачараваны горад Багоцк. Праз шмат гадоў яго, выбітнага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, філолага, этнографа, публіцыста, пісьменніка і літаратуразнаўцу расстралялі, абвінаваціўшы ў стварэнні Саюза Вызвалення Беларусі. Сёння ўжо даказана, што такой арганізацыі ніколі не існавала. Яна была выдумана для таго, каб знішчыць беларускую інтэлігенцыю. І акадэмік Ластоўскі, дзякуючы якому быў знойдзены крыж Ефрасінні Полацкай (бясследна знік падчас апошняй вайны, стаў адной з першых ахвяр.

Новаму Пагосту таксама ёсць кім ганарыцца. У 1910 годзе тут нарадзіўся славуты беларускі дырыжор і кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР Генадзь Цітовіч, які ў 1939 годзе стварыў і ўзначаліў адзін з найлепшых самадзейных харавых калектываў на Беларусі.

Vacłaŭ_Łastoŭski._Вацлаў_Ластоўскі_(1916-20) (1).jpg Вацлаў Ластоўскі

titovich-01 (1).jpg Генадзь Цітовіч

Абодва – і Генадзь Цітовіч, і Вацлаў Ластоўскі – аддана любілі беларускую народную песню, запісвалі мясцовы фальклор. Іх намаганнямі старадаўнія спевы, народжаныя на гэтай зямлі, захавалі сваю адметнасць і дайшлі да нас праз стагоддзі. У адной з тых песень ёсць такія словы:

Бяда прыйшла да Пагоста –
І схавалася пад мостам.
Сядзіць бяда пад мостам –
Едуць людзі з хваростам.
Тут бяда загуляла –
Усім калёсы паламала.
Быў там Апанас,
Дык той бядзе ў морду – раз!
Быў там і Пятрок,
Той у морду ёй раз – пяток!
Бяда ўцякла…
Вось так з бядою ў Пагосце здаўна рабілі...



Самые популярные Самые обсуждаемые