Гасподзь паклікаў да сябе аднаго з адданейшых сваіх сыноў – Барыса Цітовіча.
Я не ведаў больш святлейшага чалавека – сябра праз усё свядомае жыццё.
Бывай, дружа...
Валя, Даніла – мы з вамі...
“Капліца… невялікае збудаванне… у выглядзе помніка, ці на росстанях, на крыніцах…” Ул. Даль.
Ужо і не памятаю, на якім дзяржаўным тэлеканале натрапіў на чарговае кіно пра Цітовічаў. Глядзеў з сярэдзіны без асаблівай цікаўнасці, бо такое аднолькавае, прыпудранае дазволеным зместам, кіно было не адно. Сёлета, мусіць, здымуць нешта яшчэ. Набліжаецца стагоддзе Першай сусветнай вайны, і можна прадбачыць, што без ухвалення Цітовічаў усплёск дзяржаўнага патрыятызму не абыйдзецца. Між тым, іх жыццё, ягоны цяжкі крыж і ўзнёслы сэнс да такога патрыятызму не маюць аніякіх адносінаў…
Больш за палову гэтага жыцця прайшло ў невялічкай, менш за два дзесяткі двароў, вёсцы Заброддзе на Вілейшчыне, дзе Барыс, малады па тым часе мастак, пасяліўся разам з жонкай Валянцінай, тэатральным рэжысёрам па адукацыі і прызванні, а яшчэ працаўніцай, сялянкай і верным сябрам па таленту сваёй чалавечай існасці. У Заброддзі ж нарадзіўся сын Даніла, ужо таксама мастак, скульптар, майстра па любым механізме, дрэву і жалезу, але найперш, безумоўна, сын…
Грамадская цікаўнасць да жыцця Цітовічаў, што выяўлялася ў газетных публікацыях і дакументальных фільмах, накатвала хвалямі, але без асаблівай практычнай карысці для іх справаў. Спачатку яна выклікалася экзатычнасцю, асабліва па тым часе, факта: гараджане па паходжанні і выхаванні, яны самі, без дзяржаўнага прымусу, з’ехалі ў вёску, што, з аднаго боку, выклікала падазронасць і абгаворы, а з іншага – лічылася подзігам і працягам народніцкіх традыцый.
Насамрэч яны шукалі сябе ва няўдзеле ў хлусні – так сфармуляваў крэда сумленнага савецкага чалавека, магчымасць заставацца сумленным Салжаніцын. Як у рэшце рэшт імперыя выкарыстала пісьменніка, прыстасавала да сваіх патрэбаў, добра вядома. Калі ён памёр, нават кіраўнік Беларусі, дзе дзяржыншчына на кожным кроку, паспачуваў «родным и близким выдающегося писателя и общественного деятеля»…
У мяне няма права сцвярджаць, што Цітовічы ўсвядомлена шукалі сэнс Богам дадзенага ім жыцця менавіта па Салжаніцыну. Але, як мала хто на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, яны не збаяліся бездані той праўды, што адкрылася іх пакаленню, не спужаліся, скажу па-іншаму, яе касмічнай вышыні. І вельмі хутка, калі не адразу, няўдзел ў хлусні стаўся для іх немагчымым без удзелу ў праўдзе.
Свой удзел у праўдзе яны знайшлі ў вясковых дзецях, старых, зямлі, гісторыі і мастацтве.
Стварыўшы выяўленчую студыю і вандроўны лялечны тэатр “Ялінка”, яны спасцігалі праўду разам з дзецьмі.
Пасадзіўшы на беразе Нарачанкі гай, дзе кожны дубок, кожная бярозка – імя і памяць пра загінулага ці сышоўшага ветэрана сусветных ды іншых войнаў, яны вучыліся праўдзе ў Гісторыі. Растуць у гэтым гаі і дрэвы, што пасадзілі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, – у іх яны таксама вучыліся праўдзе.
Узваліўшы на сябе ўсе клопаты аб забродскіх старых, яны спасцігалі кроўную сувязь з іх зямлёй, прыпалі да яе, а потым і яна пранікла ў іх душу, таксама сталася іх праўдай.
І калі ў блізкім лесе яны знайшлі ўсё тое, што засталося ад колішніх шпітальных могілак, дзе хавалі загінулых і памерлых ад ранаў жаўнераў Першай сусветнай, яны аднавілі магілы, вырвалі з забыцця імёны, склалі помнік, усталявалі крыжы…
Крыжы на былых могілках, дзе калісь хаваўся нейкі ракетны дывізіён…
Было тое на мяжы савецкіх часоў з найноўшымі. А сёння галоўны іх і, падобна, пажыццёвы клопат – завяршыць стварэнне музея Першай сусветнай вайны. Глабальны праект, што ахоплівае тэрыторыю ад Вілейкі да Смаргоні і Нарачы. Так званы «театр военных действий»…
Вось пытанне: як скарыстаецца гэтай саматужнай, падчас Сізіфавай, працай улада? Як скарыстаецца праваслаўная царква, якая блаславіла пачынанне, але, як і ўлада, нічым па сутнасці не дапамагла? Калі не лічыць прэмію “За духоўнае адраджэнне”, каторая царкве і вярнулася – уся яна пайшла на будаўніцтва капліцы.
Хто сапраўды дапамагае Цітовічам у іх справах – гэта людзі. Мастакі і свяшчэннікі, артысты і музейныя работнікі, вайскоўцы і краязнаўцы, вясковыя людзі з Заброддзя ды розных іншых мясцін, нават дзеці… Магчыма, я памыляюся, але цягам нашага – амаль паўстагоддзя – сяброўства заўсёды адчуваў, як улады, няважна якія, палохаюцца ўпартасці Цітовічаў, з якой яны дамагаюцца праўды, іх моцнага магнетызму, з якім яны прыцягваюць да ўдзелу у праўдзе простых людзей.
…Дык скарыстаюцца? Несумненна. І там, дзе зруйнаваў з зямлёй шпітальныя могілкі згаданы ракетны дывізіён; і там, дзе бульдозер уціскаў у асфальт косткі ахвяр той вайны, а сёння Цытовіч паставіў помнік; і там…
Там адбудзецца крывадушнае спалучэнне малітвы аб ратаванні душ тых ахвяр са «славой русского оружия» і “непарушным славянскім адзінствам”…
Між тым ва ўсім, што зрабілі і робяць Цітовічы, аніякай “славы…”, аніякай афіцыёзнай героікі, аніякага імперскага патрыятызму няма. А ёсць толькі цяжар памяці, смутку і праўды…
Адважуся сцвярджаць, што падобны цяжар непад’ёмны не толькі для ўлады, але і для шмат каго з нас, хто імкнецца, у лепшым выпадку, да няўдзелу ў хлусні, аля баіцца, як чорт ладану, удзелу ў праўдзе.
Цяжар, у тым ліку, літаральны, у выглядзе бярвенняў, якія Цітовіч узносіў на вянкі капліцы і званіцы побач з гаем на беразе Нарачанкі.
Капліцы і званіцы, у бярвеннях каторых не толькі боль душы, але і боль спіны, надарванай яшчэ на ўзвядзенні ветранога млына ў знакамітых “Дудутках”…
Капліцы і званіцы, ад якіх струменіцца ў Нарачанку празрыстая крынічка з жаўнерскай конаўкай на ланцужку…
Тэкст пра Цітовічаў быў напісаны ў 2014 годзе. А сёння, развітваючыся са сваім сябрам Барысам, хацелася б, каб яго памяталі такім рамантыкам, як на гэтым здымку.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....