На мінулым тыдні прайшла заключная канферэнцыя трохгадовага праекта, накіраванага на ўстойлівае развіццё Міёрскага раёна.
Мы папрасілі Алега Уладзіміравіча Сівагракава, вядомага ў Беларусі эксперта па ўстойлівым развіцці, кандыдата эканамічных навук, дацэнта, а ў апошнія тры гады – менеджара міжнароднага праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”– падзяліцца вынікамі працы.
– У маі 2019 года Міёрскі раённы выканаўчы камітэт атрымаў грант Еўрапейскага саюза ў памеры амаль мільён еўра для ажыццяўлення трохгадовага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”. Надыйшоў час падвесці вынікі працы і абмеркаваць перспектывы.
– Тады пытанне пра праект: ці спраўдзіліся чаканні? Якія галоўныя дасягненні?
– Так, несумненна, мы задаволены. Абсалютная большасць задач, якія мы запланавалі, вырашаны.
Дзякуючы праекту, на Міёршчыне палепшана развіццё базавай інфраструктуры, сацыяльных і экалагічных аб’ектаў, у тым ліку абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, кемпінгі, назіральныя вышкі, падоўжаны драўляны насціл знакамітай экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня”, добраўпарадкаваны гарадскі парк “Паўвостраў”, мадэрнізавана інфраструктура сістэмы аховы здароўя.
Гарадскі парк Паўвостраў, дзе праходзіць свята “Журавы і журавіны” Вялікая роля праекта ў навучанні мясцовых жыхароў. Праектны офіс правёў серыю семінараў і трэнінгаў па развіцці мясцовых рэсурсаў і арганізацыі мясцовых святаў, гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях, напісанні праектных заявак, а таксама адукацыйныя мерапрыемствы для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, фермераў, гаспадароў аграэкатурыстычных сядзіб і іншых зацікаўленых асоб.
Упершыню міярчане навучыліся распрацоўваць праектныя заяўкі і паўдзельнічалі ў конкурсе мясцовых ініцыятыў. Конкурсная камісія абрала 10 пераможцаў, на ініцыятывы якіх з бюджэту праекта было выдзелена 200 000 еўра. Конкурс стаў штуршком для развіцця грамадскай актыўнасці і прадпрымальніцтва на Міёршчыне, аўтары цікавых ідэй атрымалі магчымасць іх рэалізаваць і сталі прыкладам для іншых. Апісанне гэтых 10 мясцовых ініцыятыў “цягне” на асобны артыкул, таму раю зазірнуць на сайт праекта.
Музей “Мацейкавы рамёствы” ў вёсцы Пераброддзе – За апошні час у Беларусі былі распрацаваныя дзесяткі раённых, гарадскіх, вясковых і школьных стратэгій устойлівага развіцця. Што такое, дарэчы, Моладзевая стратэгія? І што унікальнае ў вашым праекце?
– Моладзевая стратэгія – гэта інавацыя. Ідэі такіх распрацовак былі і раней, але я не сустракаў раней не то што ў Беларусі, а і ў іншых краінах, каб такую стратэгію распрацавалі і надрукавалі асобным выданнем. Гэта падцвердзілі і нашы замежныя калегі.
Распрацоўка Моладзевай стратэгіі не была лёгкай справай. Мы намагаліся, каб гэты дакумент абагульніў апошнія распрацоўкі па тэме, падказаў шляхі цікавых творчых заняткаў для дзяцей і моладзі. Ці атрымалася, паглядзім. Галоўнае, каб праца працягвалася, а гэта залежыць у асноўным ад саміх маладых людзей.
