en | by | de | pl

Падарожжа з Жыгамонтам: Новы Свержань

Автор: Юрый Жыгамонт
Фото: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц

Некалі гэтыя 2 вёскі ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці – Новы Свержань і Стары Свержань – зваліся проста Свержань і не дзяліліся на “сваіх” і “суседзяў”. Былі часы, калі значэнне слова “свержань” нікому не прыходзілася тлумачыць. Даўней так называлі цвёрды, трывалы ўчастак ля ракі, незабалочаны бераг. Мабыць, калісьці тут, на беразе Нёмана, былі балоты, сярод якіх старажытныя людзі знайшлі свержань, пабудавалі на ім хаты і сталі жыць.


1-DJI_0717pb_1330.jpg Вёска Стары Свержань

І гэта чыстая праўда, бо тут была знойдзена стаянка тых людзей, якая датуецца яшчэ ІІІ, а то і нават VI тысячагоддзі да нашай эры. У летапісных крыніцах Свержань згадваецца ў 1428 годзе, калі слаўны князь Вітаўт падарыў гэтае паселішча сваёй любай жонцы Ульяне, пра што летапісец і пакінуў адпаведны запіс.

2 Свержень, Неман.jpg Рака Нёман каля вескі Новы Свержань

На той час якраз у Свержані была пераправа праз Нёман, ішла старадаўняя дарога з Менску на Наваградак і Бярэсце. І каб ліхія людзі не перашкаджалі перапраўляцца людзям прыстойным, князь Вітаўт разам са сваёй жонкай Ульянай вырашылі ўзвесці абарончы замак бастыённага тыпу.

Свержаньскі замак праіснаваў амаль да канца XVI стагоддзі, але пасля страціў сваё стратэгічнае значэнне і знік разам са стагоддзем. Аднак у Свержані і па сёння існуе ўрочышча пад назваю Замак.


3-DJI_0820pb_1330.jpg Вёска Новы Свержань

Свержань – ці, як у старых кнігах напісана, Свержно – належаў вялікім князям аж да 1509 годзе. Пасля кароль Жыгімонт Стары падарыў яго разам з замкам знакамітаму магнату Івашку Літавору Храптовічу.

Літавор Храптовіч верай і праўдай служыў Айчыне, але падчас адной бітвы з Маскоўскай дзяржавай патрапіў у палон і 8 цяжкіх гадоў адмучыўся ў маскоўскай няволі. Усе гэтыя гады маскавіты пераваблівалі яго на свой бок, абяцаючы мёд з калачамі, але Бацькаўшчыне Храптовіч не здрадзіў. Калі ж ён нарэшце вярнуўся на Радзіму, Жыгімонт І прызначыў яго старостам драгічынскім і ўзнагародзіў рознымі землямі.

4-DJI_0808pb_1330.jpg

Першы касцёл з’явіўся тут у 1588 годзе. Грошы на яго пабудову даў Мікалай Радзівіл Сіротка. Будавалі касцёл мясцовыя хлопцы, а вось архітэктара Сіротка запрасіў з Італіі. Ян Марыя Бернардоні надаў касцёлу, як кажуць мастацтвазнаўцы, “абарончы характар з элементамі готыкі”. Калі праз стагоддзі тут пабываў беларускі паэт і этнограф Уладзіслаў Сыракомля, у сваіх “Вандроўках” ён запісаў, што “касцёл свержаньскі вельмі багаты. Прыгожыя драўляныя алтары, ёсць скульптуры Хрыста, на сценах вісяць старажытныя абразы…”. Але за савецкім часам храм ператварылі ў склад і ўсё каштоўнае, што там было, бясследна знікла. Толькі ў 1988 годзе касцёл вярнулі каталікам.

5 Сверж, костел.jpg

Сіротка таксама быў каталік, але падтрымліваў Брэсцкую унію 1596 года і нават стаў адным з трох каралеўскіх паслоў на саборы ў Брэсце. І таму, пабудаваўшы ў Свержані касцёл у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла, побач па праекце свайго сябра Янкі Бернардоні ўзвёў яшчэ і ўніяцкую царкву. За 4 стагоддзі яна перажыла шмат падзей, аднак захавала сваё сціплае аблічча рэнесансу.

