Магчыма, назва гэтай вёскі ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці паходзіць ад слова “дарыць”. Відаць, некалі гэтую зямлю хтосьці камусьці падарыў. І той не стаў нічога прыдумляць, а назваў Дарава.
Гісторыя гэтай вёскі вельмі даўняя: вядома яна аж з XV стагоддзя. У 1440 годзе тут быў збудаваны драўляны касцёл, тады хрысціянскія святыні будавалі на месцы язычніцкіх капішчаў, бо такія месцы лічыліся “месцамі сілы”. І наваградскі намеснік Пятро Мантыгірдавіч, які даў грошы на пабудову святога касцёла ў Дарава, выдатна пра гэта ведаў.
У XIV–XV стагоддзях Мантыгірдавічы, выбітныя дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, былі буйнымі землеўладальнікамі i нярэдка ахвяравалі грошы на пабудову касцёлаў. Але да 1540 года, калі Дарава перайшло ва ўладанне шляхціцаў Малышчычаў і Пятковічаў, драўлянага касцёла было ўжо замала для паселішча, што разрасталася даволі хутка. Тады тут і пабудавалі новы касцёл і заснавалі Дараўскую каталіцкую парафію Віленскага біскупства. Ужо ў 1561 годзе Дарава пазначана ва ўсіх дакументах як мястэчка Навагрудскага ваяводства, дзе шчасліва жылі гандляры і рамеснікі, пакуль у 1654 годзе не пачалася страшная вайна, ледзь ці не самая страшная з усіх войнаў, што прайшліся па нашай зямлі.
Тая вайна з Маскоўскай дзяржавай цягнулася 13 гадоў, знічтожыўшы палову насельніцтва нашай краіны. Дарава было спалена ўшчэнт, згарэў і касцёл. Толькі пад канец XVII стагоддзя пачалі зноў з’яўляцца запісы пра мястэчка. У 1680 годзе тут была ўжо драўляная ўніяцкая царква Святога Мікалая. Адначасова дзейнічаў уніяцкі базыльянскі манастыр, пры якім была свая, Свята-Троіцкая ўніяцкая царква. Але ў 1828 годзе, пасля падзелу Рэчы Паспалітай, Дараўскі базыльянскі манастыр закрылі.
А Свята-Троіцкая царква, якая пазней стала праваслаўнай, была знішчана падчас Першай сусветнай вайны і больш не аднаўлялася, у адрозненне ад царквы Святога Мікалая, якая стаяла на могілках.
На тым месцы ў 1922 годзе збудавалі могілкавую капліцу. Цяпер яна лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай.
Захаваліся ў Дарава і старажытныя каталіцкія могілкі. Менавіта тут пахаваныя прадстаўнікі славутага беларускага роду Бохвіцаў.
Першым з Бохвіцаў сюды прыехаў знакаміты філосаф Фларыян Бохвіц. У 1838 годзе ён набыў двор Старыя Вышкаўцы ў пана Чарноцкага – зусім недалёка ад Дарава.
Нарадзіўся Фларыян Бохвіц у мястэчку Мір. Яго бацька, Рамуальд Бохвіц, быў пратэстант, маці, Анэля Барзабагатая – каталічка. Яна і выхавала сына шчырым каталіком, які пазней пярэчыў Гегелю за атаясамліванне Бога і Розуму, што, з пункту гледжання Бохвіца, было недапушчальнае, бо прыводзіць да атэізму і бянтэжыць людзей.
Фларыян Бохвіц быў у шлюбе з малодшай сястрой маці Адама Міцкевіча – Паўлінай Маеўскай. Абодвух і пахавалі на гэтых старажытных каталіцкіх могілках. А не так даўно, ужо ў XXI стагоддзі, надмагільны помнік мірнаму філосафу з надпісам “Твой прыклад няхай паказвае нам шлях праўды” быў разбіты, а пахаванне знішчана. На гэтым месцы зрабілі новае пахаванне, хаця могілкі даўно лічацца помнікам гісторыі і ахоўваюцца дзяржавай. Якая іронія лёсу – Фларыян Бохвіц так горача выказваўся за шанаванне прыватнай уласнасці і выступаў за павагу да дзяржаўных парадкаў!