Асабіста я ўдзельнічаў у распрацоўцы і рэалізацыі каля 40 такіх стратэгій у нашай краіне, і кожная з іх мела сваю адметнасць. Гэта вельмі важна, бо гэтыя стратэгіі працуюць на падтрымку і развіццё разнастайнасці жыцця – прыроднай і культурна-гістарычнай. Такія стратэгіі – гэта адначасова інструменты мясцовага самакіравання. Яны ствараюцца разам многімі людзьмі – мясцовымі жыхарамі, супрацоўнікамі органаў тэрытарыяльнага кіравання, экспертамі. Дзякуючы такому, як кажуць навукоўцы, міждысцыплінарнаму падыходу, ўзнікаюць дадатковыя пазітыўныя эфекты для тэрыторыі.
Так што унікальнасць нашага праекта – ў яго сістэмнасці і накіраванасці на прынцыпы ўстойлівага развіцця.
Дзісна – самы маленькі горад Беларусі У канцы 2019 года пры раённым Савеце дэпутатаў упершыню ў Беларусі створаны Грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, галоўная задача якога – прыцягнуць мясцовых жыхароў да абмеркавання і вырашэння мясцовых праблем. У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна. З ўдзелам членаў Грамадскага савета і іншых зацікаўленых распрацаваны Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна і Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця.
Так мясцовыя жыхары адчулі, што іх голас чуваць, іх прапановы прымаюцца, а ідэі рэалізуюцца. Вельмі важна ў мясцовым развіцці, каб жыхары былі рэальнымі суаўтарамі планаў і іх рэалізацыі. Тады справа пойдзе.
Інавацыя праекта таксама – у развіцці вясковага раёна на аснове мясцовых брэндаў – жураўлёў, журавін і балота Ельня. Спецыялісты крэатыўнага агенцтва “Малако” распрацавалі брэндбук Міёрскага краю. І зараз, калі вы завітаеце ў Міёрскі раён, то абавязкова звернеце ўвагу на брэндавыя элементы (адных толькі фірмовых муралаў намалявана 6: у гарадах Міёры і Дзісна, а таксама ў вёсках раёна – Пераброддзі, Язна, Павяцці. Так у раёна з’явіўся пазнавальны твар (і можа нават нагода для спецыялізаванай турыстычнай вандроўкі!). Гэта з’яўляецца падставай для павышэння канкурэнтаздольнасці раёна і можа зацікавіць інвестараў.
Муралы ў Міёрах і Дзісне
Так што вышэй згаданая мадэль развіцця прадэманстравала сваю жыццяздольнасць і эфектыўнасць. Гэтую мадэль могуць выкарыстоўваць і іншыя раёны Беларусі. Поўны тэкст стратэгіі вы можаце знайсці на сайце праекта ў раздзеле “Публікацыі”.
– Я праглядала гэтую стратэгію і звярнула ўвагу, што там у сярэдзіне замацаваны каляровыя паштоўкі. Гэта нешта новенькае!..
– Мне таксама вельмі падабаецца. На 12 паштоўках адлюстраваны адметныя, унікальныя з’явы, прыродныя і гістарычныя аб’екты раёна, гарадоў Міёры і Дзісна, а таксама 9 сельсаветаў раёна. Гэтую ідэю я прывёз з адной з паездак у ЗША, дзе ўпершыню ўбачыў падобныя “паштоўкі штата”, на якіх былі “фірмовыя” кветка, птушка, дрэва штата і нешта іншае, з чым атаясамляецца тая ці іншая тэрыторыя. Мы зрабілі такое нават для сельсаветаў!
Паромная пераправа праз Дзвіну ў горадзе Дзісна Гледзячы на гэтыя паштоўкі, можна даведацца, што ля Павяцца ёсць знакаміты вадаспад, недалёка ад Пераброддзя можна знайсці рэдкую ягаду марошку, у Туркоўскім сельсавеце бачылі чорнага бусла, а ў Язненскім ведаюць рэцэпт прыгатавання смачных клёцак з душамі; што недалёка ад Узмёнаў, у Лявонпалі, можна пабачыць старажытную мемарыяльную калону, а ля Мікалаёва прайсціся сцежкамі, дзе, верагодна, гулялі бацькі знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінэра; што ў Завуццеўскім сельсавеце можна сустрэць цецярука і ўбачыць, як цвіце верас, што ў Новым Пагосце правёў дзяцінства беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік і навуковец Вацлаў Ластоўскі; што ў самым маленькім горадзе Беларусі Дзісне можна пераплыць Заходнюю Дзвіну на пароме, перайсці Дзісёнку па стогадоваму масту, арганізаваць шпацыр па брукаваным вулачкам, якія памятаюць выдатнага мастака-футурыста Язэпа Драздовіча, а ў Міёрскім музеі ў сярэдняй школе № 3 паглядзецца ў старажытнае люстэрка, якое належала некалі Эміліі Плятэр – беларускай Жане д’Арк…
Свята “Жураўлі і журавіны”, верасень 2021 года
– Да “разынак” Міёрскага краю: мне асабіста запомнілася экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны”, якое традыцыйна адбываецца ў Міёрах восенню. Ці неяк спрычыніўся да яго ваш праект?
– Я чакаў гэтага пытання. Бо, напэўна, большасць беларусаў і гасцей Міёрскага раёна мае такія асацыяцыі: Міёры – балота Ельня – фэст “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Шмат у чым дзякуючы праекту, “раскруцілася” і гэтае свята. Экалагічны фэст стаў па сутнасці нацыянальным. На “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” ў 2021 годзе завітала каля трох тысяч чалавек (і гэта ва ўмовах пандэміі кавіду) – можна чакаць павелічэння цікаўнасці да яго.
Узрасла актыўнасць мясцовых жыхароў – многія гандлююць на фэсце журавінамі, рамесніцкімі вырабамі, частуюць традыцыйнымі прысмакамі, юшкай… Фэст таксама ператвараецца ў месца сустрэч сяброў, аматараў прыроды, арнітолагаў (прафесіяналаў і аматараў), бо падчас яго арганізуюцца назіранні за цудоўнымі птушкамі, якія восенню тысячамі гасцююць на мясцовых балотах і лугах.
Паспрыяе “раскрутцы” фэста “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” і тое, што з дапамогай праекта ў раёне праведзены шэраг семінараў і трэнінгаў, дзякуючы якім 14 чалавек прайшлі акрэдытацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызму і атрымалі сертыфікаты прыродных экскурсаводаў. Вандроўка з імі па балоце Ельня павінна запомніцца, бо яны прапануюць экскурсіі з элементамі бёрдвотчынгу, расшыфроўкай слядоў дзікіх жывёл, з правядзеннем медытацый і бяспечнага балотнага экстрыму.
Сачыце за рэкламай і плануйце завітаць ў Міёрскі край у другую нядзелю верасня – на фэст “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Але не абавязкова чакаць верасня, бо прырода Міёршчыны і яе гістарычныя пярліны цікавыя і таямнічыя ў любую пару года.
“Міёрскі край: здзіўленне – побач!” – дэвіз раёна абяцае незабыўныя ўражанні.
Праект завяршаецца, але праца па ўстойлівым развіцці раёна працягваецца. Падрабязней аб выніках праекта і апошніх навінах можна даведацца на сайце mioryregion.by або ў групах у сацсетках.

15 июля. Грюнвальдская битва
Решающее сражение «Великой войны» 1409–1411 гг., произошедшее 15 июля 1410 года.
Просмотров: 11008
16 июля. Янка Лучина
В этот день в 1897 году Минске в возрасте 46 лет скончался поэт Янка Лучина (настоящее имя Иван Люцианович Неслуховский).
Просмотров: 4460
16 июля. Парад партизан
В этот день в 1944 году в Минске прошел легендарный парад партизан.
Просмотров: 3620
Полоцк. Получение грамоты на Магдебургское право
В 1498 году по привелею великого князя литовского Александра Магдебургское право получает Полоцк.
Просмотров: 3112