6 Новый Свержень, церковь.jpg

Царква была нашмат багацейшая за касцёл, але самым каштоўным, што тут захоўвалася, быў старажытны цудатворны абраз Маці Божай Свержаньскай. У 1650 годзе нават надрукавалі кнігу, дзе апісвалася 70 цудаў, здзейсненых гэтай іконай. Цудадзейны абраз перажыў усе войны, а знік за савецкім часам у 1960-я гады, калі і гэты храм ператварылі ў склад.

І абраз, і царква Успення Прасвятой Багародзіцы былі пад апекай манахаў базыльян. Праўнук Сіроткі, Міхал Радзівіл па мянушцы Рыбанька, у 1739 годзе дамовіўся аб заснаванні пры царкве кляштара і семінарыі, дзе вучыліся дзеці ўніяцкіх святароў. Але пасля паўстання 1831 года і кляштар, і семінарыю зачынілі, а царкву перадалі праваслаўным.

Міхал Казімір Рыбанька атрымаў толькі хатнюю адукацыю, але гэта не перашкодзіла яму лічыцца адным з разумнейшых людзей свайго часу. Ён з поспехам займаўся справамі рэлігійнымі і ваеннымі, ведаў толк у культуры, запрашаў у свае маёнткі найлепшых архітэктараў, мастакоў, рамеснікаў, артыстаў. А яшчэ трымаў мноства мануфактур, адна з якіх была ў Новым Свержані.


Свержаньская фаянсавая мануфактура (фарфорня) узнікла ў 1742 годзе і хутка стала другой па значнасці ва ўсёй Рэчы Паспалітай (пасля той, што належала маці Рыбанькі). Увесь клопат па арганізацыі вытворчасці неслі на сабе мясцовыя майстры, якія вывучалі сакрэты майстэрства за мяжой. За ўсю гісторыю мануфактуры тут працаваў толькі адзін іншаземец – немец Кюнцэльман, важнейшым яго абавязкам была падрыхтоўка мастакоў з мясцовых хлопцаў. У Свержані выраблялі сталовы, аптэчны і нават літургічны посуд, фаянсавыя алтары для касцёлаў, дэкаратыўныя куфэркі, шкатулкі, чарніліцы, фігуры святых для алтароў, бюсты старажытных філосафаў для бібліятэк, фаянсавыя пліткі і кафлю для печаў. Пасля рэвалюцыі 1917 года усе гэтыя “панскія штучкі” бязлітасна знішчаліся, і пра майстэрства тутэйшых людзей цяпер можна меркаваць хіба што па фактах, занатаваных на тагачаснай паперы.

Захавалася нямала сведчанняў, што замежныя купцы забіралі з фарфорні ўсё запар, а купцоў у Свержані тады было вельмі шмат. Справа ў тым, што Свержань быў тады яшчэ і партовым мястэчкам, бо Нёман калісьці быў рэчкай суднаходнай. І суднаходства на Беларусі пачыналася менавіта адсюль, гэта са Свержаня віціны (такія невялікія караблі) адпраўляліся да Балтыйскага мора.

7-витина_984.jpg

Некалі тут нават будавалі гэтыя рачныя судны-віціны, грузапад’ёмнасць якіх даходзіла да 200 тон. У Новы Свержань з’язджаліся тысячы конных вазоў з хлебам, ільном, воўнай, салам, шкурамі, кафляй, пер’ем, мёдам, з рознымі будаўнічымі матэрыяламі. На прыстані ўсё грузілася на караблі і па Нёмане адпраўлялася на Кёнігсберг, Юрбург. За год адсюль выходзіла больш за 300 караблёў, а вываз тавара ў 3 разы быў большы за ўвоз.

Новы Свержань – адно з найцікавейшых мястэчак на Беларусі, якое вельмі любіў Якуб Колас. “Мястэчка вельмі выдатнае, і калі, бывала, уваходзіш у яго, дык несвядома пачынаеш прасякацца вялікай павагаю і пяшчотаю” – вось як пісаў пра Новы Свержань наш класік.



Самые популярные Самые обсуждаемые