Святар-пісьменнік Ільдэфанс Бобіч (Пётра Просты)

Автор: Алена Карп
Фото: аўтара, з прыватнага архіва Міхаіла Бакевіча
6 622

У межах мастацка-літаратурнага пленэру “Друя – месца спаткання гісторыі і мастацтва”, на заключнай літаратурнай вечарыне прадстаўлены праэкт “Літаратура памежжа: помнікі і асобы”. Аўтарка выказвае шчырую падзяку ксяндзу Вячаславу Адамовічу, з чыёй ініцыятывы сёлета да штогадовага пленэру пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы далучыліся літаратары, і пісьменніцы Алене Масла, якая каардынавала і апекавалася літаратурнай праграмай.

Я не зайздрошчу нідзе і нікому,
Крый мяне, Божа!.. Крый мяне, Божа!../
Толькі адному зайздрошчу, панове,
Хто добра пісаці ўмее і можа.
Дайце мне пёры, дайце мне карту,
Наўчэце пёрам вадзіць як трэба.
Так бы пісаў я, так бы лятаў я,
Быццам па цёмнаму небу!
Спісаў бы відкі я цэлага свету –
Як кожны пекны, кожны адменны!..
А зараз жутка марнею ўлету,
Бо невучоны, бо непісьменны.

Хто б мог быць аўтарам гэтага верша? Відавочна, калі твор быў напісаны і выдрукаваны, то ўсё ж чалавек пісьменны. Напрыклад, доктар філасофіі Ільдэфанс (Ільдэфонс[1]) Бобіч. Чалавек высокай адукацыі і вялікіх мастацкіх здольнасцей, ён выбірае літаратурную маску Пётры Простага, каб у гэтым вобразе прамаўляць да сялянства, гаварыць мовай, зразумелай для тых, хто не атрымаў, магчыма, і першапачатковай асветы. Пры гэтым Пётра Просты не сыходзіць да прымітыву. У гэтым вершывыяўляецца, з аднаго боку, яго ўласнае стаўленне да адукацыі, якая рассоўвае межы і робіць свет шырокім, а з іншага, заахвочванне свайго чытача. Яго яскравая вобразнасць, ясная і глыбокая думка могуць прачытвацца ў залежнасці ад узроўню суразмоўцы, але вельмі верагодна – захопяць.

0d5b04e0-4592-4814-81a2-2dbc7b60c228.jpg

Але пра ўсё па парадку. Жыццёвы шлях Ільдэфанса Бобіча пачаўся ў 1890 годзе ў вёсцы Дзедзіна, дзе ён нарадзіўся ў сям’і сялян Канстанціна і Юзэфы Бобіч. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у народным вучылішчы ў Мілашове і працягнуў вучобу ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 годзе. Атрыманне адукацыі для выхадца з сялянства не было шараговай з’явай. Паводле свайго паходжання Ільдэфанс Бобіч мог папросту не апынуцца на гэтай прыступцы. Але, відавочна, бацькі прыклалі намаганні, уклалі сродкі, і цёмнае неба стала зорным: асвета сталася магчымай для нашага героя. У свой гімназічны перыяд, які супаў з пачаткам нацыянальнага адраджэння, ён захапіўся беларускай народнай творчасцю, культурай і гісторыяй, і сам дэбютаваў як аўтар.

У 1907 годзе 17-гадовы юнак надрукаваў у газеце “Наша ніва” свой першы твор – абразок “Слёзы”, падпісаны псеўданімам Пётра Просты. Абранае імя несла ў сабе ідэю служэння простаму народу, сімвалізавала памкненне быць цвёрдым, як камень, у гэтай справе, і адначасова прыбірала дыстанцыю паміж аўтарам і чытачамі, сігналізавала: я такі ж, як вы.

2ae08266-5ae7-4c38-b500-b3b29c9575e9 (1).jpg

“Слёзы” – маленькі абразок з нібыта простым і прадказальным для нашаніўскай прозы сюжэтам: багаты пан адмаўляе бедняку хоць у якой дапамозе, і той у адчаі і слязах мерзне на вуліцы, але спагаду і раптоўнае выратаванне ён знаходзіць у такога ж беднага селяніна. Разам з тым твор не толькі выкрываў сацыяльную няроўнасць, але і супрацьпастаўляў духоўныя станы заняпаду і надзеі, смерці і ўваскрасення, утрымліваў у сабе біблейскія алюзіі і ўжо выяўляў тыя рысы, за якія творчасць Пётры Простага цанілі сучаснікі. Гэта і стройная кампазіцыя, эмацыйная насычанасць, гнуткасць і паэтычнасць мовы, і па-над усім – хрысціянскі гуманізм, заўсёдныя дабрыня і чуласць. Як аўтар Пётра Просты займеў прызнанне: яго творы перакладаліся на іншыя славянскія мовы, іх адзначалі найбольш ўзыскоўныя крытыкі: Максім Багдановіч і Сяргей Палуян.

Але малады Ільдэфанс адчуваў у сабе і іншае пакліканне. “Маё юначае сэрца вагаецца – як быць? Пан кліча мяне. Пан хоча, каб я сваё жыццё прысвяціў Яму. Як быць? Пэўна, выбар адзін – адказаць згодай”, – гэтыя словы Ільдэфанса Бобіча цяпер увекавечаныя на мемарыяльнай шыльдзе ў Касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.

Ідучы за сваім пакліканнем, юнак паступае ў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, кіраўніцтва якой заўважыла і ацаніла здольнасці Бобіча і накіравала яго на вучобу ў папскі ўніверсітэт у Рыме. Так Бобіч апынаецца ў вечным горадзе, дзе вынікам яго навучання становіцца ступень доктара філасофіі. Аднак ён не кідае і іншых духоўных практык – прынамсі, такімі можна лічыць яго адданае служэнне радзіме, асветніцкую і літаратурную дзейнасць. Больш за тое, на прыватнай аўдыенцыі ён просіць у тагачаснага Папы Рымскага Пія Х дабраславення для супрацоўнікаў і чытачоў беларускага каталіцкага часопіса “Беларус”, і ў 1914 годзе святочны велікодны нумар выходзіць з добрай весткай пра тое, што Папа Рымскі з ахвотаю дабраславіў выданне.

photo_2026-08-26_20-11-36.jpg

Што гэты крок для Бобіча (Простага) не быў выпадковай прыхамаццю, робіцца асабліва ясным, калі звярнуцца да яго невялічкай, але важнай брашуры “Нашто беларусам газеты?” 1914 года. Ва ўмовах адсутнасці нацыянальнай адукацыі паміж беларускім друкам і асветай і выхаваннем стаіць знак роўнасці: газета мусіла “замяніць сабой і школы, і народныя лекцыі, і кнігі, і ўсё, што служыць прасвеце”. Газета забяспечвала ў тым ліку эстэтычнае выхаванне і рост самасвядомасці: “Чуць не ўсе творы нашых навейшых песняроў, пакуль выйдуць у свет аддзельнымі кніжкамі, перайходзяць праз нашы газеты; шмат з іх, асабліва меншыя творы (часам праўдзівыя перлы пісьменства), так і застаюцца ў газетах і не друкуюцца аддзельна. А іх пазнаць трэба, бо яны часам бываюць вельмі пекныя і будзяць добрыя думкі і нацыянальнае пачуццё; іх пазнаць трэба і для таго, каб праканацца навочна, што і ў нашай беларускай мове можна пісаць хораша і разумна, так як і ў іншых мовах”.

Але селяніна яшчэ трэба было пераканаць у важнасці газеты, і аўтар усебакова аргументуе сваю думку, прыбягаючы ў тым ліку і да фінансавага пытання: “А мо скажаш, што ты бедны і не маеш чым плаціць за газету. – І гэты закід нічога не варты. Газета каштуе саўсім мала; няма такога чалавека, каторы бы не сабраў у год рубля-другога, жывучы цвяроза і не выкідаючы грошы на што благое. А ці падумаў ты аб тым, што грошы твае вернуцца да цябе з працэнтам, калі ты пасвятлееш, ды навучышся разумней і лепш вясці сваю гаспадарку”. Урэшце газету можна выпісаць супольна – падказвае Пётра Просты, і гэта дасць яшчэ болей карысці: у сумесных абмеркаваннях можна болей спазнаць і хутчэй дайсці да ісціны.

Разам з тым аўтар папярэджваў, што не кожная газета добрая і карысная. Побач з такімі прадказальнымі рэчамі (кепскія непраўдзівыя газеты, тыя, што спараджаюць варожасць, і г.д.), ён агучвае і не самы відавочны для сваёй пераважна сялянскай аўдыторыі тэзіс: кепская тая газета, што асвятляе выключна матэрыяльныя пытанні і не дбае пра духоўнае, не дае спажытку для душы. І ў гэтым Пётра Просты выяўляў сябе і як будучы святар, што дбае пра духоўнае ўзрастанне, і як чалавек, прасякнуты ідэямі нацыянальнага адраджэння, знаёмы з яго дзеячамі і падставовымі тэкстамі: напрыклад, “Апокрыфам” Максіма Багдановіча.

IMG_6218_1.webp

15 ліпеня 1915 года ў Друі Ільдэфанс Бобіч быў пасвячоны ў сан. Свой святарскі чын ён выконваў у Друі, Ідолце, Міёрах, а на пачатку 1920-х гадоў – у Вільні. Гэты перыяд быў звязаны з яго актыўнай руплівай дзейнасцю па ўвядзенні і пашырэнні беларускай мовы ў касцёле. Хоць ён і меў аднадумцаў-паплечнікаў, трэба адзначыць, што за польскім часам гэтая справа ўсё ж патрабавала цвёрдасці, нязломнасці і вялікай сілы духу. Так, падрыхтаваныя ім “Нядзеляшнія Эвангеліі і навукі”, якія ксёндз Адам Станкевіч называў “першым сучасным беларускім падручнікам духавенству для амбоны”, зведалі шматлікія цэнзурныя мытарствы. На шчасце, гэтая праца ўсё ж пабачыла свет. Кожная з трох яе частак суправаджалася эпіграфам з Кнігі Псальмаў: “Выясненне слоў Тваіх прасвячае і дае зразуменне людзям прастадушным” – цалкам у духу асветніцкай праграмы Бобіча/Простага.

Праактыўная пазіцыя ксяндза Бобіча была заўважаная, але не ў станоўчым сэнсе. Яго пазіцыя не магла задаволіць тагачасную ўладу, не падтрымлівалася польскім духавенствам. У 1923 годзе ён быў накіраваны з Вільні пробашчам у мястэчка Германавічы. З аднаго боку, тут Ільдэфанс Бобіч меў спрыяльны асяродак: у суседніх парафіях працавалі беларускія святары Францішак Рамэйка, Язэп Германовіч, Зянон Якуць, Антоні Зянкевіч. Ён працягваў прамаўляць казанні па-беларуску, навучаў у мясцовай школе, гуртаваў вакол сябе моладзь, заслужыў цёплае, прыхільнае стаўленне ў сваёй парафіі: у Германавічах яшчэ доўга згадвалі і яго яскравыя казанні, і яго чалавечую дабрыню і абаяльнасць. З іншага боку, ён зведаў і ганенні. Так, у “Дзённіку віленскім” з’явілася ананімная публікацыя, скіраваная супраць беларускіх казанняў у касцёле і ў прыватнасці супраць ксяндза Бобіча. На гэтыя закіды ён адказваў (хоць і вельмі асцярожна) у “Аглядзе віленскім”, да дыскусіі далучаюцца таксама Язэп Германовіч, Ян Станкевіч і іншыя ўдзельнікі (1923, № 15–16).

084ea662-9cb0-42d4-9063-cfca7762fa9a.jpg

Хто ведае, магчыма, у тым ліку гэтая публікацыя, як і вечныя перашкоды, адсутнасць сістэмнай падтрымкі, спрычыніліся да таго, што ў беларускім друку больш не з’яўляўся такі цікавы аўтар, як Пётра Просты, “праўдзівую здольнасць” якога адзначаў Максім Багдановіч. У 1930-я гады Ільдэфанс Бобіч наогул надоўга адыходзіць ад беларускай справы. Апошнія чатырнаццаць гадоў яго душпастырскай дзейнасці (1930–1944) прайшлі ў мястэчку Іўе. Тут ён падрыхтаваў гісторыю мясцовай парафіі, а ў апошнія гады свайго жыцця ізноў адчуў патрэбу “сплаціць доўг народу і роднаму пісьменству”. Гэта выліваецца ў падрыхтоўку двух тамоў казанняў “Навучайце ўсе народы”. Ён ізноў з усёй сілай свайго інтэлекту, з усім уласцівым яму красамоўствам бараніў права беларускай мовы ў касцёле і тлумачыў практычную патрэбу ў гэтым. Цікава тое, што ён хацеў, каб гэтую яго працу перад выданнем разглядала адмысловая камісія, і ў гэтым не было ні кроплі самалюбства. Аргументацыя яго была наступнай: “Нам, беларусам, вольна пушчаць у свет толькі добрыя рэчы, бо інакш не будуць наша чытаць і паважаць чужыя”. На жаль, выдаць гэтую фундаментальную працу ў гады вайны не ўяўлялася магчымым. Ды і завяршыць яе ў запланаваным аб’ёме і распачаць наступныя свае праекты ксёндз Бобіч не змог. Ён быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, нейкі час знаходзіўся ў турме, і гэта падарвала яго здароўе. Памёр ён неўзабаве пасля выхаду з вязніцы, не дачакаўшыся вызвалення Беларусі, 28.04.1944. Пахаваны на мясцовых могілках у Іўі.

photo_2026-08-26_20-27-23.jpg

Цяпер у Іўі захоўваецца згаданая манаграфія Бобіча пра гісторыю мясцовай парафіі ў арыгінальнай саматканай вокладцы. Пры гэтым тутэйшыя краязнаўцы не толькі дбайна захоўваюць спадчыну колішняга іўеўскага ксяндза, але і вядуць пошукавую працу па выяўленні новых тэкстаў. Гэтаксама без перабольшання жывая памяць пра Ільдэфанса Бобіча ў Друі. Памяткі пра яго можна знайсці ў Касцёле Найсвяцейшай Тройцы, мясцовым Доме культуры і ў прыватных калекцыях, у тым ліку гэта архіўныя фотаздымкі, ласкава прадастаўленыя адным са сваякоў ксяндза Міхаілам Бакевічам.

І гэта дае спадзяванні, што імя ксяндза Бобіча і пісьменніка Пётры Простага магчыма вярнуць з напаўзабыцця. А ён гэтага безумоўна варты і як чалавек, які натхняе схільнасцю да сістэмнай метадычнай працы, адданым служэннем, усведамленнем сваіх найвышэйшых мэтаў і здольнасцю вярнуцца да свайго, і як аўтар, творчасць якога захапляе сваёй пластычнасцю, гнуткасцю і ліючайся формай.


[1] Апошнім часам часцей можна сустрэць такую варыяцыю яго імені, як Ільдэфонс. Аднак артыкул аўтарства Янкі Саламевіча ў 8-м томе Беларускай Савецкай Энцыклапедыі падае напісанне Ільдэфанс. І менавіта гэтая форма, паводле пісьменніка і віцебскага краязнаўцы Франца Сіўко, была распаўсюджаная ў родных мясцінах Бобіча. Таму падаем тут імя ў такім характэрным для беларускага вымаўлення напісанні.