Працягваем цыкл краязнаўчых матэрыялаў Юрыя Жыгамонта з кнігі “Мястэчкі і вёскі Беларусі”. На гэты раз – гісторыя вёскі, у якой захаваўся старажытны касцёл з унікальным інтэр’ерам.
Крамяніц у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці аж тры. Гэта Вольная Крамяніца, Горная Крамяніца і вось гэтая, Касцёльная Крамяніца, ці проста Крамяніца.
Побач цячэ невялічкая рэчка Самараўка, якая ў даўнейшыя часы таксама звалася Крамяніцай, бо на дне ёсць вялікія залежы крэменю. Вёска Крамяніца вядомая яшчэ з другой паловы XV стагоддзя.
Першым уладальнікам Крамяніцы некалі значыўся Рачка, у якога быў сын Юндзіл. У Юндзіла ж нарадзіўся сын Мікалай, які стаў вельмі знакамітым чалавекам у ВКЛ. Мікалай Юндзілавіч быў кухмістрам самой вялікай княгіні Алены Іванаўны, жонкі Аляксандра Ягелончыка. Вось ад яго, ад вялікага князя Аляксандра, у 1498 годзе ён і атрымаў пацверджанне на права валодання маёнткам Крамяніца, які належаў яшчэ яго бацьку і дзеду.
Не адно стагоддзе тут гаспадарылі Юндзілы, пакуль прыгажуня Альжбета Юндзіла не пабралася шлюбам з Мікалаем Вольскім. І крамяніцкія землі змянілі гаспадароў.
Але Крыштаф Вольскі, сын Альжбеты і Мікалая, памёр, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Тады Крамяніца перайшла да маршалка ваўкавыскага і кашталяна віцебскага Мікалая Вольскага. Пан кашталян, як і яго родзіч Крыштаф, быў чалавек вельмі пабожны. Менавіта ён, параіўшыся са сваёй жонкай Барбарай, у 1617 годзе запрасіў сюды з Кракава канонікаў латэранскіх.
У пачатку XVII стагоддзя кляштары канонікаў латэранскіх з’явіліся ў многіх гарадах і мястэчках ВКЛ. Але першым беларускім мястэчкам, куды прыйшлі канонікі, стала вось гэтая Крамяніца.
Канонікі латэранскія не ставілі перад сабой задачы зрабіць увесь свет каталіцкім ці яшчэ нешта ў гэтым родзе, займаліся выключна праблемамі свайго прыхода. І вось у тым жа 1617 годзе Мікалай Вольскі будуе для іх касцёл Божага Цела і Святога Юрыя. Уявіце сабе: касцёл той выдатна захаваўся па сённяшні дзень. Мясцовыя людзі кажуць, што ён ніколі не закрываўся.
У гэтым касцёле Мікалая Вольскага і пахавалі. Пазней да яго магілы далучылася яшчэ адна – жонкі Барбары Войны. Дагэтуль тут захаваліся іх надмагіллі: Барбара ў манаскім адзенні, а пан Мікалай – у рыцарскіх даспехах.
Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што аўтарам гэтых выяў мог быць мясцовы скульптар. Абодва помнікі аздобленыя калонамі з капітэлямі, гербамі і расліннымі ўзорамі – нічога падобнага не сустракаецца больш ні ў адным з храмаў Беларусі.
Разам з касцёлам Вольскія збудавалі тут і кляштар, якому падарылі свой фальварак Вольгаўшчына і вёску Марціновічы, поле вакол касцёла і кляштара, а таксама “15 валокаў зямлі і 15 маргоў сенажаці”. Кажуць, Мікалай Вольскі даў загад, каб кожны гаспадар з ягоных земляў крамяніцкіх, калі ў нядзелю ці ў свята не прыходзіў у касцёл, павінен быў аддаць манахам аднаго вала. Гэтую добрую традыцыю падтрымліваў і яго сын Казімір. Яму і перайшла Крамяніца пасля смерці бацькоў.
Канонікі латэранскія вельмі шмат увагі надавалі адукацыі. Створаная імі Крамяніцкая бібліятэка налічвала больш за 1000 рэдкіх кніг і старажытных рукапісаў. У сярэдзіне XVII стагоддзя тут ужо была школа, дзе манахі вучылі мясцовых дзетак не толькі чытаць, пісаць і лічыць, а і розным іншым навукам. Але адразу пасля паўстання 1831 годзе кляштар канонікаў латэранскіх быў закрыты. Самыя каштоўныя кнігі з іх бібліятэкі вывезлі ў Расію. Будынкі кляштара прастаялі тут аж да 1940 года.
Вольскім Крамяніца належала толькі да 1641 года. Потым у Казіміра нешта не заладзілася, ён залез у даўгі і быў вымушаны прадаць свае ўладанні. Набыла Крамяніцу жонка ўладальніка Беластока Крыштафа Весялоўскага, Аляксандра. А ў 1643 годзе Весялоўскія пабудавалі ў Гародні кляштар брыгітак і падаравалі ім увесь гэты маёнтак.
Статут брыгітак не патрабаваў ад манашак абавязковага ўстрымання і беднасці. Уступалі ў гэты ордэн, як правіла, дзяўчаты з багатых сем’яў. Натуральна, што і ад улад брыгіткі мелі поўную падтрымку і розныя прывілеі. Вось і атрымалася, што касцёл і кляштар у Крамяніцы належаў манахам латэранскім, а сам маёнтак і зямля вакол яго былі ўласнасцю святых сясцёр. Самі яны тут не жылі, а кіравалі ўсім з Гародні.
Першае, што тут зрабілі брыгіткі, – адмянілі закон, які дзейнічаў пры Вольскіх. Той, што абавязваў сялян наведваць касцёл па нядзелях ці ахвяраваць валоў канонікам латэранскім. Валы патрэбны былі самім сёстрам – адвозіць бярвенне да рэчкі ды сплаўляць па Нёмане на Гародню для патрэб іх кляштара. Сяляне пры святых сёстрах жылі тут у строгасці. Выдаваць замуж мясцовых дзяўчат за межы маёнтка Крамяніца брыгіткі забаранілі. Прадаваць валоў, кароў, авечак у чужыя вёскі – таксама. Зімою сяляне пралі для манашак воўну і лён. А брыгіткі з кожным днём багацелі.
Яшчэ з пачатку XVII ст. Крамяніца лічылася мястэчкам. У сярэдзіне XIX стагоддзя тут быў касцёл, а пры ім – шпіталь і школа. Былі свой млын, карчма, з 1832 года дзейнічала вінакурня. Але падзеі 1863 года не абышлі і гэтыя землі. За дапамогу паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Крамяніцы арыштавалі ксяндза Іосіфа Мінчэўскага, асудзіўшы яго на высылку ўглыб Расіі. На радзіму ён змог вярнуцца толькі ў 1883 годзе, калі яму быў ужо 71 год.
Праз дарогу ад касцёла захаваліся старажытныя каталіцкія могілкі разам з капліцай, што была збудавана тут недзе пад канец XIX стагоддзя Штогод на дзень Святога Юр’я ў ёй адпраўляецца асобая служба.
Кажуць, недзе адразу пасля Першай сусветнай вайны ў гэтыя мясціны прыйшла эпідэмія тыфу. Крамяніца тады была цэнтрам воласці. Дык за адзін год у Крамяніцкай воласці памерла 800 чалавек. Шмат каго з іх на гэтых могілках пахавалі.
Падчас савецка-польскай вайны 1920 года крамяніцкія землі былі занятыя Чырвонай Арміяй. Вось тады з ініцыятывы жонкі ваўкавыскага аптэкара пані Вольскай у Крамяніцы і ўзнікла падпольная польская арганізацыя, якую бальшавікі назвалі шпіёнскай і белагвардзейскай. Праіснавала яна нядоўга. Неяк у Ваўкавыску да аптэкі пані Вольскай прыйшлі тры мужчыны (два пад выглядам польскіх афіцэраў, а адзін быццам англічанін) і сказалі, што хочуць арганізаваць партызанскі атрад у тыле бальшавікоў, маўляў, грошы на гэта маюць, а людзей няма. І пані Вольская паверыла ім, прывяла да ксяндза ў Крамяніцу – там звычайна ўсе і збіраліся. Арыштавалі 40 чалавек. Ксяндза, пані Вольскую і яшчэ некалькі актывістаў расстралялі. Іншых адправілі ў Сібір. З 1920 па 1939 год Крамяніца ўваходзіла ў склад Польшчы. Гэта быў цэнтр гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....