Шлях на Парнас

Автор: А. Варавва
Фото: C. Плыткевіч

З цэнтра Мінска наўпрост на поўнач вядзе вуліца Даўгінаўскі тракт, што пераходзіць за кальцавой дарогай у шашу Р58 Мінск – Мядзел. Гэтая шаша і ёсць не што іншае, як значна пашыраны і мадэрнізаваны Даўгінаўскі тракт (або шлях ці гасцінец). Больш за сорак кіламетраў старога тракту ўвабрала ў сябе гэтая новая дарога. А разам з кіламетрамі да яе далучыліся славутасці і, вядома ж, успаміны аб чатырох стагоддзях гісторыі знакамітага шляху. Дык вось зараз прывядзе ён нас на беларускі літаратурны Парнас!

Засталася ззаду Паперня, дзе ў пачатку ХІХ стагоддзя, на рацэ Вяча, быў пабудаваны папяровы млын – паперня, на якой паўсаматужным чынам рабілі паперу, з-за чаго і селішча атрымала такую назву.

1 Вяча.jpg

А ў 1970-х гадах на Вячы, уверх ад Паперні, створана аднайменнае вадасховішча. На ягоным паўночна-ўсходнім беразе, прыкрытая стогадовым хваёвым борам, захавалася частка парка былога фальварка Казіміраўка, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя набыў генерал-лейтэнант у адстаўцы, дырэктар Мінскага рэальнага вучылішча Іван Самойла. Яго сын, Уладзімір Самойла, рыхтаваў Янку Купалу, тады яшчэ Яна Луцэвіча, для паступлення ў вучылішча. І хоць «нічога з гэтага не атрымалася», як успамінаў пазней паэт, аднак дружба паміж Уладзімірам Самойлам і Янкам Купалам адыграла ў лёсе апошняга немалаважную ролю.

У маі 1905 года, пры самым блізкім удзеле Самойлы, у мінскай газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны купалаўскі «Мужык» – твор, які, па сутнасці, стаў першым словам будучага народнага песняра ў сучаснай беларускай літаратуры.

2 Я.Купала 2.jpg

У 23 гады ён падпісаў гэты верш сваім псеўданімам Янка Купала, і праз колькі дзён, 7 ліпеня, мы будзем святкаваць 140-годдзе з дня нараджэння песняра Купалы.

Шаша Р58 выводзіць нас да вёскі Лускава, што знаходзіцца ля скрыжавання дзвюх старых дарог – Старавіленскага і Даўгінаўскага гасцінцаў. Едучы ў напрамку на Даўгінава, неўзабаве апынёмся на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Купалаўскі».

3 Дубы в Окопах.jpg

Ён зусім не выпадкова так названы, бо ўключае ў сябе тыя мясціны, дзе «вандравала» ад хутара да хутара сям'я беззямельнага арандатара Дамініка Луцэвіча з сынам і першым памочнікам бацькі – Янам. Пазбаўлены магчымасці атрымаць належную адукацыю, Купала напіша ў аўтабіяграфічных нататках: «Патрэба прымусіла мяне ўзяцца за іншую навуку, а менавіта чытаць сумную кнігу памешчыцкай раллі і пісаць сумную аповесць свайго гора сахой ды касою».

Дамінік Луцэвіч памёр у 1902 годзе, калі Яну ішоў 20-ы год. Прыняўшы на сябе ўсе клопаты пра родных, будучы паэт неўзабаве, аднак, адмовіцца ад арэнды зямлі, стане працаваць хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Рáдашкавічах, на панскіх броварах, а потым паедзе ў Вільню і, пачаўшы супрацоўніцтва з газетай «Наша Нiва», абярэ сабе іншую дарогу ў жыцці. Але сюды, у родны яму куток, ён будзе з замілаваннем вяртацца зноў і зноў. Часта прыйдзецца яму праязджаць старым гасцінцам, і таму нездарма ў 1926 годзе ён напіша верш «Па Даўгiнаўскiм гасцiнцы»: «Знаёмы гэты мне шлях родны – Даўгiнаўскi вядомы шлях!»

