Поўная назва выставы, якая прымеркаваная да 105-й гадавіны заканчэння Першай сусветнай вайны, гучыць так: “Паштоўка на памяць. Беларускае Палессе на фотаздымках і малюнках Першай сусветнай вайны”. Адкрыццё адбылося 13 кастрычніка 2023 года ў выставачнай зале Музея Беларускага Палесся, які знаходзіцца ў будынку знакамітага пінскага калегіума, збудаванага ў далёкім XVII стагоддзі. На яго магутных сценах знайшлі месца 200 фотаздымкаў, паштовак, гравюр і малюнкаў з калекцыі Уладзіміра Багданава і Аляксандра Наварая – даследчыкаў, захопленых тэмай Першай сусветнай вайны.
Сталічны журналіст Уладзімір Багданаў, гісторык, аўтар выданняў, прысвечаных Першай сусветнай вайне, – і шчыры патрыёт Піншчыны Аляксандр Наварай задумалі гэтую сумесную выставу яшчэ ў мінулым годзе і адразу вырашылі паказаць не ваенныя дзеянні, а іншы бок вайны – гарады і вёскі, жыццё простых людзей у прыфрантавой паласе. Лінія фронту на Пінскім Палессі два з паловай гады не рухалася з месца, падзяліўшы Піншчыну на дзве часткі – заходнюю, акупаваную кайзераўцамі, і ўсходнюю, дзе стаяла Руская імператарская армія.
Пінск. Касцёл Св. Станіслава і кляштар езуітаў. Позірк праз Піну. 1916 г.
Пінск быў першым неразбураным і неспаленым горадам на шляху кайзераўцаў – адступаючыя расійскія войскі паспелі ўзарваць толькі чыгуначны вакзал і некалькі прадпрыемстваў.
Пінск. Касцёл і званіца кляштара францысканцаў. 1916 г.
Не дзіўна, што ў фотааб’ектыў нямецкіх фатографаў – як прафесійных, так і аматараў – трапілі шматлікія куточкі старажытнай сталіцы Палесся: былы кляштар іезуітаў, дзе ў той час знаходзіўся праваслаўны Багаяўленскі манастыр, будынак Вялікай сінагогі, Свята-Фёдараўскі сабор, былы касцёл францысканцаў, забудова рыначнай плошчы і пінскія вуліцы.
Пінск на Піне. Мастак Ф. Лоранц. 1915 год
Не былі пакінуты без увагі рака Піна і нават прыфрантавыя вёсачкі і мястэчкі гэтага балотнага края.
Дарога ў вёсцы Плоска каля Брэст-Літоўска. Фотапаштоўка нямецкай палявой пошты, 1915 г.
Як заўважыў Аляксандр Наварай, акупантаў моцна здзіўлялі саламяныя і чаротавыя стрэхі палескіх хат, з кожнага кутка якіх сумна паглядалі бяднота і нястача.
Вёска Рудавін (Пінскі раён). 1915 г. Паштоўка выдадзена ў Берліне
Здзіўлялі і самі мясцовыя жыхары з іх простым бытам, асаблівым характарам і звычаямі – незразумелымі немцам і аўстрыйцам.
“Тыпы карэннага насельніцтва вёскі ў раёне Пінска”. 1916 г. Фота надрукавана на замову германскага Генштаба ў Лейпцыге
Усе здымкі, малюнкі, гравюры і паштоўкі на выставе арыгінальныя. На стварэнне гэтай цікавай калекцыі аўтарам спатрэбілася каля пятнаццаці гадоў.
Каля Кобрына. Сяляне ідуць на хрэсьбіны ў царкву за 10 км. 1916 г.
Сабраны матэрыял ахоплівае не толькі Піншчыну, але і іншыя гарады і раёны Брэсцкай вобласці: Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Івацэвіцкі, Іванаўскі, Бярозаўскі, Драгічынскі, Кобрынскі, Брэсцкі. Значная частка фотаздымкаў і паштовак была куплена на інтэрнэт-аўкцыенах.
Уцекачы каля Баранавіч. 1915 г.
Найбольшую каштоўнасць для пінчукоў складаюць артэфакты, звязаныя з Пінскам і ваколіцамі.
Вёска Зарэчка (Драгічанскі раён). Падвясная калыска ў доме Юрка Дубінкі. 17.04.1916. Фотаздымак Отта Фаўзера
Тут нельга не адзначыць гравюры з відамі Пінска нямецкага ўрача Вальтэра Партке і светапіс Палесся архітэктара і інжынера Отта Фаўзера. Іх выкарыстоўвалі выдаўцы паштовак, вельмі папулярных сярод вайскоўцаў у той час.
Пінск на гравюрах мастака Вальтэра Партке. 1915 год
Сёння гэта надзвычай карысны матэрыял як для навукоўцаў, так і для аматараў краязнаўчай справы. Дарэчы, імя Вальтэра Партке як аўтара графічных работ доўгі час было невядома. Адшукаў гэта імя Уладзімір Багданаў, які набыў нямецкую газету стогадовай даўнасці, дзе ўпершыню ўбачыў яго работы, а потым знайшоў і біяграфію Партке.
Жыхары вёскі Сулічава (Драгічанскі раён). 17 красавіка 1916 г. Фотаздымак Отта Фаўзера
Вялікую цікавасць выклікаюць і здымкі Отта Фраўзера, які здымаў тое, што іншыя не лічылі вартым увагі – хаты палешукоў з іх сціплым убранствам, простых сялян, высокія крыжы і замшэлыя нарубы на мясцовых могілках…
Жанчыны мыюць бялізну ў рацэ Мышанка (Баранавіцкі раён). 1916 г.
Усё гэта так цікава, што хочацца прыйсці на выставу зноў, пастаяць і паўзірацца ў кожны здымак ці малюнак.
Нямецкія салдаты ў сялянскім доме. 1916 г. Аўтар малюнка – фельдфебель Prange, паштоўка выдадзена ў Дрэздэне
Што датычыцца малюнкаў, то сярод іх знайшліся не толькі пейзажы, але і жартаўлівыя сцэны з народнага жыцця.
У сялянскай хаце: гаспадары, нямецкі салдат і… вошы
Праўда, нам зараз невядома: аўтары малюнкаў спачуваюць палешукам, якіх заядаюць блохі ды вошы, ці смяюцца з гэтых “адарваных ад цывілізацыі” людзей…
Прывід на возеры Выганашчанскае. Аўтар невядомы, паштоўка выдадзена ў Лейпцыгу
Асаблівага каларыту адкрыццю выставы надалі прадстаўнікі Брэсцкага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Рубеж” разам са сваім кіраўніком Аляксандрам Жарковым і старшынёй фонда Першай сусветнай вайны “Крокі” Андрэям Араліным.
Апранутыя ў кайзераўскую і расійскую ваенную форму перыяду Першай сусветнай вайны, яны выклікалі сапраўдны фурор і ў музейнай зале, і на вуліцах горада Пінска. Як вядома, ў 1918 годзе пад Пінскам на Агінскім канале і Ясельдзе былі братанні германскіх і рускіх салдат, таму агульны фотаздымак у касцёле можна назваць “працягам тых падзей”…
На адкрыцці выступалі Аляксандр Наварай і Уладзімір Багданаў, намеснік дырэктара музея – Ларыса Кулагіна, кандыдат гістарычных навук Міхаіл Цуба і экскурсавод Таццяна Хвагіна, якая паведаміла прысутным аб выхадзе ў выдавецтве “Рыфтур” новага турыстычнага даведніка “Па месцах Першай сусветнай вайны на Піншчыне”. Музейная зала ледзь змясціла ўсіх жадаючых. Тут былі скрозь зацікаўленыя людзі – гісторыкі, краязнаўцы, настаўнікі, экскурсаводы, удзельнікі клуба “Пошук” на чале з кіраўніком Пятром Сяргеевічам Атанавым.
Адным словам, зроблена добрая справа! Нізкі паклон арганізатарам, вялікая ўдзячнасць ўсім тым, хто клапоціцца аб воінскіх пахаваннях, шукае і знаходзіць новыя імены, дакументы і матэрыялы, якія дазваляюць нам праз сто гадоў урэшце рэшт асансаваць Першую сусветную вайну як глабальную катастрофу, якая аказала вялікі ўплыў на гістарычныя падзеі дваццатага стагодзя …
Анастасия Слуцкая
Историки считают, что знаменитая княгиня родилась в 1473 году. Точнее дату ее рождения определить не удалось.
Просмотров: 10203
Старинный город Смолевичи
Свое название Смолевичи получили от слова «смола»: с древности ее добывали и обрабатывали местные жители.
Просмотров: 8664
8 августа. Ставка в Могилеве
В этот день в 1915 году Ставка Верховного главнокомандующего вооруженными силами Российской империи переведена из Барановичей в Могилев.
Просмотров: 6485
6 августа. Первая Библия
В этот день в 1517 году Франциск Скорина издал в Праге первую белорусскую Библию.
Просмотров: 4483