pl | de | by | en

Топ-7 фактаў пра замак-прывід на Палессі, які знік 300 гадоў таму

Автор: Алесь Кіркевіч, Будзьма беларусамі!
Фото: Радыё Свабода
Ссылка: budzma.by

Назвы Жабер, што на поўначы Берасцейшчыны, вы не пабачыце ў турыстычных буклетах побач з Мірам, Наваградкам ці Лідай. Ды і эпітэт «замак», відаць, не самы прыдатны, хутчэй фартэцыя. Чым у такім разе яна цікавая? Папраўдзе, усяго адным гістарычным эпізодам: сваім кароткім росквітам і раптоўнай гібеллю. Гэтыя абставіны і сталіся для мясцовых, археолагаў і авантурыстаў нагодай доўгія гады шукаць у ваколіцах колішняй фартэцыі артэфакты мінулага.

Пераапрануў слуг у маскавітаў і «нацкаваў» на канкурэнта

Упершыню двор Жабер згадваецца пад 1546 годам. Побач, за пяць кіламетраў, – мястэчка Хомск, якое некалі было ХоЛмскам. Гэта вельмі характэрна, бо збудаванае яно на пагорку сярод багнаў. У наступным багны зрабіліся дадатковым абарончым фактарам і для самой фартэцыі. Падчас «Невядомай вайны» Жабер, найхутчэй, быў яшчэ дваром, бо ні пра якія сутычкі і аблогі ў гэтым кантэксце згадак няма, хоць праз тыя мясціны і праходзіла расійская групоўка Хаванскага.

bomby.jpg

Усе канфлікты тут да пэўнага часу зводзіліся да побытавых  разборак”. Так, прыкладам, у 1660-м, як паведамляюць судовыя кнігі, уласнік Жабера пераапрануў сваіх слуг у маскоўскіх стральцоў і «натравіў» на канкурэнта з прозвішчам Навіцкі. Тыя з крыкамі «Рубі! Рубі!» загналі Навіцкага ў раку, а няўдаха ледзь не патануў.

Жабер як магніт прыцягваў і Радзівілаў, і Вішнявецкіх

Усё цікавае ў Жаберы пачынаецца крыху пазней. Фартыфікацыі тут пачынаюць будавацца за Янам Каралем Дольскім, які зрабіў бліскучую кар’еру за Янам Сабескім. Яму акурат належала большасць маёнткаў у Пінскім павеце, тут жа Дольскі збудаваў два замкі: Жабер і Каралін. Чаму ён укладаўся менавіта ў гэты, згублены сярод багнаў, рэгіён? Таямніца.

Маёнтак у Жаберы на той час налічваў пад тысячу падданых: гэта нямала, але ў параўнанні з маёнткамі Радзівілаў – не так і шмат. Разам з тым, толькі за 1690 год тут ажно пяць разоў бывае Караль Станіслаў Радзівіл, згодна з ягоным жа дзённікам. А гэта ўжо паказчык статусу.

karol.jpg

Пасля смерці Дольскага маёнткам валодае ягоная ўдава Ганна, Радзівіл працягвае наведвацца і да яе… Пасля ўдава прадае ўсё майно Міхалу Вішнявецкаму і з’язджае ў Варшаву. Вішнявецкія ўпісваюць спадчыну ў свой тытул, робячыся «Вішнявецкімі па Дольску» – для іх гэта важна. Гісторыкі звязваюць гэта з інтарэсамі магнатаў у Пінскім павеце. На гэты момант Жабер выглядае як умацаваная земляная фартэцыя, а Каралін – хутчэй не фарпост, а рэпрэзентатыўная рэзідэнцыя пад Пінскам.

Арсенал, лепшы за Слуцк і Біржы

Міхал Вішнявецкі – не толькі магнат, але і, мякка кажучы, не апошні чалавек у «генштабе» ВКЛ: спачатку польны, а пасля і вялікі гетман. Карыстаючыся пасадай, ён спрабуе ператварыць Жабер у сапраўдны Форт Нокс. Зразумела, не за свае грошы, а за дзяржаўныя. Напярэдадні і на першым этапе Паўночнай вайны Вішнявецкі збірае ў Жаберы фантастычны артылерыйскі арсенал.

pagonia.jpg

Давайце параўнаем з іншымі арсеналамі ВКЛ: у Біржах 53 гарматы, у Слуцку – 47, а ў «нейкім там» Жаберы – ажно 58! Прычым і ў Біржах, і ў Слуцку Радзівілы збіралі арсеналы дзесяцігоддзямі, а ў Жаберы на ўсё было максімум дваццаць гадоў. Нешта Вішнявецкі вязе з Віленскага арсенала, нешта здабывае шляхам экспрапрыяцыі, напрыклад, тры цяжкія гарматы былі прывезеныя з Ляхавіцкага замка Сапегаў (апошнія падтрымалі ў вайне шведаў). Адна з іх з калібрам 15 см важыла больш за 2 тоны. Так у замку збіраецца ўнікальны арсенал з тонаў бронзы, аздобленай мастацкім ліццём.

Карл ХІІ пад сценамі Жабера: «Даю вам 24 гадзіны…»

Вясной 1706 года Карл ХІІ падыходзіць да Пінска. Паперадзе яго крочыць слава непераможнага і жорсткага военачальніка, гарнізоны скараюцца яму адзін за адным. Так, Нясвіж здаўся за гадзіну, якую кароль даў абаронцам для роздуму. У Ляхавічах замкнуліся 1500 казакоў Мазэпы, але і тыя здаліся, даведаўшыся, што Карл разбіў рускі корпус, які ішоў ім на дапамогу.

Але Жабер на той момант – наймацнейшы  ў рэгіёне, падрыхтаваны выдатна! Ды і весці аблогу сярод багнаў зусім не зручна. Але… слабы маральны дух усё сапсаваў. Цікава, што шведы перахапілі ліст, скіраваны абаронцам, дзе даецца загад затапіць у выпадку чаго ўвесь арсенал. Такім чынам, у стойкасць абаронцаў не верылі нават военачальнікі.

9 траўня 1706 года да Жабера падышоў чатырохтысячны корпус шведаў, а праз тры дні даехаў і сам Карл ХІІ. Кароль даў абаронцам на роздум 24 гадзіны (больш, чым іншым фартэцыям), пасля чаго гарнізон вывесіў белы сцяг. У выніку 815 абаронцаў трапілі ў палон, шведы атрымалі 58 гарматаў, якія абаронцы так і не затапілі, а таксама… знайшлі ў сутарэннях сваіх палонных суайчыннікаў, якіх тут трымалі ажно з 1702 года.

Хабар у 2000 дукатаў і немінучая расплата

Затрымлівацца ў Жаберы шведам не было аніякага рэзону, таму ўмацаванні трэба было спаліць і зрыць, палонных – адправіць у Швецыю, а арсенал – знішчыць, вывезці альбо надзейна схаваць. Аб практыцы зрывання валоў і знішчэння фартыфікацыяў мы ведаем на прыкладзе Нясвіжа. Замак руйнавалі 10 дзён, а 23 траўня Карл ХІІ зноў прыязджае сюды, каб зірнуць на вынік. Пасля шведы рушылі далей, на Валынь, а замак так на стагоддзі і застаўся «раскіданым гняздом»: больш ужо ніколі тут нічога не будавалі.

garmata.jpg

Так замак ператварыўся ў легенду: ужо ў 1730-м, неўзабаве па сканчэнні Паўночнай вайны, сюды прыязджае Міхал Радзівіл Рыбанька, каб зірнуць, што засталося ад Жаберскай фартэцыі. Але найбольш да фармавання легенды спрычыніўся Юльян Нямцэвіч, які апісаў у мастацкай форме «здраду каменданта» Яна Бутмана, які нібыта атрымаў ад шведаў 2000 дукатаў за здачу замка. Пасля яго нібыта забіў асабіста Карл ХІІ, які як рыцар з агідай паставіўся да ўчынку вайскоўца.

Гісторыя каменданта ў выніку аказалася рамантычнай прыдумкай. Рэальны Бутман апынуўся ў палоне і трапіў у Швецыю. Захаваліся нават звесткі, як ён патрабуе ад сваіх турэмшчыкаў, каб тыя вярнулі яму, шляхцічу, канфіскаваную фамільную зброю. Паводле шведскіх гісторыкаў, не толькі камендант, але і іншыя палонныя былі перапраўленыя ў Швецыю і разышліся потым па ўсёй краіне. Ці вярнуўся хто? Невядома.

Гармата 1631 года ў засеку з аўсом

Замчышча тым часам няўмольна зарастала і ператваралася ў пустку, равы – у балота. Адно сяляне з навакольных вёсак знаходзілі тут то ядры, то старадаўнія манеты. Паводле законаў Расійскай імперыі, усе габарытныя знаходкі, кшталту гарматаў, трэба было перадаваць у Пецярбург. Тут і пачынаюцца дэтэктыўныя гісторыі. Прыкладам, знойдзеныя ля Жабера ў 1903-м некалькі гармат да царскай сталіцы так і не даехалі: зніклі невядома куды са станцыі Драгічын.

Дакладна вядома пра лёс як мінімум адной гарматы, якую прыхаваў Антоні Ісідор Віславух, уладальнік маёнтка, што месціўся побач. Адзінаццаць гадоў ён захоўваў гармату… у засеку з аўсом. Коні да канца ніколі не даядалі, таму гармата ўвесь час была надзейна прысыпаная.

garmata1.jpg

У 1915-м, падчас адступлення рускіх войскаў, Віславух вырашыў перахаваць гармату ў парку, але нехта расказаў пра хітрыкі пана маёру-немцу, які прыйшоў да Антонія і запытаўся пра гармату ў лоб. Той быў змушаны паказаць схованку. Як культурны чалавек немец прапанаваў Віславуху дамову: немцы не чапаюць гармату, але пан пазначае маёра як асобу, што дапамагла ў захаванні гістарычнай спадчыны.

Так гармата даляжала да савецка-польскай вайны 1920 года. Тады ўжо спадзявацца на культуру захопнікаў не было рэзону: уся калекцыя старажытнасцяў Віславуха з дапамогай генерала Сікорскага адпраўляецца ў Варшаву. Сярод экспанатаў была і гармата 1631 года адліўкі, якая і сёння захоўваецца ў Музеі войска польскага.

Вядома таксама пра знаходку ў 1910-м годзе прыкладна 10 гарматаў, якія разышліся немаведама куды. Магчыма, нешта пераплавілі, нешта схавалі, нешта прадалі: звестак няма. Ужо за савецкім часам, у 1960-я, на замчышчы працавала навуковая экспедыцыя, апантаная знаходкамі жаберскай артылерыі, але безвынікова.

Ад 5 да 7 гарматаў з Жабера сышлі за апошнія 10 гадоў

Даследаванні Жаберскага замка археолагамі і дайверамі аднавіліся ў 2015 годзе. Гэта ўнікальная гісторыя для беларускай падводнай археалогіі: праца ў забалочаных равах фартэцыі і ў рэчышчы Ясельды ідзе ўзімку, бо ў цёплую пару года гэта нашмат складаней. Ядры і кавалкі драўляных замкавых канструкцыяў даследчыкі выцягваюць са слаёў ілу, які нагадвае «манную кашу»… Плюс сітуацыі ў тым, што іл выдатна кансервуе знаходкі: як драўляныя кавалкі разваднога мосту са слядамі агню (мост, відаць, шведы палілі ў апошнюю чаргу), так і марцірныя бомбы, вага якіх дасягае 50 кг.

dajver2.jpg

Разам з тым даследчыкі не страчваюць надзеі дабрацца і да гарматаў. Паводле разлікаў дайвераў і гісторыкаў, пэўную частку з 58 гарматаў расцягнулі за часамі Расіі. Ад 5 да 7 гарматаў, як ні дзіўна, хутчэй за ўсё сышлі ўжо за апошнія 10 гадоў (ёсць ускосныя сведчанні, што нешта ўсплывала на чорным рынку). Але нешта мела і застацца. 5, 10, 20? Не ведае ніхто.

Экспедыцыі працягваюцца штогод, хлопцы працуюць за ўласныя грошы і толькі гэтай зімой упершыню атрымалі салярку з бензінам ад мясцовых уладаў. Працоўная група, у прыватнасці, кіраўнік дайвінг-цэнтра «Марскі Пегас» Уладзімір Ліхачоў, запрашае далучацца да росшукаў у наступным сезоне ўсіх ахвочых. У такім разе, магчыма, Беларусь неўзабаве атрымае не толькі каштоўныя артэфакты, але і новы турыстычны пункт – замак у Жаберы.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
10 разрушенных белорусских замков, которые стоит посетить этой осенью

Неприступные крепости, укрепленные замки, оборонные храмы –

Статьи
На Брестчине из недр озера подняли военное снаряжение времен ВКЛ

Экспедиция ученых Института истории Национальной академии наук

Статьи
Легендарные белорусские клады, которые еще предстоит найти

Наверное, каждый из нас читал в детстве «Остров сокровищ» и

Самые популярные Самые обсуждаемые