З Пінска выправіліся вельмі рана, на досвітку, калі ў лагчынах паабапал дарогі яшчэ сцяліліся палотны туманаў. Першы прыпынак зрабілі ў глыбінцы Івацэвіцкага раёна на Мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Хаваншчына” – месцы базіравання ў гады Вялікай Айчыннай вайны штаба Брэсцкага партызанскага злучэння. Назва адпавядае характару мясцовасці – падчас вайны Хаваншчыну з усіх бакоў атачалі балоты, балоцістыя лясы і таямнічае Чорнае возера.
Да партызанскага лагера сёння вядуць доўгія масткі, прыўзнятыя над падсохлым балотам, а ў часы вайны вузенькія кладкі былі схаваны пад вадой, каб ніхто, акрамя сваіх, не знайшоў сюды дарогу.
Партызанскі лагер жыў звычайным жыццём: хто сек дровы, хто распальваў агонь, хто чысціў зброю... У шпіталі лекарка ў белым халаце распавяла нам, як дапамагалі раненым, якія аперацыі даводзілася рабіць партызанскім дактарам. Агледзеўшы зямлянкі і будынак штаба пад чырвоным сцягам, мы трапілі ў рэдакцыю падпольнай газеты “Зара”, а потым – ў лясную “школку”. Час праляцеў імгненна. Развітальнае фота на памяць – і рушым далей…
Вось і Бяроза – прыгожы гарадок на беразе Ясельды. Раней ён насіў назву Бяроза-Картузская ці Картуз-Бяроза.
Тут знаходзіўся адзіны на землях ВКЛ картузіянскі кляштар, заснаваны магнатам Казімірам Сапегам ў 1648 годзе.
Ён адрозніваўся вельмі строгім аскетычным ладам жыцця і паспрыяў шырокай вядомасці і развіццю Бярозы. Нават сёння, пасля таго, як большасць будынкаў кляштара было разабрана, яго руіны ўражваюць сваёй велічнасцю...
У Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць макет кляштара картузіянцаў і шмат іншых цікавых экспанатаў, якія распавядаюць пра гісторыю горада і ваколіц. Тут можна зазірнуць у даваенную кватэру мясцовага жыхара, хутчэй за ўсё, інтэлігента, які чытае кнігі, газеты, любіць паслухаць музыку; а таксама ў краму з разнастайнымі таварамі або ў тракцір з вялікім бліскучым самаварам, абвешаным абаранкамі.
У чырвоных казармах, на будаўніцтва якіх у XIX стагоддзі пайшла цэгла з былога кляштара, у 1930-я гады дзейнічала палітычная турма (канцэнтрацыйны лагер), вядомая жорсткімі ўмовамі ўтрымання вязняў: членаў КПЗБ(б), польскіх камуністаў, дзеячаў беларускага, украінскага і яўрэйскага нацыянальнага руху.
Аб гэтым распавядае экспазіцыя, якая размешчана там, дзе адбываліся штодзённыя катаванні палітычных апанентаў правячага рэжыму. Другі паверх чырвонай казармы адданы пад карцінную галерэю, і тут таксама варта пабываць. У гістарычным цэнтры прыцягвае ўвагу Духоўна-патрыятычны комплекс, створаны ў 2009 годзе на тэрыторыі Старога парка.
З Бярозы трымаем шлях у Пескі – былую сядзібу славутага роду Пуслоўскіх. Войцэх Пуслоўскі (1762–1833 гг.) і яго нашчадкі будавалі дарогі, адкрывалі мануфактуры, давалі сродкі на будаўніцтва цэркваў, касцёлаў і нават сінагогі ў Хомску. Неагатычная брама ў Старых Песках абяцае сустрэчу з палацава-паркавым ансамблем, які, напэўна, быў блізкім родзічам славутага Косаўскага палаца. Але ж – за брамай звычайная вясковая вуліца… Шыкоўны палац згінуў ад пажара ў 1843 годзе, пасля чаго гаспадары прыстасавалі пад сядзібны дом былую стайню.
Старажытнае Здітава назаўсёды ўвайшло ў гісторыю партызанскага руху Беларусі дзякуючы славутай Здітаўскай абароне. Сем дзён – з 3 па 11 красавіка 1944 года – партызаны вялі тут жорсткія абараніцельныя баі супраць карацельных фарміраванняў. Праз тыдзень гітлераўцы ўсё ж увайшлі ў Здітава, але далей – за Чорнае возера, дзе базіраваўся партызанскі штаб і хаваліся мірныя жыхары, яны так і не рушылі.
У гонар Здітаўскай абароны ў 1975 годзе быў узведзены мемарыяльны комплекс – помнік гераізму і мужнасці партызан Палесся. Побач з ім на гранітных плітах увекавечана памяць 78 аднавяскоўцаў, якія не вярнуліся з фронту, і 66 мірных жыхароў, закатаваных і расстраляных у час акупацыі.
Ад Здітава да Спораўскага возера падаць рукой. Яго лічаць малой часцінкай знікшага Герадотава, альбо Ясельдзянскага, мора. Вось яна – шэра-сіняя роўнядзь вады, аточаная чаротам, які адбівае паклоны набягаючым хвалям. Уздоўж берага – рыбацкія лодкі і чароды белых тлустых гусей.
Споравец – прыроджаны рыбак, а яшчэ – вядомы на ўсе ваколіцы жартаўнік. Таму ў вёсцы Спорава, якая расцягнулася па беразе возера, раз у тры гады адбываецца фестываль гумару “Спораўскія жарты”. Дзякуючы гэтаму на беразе возера з’явілася скульптура “Залаты карась”, побач з якім кожны спяшаецца зрабіць здымак на памяць.
Дарэчы, у заказніку “Спораўскі” летам ладзіцца экалагічны фестываль – “Спораўскія сенакосы”. Гэты заказнік – сапраўдны рай для арнітолагаў, таму што тут, на кожны гектар тэрыторыі, – самая вялікая канцэнтрацыя знікаючага ў Еўропе віда – вяртлявай чаротаўкі.
Зноў, ужо трэці раз за дзень, вітаемся з Ясельдай. На яе беразе калісьці знаходзілася грозная фартэцыя вялікага гетмана літоўскага Міхала Сэрвацыя Вішнявецкага. 13 мая 1706 года пад яе сценамі, за якімі знаходзіўся вялікі гарнізон, ужо стаялі атрады Карла XII. Камендант замка – немец Ботман – палічыў за лепшае здаць замак без бою. На думку гісторыкаў, пры перамовах аб здачы галоўную ролю адыгралі грошы… Замак быў зруйнаваны, гарматы – пашкоджаны і затоплены ў рацэ Ясельдзе і абарончым рове…
На месцы замка – цяпер памятны знак.
Само ж гістарычнае месца – досыць маляўнічае і несумненна прыцягальнае для краязнаўцаў і аматараў айчыннай гісторыі.
Па дарозе зазірнулі ў Брашэвічы, каб пачаставаць плямістых аленяў. Невялікі статак пасецца пад дубамі былога брашэвіцкага маёнтка Жукоў. Летам тут цудоўна, можна гуляць па прыгожым парку, які акурат насупраць, праз дарогу.
Быць на Драгічыншчыне і не пабачыць капліцу ў Закозелі – недаравальна. Дзівосны цуд неаготыкі зараз стаіць апрануты ў рыштаванні. Сцены ўжо атынкаваны, каваныя і адлітыя элементы вярнуліся на свае месцы, і вокны зіхцяць каляровымі вітражамі, але працы яшчэ шмат. Род Ажэшкаў вельмі славуты і, канешне, гісторыя Закозеля, а таксама суседніх Папіны і Людвінова патрабуе асобнага падрабязнага расказу. Пахадзілі вакол капліцы, палюбаваліся старым паркам, канюшняй, а вось стан былога бровара моцна занепакоіў…
Апошняя кропка маршрута – Музей партызанскай славы імя Д.К. Удовікава ў Драгічыне. Тут сабрана і адлюстравана гісторыя партызанскага руху на тэрыторыі Драгічынскага раёна. Шматлікія фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы партызанскіх камандзіраў і шмат іншага, што складае экспазіцыю, заслугоўваюць увагі і падзякі ставаральнікам музея.
На развітанне плануем арганізацыю экскурсійных груп для наведвання гэтых мясцін і яшчэ некалькі новых экспедыцый па Заходнім Палессі. Усе задаволены цудоўным надвор’ем і цікавымі сустрэчамі. Гучыць галоўнае пытанне – а калі зноў паедзем?
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....