4 Окопы, дом Я.Купалы.jpg

У біяграфію паэта асабліва трывала ўвайшоў фальварак Акопы. Пачутыя ім тут легенды, песні, сама прырода гэтага ляснога, ўзгорыстага лагойскага краю па-свойму адбіваліся ў яго творчасці.

7 Музей Я.Купалы в Хоруженцах.jpg

Паэтычная калыска народнага песняра – Акопы адзначаны на літаратурнай карце Беларусі адкрытым у 1992 годзе музеем.

6 Хоруженцы, музей Я.Купалы.jpg

Дакладней кажучы, Акопы – гэта і прыродны экспанат, і адначасова экспанат музея «Акопы», размешчанага ў вёсцы Харужынцы, што знаходзіцца ў двух кіламетрах ад былога фальварка. У 2020-м годзе, дзякуючы ажыццёўленай рэнавацыі, Акопы набылі новыя рысы, колеры, адценні…

5 Окопы.jpg

Вандруючы па Купалаўскім заказніку, безумоўна, варта завітаць і да Лысай гары – яна другі па вышыні пункт Беларусі (342 м), які саступае толькі тры метры гары Дзяржынскай (ці Святой – да 1958 года). У канцы 1960-х гадоў побач з Лысай гарой нечакана з'явіліся дачы беларускіх пісьменнікаў, што стала асноўнай фабулай паэмы «Сказ пра Лысую гару». Яе аўтар, схаваўшыся пад псеўданімам Францішак Вядзьмак-Лысагорскі, эпічна апавядаў: «Быў час, быў век, была эпоха...»

Багацце бытавых дэталяў з жыцця літаратараў (знакамітых і не вельмі), ярка-сатырычныя, а часам і гратэскныя фарбы ананімнай паэмы адразу зрабілі яе сапраўдным бэстсэлерам! Разыходзілася яна па руках, спачатку ў машынапісных асобніках, нібы гарачыя піражкі. Прайшло 30 гадоў, як пішуць у раманах...

10 Нил Гилевич.jpg

І вось у 2003 годзе Францішак Вядзьмак-Лысагорскі нарэшце паказаў свету свой сапраўдны твар: Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі (які нарадзіўся, можна сказаць, па суседстве з Лысай гарой – бываюць жа такія супадзенні!). Паводле аўтара, ідэі для сюжэтаў яму час ад часу падкідваў Мікола Аўрамчык. Зрэшты, апошні, у свае 83 гады, не на жарт пакрыўдзіўся на Ніла Гілевіча і вельмі пераканаўча даказваў, што паэму яны пісалі ўсё ж такі разам. Вось так – у запале гарачай палемікі – была раскрытая адна з інтрыгуючых загадак беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. (Заўважым напрыканцы, што ў Вядзьмака ў апошнія гады з'явілася нямала зухаватых клонаў, якія ў той жа «лысагорской» манеры працягваюць бязлітасна біць сатырай па тым і па тых, што і хто трапляе пад іх вострае пяро. Жыў курылка!)

Але ж пакінем у самоце знакамітую яшчэ з язычніцкіх часоў Лысую гару – нястомны гасцінец кліча нас рушыць далей, у вёску Жукаўку.

11 Жуковка.jpg Царква Пятра и Паўла ў Жукаўцы

Па-за ёю ў мінулым стагоддзі стаяла вялікая карчма на пустым месцы, таму і названая «Пустка». Аб тутэйшых корчмах вельмі каларытныя замалёўкі зрабіў у 1939 годзе на старонках сваёй аўтабіяграфічнай аповесці «У дрымучых лясах» ураджэнец мястэчка Пасадзец пры Даўгінаўскім тракце Змітрок Бядуля.

12 Змитрок Бядуля.jpg

Дамо яму слова: «...корчмы-станцыi мiнскi тракт меў, бадай, праз кожныя дзесяць кiламетраў. Тут п’янствавала навакольнае сялянства. Тут аддавалi за гарэлку апошнi пуд збожжа, апошнi кажух. Тут ачумелыя п’янiцы бiлiся каламi, абдымалiся, цалавалiся, ды зноў пiлi, ды зноў бiлiся... Ля карчмы заўсёды бывала «весела» – галоўны тэатр, галоўнае вiдовiшча аколiцы...»

За Жукаўкай нас сустракае ля дарогі ўказальнік «Карпілаўка». Побач з гэтай вёскай раней мясцілася аднайменная сядзіба пісьменніка і журналіста Антона Лявіцкага, вядомага пад загадкавым псеўданімам Ядвігін Ш. У Карпілаўку Антон Лявіцкі пераехаў са сваёй сям'ёй у 1897 годзе.

13-2016-04-27-5--0310pb_1330.jpg

На месцы колішняй сядзібы, якую пісьменнік абагаўляў (інакш, бадай, і не скажаш!), пастаўлены мемарыяльны камень.

14-2016-04-27-5--0302pb_1330.jpg

Да нашых дзён ацалелі толькі фрагменты старога парку з крыніцай і камлюкаватым дубам ды ліпавая алея, што некалі атачала вялікі сад...

15-2016-04-27-5--0285pb_1330.jpg

Мінуўшы Карпілаўку, старадаўні гасцінец ля вёскі Калачы развітваецца з дарогай Р58. Адсюль да некалі каларытнага мястэчка, а цяпер аграгарадка Даўгінава, застаецца крыху больш за сорак кіламетраў. І на гэтым, заключным адрэзку шляху, дзе дарога грунтавая некалькі разоў змяняецца асфальтаванай, Даўгінаўскі тракт можа распавесці падарожніку шмат і цікавага, і нечаканага, і павучальнага, бо пра ўсё гэта дасёння захоўвае ён трапяткія ўспаміны...

У канцы ж нашага падарожжа на айчынны літаратурны Парнас маем згадаць аб тым, што ў 1921 годзе гэтую старадаўнюю дарогу ў трох месцах перарэзала савецка-польская мяжа, якая амаль на два дзесяцігоддзі падзяліла Беларусь на дзве палітычна і эканамічна супрацьлеглыя часткі, – тады і пачалося запусценне, адзічанне гасцінца. Потым савецкія ўлады з 1939 года пачалі знішчэнне хутароў, у якіх жыла большасць тутэйшага насельніцтва. Падчас вайны гэты край стаў партызанскай зонай. На тракце былі разбураныя ўсе масты. Ад карных аперацый пацярпелі многія вёскі. Значныя тэрыторыі ператварыліся ў бязлюдную пустыню...

Тым не менш ацалелыя фрагменты гасцінца і сёння працягваюць служыць людзям. Уключаныя ў добраўпарадкаваную шашу Р58, яны знаёмяць нас з найбагацейшай мінуўшчынай Даўгінаўскага тракту. Але ж прачэрчаныя з дапамогай лякалаў і лінейкі аўтастрады, прапаноўваючы сучасныя выгоды падарожнікам, у той жа час выцясняюць з нашага паўсядзённага кругавароту старыя павольныя жывапісныя гасцінцы, шляхі, тракты, як бы адсоўваючы іх за непатрэбнасцю на абочыну жыцця – жыцця, якое стагоддзямі віравала на іх і якое без іх проста нельга сабе ўявіць...

9 Я.Купала.jpg

P.S. У нядзелю, 10 ліпеня, туркампанія «Віяполь» да юбілею Паэта ладзіць «бенефісную экскурсію» у Купалавы мясціны. У ёй Купала паўстане ў розные часы свайго жыцця і творчасці. Жадаючыя могуць замовіць месца ў аўтобусе!



Самые популярные Самые обсуждаемые