Ru
En Bl

Сьлядамі Напалеона Орды. Навошта літоўскі мастак увекавечвае гістарычныя руіны Беларусі

Автор: Ігар Карней
Ссылка: Радыё Свабода

У музэі-сядзібе кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі на Смаргоншчыне пачала працу выстава «Скрозь прызму руін» літоўскага мастака Раманаса Барысаваса. Акварэльныя працы, якія ён пачаў ствараць яшчэ на пачатку 1980-х, прысьвечаныя гістарычным мясьцінам Беларусі, многія зь якіх сёньня ляжаць у руінах.

—Прыкладна траціна — гэта працы, непасрэдна зьвязаныя зь Беларусьсю, яшчэ частка прысьвечаная Ўсходняй Прусіі. Ну, і таксама тыя, што зьвязаныя зь Вільняй. Таму што Вільня — гэта значны кавалак беларускай гісторыі. І паколькі Вялікае Княства Літоўскае — нашмат шырэйшае паняцьце, чым сёньняшняя Літва, мае інтарэсы цалкам лягічныя, — кажа мастак, які зьбіраецца асабіста наведаць выставу ў Залесьсі ў канцы студзеня.

galshany.jpg

Вежа Гальшанскага замка, 2009 год

Раманас Барысавас згодны, што ў пэўным сэнсе працягвае справу вялікага мастака Напалеона Орды, які паўтара стагодзьдзя таму ў сваіх вандроўках увекавечыў дзясяткі архітэктурных помнікаў зь Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Менскай ды іншых губэрняў. Сам Раманас быў знаёмы з праўнукам Орды, які жыў у Шчэціне. У таго захоўваліся некалькі эскізаў прадзеда.

Крэўскі і Наваградзкі замкі, Валожынскі і Ружанскі палацы, Дзятлаўская і Заказельская сядзібы, Лагойскі парк і менская Саборная плошча, Асьвея, Геранёны, Горадня — іх аўтэнтычны выгляд дайшоў да нашых дзён дзякуючы ўраджэнцу вёскі Варацэвічы цяперашняга Янаўскага раёну.

Пазьнейшыя беларускія творцы эстафэту Напалеона Орды ў такім жа маштабе падхапіць ня здолелі. А вось Раманас Барысавас да ранейшага захапленьня прускімі кірхамі на тэрыторыі цяперашняй Калінінградзкай вобласьці — ягоныя продкі паходзілі якраз з Усходняй Прусіі — дадаў беларускую тэматыку.

navagradak.jpg

Руіны замка ў Наваградку, 2006 год

— З улікам паходжаньня маіх бацькоў я ад маленства рос чатырохмоўны: для мяне што літоўская, што расейская, што польская, што нямецкая аднолькава зразумелыя, — кажа Раманас Барысавас. — Я заўсёды атаясамліваў сябе з гэтымі культурамі, плюс беларускай як роднаснай, суседзкай. Касьцёл у Літве, кірха ў Кёнігсбэргу, царква ў Беларусі — у мяне няма пачуцьця недатычнасьці, гэта блізка і цікава. Замкі і храмы ў бясспрэчным прыярытэце — да іх лёсу я ніколі ня быў абыякавы. Яшчэ пры Саюзе мы езьдзілі ў Беларусь па тое, чаго не было ў нас. Але мяне найперш цікавілі ня крамы, а антураж маленькіх гарадкоў.

puslouskija.jpg

Палац Пуслоўскіх у Косаве, 1993 год

Як прыйшла цікавасьць да Беларусі

Паводле літоўскага мастака, шчыльна і асэнсавана гісторыяй Беларусі ён пачаў цікавіцца яшчэ за савецкім часам — у немалой ступені дзякуючы зьбегу палітычных абставін на хвалі перабудовы.

— Гэта быў пачатак перабудовачных гадоў. Неяк завітаў у госьці адзін наш літоўскі гісторык, прынёс кнігу, выдадзеную ў Беларусі, — згадвае мастак. — Быў у экзальтаваным, узбуджаным стане: маўляў, беларусы прыватызуюць нашую гісторыю, спалі ў каміне. Я патлумачыў, што дзеля гэтага ёсьць дровы, паклаў выданьне на паліцу, а празь некаторы час пачаў вывучаць. І зацікавіўся, бо сутыкнуўся з тым, што гісторыя гэтага краю не заўсёды ідзе туды, куды яе скіроўваюць літоўскія дасьледчыкі.

mirski zamak.jpg

Мірскі замак да рэстаўрацыі ў 1982 годзе

Літоўскі мастак востра перажывае, што ў Беларусі застаецца ўсё меней сьведчаньняў нацыянальнай гісторыі. Таму перакананы: варта пасьпяшацца занатоўваць тое, што яшчэ ацалела. З гэтай жа прычыны ён часьцяком выбіраецца і ва Ўкраіну, дзе пытаньне захаваньня спадчыны гэтаксама актуальнае.

— Я скурай адчуваю, дзе і што павінна стаяць, — працягвае ён. — Скажам, у Нямеччыне гістарычная забудова надзвычай шчыльная, у Польшчы радзейшая, у Літве гэта адчуваецца яшчэ больш, а ў Беларусі яна наогул кропкавая. Можна прыехаць у беларускае мястэчка, дзе стаіць храм ХV стагодзьдзя, а вакол нічога гістарычнага не засталося, як быццам выпарылася! Тую ж Ліду ўзяць, дзе летась была мая выстава. Адзін зь мясцовых чыноўнікаў расказваў: ад даваеннага часу захаваўся замак і яшчэ 8 дамкоў. Астатняе зьнішчана — ці акупантамі, ці сваімі ж.

Таму яго асабліва цешыць, што летась на ўласныя вочы пабачыў, як ідзе хай ня шпаркае, але аднаўленьне муроў Крэўскага і Гальшанскага замкаў, а раней прывялі да ладу залескую сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага.

Павязаны з Калінінградам

Нейкі час таму Раманас Барысавас разам з жонкай Тацянай пакінулі Вільню і пераехалі на ўзьбярэжжа курортнай Неры́нгі, што на Куронскай касе (Kuršių nerija). Спачатку ён выкладаў акварэль у Клайпедзкай філіі Віленскай акадэміі мастацтваў, цяпер працуе ў Балтыйскім унівэрсытэце імя Імануіла Канта ў Калінінградзе, кіруе дыплёмнымі праектамі ў графічным дызайне.

Раманас Барысавас — аўтар скульптурнай кампазыцыі «Сымбалі Кёнігсбэргу 1930 г.» перад фасадам Катэдральнага сабору. Гэта бронзавыя копіі шасьці архітэктурных славутасьцяў даваеннага гораду, зробленыя паводле архіўных праектаў. Адкрыцьцё адбылося ў сымбалічную дату — 3 кастрычніка 2012 году, акурат на дзень узьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Нямеччыны.

— Я нарадзіўся і вырас у цэнтры Вільні, гэта маё ўсё, — кажа мастак. — Але цяпер жыву на ўзмор’і, так проста зручней: Вільня стала занадта вялікай і мітусьлівай. А паколькі значная частка маіх інтарэсаў зьвязаная з Усходняй Прусіяй (я выкладаю ў Калінінградзкім унівэрсытэце), то Нерынга — як мост ва ўсе бакі. Наогул сёньня мая мастацкая дзейнасьць шчыльна пераплятаецца з культуртрэгерствам. Мне заўсёды хацелася, каб вакол было прыгожа. І гэта галоўнае, што дае стымул маёй працы. Бо маса аб’ектаў, якія я малюю, паціху зьнікаюць, сыходзяць у нябыт.

chachat.jpg

Сядзіба Чэчатаў у Ішкальдзі, 2016 год

Мастак кажа, што асаблівае трымценьне ў яго выклікаюць аркі старых пабудоваў — гэта як партал для пераходу ў іншы сьвет. Дастаткова зрабіць крок, каб апынуцца ў абсалютна іншым вымярэньні. Таму шмат якія зь ягоных натурных накідаў абмяжоўваюцца адным гэтым элемэнтам.

synkavichy.jpg

Сынкавіцкая царква, 2006 год

Што замінае творчасьці

Раманас Барысавас кажа, што ў сваёй дзейнасьці хацеў бы больш увагі аддаваць беларускай тэме, але разгарнуцца не дае брак сродкаў.

— Усё заўсёды ўпіраецца ў фінансавы бок, — наракае ён. — Я не магу цікавіцца выключна архітэктурай ВКЛ, бо даводзіцца існаваць у рэальным асяродзьдзі. Таму даводзіцца і замовы рабіць, я дзесяцігодзьдзямі супрацоўнічаю з кампаніямі Нямеччыны, Францыі, Галяндыі. Мог бы займацца Беларусьсю і шчыльней, але дзеля гэтага патрэбныя сродкі. Напрыклад, у Калінінградзе мяне бясплатна выдаюць. У Літве таксама ёсьць такія энтузіясты. А калі свае выданьні мусіш яшчэ і аплочваць, дык давядзецца сядзець з працягнутай рукой на цьвінтары.

zalesse.jpg

Адбудаваная сядзіба ў Залесьсі

Пляны на «пасьля сямідзесяці»

Сёлета Раманас Барысавас адзначыць 70-гадовы юбілей. Мастак поўны плянаў, і ня толькі творчых. Яшчэ студэнтам захапіўся марскімі падарожжамі і вось ужо паўстагодзьдзя ходзіць пад ветразем — Атлянтыка, Індыйскі акіян, Міжземнае мора, Балтыка. Там робяцца эскізы, якія па вяртаньні на базу становяцца карцінамі. А нядаўна ягоны сын, які жыве ў Англіі, таксама набыў яхту, і цяпер бацька яшчэ і за тэхнічнага кансультанта.

«Увесь час здаецца што гэта наступіць некалі, а ён зноў на парозе, чарговы юбілей, — сьмяецца суразмоўца. — У тым ліку і парусным спортам даводзіцца займацца, зыходзячы з канкрэтнага ўзросту. Раней гэтаму аддаваў вельмі шмат часу, на пэўным прамежку было ўвогуле асноўным заняткам, а пасьля стала збольшага хобі. Цяпер нават больш даводзіцца лятаць да сына ў Лёндан: яму на яхце патрэбныя кваліфікаваныя памочнікі, бо гэта ўсё ж ня Балтыка, там абсалютна іншая акваторыя».

vilnia.jpg

Старая Вільня

Раманас Барысавас нарадзіўся 11 траўня 1949 году ў Вільні. Скончыў Віленскі мастацкі інстытут па спэцыяльнасьці «Дызайн», займаўся інтэр’ерам, праектаваў мэблю, ілюстраваў кнігі. У канцы 1980-х стаў вольным мастаком і засяродзіўся на акварэльных працах.

Асноўнай тэмай у творчасьці стала зьнікаючая архітэктура Вялікага Княства Літоўскага, Малой Літвы і Ўсходняй Прусіі. Напісаў блізу 1000 карцін, удзельнік амаль сотні выставаў у Літве, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, ЗША. Ня так даўно да гэтага пераліку дадалася і Беларусь.

krewa.jpg

Княская вежа Крэўскага замка


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Мы себя Ордою меряем, или Как изменилась Беларусь за полтора века

Полторы сотни лет назад в белорусских городах и местечках можно было повстречать немолодого уже пана с карандашами и

Статьи
Смоляны за один день: спешите видеть остатки былой роскоши. Пока не поздно...

Сюда редко заезжают организованные экскурсии. Зато индивидуальным путешественникам это место очень нравится.

Статьи
Куда повезти на экскурсию по Беларуси друзей из Польши, России, Германии, Израиля и США

В Беларуси есть что посмотреть туристам из самых разных стран мира – со многими нас связывает такая насыщенная и

Самые популярные Самые обсуждаемые