Сяргей Плыткевіч: «Планета Беларусь» робіцца для тых людзей, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі і любяць падарожжы!”

Автор: Максiм Гальпяровiч
Фото: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц
29 8726

Гэтае інтэрв’ю з заснавальнікам “Планеты Беларусь” надрукавана ў “Краязнаўчай газеце”. Вырашылі прадставіць яго і на нашым сайце…

– Сяргей, першае пытанне, якое я задам, Вы, напэўна, чулі не раз. Чаму Вы назвалі свой сайт «Планета Беларусь»?

– Назва любога выдання мае вельмі вялікае значэнне. Нездарма раней казалі, што як карабель назавеш, так ён і паплыве. Мы вырашылі паставіць для сябе самую высокую планку – максімальна прыгожа і інфарматыўна прадставіць на сваім рэсурсе родную краіну. Мы цудоўна разумелі, што пра яе мала ведаюць не толькі замежныя турысты, але нават і самі беларусы. У мяне ўжо былі фотаальбомы “Мая Беларусь”, “Беларуская экзотыка”, “Нечаканая Беларусь”, “Запаведная Беларусь”, “Планета Беларусь”. Падумалася, што апошняя назва падыходзіць і для краязнаўчага сайта. У будучым мы плануем расказваць не толькі пра Беларусь, але і пра ўвесь іншы свет. Гэты праект мае ўмоўную назву “На арбіце Планеты Беларусь” і гутарка там будзе ісці пра тыя мясціны, якія звязаны з Беларуссю, выхадцамі з нашай зямлі.

1 Плыткевич, вертолет.jpg

– І другое пытанне, у працяг. Навошта Вы, вядомы фатограф і выдавец выдатных турыстычных даведнікаў па розных мясцінах Беларусі, стварылі гэты сайт, які, наколькі я разумею, вымагае сур’ёзных высілкаў і грошай не прыносіць.

– Я думаю, такое ж пытанне задавалі знакамітаму мастаку Напалеону Ордзе, які ў другой палове дзевятнадцатага стагоддзя вярнуўся з Парыжа на радзіму і маляваў шляхецкія сядзібы на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Польшы, Украіны.

2 Новогрудок, Орда.jpg Навагрудак. Малюнак Напалеона Орды і фота Сяргея Плыткевіча

3-Новорудок,-Плыткевич.jpg

Сёння толькі дзякуючы гэтым малюнкам мы можам меркаваць, якім было жыццё нашых продкаў.

4 Боруны, Орда.jpg Баруны. Малюнак Напалеона Орды і фота Сяргея Плыткевіча
5-Боруны,-Плыткевич.jpg

Тое ж самае робім зараз і мы – выкарыстоўваючы сучасныя тэхнічныя сродкі, фіксуем стан Беларусі на пачатку XXI стагоддзя.

6 Мир, Орда.jpg Мірскі замак. Малюнак Напалеона Орды і фота Сяргея Плыткевіча
7-Мир,-Плыткевич.jpg

Мы цудоўна разумеем, што будучыня за інтэрнетам, што людзям можа спатрэбіцца інфармацыя ў любы момант. Турыстычныя даведнікі гэтую праблему вырашыць не могуць, таму мы галоўным накірункам сваёй дзейнасці зрабілі інтэрнет-рэсурс “Планета Беларусь”. Безумоўна, без якога-небудзь дадатковага фінансавання рабіць гэта складана. Але калі мы хочам, каб наша краіна развівалася, хтосьці павінен такую работу выканаць.

– Слоган вашага сайта «Мы адкрываем Беларусь!». Для каго Вы адкрываеце Беларусь? Наколькі беларусы цікавяцца сваёй краінай, яе помнікамі і мінулым і ці расце гэтая цікавасць?

– Дзяржава, грамадзяне якой не ведаюць сваёй гісторыі, не мае будучыні. Гэта аксіёма. І дзяржаве, і яе грамадзянам патрэбны падмурак. Самы моцны падмурак – вялікая гісторыя народа, гэтай зямлі. Яна ў нас ёсць. Але наша гісторыя не такая простая. І зараз мы перажываем складаны час.

Каб лепш даведацца пра гісторыю роднай краіны, трэба падарожнічаць. Трэба бываць у тых мясцінах, дзе вырашаўся лёс нашых продкаў, наш лёс, трэба бачыць муры велічных палацаў і разумець, чаму яны знаходзяцца ў такім стане.

