«Планета Беларусь» працягвае цыкл краязнаўчых матэрыялаў Юрыя Жыгамонта. На гэты раз – гісторыя вёскі, якая калісьці мела зусім другую назву…
Сёння Вішнявец – невялікая вёсачка ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Але раней гэта было мястэчка са старажытнай назвай Гавязна. Вішняўцом яго сталі зваць толькі з 1964 года. Тады было модна ў нашых старажытных беларускіх гарадоў, мястэчак адбіраць іх спрадвечныя імёны і даваць ім новыя. Так і пачалі з’яўляцца розныя Дзяржынскі, Калініны, Першамайскі, Акцябрскі, Сірэнеўскі, Вішнявецкі… Кажуць, што на партсабранні заўважылі, што ў Гавязне расце шмат вішань. Дык хай будзе Вішнявец, вырашылі “адказныя асобы”, так будзе “красівей”.
Старажылы згадваюць, што вішні ў іх сапраўды калісьці раслі, але не болей, чым у суседніх вёсках. Ды як толькі старажытную назву знялі і новую шыльду павесілі, усе вішні па вёсцы ўсыхаць сталі. Зараз іх тут амаль няма. А пазней, кажуць, узнялася моцная бура і цалкам знішчыла лясок побач, куды вяскоўцы хадзілі па грыбы ды па ягады. Мясцовыя старыя сцвярджаюць, што гэта нябесныя сілы раззлаваліся на іх за непавагу да мінуўшчыны.
А паважаць тут ёсць што і каго. Старажытнае паселішча Гавязна вядомае яшчэ аж з XVI стагоддзя. Уваходзіла яно тады ў склад Слуцкага княства і належала Алелькавічам, княжацкаму роду герба “Пагоня”, адной з галін Гедзімінавічаў. У XV–XVI стагоддзях яны адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзяржаўнапалітычным жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы, прэтэндавалі на велікакняжацкі трон.
Апошнім з гэтага слаўнага роду быў Ян Юр’евіч Алелькавіч. Менавіта ў яго, пашыраючы свае ўладанні, і набыў Гавязна ў 1588 годзе князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка.
Такую незвычайную мянушку ён атрымаў яшчэ ў маленстве, калі гасціў разам з бацькамі ў Варшаве. Было нейкае свята, давалі салют. Слугі пакінулі малое дзіцё, якое спала, а самі выйшлі паглядзець феерверк. Дзіця ад стрэлаў прачнулася ды давай плакаць. Якраз ля дзвярэй пакоя праходзіў кароль Жыгімонт Аўгуст, які феерверкаў у сваім жыцці нагледзеўся. Ён увайшоў у пакой, а там Міколка Радзівіл сядзіць адзін у люльцы і плача. Жыгімонт узяў яго на рукі ды кажа: “Ах, бедны ты сіротка”... З таго часу так і пачалі зваць Міколку.
Хаця бедны ён аніколі не быў. Пасля смерці бацькі Мікалай Радзівіл атрымаў багатую спадчыну і, як кажуць, багацце не прагуляў, а талент не закапаў. “Калі б мы мелі двух такіх мужоў, – пісалі пра яго суайчыннікі, – то без цяжкасці перагналі Італію”. Так што нікога не здзівіла, калі Мікалай Крыштаф Сіротка, выкупіўшы ў Алелькавічаў маёнтак Гавязна, перадаў яго сёстрам-бенедыкцінкам.
У свой час бенедыкцінцы адыгралі вялікую ролю ў развіцці каталіцкай тэалогіі, умацаванні каталіцкай царквы і папства. Іх шматлікія кляштары мелі свае школы, буйныя бібліятэкі з рэдкімі зборамі, скрыпторыі, дзе перапісваліся кнігі і летапісы. Пры жаночых манастырах існавалі школы для дзяўчынак са шляхецкіх сем’яў. На Беларусі бенедыкцінцы мелі кляштары каля Пінска, у Мінску, Оршы, Слоніме, Нясвіжы. Але пасля паўстанняў 1830–1831 гадоў і пазнейшага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага кляштары бенедыкцінцаў на Беларусі былі закрыты.
Сам жаночы кляштар бенедыкцінак месціўся ў Нясвіжы. А тут, у маёнтку Гавязна, сёстры трымалі гаспадарку. У іх быў свой двор з уязной брамай. На двары стаяла некалькі жылых дамоў, лазня, млын, бровар, стайня, куратнік. На пачатку XVII стагоддзя адной з сясцёр недалёка ад маёнтка было знаменне ў выглядзе крыжа. У тым месцы манашкі і распачалі будаўніцтва драўлянага касцёла. Сярод іх было нямала прадстаўніц вядомых магнацкіх і шляхецкіх радоў, такіх як Войны, Нарбуты, Радзівілы, Слушкі, Тышкевічы. І кожная пры паступленні ў кляштар уносіла грашовы “пасаг”. Так што касцёл узвялі хутка і асвяцілі яго ў гонар Святога Крыжа.
У 1740 годзе на месцы касцёла з’явілася ўніяцкая царква. Але ў 1831 годзе успыхнула шляхецкае паўстанне, якое ўніяты падтрымалі, за што іх храм пасля разгрому паўстанцаў перадалі праваслаўным вернікам.
Храм у гатычным стылі тым чамусьці не спадабаўся – і пачалася перабудова ўніяцкай царквы пад праваслаўную. У выніку будынак страціў свой першасны выгляд, пра што вельмі смуткаваў Уладзіслаў Сыракомля, які родам з гэтых мясцін. Так і пісаў: “Асабліва змяніўся галоўны фасад: над ім з’явіліся дзве вежачкі з цыбульнымі галоўкамі і какошнік”. У такім выглядзе царква Яна Хрысціцеля захавалася і да цяперашняга часу.
Падчас Другой сусветнай вайны мястэчка Гавязна было знішчана. Засталося толькі дзве хаты, а вось у храм не патрапіў ніводны снарад. Пасля вайны царкву спрабавалі закрыць, але мясцовыя жыхары не дазвалялi разбурыць святыню. Да нашага часу тут захаваліся старажытныя ўніяцкія абразы. Быў калісьці і свой цудадзейны абраз, але ён бясследна знік.
Сёння касцёла ў вёсцы няма, але побач з праваслаўнай царквой стаіць невялічкая каплічка Яна Хрысціцеля. Мясцовыя бабулькі ўпрыгожваюць яе кветкамі. А саму скульптуру Яна Хрысціцеля накрываюць белай тканінай, бо яго аднолькава шануюць і праваслаўныя, і каталікі.
Безумоўна, “Вішнявец” гучыць прыгожа. Але забытыя старажытныя назвы ўсё ж шкада, бо яны шмат што гавораць пра наша мінулае і людзей, якія тут калісьці жылі. Як мне распавялі, “Гавязна” ўтварылася ад слова “гавець”. Гавець – значыць рыхтавацца да сакрамэнту паяднання, да споведзі. А гэта вельмі шчыры стан душы.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....