І ад касцёла, збудаванага ў 1841 годзе, таго касцёла, да якога ездзілі ўсе мясцовыя Бохвіцы і дзе пазней служыў сябар Янкі Купалы ксёндз Фабіян Абрантовіч, застаўся адзін фотаздымак. Гэты касцёл быў зруйнаваны ў гады Першай сусветнай вайны. Праўда, людзі паспелі зняць званы і схаваць іх у рэчцы Шчары. Але знайсці іх ужо ніхто не здолеў – падчас вайны тут праходзіла лінія фронту. І калі пачалі шукаць званы ў рэчцы, там так усё было зрыта снарадамі, што і надзеі іх адшукаць не засталося. Пэўна, тыя званы і сёння ляжаць недзе на дне ракі Шчары.
Касцёл над Шчарай стаяў аж з XV стагоддзя. Падчас войнаў яго знішчалі, але мясцовыя каталікі заўсёды адбудоўвалі сваю святыню. Пасля Першай сусветнай вайны таксама спачатку збудавалі драўляную капліцу. А там ксёндз Казімір Ваньковіч пачаў шукаць сродкі на будаўніцтва вялікага храма. Ды грошай не знайшоў – і разам з мясцовымі жыхарамі вырашыў уласнаручна рабіць цэглу з тутэйшай гліны. Але цэгла трэскалася, гліна аказалася непрыдатная.
У 1931 годзе ў Дарава прыехаў новы малады ксёндз – Станіслаў Шаплевіч. Пабачыў ён, што вакол шмат кінутых нямецкіх бліндажоў – і пачаў з дапамогай вернікаў высякаць з тых бліндажоў блокі і з блокаў будаваць касцёл. 7 гадоў будавалі. А 15 жніўня 1938 года сюды прыехаў біскуп Казімір Букраба і асвяціў касцёл пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пасля Другой сусветнай вайны, рамантуючы касцёл, людзі дасталі снарад, які не разарваўся, засеўшы ў сцяне. Але ў 1949 годзе храм у вернікаў адабралі і зрабілі з яго склад. Калі ў нас пачалася так званая перабудова, усё настойлівей сталі гучаць патрабаванні перадаць будынак касцёла тым, хто яго захаваў. Але былі і тыя, хто быў супраць перадачы касцёла вернікам. 3 жніўня 1986 года будынак падпалілі – ад яго засталіся толькі сцены. На шчасце, пазней касцёл быў адноўлены і сёння, як і колісь, радуе сваіх парафіян.
Ля ўваходу ў касцёл пастаўлены помнік ксяндзу Станіславу Шаплевічу. Лёс у яго быў няпросты. Калі ў 1939 годзе сюды ўвайшлі бальшавікі, яны хацелі арыштаваць ксяндза, але парафіяне надзейна яго схавалі. Пазней прыйшлі фашысты – і таксама хацелі арыштаваць дараўскага пробашча. Ды людзі зноў хавалі яго па хатах.
Пасля вайны Станіслаў Шаплевіч пачаў аднаўляць парафію і зноў быў вымушаны хавацца ў мясцовых жыхароў. Але ў 1948 годзе яго ўсё ж схапілі і асудзілі на 25 гадоў сталінскіх лагераў. Пасля смерці Сталіна ксёндз вярнуўся да сваіх парафіян, адрадзіўшы касцёл… ва ўласнай хаце. Доўгі час людзі прыходзілі туды па святах, там хрысцілі сваіх дзетак. Памёр ксёндз Шаплевіч 7 жніўня 1975 года у Баранавіцкім шпіталі.
Філосаф Фларыян Бохвіц казаў, што “сумленне наша і ёсць голас Бога. І як гіне птах у холадзе і хваробе, не адляцеўшы за голасам інстынкту ў вырай, так і чалавек падае духам, калі не слухае голасу сумлення, бо толькі сумленне і праўда ёсць надзейныя ветразі на жыццёвым шляху”.
14 августа. Кревская уния
В этот день в 1385 году была заключена Кревская уния.
Просмотров: 15698
Старинный город Смолевичи
Свое название Смолевичи получили от слова «смола»: с древности ее добывали и обрабатывали местные жители.
Просмотров: 8748
13 августа. Минск и чудотворная икона
В этот день в 1500 году чудотворный образ Минской Божией Матери приплыл в Минск по реке Свислочь и найден жителями на берегу неподалеку от замка.
Просмотров: 4640
12 августа. Первая женская гимназия
В этот день в 1899 году в Минске была основана первая женская гимназия.
Просмотров: 3972