Назва вёскі Вавёрка гаворыць сама за сябе. Мусіць, вавёрак здаўна было вельмі шмат тут, на Лідчыне. Гэтыя мясціны ў сённяшняй Гродзенскай вобласці лічацца старажытнымі балцкімі землямі. І менавіта балцкія плямёны давалі ў большасці сваёй назвы тутэйшым вёскам. Па-літоўску “вавёрка” гучыць як “вавере”, “ваверуце”. Як ні круці, атрымліваецца, што маленькі рудзенькі звярок пасяліўся тут першы.
Гэтае паселішча даволі загадкавае. Яшчэ ў першым Наўгародскім летапісе, у “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”, згадваецца горад Ваверэск. Навукоўцы лічаць, што вось гэты летапісны Ваверэск і ёсць папярэднік Вавёркі. Існуе меркаванне, што старажытны Ваверэск быў знішчаны падчас наезду Бурундая недзе ў 1258 годзе. А тыя жыхары, што перажылі канец свету, зладжаны бурундайцамі, заснавалі новае паселішча, назваўшы яго Вавёрка, бо палічылі назву Ваверэск нешчаслівай.
Тутэйшыя людзі аж да XIV стагоддзя шанавалі дрэвы, камяні, рэкі, азёры, прыносілі ім ахвяры, застаючыся апошнімі язычніцкімі плямёнамі са сваёй верай, сваімі багамі. Заходнія рыцары ўсіх нацыянальнасцей, хто з крыжом, хто з мячом прыходзілі сюды са спробай іх ахрысціць – але безвынікова. Так усё і працягвалася, пакуль гэтую агульнаеўрапейскую рэлігійную праблему не вырашылі палякі, аддаўшы сваю 12-гадовую каралеву Ядвігу за нашага князя Ягайлу.
У 1386 годзе Ягайла (маці якога была праваслаўная) прыняў каталіцтва. Разам з ім гэта зрабілі і іншыя нашы князі і баяры, заўзята пачаўшы хрысціць народ і будаваць касцёлы. Вось у сувязі з узвядзеннем касцёла вёска Вавёрка і патрапіла ў летапісныя крыніцы. У 1413 годзе Міхаіл Галігінавіч заснаваў тут касцёл Святога Францішка.
А ў 1463 годзе ў Вавёрцы было ўжо два касцёлы, адзін – Святога Францішка, другі – Святой Тройцы. Гэта сведчыць, што Вавёрка стала даволі вялікім паселішчам. У 1496 годзе тут было ўжо дзве Вавёркі – Старая і Новая, альбо, як яшчэ кажуць, Малая і Вялікая. І абедзве належалі Мікалаю Жыгімонтавічу Галігінавічу.
У пачатку XVI стагоддзя Вавёрка стала ўласнасцю земскага харунжага Мікалая Юндзіла, а ў 1522 годзе перайшла ўжо да Януша Касцевіча, пры якім, кажуць, узнікла школа. Многія, хто распачынаў сваю адукацыю ў Вавёрцы, пазней паступалі адразу ў Кракаўскі ўніверсітэт.
У 1568 годзе тут з’яўляецца новая рэлігійная плынь: на змену каталіцызму прыходзіць кальвінізм. Вавёрскі касцёл становіцца кальвінскім зборам. Праз два гады пасля гэтага кальвіністы дабіваюцца для Вавёркі статусу мястэчка. Неўзабаве тут пачынаюць ладзіць кірмашы, будаваць корчмы, мястэчка імкліва разрастаецца…
У 1613 годзе Вавёрка нават трапляе на карту Макоўскага. Гэта былі сапраўды залатыя часы для паселішча. Ніколі пазней тут не жыло столькі людзей, ніколі больш Вавёрка не мела статусу мястэчка. А віной усяму вайна, чарговая вайна з Расіяй, што распачалася ў 1654 годзе. Самая страшная з тагачасных войнаў. Расійскія войскі чорнай лавінай абрынуліся на нашы землі, пакідаючы пасля сябе спаленыя гарады і сёлы, удоў і сірот… Калі ў 1659 годзе ў Вавёрку ўвайшло войска Івана Хаванскага, жывыя пазайздросцілі мёртвым. Мястэчка было знішчана ўшчэнт. І ўжо ніколі не здолела акрыяць і вярнуць сабе былую славу. Пазней гэта была ўжо толькі вёска.
У 1792 годзе яна належала Каралю Ласковічу. А па суседстве жыў кавалер ордэна Святога Станіслава генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Ігнат Кастравіцкі. Ну, і як гэта даволі часта бывае, два суседы за нешта пасварыліся. Уладар Вавёркі падаў у суд на каралеўскага генерал-ад’ютанта. І выйграў справу супраць такога няпростага чалавека. Суд прысудзіў Кастравіцкаму нейкі тэрмін зняволення – пару тыдняў ці месяц. Але ў Лідзе турмы ў той час не было, і тады кавалер ордэна Святога Станіслава за ўласныя грошы ў кляштары піяраў наняў пакой, дзе і адседзеў увесь прызначаны тэрмін. Гонар вышэй за ўсё!
Пазней, пад самы канец XVIII стагоддзя, Вавёрка перайшла ва ўласнасць да Ігната Кастравіцкага. Падчас вайны 1812 года ён прыняў бок Напалеона, убачыўшы ў ім вызваліцеля сваёй краіны. Але пасля вайны на радзіму ўжо не вярнуўся, рэштку жыцця дажываў у Вене.
Аднак у Вавёрцы застаўся яго сын – Самуэль Ігнатавіч Кастравіцкі, які пакінуў тут вельмі прыкметны след. У 1840 годзе на свае грошы ён пабудаваў адзін з лепшых каменных касцёлаў на Лідчыне, з выдатнымі гіпсавымі скульптурамі на столі. Праўда, пасля смерці Ігната Кастравіцкага пакінуў Вавёрку і пераехаў у бацькоўскі венскі палац.
У Вене Самуэль Кастравіцкі задаўся мэтай даць еўрапейскую адукацыю сваім дзецям, сыну Люцыяну і дачкам Юлі і Меланіі. І з поспехам сваю задачу выканаў.
Пра суперрамантычны лёс Меланіі можна здымаць кіно і пісаць п’есы. Яна выдатна ведала гісторыю і літаратуру, валодала многімі еўрапейскімі мовамі, цудоўна музіцыравала і малявала. І была прынятая пры аўстрыйскім двары, трапіўшы ў бліжняе атачэнне жонкі Напалеона Банапарта – Марыі Людвікі. Неўзабаве Меланія завяла раман з самім Напалеонам II, ад якога нарадзіла сына. Выхоўвалі хлопчыка ў вялікай тайне прэлаты Ватыкана. Імя яго па сёння застаецца невядомае. Недзе ў 1860 годзе брат Меланіі Люцыян Вавёрку прадаў. Шкадаваць пра гэта яму не давялося. У 1863 годзе пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага, пасля паразы якога маёнткі ў шляхты, што падтрымала паўстанцаў, канфіскоўвалі, а гаспадароў расстрэльвалі і вешалі па загадзе генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Міхаіла Мураўёва.
Вялікая роля ў пад’ёме паўстання належала каталіцкаму касцёлу. Большасць ксяндзоў перайшла на бок паўстанцаў. Тут, у Вавёрцы, ксёндз Раймунд Зямяцкі таксама зачытаў Маніфест паўстання, заклікаючы народ да барацьбы, за што быў арыштаваны і прысуджаны да цяжкіх прац 15 лютага 1863 года. Але Мураўёву гэтага падалося мала: па яго асабістым загадзе прысуд замянілі смяротным пакараннем. 24 мая 1864 года ў Вільні настаяцель вавёрскага касцёла Раймунд Зямяцкі толькі за чытанне Маніфеста паўстанцаў быў расстраляны. Сведкі пакарання пазней успаміналі, што адзін ксёндз перад расстрэлам звярнуўся да людзей: “Трымацца і не падаць духам! Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны”.
Вавёрскі касцёл ва ўсе часы быў вельмі ўплывовы. У 1930-я гады яго парафія налічвала да 12 000 прыхаджан. Таму праз чатыры гады, у 1934-м, храм, збудаваны Самуэлем Кастравіцкім, вырашылі пашырыць. Цяпер ён лічыцца яркім помнікам архітэктуры гістарызму з выкарыстаннем стылізаваных элементаў Рэнесансу, барока, класіцызму і канструктывізму. Але яго сутарэнні памятаюць нашмат даўнейшыя часы.
14 августа. Кревская уния
В этот день в 1385 году была заключена Кревская уния.
Просмотров: 15730
«Песня про зубра»
Настоящее название этой поэмы: «Carmen de statura feritate ac venatione bisontis», что в переводе с латыни звучит так – «Песнь о мощи, дикости зубра и охоте на него».
Просмотров: 14579
17 августа. Ян Собеский
В этот день в 1629 году родился Ян Собеский, великий князь литовский и король польский.
Просмотров: 8773
Старинный город Смолевичи
Свое название Смолевичи получили от слова «смола»: с древности ее добывали и обрабатывали местные жители.
Просмотров: 8772