Прыемна, што ў апошнія гады беларусы сталі больш падарожнічаць па роднай краіне. Мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час да нас паедуць і замежныя турысты. Дзеля гэтага, апроч беларускай і рускай версій, зрабілі яшчэ англійскую, нямецкую і польскую. Але, на жаль, яны не цалкам запоўнены.

8 С.Плыткевич на дереве.jpg

– На каго арыентавана «Планета Беларусь»? Гэта турыстычны, краязнаўчы ці інфармацыйны рэсурс?

– «Планета Беларусь» робіцца для тых людзей, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі і любяць падарожжы. Зараз ён накіраваны, у першую чаргу, на жыхароў нашай краіны, але ў любы момант пры неабходнасці мы можам узмацніць версіі на замежных мовах. Акрамя таго, мы павінны думаць і пра манетызацыю рэсурса, ён павінен стаць не толькі турыстычным, краязнаўчым, інфармацыйным, але яшчэ і прадаючым. Для гэтага мы ўжо ўсё падрыхтавалі, спадзяёмся, наведвальнікі скора ўбачаць нашы новыя магчымасці.

9 Плыткевич, дуб в Литве.jpg

– Ваш сайт вельмі разгалінаваны. Ёсць розныя падразделы, праекты. Раскажыце сцісла пра найбольш важныя з іх.

– Сапраўды, жаданне максімальна прадставіць нашу краіну прымусіла стварыць крыху складаную структуру рэсурса. Напрыклад, мы з самага пачатку вырашылі сфатаграфаваць і апісаць усе цікавосткі Беларусі. А каб яны знаходзіліся пошукавымі сістэмамі, стварылі для кожнай дэталёвыя старонкі, зрабілі магчымасць для наведвальнікаў сайта выбраць рэгіён, тэматычную накіраванасць. Але потым аказалася, што ў нас ёсць цікавыя мясціны, але там нічога не захавалася. Таму мы дадалі раздзел “Карта” і стварылі дэталёвыя старонкі населеных пунктаў, можам там жа размяшчаць і апісанні месцаў, дзе раней былі вёскі або хутары. І зараз “Планета Беларусь” – адзіны інтэрнет-рэсурс у краіне, дзе можна знайсці кожную вёску! Такая структура дазваляе паўнавартасна прадставіць любую кропку нашай Радзімы. Але праблема ў тым, што хтосьці павінен знайсці або даць інфармацыю пра той ці іншы населены пункт. На прыкладзе Друі ці Слабодкі ў Браслаўскім раёне можна паглядзець, як можа выглядаць такая старонка. Там мы можам дадаваць інфармацыю пра выбітных асоб, звязаных з гэтымі мясцінамі, пра турыстычныя маршруты і г.д.

Структура сайта з дэталевымі старонкамі населеных пунктаў і цікавостак дала магчымасць зрабіць раздзел “Едзем самі”. У нас падарожнік самастойна можа ствараць маршруты. Для гэтага трэба напісаць пачатак і канец маршрута, прамежкавыя кропкі. З’яўляецца мапа з намаляваным маршрутам, над ёй можна паставіць “птушачку” каля слова «Достопримечательности» – і можна будзе ўбачыць усе цікавосткі па дарозе. Пры жаданні можна перайсці на іх дэталёвыя старонкі і атрымаць больш інфармацыі. Тое ж самае з месцамі, дзе можна пераначаваць і паесці. Я спецыяльна акцэнтую ўвагу на рускай версіі сайта, бо яна распрацавана лепш за іншыя.

На сайце ёсць раздзел “Маршруты”, дзе размешчана каля ста гатовых маршрутаў, “Асобы”, дзе прадстаўлены выбітныя людзі Беларусі. Пры гэтым можна выбіраць па рэгіёнах або тэматыцы. І артыкулы ў нас таксама “прывязаны” да пэўных мясцін, можна паглядзць, што за гэтыя гады мы пісалі, напрыклад, пра Браслаўскі раён або горад Баранавічы.

10-Плыткевич,-книга-Дикая-жизнь.jpg

Яшчэ адна асаблівасць “Планеты Беларусь”: на яе аснове мы можам рабіць тэматычныя рэсурсы. Разам з упраўленнем спорта і турызма Брэсцкага аблвыканкама мы зрабілі рэсурс bresttravel.by, на якім прадставілі Брэсцкую вобласць, па замове Полацкага райвыканкама зрабілі сайт polackland.by, дзе гаворыцца не толькі пра сёняшні Полацкі раён, але і пра гісторыю Полацкага княства. Чаму такое магчыма? Таму што цікавосткі, аб’екты турыстычнай інфраструктуры, мноства іншых матэрыялаў ужо ёсць на “Планеце Беларусь”, нам трэба толькі ў іх характарыстыкі дадаць, што яны адносяцца і да гэтага праекта. А мы можам ствараць рэсурсы і па тэматычнай накіраванасці. Напрыклад, зрабіць рускую, польскую ці яўрэйскую Беларусь. Або літаратурную, тэатральную, мастацкую… Той жа будынак тэатра імя М.Горкага калісьці быў сінагогай. Нам дастаткова паставіць адну “птушачку” ў яго дэталёвай старонцы, і ён з’явіцца на сайце “Яўрэйская Беларусь”, калі мы такі зробім…

Асобная тэма – рэсурсы для аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Мы зрабілі сайт pinskidvorik,by для гасцявога дома “Пінскі дворык”. У ім ёсць не толькі цікавосткі Пінска і Пінскага раёна, але і гатовыя маршруты, якія пачынаюцца ад гасцініцы. Больш таго, прапанавалі адделу спорта і турызма Пінскага гарвыканкама змясціць у фае гасцініцы турінфацэнтр, дзеля гэтага мы стварылі спецыяльны турыстычны сайт па Пінску і бліжэйшым наваколлі, а калідоры гасцініцы упрыгожылі старажытнымі картамі і партрэтамі выбітных гістарычных асоб, якія паспрыялі развіццю горада Пінска.

11-A29V0872pb_1330.jpg Фае “Пінскага дворыка”, дзе размешчаны турінфацэнтр, і другі паверх з галерэяй славутых землякоў
12-A29V0705pb_1330.jpg

– Наколькі я ведаю па сваім уласным рэдактарскім досведзе, адной з галоўных праблем у падобных праектаў з’яўляецца недахоп вартых і цікавых тэкстаў, паколькі, на вялікі жаль, аўтараў, якія пішуць змястоўна і займальна ў Беларусі няшмат. Ці сутыкаліся вы з такой праблемай? Хто вашыя аўтары? Ці дапамагаюць вам краязнаўцы?

– Сапраўды, гэта вельмі сур’ёзная праблема. Наш рэсурс робіцца невялічкай групай аднадумцаў. Калі б у мяне былі грошы, я б спакойна замаўляў розныя цікавыя тэмы ў аўтарытэтных аўтараў. Але такой магчымасці зараз у нас няма. Таму і прыходзіцца шукаць розныя варыянты супрацоўніцтва. Ёсць добрыя прыклады: разам з гродзенскім гісторыкам Яўгенам Аснарэўскім мы зрабілі цыкл гістарычных матэрыялаў пра розныя будынкі горада Гродна, зараз працуем над кнігай “Бацька Нёман”. Яго тэксты + мае здымкі даюць, на мой погляд, выдатны эфект. З удзячнасцю я магу нагадаць Людмілу Хмяльніцкую, Таццяну Хвагіну, Юрыя Жыгамонта, Анатоля Вараву, Хрыстафора Хількевіча і некаторых іншых аўтараў. Але большасць краязнаўцаў і журналістаў, на жаль, пакуль не жадаюць падзяліцца напрацаваным матэрыялам і прадставіць на “Планеце Беларусь” свае рэгіёны. Асабліва крыўдна бывае, калі чалавек у фэйсбуку пазіцыяніруе сябе як патрыёт той ці іншай мясцовасці, просіш яго напісаць пра родную вёску, ён абяцае і… нічога не робіць.

14 Плыткевич, комары.jpg

– І на завяршэнне размовы: якім Вы бачыце развіццё «Планеты Беларусь» у бліжэйшы час?

– “Планета Беларусь” павінна стаць не толькі інфармацыйна-краязнаўчым рэсурсам, але і месцам, дзе можна набыць усе неабходныя падарожніку паслугі. Вы прыехалі ў Браслаў, напрыклад, на вашым тэлефоне адзначаны каардынаты, дзе знаходзіцеся. Адкрываеце дадатак “Планета Беларусь”, або заходзіце на наш сайт і атрымліваеце інфармацыю пра цікавосткі побач, даведваецеся, дзе можна паесці, пераначаваць, купіць мясцовыя прадукты, якія цікавыя мерапрыемствы ў бліжэйшы час тут будуць праходзіць. Засталося дробязь – запраграмаваць задуманае і давесці для патэнцыйных турыстаў, што з дапамогай нашага рэжсурса можна замаўляць і аплочваць такія паслугі…

13 Несущиеся зубры.jpg