pl | de | by | en

Распяты воўк і вяселлі з выкупам. Як глухі фатограф здымаў беларускую правінцыю

Автор: Сяргей Лескець
Фото: Мікалая Пракаповіча
Ссылка: news.tut.by

Восенню 2018 года фатограф Сяргей Лескець набыў на аўкцыёне старую стужку, на якой былі захаваныя сцэны з жыцця беларускай вёскі 1970-х. Сяргей пачаў «паляванне» на такія архівы, яно мела поспех. Пра сваю новую знаходку — фотаздымкі вяселляў, якія праходзілі ў далёкія брэжнеўска-машэраўскія часы, Лескець распавёў TUT.BY.

Па словах Сяргея, у пошуках архіваў ён пакінуў некалькі аб'яў у інтэрнэце.

— Напярэдадні Новага года на маю абвестку адказаў Антон Осіпаў са Старобіна. На гарышчы дома, які ён купіў сабе пад лецішча ў вёсцы Лецянец Салігорскага раёна, знайшоўся невялікі пакет са стужкамі. Антон паведаміў, што іх там болей за 80 штук і ўсе пераважна з вяселляў. Па ўпакоўцы ад стужак можна было вызначыць, што яны былі зняты на мяжы 1970−1980-х гадоў.

На жаль, большасць новых гаспадароў проста спальваюць такія знаходкі. Але дзякуючы Антону, удалося не толькі захаваць архіў, але і знайсці аўтара гэтых фотаздымкаў.

— Яго звалі Мікалай Пракаповіч, мясцовыя яго звалі Коля Глухі. Жыў у вёсцы Лецянец Салігорскага раёна. Крыху кульгаў, катаўся на матацыкле «Каўровец» і працаваў фатографам у мясцовым камбінаце побытавага абслугоўвання. Вось і ўсё. Але гэта інфармацыя мяне вельмі зацікавіла. Як гэта ў савецкі час быць глухім фатографам і здымаць жыццё людзей са сваіх ваколіц, пачынаючы ад немаўлят і да пахавання? Як ён здымаў, калі не заўсёды мог паразумецца з кліентам? Лавіў момант? Гэта вельмі цікава, бо тады такое амаль не практыкавалася нават сярод фатографаў, што працавалі ў газетах. Тут патрэбна майстэрства і адчуванне моманту.

Паводле слоў Сяргея Лескеця, ён атрымаў адказы на ўсе пытанні, калі ўбачыў негатывы.

— У маіх руках апынулася болей як 95 пакункаў са стужкамі (3244 фатаграфіі), на якіх былі здымкі партрэтаў для дакументаў, дзіцячыя і студыйныя партрэты, партрэты, зробленыя ў сціплых вясковых хатах, вяселлі, мясцовыя святы, навагоднія вячоркі і пахаванні… Доўгія два тыдні я прамываў і зноў сушыў стужку, сканаваў і быў бязмежна шчаслівы ад таго, што бачыў.

Вось да прыкладу «старое вяселле». Раней я бачыў толькі асобныя такія здымкі з традыцыйных вясковых вяселляў, а тут фатограф адздымаў усю стужку. І гэта дазваляе зразумець, як раней спраўлялі свята, каго запрашалі, як былі апранутыя госці, што важна было зафіксаваць фатографу. Традыцыйны палескі ўбор нявесты і белыя рушнікі, перавязаныя накрыж у свата. Неверагодна сціпла і адначасова прыгожа. Па негатывах можна лепш пазнаць аўтара, чым па асобных здымках. Тут бачна, як думае фатограф, што яму важна і цікава.

У тыя часы стужкі і ўласна камеры былі вельмі недасканалымі. Таму можна пабачыць, як падыходзіў да некаторых здымкаў Мікалай. Здымаў на шырокавугольны аб’ектыў, каб атрымаць больш святла ў камеру, дзякуючы чаму кадры ў яго па-сапраўднаму рэпартажныя. Часам карыстаўся студыйным святлом. Натуральна, што на выхадзе здымкі былі крыху іншымі. Іх паляпшалі і кадрыравалі пры друку на паперы, “адсякаліся” лішнія дэталі. Таму стужкі трымаюць больш праўды.

Вяселлі

<

На здымках Пракаповіча добра бачны адыход старога і нараджэнне новай савецкай традыцыі. Па здымках вяселляў (а іх каля 70% ад агульнай колькасці знятага) заўважна, як змяняецца само вяселле для беларускай моладзі. Замест традыцыйных гулянняў для ўсёй вясковай грамады, упрыгожванняў сватоў, музыкаў, сустрэчы маладых вяскоўцамі, спеваў і караваяў прыходзіць мода на вяселлі ў кавярнях і рэстаранах, роспісы з шампанскім у ЗАГСе, калону з дарагімі па тым часе аўто і ўскладанне кветак да помнікаў загінулым у вайне.

Вулічнае жыццё 

Па здымках відаць, што фатограф насіў з сабой камеры не толькі дзеля працы ці на замовы, але і на прагулкі, моладзевыя тусоўкі.

Пакаленне 1970-х было ўжо іншым. Паглядзіце на іх прычоскі і штаны-клёш, надпісы SU на шлемах матацыклістаў і стракатыя кашулі. Гэта быў пасіўны пратэст супраць савецкай сістэмы, які дыктаваўся модай таго часу, рок-н-ролам, калі можна так сказаць. Школа (у тым ліку праз аднолькавую форму), універсітэт, савецкае войска імкнуліся ўраўняць папярэднія пакаленні. А вось адметнасцю гэтага часу стала жаданне вылучыцца.

Дзеці ўжо не былі так шчыльна прывязаныя да бацькоў, як раней, калі жылі побач з імі ў вёсцы. Ім не абавязкова было заставацца ў калгасах, па ўсім СССР будаваліся заводы і фабрыкі, працавалі шахты ў Салігорску, ішло будаўніцтва гарадоў. І скончыўшы вучобу, яны ў адрозненні ад сваіх бацькоў маглі атрымаць пашпарт, а гэта давала магчымасць з’ехаць з вёскі. Тым больш, што ў той час суседні горад Салігорск імкліва рос, з’яўляліся новыя працоўныя месцы з вялікімі заробкамі. Моладзь імкнулася туды з усіх куткоў краіны.

Дзеці 

У аб'ектыве фатографа здымкі — каляафіцыйныя партрэты з дзіцячых садкоў і «афіцыйныя» партрэты на крэсле. Здымкі дзяцей суседзяў і знаёмых, здымкі немаўлят і падлеткаў.






Гулянкі. Моладзь

Фотограф быў «інсайдэрам» мясцовых падзей, таму людзі не баяліся пры ім танчыць, выпіць, дый проста не звярталі на яго ўвагу. Таму здымкі маюць эфект хатняга архіву, не губляючы сваёй мастацкасці.









Вялікае шчасце, што архіў захаваўся. Аўтар старанна збіраў свае негатывы і зберагаў. Вядома, што ў той час адпрацаваныя негатывы часта здавалі на ўтылізацыю, дзе з іх вымывалася срэбра. Праз гэту практыку не засталося архіваў шматлікіх раённых і рэспубліканскіх газетаў, гарадскіх фотаатэлье і камітэтаў побытавага абслугоўвання. Мікалай палічыў свае здымкі важнейшымі за срэбра.





Лескець спадзяецца, што пасля гэтай публікацыі адгукнуцца людзі, якія ведалі Мікалая Пракаповіча, і яго біяграфія будзе дапоўненая новымі фактамі.
Сяргею можна пісаць на пошту: siarhiej.leskiec@gmail.com.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Як справіць вяселле ў беларускім этнастылі (Фота)

Стравы, уборы, традыцыі – гэта свята вылучаецца адметным стылем.

Самые популярные Самые обсуждаемые