У беларускім гістарычным асяроддзі ёсць асаблівая плынь – некрапалісты. Ужо з назвы зразумела, што сфера іх прафесійных інтарэсаў – могілкі.
Якія беларускія кладзішчы павінны захавацца? Як уключыць іх у сучаснае ўрбаністычнае асяроддзе? І ці можна зрабіць з пахаванняў турыстычны аб’ект? Паспрабуем знайсці адказы з дапамогай некрапаліста, сябры Рады МГА «Гісторыка» Таццяны Мастыкі.
Беларуская супольнасць некрапалістаў складаецца з некалькіх грамадскіх арганізацый, сярод якіх «ІКАМОС» і «Гісторыка». Два галоўныя накірункі, у якіх вядзецца праца: захаванне старых кладзішчаў і збор інфармацыі пра іх з фармаваннем базы дадзеных. Актывісты ладзяць экспедыцыі да старадаўніх могілак, прыбіраюць іх, умацоўваюць і перапісваюць тое, што выгравіравана на помніках. Адмыслоўцаў цікавяць пахаванні да 1950 года.
На пытанне: якія некропалі вартыя захавання – Таццяна Мастыка кажа: «Усе, што адносяцца да XIX стагоддзя». Іх засталося няшмат. І, на вялікі жаль, у многіх раёнах краіны яны ўвогуле адзіная матэрыяльная каштоўнасць з тых часоў. Тым больш ранейшых у нас няма. Таму адмовіцца ад гэтых – недазваляльная раскоша.
«Адносіны да могілак – паказчык развіцця грамадства – кажа Мастыка. – І калі сакральнае месца памяці прыходзіць у заняпад альбо ператвараецца ў звалку – гэта шмат пра што гаворыць».
З XX-XXI стагоддзем сітуацыя, верагодна, будзе іншая. Бясконца пашыраць тэрыторыі кладзішчаў і захоўваць іх усе немагчама і не трэба. Па-першае, калі гісторыя нас пашкадуе і больш Беларусь не пабачыць вялікіх катаклізмаў, сучаснасць пакіне нашым нашчадкам і будынкі, і помнікі. Па-другое, як мяркуе Таццяна Мастыка, хутчэй за ўсё, наша краіна будзе пакрысе пераймаць усходнееўрапейскі вопыт, дзе месца на могілках купляецца на пэўны час. Чалавека хаваюць, праходзіць некалькі дзесяцігоддзяў, і, калі родзічы хочуць, яны зноў плацяць з месца, калі не – парэшткі вымаюць, спальваюць і хаваюць у агульнай магіле. Месца зноў становіцца вольным, і кладзішча не расце.
Але нават калі пэўныя могілкі будуць увогуле знішчаныя (зразумела, з папярэдняй эксгумацыяй і перапахаваннем), на іх месцы павінен застацца ці то помнік, ці то хоця б шыльда. Справа не ў тым, што гэта тэрыторыя з «нейкай не такой энергетыкай», і тут нельга смяяцца альбо гуляць з сабакам. Павінна застацца памяць. Калі, напрыклад, дзесьці былі пахаваныя габрэі, трэба, каб які-небудзь надпіс пра іх нагадваў. Бо яны былі часткай нашай краіны і стваралі яе гісторыю.
Беларускім гарадам варта навучыцца размаўляць са сваімі жыхарамі. Навучыцца пакідаць «лісты з мінулага» у выглядзе хай сабе маленькіх, але знакаў памяці. Тут згадваецца пра іудзеяў, тут пра каталікоў, там пра лютэран – так у нашу свядомасць патрапяць усе, з каго ў розныя часы складалася Беларусь. Увага да дробязяў – ёсць павага да маленькага чалавека, які жыў на гэтай зямлі і не знік.
Як увесці некропалі ў цела горада, каб агульная прастора была арганічнай? Пытанне няправільнае, бо менавіта горад будуецца вакол старых могілак, а не наадварот.
«Шматпавярховыя дамы насупраць Кальварыі выглядаюць па-дурному. Але чаму могілкі ў гэтым вінныя? – кажа Таццяна Мастыка. – Тыя праблемы, што мы маем – ад жадання ўпіхнуць будынак на кожны свабодны лапік. Калі ўжо будаваць дамы недалёка ад кладзішча, яны павінны быць невысокія, чатыры-пяць паверхаў». Але ў ідэале паміж могілкамі і жылой забудовай месціцца зялёная зона. Добры прыклад – Усходняе кладзішча. Яно ў горадзе, але хаваецца за дрэвамі.
«Увогуле, чаму нас засмучаюць могілкі?» – пытаецца Таццяна Мастыка. Мы святкуем Дзяды, наша свядомасць стагоддзямі сумяшчала жывое і мёртвае ў адной дзіўнай прасторы. Мы, як ніхто іншы, павінны адносіцца да некропаляў адказна. Дарэчы, да XIX мы нават не хавалі продкаў на ўскрайку вёскі ці мястэчка. Па словах эксперта, звычайна могілкі размяшчаліся каля царквы, то бок у цэнтры паселішча. Новы закон аб пахаванні прыняла ўжо Расійская імперыя, бо ў тыя часы ўжо стала зразумела, што дзеючае кладзішча паблізу хат можа атруціць ваду ў калодзежах. Бо сістэмы вадаправоду на нашай зямлі яшчэ не было.
Пер-Лашэз у Парыже, Лычакаўскае кладзішча ў Львове ды іншая яскравыя прыклады кажуць нам: «Так, паспяховы турызм цалкам магчымы».
Гэтыя могілкі згадваюцца ў турыстычных даведніках і падчас аўтобусных экскурсій. Вы можаце наведаць іх самастойна, каб пакласці кветкі на магілу якога-небудзь выдатнага дзеяча. На Пер-Лашэз пахаваныя П’ер Абеляр, Агюст Конт, Марсэль Пруст, Эжэн Делакруа і шмат хто яшчэ. Іншы варыянт: замовіць экскурсію. Вам раскажуць пра зорак, якія знайшлі там супакой, а таксама пра выдатныя старыя некропалі. Бо згаданыя старажытныя кладзішчы да таго ж – найцікавейшыя музеі скульптуры.
У Мінску таксама ёсць адмыслоўцы, якія ладзяць вандроўкі на могілкі. Кальварыйскія – самыя папулярныя з іх. Гэтае кладзішча – старэйшае ў Мінску. Яно змяшчае каля трыццаці тысяч пахаванняў, сярод якіх салдаты напалеонаўскай арміі, яўрэі з мінскага гетта, бальшавіцкія ахвяры. На тэрыторыі могілак месціцца касцёл XIX стагоддзя. Кальварыя, жартуюць гісторыкі, – гэта свята для экскурсавода. Бо не даводзіцца працаваць па звычайнай беларускай схеме, распавядаючы, што стаяла на тым ці іншым, зараз ужо пустым, месцы. Кальварыйскія ж могілкі – гэта існуючая ў сучаснасці матэрыяльная каштоўнасць.
Па меркаванні Таццяны Мастыкі, яшчэ адна цікавая ідэя – экалагічны турызм. Бо калі могілкі зачыняюцца, там не перапыняецца жыццё. Наадварот, без чалавека расліны, насякомыя і птушкі імкліва засяляюць гэтую прастору. І многія ўнікальныя віды можна сёння можна знайсці менавіта на кладзішчах.
Як мы ўжо казалі, адзін з накірункаў працы некрапалістаў – гэта збор інфармацыі з помнікаў. Адмыслоўцы перапісваюць, хто пахаваны на гэтым месцы, колькі ён пражыў і ад чыйго імя зроблены надпіс на надмагіллі. Сабраныя дадзеныя размяшчаюцца на сайце niekropali.by з магчымасцю электроннага пошуку па прозвішчы і месцы пахавання. Відавочна, што такі сайт – неблагая генеалагічная крыніца. Але ёсць шэраг складанасцяў, якія нават некрапалістам цяжка пераадолець.
Няпростая гісторыя нашай краіны адлюстравалася і на помніках. Сёння адмыслоўцы сустракаюць надмагільныя надпісы на рускай, беларускай, польскай, старапольскай, нават французскай, а таксама мешаніну з розных моў і безліч варыянтаў з памылкамі. Некрапалісты спрабуюць адаптаваць іх да сучаснай беларускай, дадаўшы таксама і арыгінальны надпіс. Але гэтая асаблівасць ускладняе пошукі, бо нашчадкі могуць ведаць адзін варыянт прозвішча свайго продка, а на помнік патрапіў іншы.
На жаль, супольнасць некрапалістаў невялікая, і яна не можа ахапіць усе старыя могілкі краіны. Зборам інфармацыi займаюцца і мясцовыя ўлады, але, па словах Таццяны Мастыкі, чалавек без адпаведнай адукацыі не заўсёды ў стане прачытаць надпіс на помніку. Праца вядзецца марудна. І пакуль што цяжка ўявіць, што ўсе сабраныя дадзеныя могуць быць калісьці аблічбаваныя і аб'яднаныя з тымі, якія апрацавалі некрапалісты, у вялікі агульны інтэрнэт-архіў. Таму адмыслоўцы разлічваюць на дапамогу валанцёраў.
А калі вы, зацікаўленыя, прыйшлі паглядзець на старыя могілкі, дык дапамажыце ім не знікнуць з нашых вачэй. Гэта нескладана. Трэба хаця б прыбраць смецце ды лістоту.
Возможно, самый страшный эпизод в истории Минска случился в день
Ужо не адзін год беларускія гісторыкі вывучаюць старадаўнія
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....