Ru
En Bl

Сімвалы нашай вольнасці. 10 самых цiкавых ратуш Беларусi

Автор: Цiна Турава
Фото: Сяргея Плыткевіча, Алега Малевіча
30.08.2017

Калісьці ва ўсіх гэтых будынках засядаў гарадскі ўрад – магістрат, захоўваліся гарадская казна і «мерныя бочкі», а самі яны красаваліся на цэнтральных плошчах як сведчанне таго, што іх горад мае асаблівыя свабоды і прывілеі, абумоўленыя магдэбургскім (ці, як казалі на нашых землях, майтборскім) правам. Вялізныя і зусім цацачныя, пад высокім вальмавым дахам, з вежамі і без, аўтэнтычныя і адноўленыя, а таксама страчаныя – пра самыя цікавыя беларускія ратушы мы раскажам у гэтым аглядзе.

Самая старая

Найстаражытная з захаваных у Беларусі ратуш – нясвіжская. Яна з’явiлася напрыканцы ХVI ст., праз 150 год была перабудавана ў стылі позняга барока, а па сканчэнні амаль яшчэ стагоддзя, у 1836-м, пажар знішчыў вытанчанае завяршэнне яе вежы з гадзіннікам. Толькi рэстаўрацыя, якая праходзіла з 1997 па 2004 гг., вярнула нясвіжскай майдэборыі першапачатковы выгляд. Зараз стройная і высокая шасціярусная вежа, праз якую зроблены ўваход у ратушу, зноў фармуе сілуэт галоўнай плошчы Нясвіжа.

Несвижская ратуша.jpg

Цікава, што ўзроўні ярусаў вежы і ратушных памяшканняў не супадаюць і злучаны ўсходамі. На другім паверсе, дзе гістарычна знаходзілася зала пасяджэнняў магістрата, а за савецкім часам – піянерскі клуб, пасля рэканструкцыі размясцілася музейная экспазіцыя «Гарадское самакіраванне Нясвіжа».

Самая высокая

Хоць гэта на самой справе навадзел – але навадзел, зроблены па старадаўніх краслюнках, з шчырай павагай да гістарычнай праўды і спадчыны. Размова ідзе пра магілёўскую ратушу, страчаную за савецкім часам, але адноўленую ў 2008 годзе. Уявіце: першыя цаглiны на захаваны ратушны падмурак паспелi пакласцi яшчэ ў 1992-м, але тады скончыліся грошы, і рэканструкцыя лепшага твора грамадзянскай архiтэктуры Беларусi XVII стагоддзя спынiлася ажно да 2007 года.

могилевская ратуша2.jpg

І вось ужо амаль дзесяцігоддзе над старажытнымi кварталамi Магілёва ўзнімаецца 46-мятровая ратушная вежа, добра бачная нават з Задняпроўя. Ды й не дзіва – гэта ж, лічы, 15-павярховы дом! У 1661 годзе перазвон на гэтай вежы стаў сiгналам да пачатку Магiлёўскага паўстання супраць маскоўскiх акупантаў: іх сямiтысячны гарнiзон быў цалкам знiшчаны, праз што па заканчэннi 13-гадовай вайны Магiлёў ураўнавалi ў правах з самой Вiльняй. У 1780-м з балкона ратушнай вежы азiралi горад задаволеныя руская царыца Кацярына II i аўстрыйскi iмператар Iосiф II, якія толькі што вырашылі тут лёс Рэчы Паспалітай. А у 1915-м, падчас знаходжання ў Магiлёве Стаўкi Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, у вежы размяшчалася імператарская радыёстанцыя.

могилевская ратуша3.jpg

Пра гэтыя і іншыя эпізоды з жыцця Магiлёва і яго ратушы распавядзе экспазіцыя адкрытага ў ёй Музея гiсторыi горада.

Пра яе пісаў Конан Дойл

Яшчэ адзін адроджаны па архiўных чарцяжах ратушны будынак знаходзіцца ў Мінску. Спачатку ён быў драўляны і, кажуць, размяшчаўся недзе ў раёне Траецкага прадмесця. Каменная майдэборыя паўстала на плошчы Верхняга рынку ў XVII стагоддзі і прастаяла каля 200 гадоў.

Мінская ратуша.jpg

Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ратуша, якая сімвалізавала свабоды ранейшых часоў, была разабраная: загад аб яе зносе ўласнаручна падпісаны царом Мікалаем I. Паказальна, што ў тым апошнім для ратушы 1857 годзе ніводзін мінчук не згадзіўся прыняць удзел у разбурэнні сваёй майдэборыі, нават за грошы. Тады зрабіць гэта прымусілі вязняў Пішчалаўскага замка. Але нават пасля зносу ратуша паслужыла гараджанам: з яе жалезнага даху вырабілі паўтары тысячы шыльдаў з назвамі мінскіх вуліц.

минская ратуша.jpg

Да таго часу ў ратушы паспеў пасяліцца прывід – гэта асобная гісторыя, пра якую вы можаце даведацца з нашага маршрута «Містычны Мінск». А напрыканцы ХIХ стагоддзя ўжо страчаная мінская ратуша стала сусветна вядомай дзякуючы аднаму з дэтэктываў Конан Дойла – аб гэтым мы таксама пiсалi. Ну, а сёння адноўлены будынак, дзе калісьці збіраўся магістрат, у многіх асацыюецца з класічнай і джазавай музыкай – дзякуючы летнім «Музычным вечарам каля Ратушы».

Кандыдатка на аднаўленне

Ужо не аднойчы даводзілася чуць, што трэба нешта рабіць з непрапарцыянальна вялікай для гістарычнага цэнтра Гродна пустэльняй, у якую ператварылася праз апошнюю рэканструкцыю Сваецкая плошча. І тут адзінае правільнае рашэнне – аднавіць гарадскую ратушу, якая стаяла побач з гродзенскім палацам Радзівілаў (яго, дарэчы, таксама мусім аднавіць).

Гродзенская ратуша. Рэканструкцыя.jpg

Ратуша на галоўнай плошчы Гродна паўстала ў 1513 годзе. Адзінымі крыніцамі, што дазваляюць уявіць яе першапачатковы выгляд, з'яўляюцца гравюры ХVI стагоддзя. На іх мы бачым над ратушай вежу з гадзіннікам, а знізу – гандлёвыя рады. У 1660-х, падчас маскоўскага нашэсця, ратушны будынак быў моцна пашкоджаны і прастаяў у паўразбураным стане больш за стагоддзе. Потым рэнесансную красуню перабудавалі ў стылі класіцызму. А ў 1946 годзе яе, перажыўшую дзве сусветныя вайны, па-варварску знішчылі.

Ратуша ў Гродна. Пачатак ХХ ст.1.jpg

Напамінам пра гродзенскую майдэборыю, акрамя захаваных фундаментаў, служыць былы ратушны гадзіннік: у 1753 годзе яго перанеслі ў вежу езуіцкага касцёла, і сёння ягоны механізм лічыцца адным з найстарэйшых у Еўропе.

Цацка-прыгажуня

Нельга не ўзгадаць яшчэ пра адну страчаную ратушу – у Навагрудку. Збудаваная ў сярэдзіне ХVII стагоддзя на Рынкавай плошчы (зараз Леніна), яна праіснавала толькі да 1870-x, але гараджане дасюль пераказваюць адзін аднаму, якая то была мураваная прыгажунька! На рагу акуратнай двухпавярховай камяніцы ўзвышалася двух’ярусная вежа, завершаная купалам з вялізным флюгерам – выявай Архангела Міхаіла, нябеснага апекуна Навагрудка.

Навагрудская ратуша.jpg

У 1818 годзе ратушу рэканструявалі ў стылі класіцызму, на ўзроўні другога паверху галоўнага фасада з’явілася галерэя. У такім выглядзе яна праіснавала да 1862 года, калі была моцна пашкоджана пажарам і больш не аднаўлялася. У самым канцы ХІХ стагоддзя, выкарыстоўваючы фундаменты і часткі муроў ратушы, быў узведзены адміністратыўны будынак, які ў сваю чаргу быў разбураны падчас Вялікай Айчыннай. На тым месцы зараз стаіць крама «Дзіцячы свет».

Ратуша «з другой спробы»

Віцебская ратуша, як і раней ўзгаданая мінская, першапачаткова знаходзілася не на сваім сучасным месцы, а на Замчышчы. Але пасля таго як віцябчане ў 1623 годзе забілі ўніяцкага біскупа Іасафата Кунцэвіча, горад на некалькі дзесяцігоддзяў пазбавілі магдэбургскага права. Сімвал гарадской вольнасці натуральна разабралі.

витебская ратуша2.jpg

Мураваная ратуша ў Віцебску з’явілася толькі ў 1775-м – і атрымалася выкшталцонай: у яе архітэктурным абліччы злучыліся рысы позняга барока і класіцызму. У 1924 годзе будынак, што паспеў стаць сімвалам горада над Дзвіной, перадалі краязнаўчаму музею, які размяшчаецца тут да цяперашняга часу. У музеі не толькі ёсць магчымасць пабачыць гістарычныя артэфакты, але і ў цёплую пару года (з красавіка па верасень) падняцца на назіральную пляцоўку ратушнай вежы і паглядзець на Віцебск з ракурсу, даступнага хіба што птушкам ды пажарным, чый пост знаходзіўся тут цэлае стагоддзе.

Вядомая ў ЗША

А ці чулі вы, што шклоўская ратуша занесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША? За што такая пашана – цяжка сказаць. Можа, таму, што тут радзіма першага беларускага прэзідэнта, а можа, некага ўразіў комплекс ратушы з гандлёвымі радамі (у якіх зараз прапісаны школа і краязнаўчы музей), які па плошчы – самы вялікі ў нашай краіне. Хоць, шчыра кажучы, па архітэктуры – даволі традыцыйны для Беларусі: двухпавярховая аснова перарастае ў вежу з гадзіннікам і шпілем.

шкловская ратуша2.jpg

Падчас Вялікай Айчыннай вайны класіцыстычны комплекс быў моцна пашкоджаны. Цалкам адрэстаўравалі яго толькі ў 1999 годзе. Кажуць, пасля гэтага ў будынку, што з'яўляецца галоўнай славутасцю горада, зноў бачылі прывід слугі князя Чартарыйскага, які ахоўвае прыхаваныя недзе тут скарбы і чакае, пакуль за імі вернецца яго гаспадар…

Самая сціплая

Бадай што адзіная з захаваных ратуш Беларусі не мае вежы – таму яе не так проста «вылічыць». Гэта слонімская ратуша. Кампактная, прамавугольная, пабудаваная з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзя на месцы сваёй драўлянае папярэдніцы, яна дасюль захавала ледзь бачныя рысы барока. Пасля вайны ў будынку доўгі час працаваў гарвыканкам. А зараз гістарычнае памяшканне займае бібліятэка.

слонимская ратуша.jpg

На трацiну драўляная

Таксама незвычайную ратушу можна ўбачыць у Чачэрску. Мураваны двухпавярховы квадратны ў плане будынак завершаны не адной, як звычайна, а адразу пяццю (!) вежамі, прычым драўлянымі. Нават неспецыяліст, гледзячы на чачэрскую ратушу, заўважыць у яе абліччы элементы псеўдаготыкі: спічастыя вокны і «карона» зубцоў, якімі завершана цэнтральная вежа. Яны надаюць усяму будынку – помніку другой паловы ХVIII стагоддзя – крыху нязвыклы, рамантычны выгляд.

чечерская ратуша.jpg

У 1972 годзе ратуша гарэла, на жаль, страціўшы аўтэнтычныя драўляныя вежы і перакрыцці. Рэстаўрацыя зацягнулася больш чым на 30 гадоў, і толькі ў 2004-м у нарэшце адноўленым будынку запрацаваў Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Самая таямнічая

У вёсцы Воўчын Камянецкага раёна ёсць праваслаўная царква Святога Мікалая, узведзеная ў пачатку 1840-х. Але збудавана яна была, як лічаць некаторыя гісторыкі, не з нуля, а шляхам перабудовы… старой ратушы. 

Церковь Святого Николая в Волчине.jpg

Аднак тэорыя гэта выклікае сумненні, бо ў Воўчыне не было самакіравання, хоць тут і нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зрэшты, помнік яшчэ чакае сваіх руплівых даследчыкаў.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Брамы неўміручасці. 10 самых интересных ворот стародавней Беларуси

Легендарные и никем из ныне живущих не виденные, выдуманные и реальные, ставшие свидетелями триумфов и поражений,

Статьи
«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» 10 самых цікавых выяў герба «Пагоня»

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет зацвердзіў дзяржаўным гербам Беларусі «Пагоню», а дзяржаўным сцягам —

Статьи
Выше крыши. Топ-7 высотных смотровых площадок Беларуси

На прошлой неделе в Гродно, на крыше бывшего городского универмага, открылась самая большая в Беларуси обзорная

Статьи
Ближе к небу. Десять самых интересных башен Беларуси

На протяжении всей своей истории люди стремились строить башни – от упомянутой еще в Библии Вавилонской до

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые