Ru
En Bl

Стары Валожын збіралі па кавалачках. Арганізатары – аб фотапраекце «Актыўнае даўгалецце. Перазагрузка»

Автор: Аксана Ярашонак
Ссылка: Рэгіянальная газета

26.06.2019

На адным здымку – два раварысты. Адзін – валожынец-пенсіянер Эдуард Унучак на вуліцах роднага горада ў 2019 годзе. На другім – таксама ён, на той жа вуліцы. Толькі ў канцы 1950-х, яшчэ хлопчык.

Вы думаеце такое немагчыма? З сучаснымі тэхналогіямі, фантазіяй і талентамі супрацоўнікаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва – магчыма.

У калажы фота пачатку з сямейнага архіва Вольгі Шарко. На фота 1950-х – Аркадзь Шарко. На новым – яго праўнук Улад.

Выстава з дзесяці падобных фотакалажаў – вынік праекта «Папярэджанне кагнетыўных узроставых зменаў у сталых людзей». Яго год рэалізоўвалі ў Валожыне. Праект фінансаваў нямецкі фонд  «Пямяць. Адказнасць. Будучыня». І накіраваны ён на людзей, народжаных да 1945 года.

Каб вызначыць, якое месца на фота, збіралі кансіліум

Ідэя і ўвасабленне праекта належыць супрацоўнікам Валожынскага цэнтра Алене Жданюк і Ірыне Кавязе.

– Старыя фотаздымкі – гэта адзін накірунак праекта, другі – праца са сталымі людзьмі, – кажа Алена Жданюк. – Мы наведалі шмат людзей, расказалі ім аб праекце, прапаноўвалі ўдзельнічаць. Пагаджаліся не ўсе.

Раз на месяц збіралася творчая майстэрня – працоўная група, якая абмяркоўвала ход праекта.

Аляксандр Вайткевіч у 1973 і ў 2019 у цэнтры Валожына. Старое фота з сямейнага архіва Зоі і Аляксандра Вайткевічаў.

Часам пра тое, што ў Цэнтры збіраюць старыя фотаздымкі, валожынцы даведваліся ад знаёмых. Прыносілі фота сваіх бацькоў і сваякоў.

Па словах Алены, фотаздымкаў назбіралася шмат, але выкарыстаць для стварэння калажаў змаглі не ўсе.

Прынялі толькі тыя, дзе дакладна можна было вызначыць, у якім месцы Валожына яны зробленыя.

– Часам цэлы кансіліум збіралі, каб вызначыць, дзе зробленае фота. Або бралі фотаздымак і хадзілі з ім па горадзе, шукаючы, дзе тое месца, – дзеліцца Алена. – Здаралася так, што адзін фотаздымак дапамагаў раскрыць іншы. Напрыклад – на адным быў  толькі кавалачак будынка, на другім – увесь гэты будынак. Так паступова, як мазаіку, мы збіралі стары Валожын.

У тым жа месцы, у тую ж пару года

Імкнуліся, каб на адабраных фотаздымках абавязкова былі людзі. Але для двух фота ўсё ж зрабілі выключэнне.

Старое фота з сямейнага архіва Васіля Шакуна. На старым – урочышча Барсуковіна ў 1930-х гадах, на новым – Валожын у 2019. Але будынак той самы. Цяпер – Валожынскае лясніцтва.

На першым – сённяшняя вуліца Савецкая ў канцы 1940-х. На другім – будынак лясніцтва, што належаў графу Тышкевічу і да Другой сусветнай вайны стаяў за межамі  горада. Падчас вайны немцы перавезлі яго ў Валожын. Сёння тут таксама лясніцтва.

Удзельнікі праекта знайшлі жанчыну, якая да вайны нарадзілася ў гэтым доме. Сёння ёй каля 90 і яна жыве ў Польшчы. У Валожын прыязджаў яе дарослы сын і, па словах Алены, фатаграфаваў і дом, і кожны пянёк каля яго.

Стваральнікі праекта бралі стары здымак і ў калажы злучалі яго з новым, зробленым у тым жа месцы з тым жа чалавекам. Калі чалавека ўжо няма, пазіравалі яго ўнукі або праўнукі.

Старое фота – з сямейнага архіва Ірыны Кавязы. На фота – Тамара Хахлова ў канцы 1960 і яе ўнучка Крысціна ў 2019 у Валожыне.

Адзін з самых старых здымкаў у праекце прынёс валожынец Пётр Галіеўскі. На фота – вучні Валожына на ганку школы ў 1944 годзе. Сярод іх – будучая жонка Пятра Галіеўскага, якой ужо няма.

Сёння ў тым будынку не вучацца, але ён захаваўся. Пазіраваць на старым ганку папрасілі вучняў школы №2, прыблізна аднагодкаў тых, з 1944.

Як міліцыянер пранікся праектам

Сучасныя фотаздыкі для калажоў рабіла Алена Жданюк. А гэта аказалася няпроста.

– Трэба было выбраць правільны ракурс, каб пад патрэбным вуглом супалі і дах, і вокны. Калі на старым фотаздымку быў снег, чакалі зімы. Некаторыя фота перараблівалі па некалькі разоў. Спецыяльна дзеля аднаго здымка побач з дзядулем унук нават з Мінска прыязджаў.

А калі хацелі зрабіць фотаздымак з раварыстам Эдуардам Унучакам, Алену ледзь не аштрафавалі. Фатаграфавацца трэба было на аўтадарозе.

– Да мяне падышоў работнік ДАІ. Сказаў, што я павінна заплаціць штраф, – прыгадвае Алена. –   Я пачала яму тлумачыць, расказваць аб праекце, паказваць старую фотку з хлопчыкам на ровары. У выніку міліцыянер паслухаў нас і дазволіў сфатаграфавацца, толькі асцярожна.

Старое фота – з сямейнага архіва Эдуарда Унучака. На фотакалажы Эдуард Унучак ў 2019 годзе і ён жа – у канцы 1950-х у Валожыне.

На адкрыццё выставы «Актыўнае даўгалецце. Перазагрузка»  ў пачатку чэрвеня запрасілі усіх мадэляў. Кожнаму падарылі фотаздымак.

– Уяўляеце, у жыцці некаторыя ўнукі не бачылі сваіх бабуль і дзядуль, а на фотаздымках апынуліся разам, – падсумавала Алена.

Фотакалажы Алены Жданюк


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые