pl | de | by | en

Сёмкаўскі палац: ад апошняга мінскага ваяводы Адама Хмары да сучасных валанцёраў…

Автор: П. Каралёў, гісторык, Т. Хамянкова, экскурсавод
Фото: С. Плыткевіча

У гістарычных крыніцах Сёмкава вядома з XVI ст. Узнікла пры старым Мінска-Віленскім гасцінцы. Аднак ёсць падставы гаварыць пра з’яўленне Сёмкава ў ранейшы перыяд.

Першым з уладальнікаў, ад якога верагодна і паходзіць назва Сёмкава, з’яўляецца віленскі кашталян (кашталян – кіруючы замкам), вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча – Сенька Гедыголдавіч. Менавіта гэты чалавек быў уладальнікам многіх паселішчаў на Беларусі, у тым ліку і мястэчка Мір на Наваградчыне, дзе пазней паўстаў знакаміты Мірскі замак. На гэтых жа землях да яго дзейнасці адносяць заснаванне першага касцёла ў Радашковічах. Менавіта па дарозе з Радашкавічаў на Мінск і паўстала Сёмкава.

Наступнымі ўладарамі, з якімі звязаны новы віток развіцця Сёмкава, з’яўляюцца князі з роду Саламярэцкіх. Знакамітае Саламярэчча, адкуль і назва князей, знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў адсюль.

Назва ж Сёмкава змяняецца на Сёмкаў-Саламярэцкіх. А апошняя прадстаўніца гэтага рода княжна Алена прыносіць Сёмкава ў пасаг будучаму свайму мужу Багдану Сцеткевічу (Статкевічу). Багдан Сцеткевіч праславіўся заснаваннем многіх праваслаўных святыняў – манастыроў у Оршы (сярод іх знакамітая куцейнская лаўра), Буйніцкага манастыра, Баркулабаўскага, Тупічэўскага на Мсціслаўшчыне і інш. З гэтай мэтай Багдан Сцеткевіч і яго жонка кн. Алена з роду Саламярэцкіх шчодра ахвяравалі ўласнасць, грошы і інш.

Аднак неўзабаве маёнтак Сёмкаў пераходзіць да наступных уладароў, якія змяняліся адзін за другім, пакуль не адыйшоў да роду Сапег. Гэты род свае сёмкаўскія ўладанні з цягам часу перадаў актыўнаму служачаму, з якім звязана сапраўднае развіццё Сёмкава – Адаму Хмары. Чалавеку, які ад пасады мінскага лоўчага дайшоў, нарэшце, да звання мінскага ваяводы. З ім звязана далейшае развіццё Сёмкава, а перадусім пабудова палаца-паркавага ансамбля.

1-DJI_0976-2pb_1330.jpg

Сёння Сёмкава ляжыць ў маляўнічай мясцовасці, непадалёк ад Заслаўскага вадасховіша і вадасховішча Сялюты, каля зліяння прытокаў Свіслачы: рэк Вячы і Чарняўкі.

У сядзібным комплексе захаваўся вялікі паркавы масіў, старыя алеі, сядзіба (у руінах), флігелі і г.д. Захаваўся будынак школы-інтэрната (1961 год пабудовы).

2-A29V7625pb_1330.jpg

Сёмкава зведала, як ужо адзначалася, часы росквіту і заняпаду. Зараз жа настаў час збіраць камяні, пакрысе вяртаць былую славу гэтаму месцу.

3-DJI_0995pb_1330.jpg

Cядзібна-паркавы комплекс Сёмкава

Упершыню сядзіба ў Семкаве была пабудавана пры ўладаранні Багдана Сцэткевіча (Статкевіча). Яна была зроблена з дрэва ў стылі рэнесанс, з невялікай абарончай вежай пасярэдзіне.

3a.jpg

Гэтая сядзіба сталася першай і, верагодна, размяшчалася дзесці непадалёк ад сучаснай.

Пабудова першага каменнага палацавага комплекса ў Сёмкаве звязана з асобай апошняга менскага ваяводы Адама Хмары. Сядзіба задумвалася як раскошная рэзідэнцыя магнацкага роду Хмараў, таму ў 1770-1780-х гг., на схіле гісторыі Рэчы Паспалітай, распачалося шырокае будаўніцтва. Неабходны матэрыял дастаўляўся з розных мясцін: шкло – з Налібоцкіх мануфактур Радзівілаў, цэгла з Заслаўя, кафля рабілася на месцы.

8-9.jpg Адам Хмара і яго жонка Марыяна

Архітэктарам гэтага будаўніцтва быў знакаміты італьянец, які вёў шырокую дзейнасць на беларуска-літоўскіх землях, Карла Спампані. Менавіта ён у гэты час узводзіць многія рэзідэнцыі (у тым ліку непадалёк, у Заслаўі).

Вялікі комплекс, які ўзводзіўся для А. Хмары, уключаў сядзібу, два флігеля (левы для гасцей, правы для слуг), парадны двор, прыгожы парк.

У цэнтры сядзібы ўтвараўся прыгожы уваход паміж калонаў, на франтоне красаваліся шляхецкія гербы ўладальнікаў, а ўнутры было багатае аздабленне, вялікая бібліятэка, архіў, фамільныя партрэты.

Побач у вялікай зале ладзіліся балы, граў уласны аркестр. Неаднаразова сюды завітвалі знакамітыя госці... Пісьменнікі, паэты, мастакі. Маглі нават каралі! Вядомы факт, што Адам Хмара запрашаў да сябе ў сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Для яго быў аздоблены спецыяльны “каралеўскі” пакой.  

4a_1330.jpg

Апроч таго, 9 ліпеня 1876 года тут пабываў знакаміты мастак Напалеон Орда, які пакінуў малюнак палаца з тыльнай часткі. На пярэднім плане дом садоўніка.

5_1330.jpg

Але першым з мастакоў, хто пакінуў нам выяву палаца ў Сёмкава, быў Юзаф Пешка. Яго малюнак датуецца 1800 годам. На ім мы бачым сам палац, парадны двор і яго агароджу.

У 1780-х пра сядзібу была напісана паэма ў вершах “Палац у Сёмкаве” (аўтар Міхал Дудзінскі), у якой праслаўляўся Адам Хмара, як разумны гаспадар, які належна распараджаўся сваімі капіталамі (маецца на ўвазе пабудова прыгожай сядзібы). Той жа Адам Хмара склаў спецыяльную інструкцыю для эканома, як трэба паводзіць сябе з сялянамі. У гісторыі Адам Хмара быў апошнім мінскім ваяводай, бо пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ваяводствы былі скасаваны.

9a.jpg Палац у Семкава. Галоўны франтон з калонамі і гербам. Здымак да 1914 года. Знойдзены ў Парыжы ў апошніх гаспадароў палаца.

Ужо ў пач. ХХ ст. тут былі Янка Купала (працаваў паблізу на панскім бровары), Я. Колас і інш. Якуб Колас пісаў свае творы ў Сёмкаве (паэма “Новая Зямля”, апавяданне “Салавей” і інш.).

7_984.jpg Якуб Колас у Сёмкаве, 1922 г. Сядзіць разам з сынам Юрыем каля тыльнай часткі палаца.

Тым не менш, сядзіба зведала не толькі часы росквіту, але і заняпаду. Не пакінуўшы прамых нашчадкаў, сядзіба пасля Адамы Хмары перайшла да яго брата Іахіма, затым да ягонага сына і гэтак далей. А ў канцы ХІХ ст. яе выкупае род Хелкоўскіх. Неўзабаве адбываецца рэвалюцыя, і новыя улады канфіскоўваюць сядзібу. Засталіся страшныя звесткі пра тое, як адбывалася рабаванне сядзібы. “Мастацкія габелены ўжываліся на парцянкі, а вялікія малюнкі, пісаныя на палатне, драліся на доўгія кускі для абмотак” (пісалі газеты таго часу).

У будынку былой шляхецкай сядзібы быў створаны дзіцячы інтэрнат. Дзеці, якія тут навучаліся, жілі ў сядзібе.

10-AJ3I8093_984.jpg

Цікавыя старонкі гісторыі звязаны з часамі апошняй вайны. У пачатку 1944 г. адбыўся ўнікальны выпадак, калі, ратуючы дзяцей ад немцаў, партызаны брыгады “Штурмавая” змаглі за адну ноч незаўважана вывезці дзяцей (274!) на падводах (каля 60-70 падвод) у партызанскую зону і аддаць ў навольныя вёскі ў сем’і. Аднак, на жаль, пры гэтым пацярпела сядзіба, якая была спалена... Толькі пасля вайны яна была адноўлена, праўда, ужо не ў такім выглядзе. Пытанне аднаўленне сядзібы застаецца актуальным і на сённяшні дзень.

Моцныя разбурэнні сядзібы адбыліся ў канцы 1990-х – пач. 2000-х.

4d.jpg Макет сядзібы, зроблены ў 2011 г. Аўтары М. Бярэзіна,Т. Вайтэнка.

Але мы спадзяемся, што палацава-паркавы комплекс яшчэ можна будзе аднавіць…

Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава. Сучасны стан

Пасля закрыцця Семкаўскай школы-інтэрната санаторнага тыпа было прызнана, што дах палаца знаходзіцца ў аварыйным стане. У 2004 года палац у Сёмкаве застаўся без даху, пачалося імклівае разбурэнне сценаў.

12-DJI_0989pb_1330.jpg

З 2012 па 2014 г. на тэрыторыі дзейнічала арганізацыя “Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі” і фонд “Сям’я – Яднанне – Айчына”. За пазначаны час былі праведзены работы па кансервацыі палаца, створана выставачная зала з артэфактамі з сядзібы. Каб паглядзець сёмкаўскую сядзібу, французскі і англійскі паркі, сюды завітвалі аўтобусныя туры з экскурсіямі. У Сёмкава прыязджалі валанцёры з розных краін Еўропы, у тым ліку з Расіі, Украіны, Германіі, Ірландыі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі і інш. На жаль, пасля завяршэння дзейнасці праекта палац зноў застаўся без гаспадара, і па большай частцы – без даху...

13-DJI_0001pb_1330.jpg

З 2015 па 2018 год тэрыторыя сядзібнага комплексу знаходзілася без аховы, таму імкліва адбываўся крадзеж маёмасці. Высілкамі валанцераў і былых супрацоўнікаў была выратавана большасць экспанатаў музея. На тэрыторыю комплекса неаднойчы выклікалі супрацоўнікаў МУС і прадстаўнікоў СМІ для прадухілення рабавання.

14-A29V7668pb_1330.jpg

Суполка мясцовых валанцераў неаднойчы самааргнізоўвалася для прыбірання паркаў комплекса і для абкосу тэрыторыі, пакуль ён не пачаў праводзіцца мэтанакіравана.

15-AJ3I8153pb_1330.jpg

З верасня 2018 года комплекс, нарэшце, ахоўваецца вартаўнікамі. Наймальнік: аддзел ідэалогіі, культуры і маладзёжнай палітыкі Мінскага раённага выканачага камітэта. Увосень 2018 быў праведзены поўны абкос тэрыторыі сядзібнага комплексу. Узімку рэгулярна чысціўся снег. Зімой падчас стайвання снегу моцна абсыпаліся сцены палаца, абвальваліся цэлыя цагліны, сцены…

З вясны 2019 тэрыторыя, якае мае гістарычную каштоўнасць, абкошваецца.

Другая частка сядзібнага комплекса, будынкі якой не ўяўляюць сабой гістарычнай каштоўнасці, даглядаецца УП ЖКГ Мінскага раёна.

Другі навучальны год прадстаўніком валанцёрскай супольнасці праводзяцца заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах краязнаўчага накірунка “Сёмкаўскі край”, што дзейнічае пры мясцовай школе. Вучні розных класаў знаёмяцца з гісторыяй Сёмкава падчас экскурсій па школьным краязнаўчым кутку і па сядзібе. Юныя гурткоўцы асвойваюць прафесію экскурсавода, бяруць удзел у валанцёрскіх прыбіраннях, здымках відэа для ю-туб канала “Сёмкаўскі край”, а таксама ў шматлікіх краязнаўчых конкурсах.      

Супольнасцю неабыякавых экскурсаводаў, краязнаўцаў, валанцёраў была распрацаваная канцэпцыя фестываля “Х_мара” у сядзібна-паркавым комплексе Сёмкава, замова на правядзенне якога была пададзена ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт у чэрвені 2020 года. Па прычыне эпідэміі каронавіруса фестываль не адбыўся.

Увесну 2020 года высілкамі валанцераў наладжана прыбіранне смецця ў французскім рэгулярным парку і яблыневым садзе.

З вясны па восень 2020 года праведзены гістарычныя, арніталагічныя, батанічныя экскурсіі з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы захавання палацавага комплекса і паркоў Сёмкава. Праз дадзеныя экскурсіі значна папоўніліся шэрагі мясцовай супольнасці валанцёраў. Пасля экскурсій пачалі адбывацца штотыдневыя прыборкі тэрыторыі і сходы.

16-AJ3I8159_984.jpg

Найбольш буйным мерапрыемствам мясцовай супольнасці валанцёраў стаў восеньскі валанцёрскі сход, які ўключыў у сябе прыбіранне сядзібных паркаў, экскурсіі, дыскусію “Х_мара” (пошук актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплекса Сёмкава), канцэрты.

За падзеямі і планамі мясцовай супольнасці валанцёраў можна сачыць праз суполку “Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава” у сацыяльных сетках Вконтакте і facebook.

Бліжэйшае мерапрыемства

20 снежня 2020 года святкаванне 300 годдзя са дня нараджэння Адама Хмары:

  • Анімацыйная экскурсія па сядзібна-паркавым комплексе Сёмкава;
  • Сямейная гульня-квэст па сядзібна-паркавым комплексе Сёмкава;
  • Канцэрт музыкі шляхецкіх сядзібаў ХVIII ст.

12 VnCMERW42oE.jpg

Каляндар падзей на 2021 год

Люты:

Да дня нараджэння мастакоў Напалеона Орды і Юзафа Пешкі: мастацкі плэнер і лекцыя па мастацтве XVIII ст.

Угодкі ратавання выхаванцаў сёмкаўскага дзіцячага дома: мітынг ля помніка на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплекса Сёмкава.

Красавік:

Да міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін: прыборкі сядзібных паркаў і вясновы злёт валанцераў, экскурсіі ў межах “Фэста экскурсаводаў”.

Чэрвень:

Да 249 годдзя ад пачатку будаўніцтва палаца Хмараў у Сёмкава:

Культурна-адукацыйны фестываль “Х_мара” (музыка, спевы, майстар-класы, дзіцячая праграма, кірмаш рамёстваў, экскурсіі, дыскусіі і г.д.).

Ліпень:

Да дня нараджэння Янкі Купалы: экскурсіі, музычна-паэтычная вечарына.

Кастрычнік:

Да ўгодкаў са дня вянчання бацькоў Максіна Багдановіча: экскурсія па царкве ў в. Сёмкаў Гарадок, лекцыі і музейныя заняткі, музычна-паэтычная вечарына.

Лістапад:

Да дня нараджэння Якуба Коласа: прыборкі паркаў і восеньскі злёт валанцераў, фестываль “Сёмкаўскі яблык”, экскурсіі, музычна-паэтычная вечарына.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые