20 снежня, а па другіх звестках 22 снежня 1720 года нарадзіўся будучы заснавальнік палаца ў Сёмкаве. Пасля хрышчэння хлопчык атрымаў імя Адам Міхал Станіслаў Хмара. Чым быў знакаміты гэты чалавек і чаму варта ўрачыста адзначыць 250-годдзе ад пачатку будаўніцтва палаца ў Сёмкаве ў надыходзячым 2022 годе? Едзем у Сёмкава.
Адам Хмара з’яўляўся адным з самых значных асобаў Міншчыны. Пачынаў сваю кар’еру з пасады лоўчага (кіраўніка палявання), а ў гісторыі ён стаў вядомы як апошні менскі ваявода, бо пасля яго гэтай пасады ўжо не існавала.
Уладанні Адама Хмары былі дастаткова вялікія. Сёння гэта вёскі Цнянка, Зацань, Навінкі, што знаходзяцца ў межах Мінска. Адна з падобных вёсак так і называлася Цна Хмарынская. Уся тэрыторыя, якая належыла роду Хмар, складала звыш 20 тысячаў гектараў. Каб праехаць праз былыя ўладанні Хмараў выбіраем маршрут: Навінкі – Сёмкаў Гарадок – Сёмкава.
Лясы, якія былі ў вялікай колькасці на поўнач ад Мінска, называлі Хмарынскія пасекі, бо тут ішла іх актыўная вырубка. Больш дакладна тапонім “пасека” азначае “новае поле, нядаўна высечанае з-пад лесу”. Дарэчы, сімвалічна, што зараз гэту гістарычную назву вярнулі ва ўжытак. У 2011 г. паводле прапановы тапаграфічнай камісіі Рэспублікі Беларусь гэтая гістарычная назва павінна вярнуцца на карты горада. Новыя жылыя кварталы “Паўночны-1”, “Паўночны-2” будуць называцца “Хмарынскія пасекі-1”, “Хмарынскія пасекі 2”.
Другая назва з якой можна сустрэцца па шляху – гэта назва “Зацань”. Гэта назва старога маёнтка і вёскі, уладаром якіх таксама быў мінскі ваявода. Вядома, што у гістарычных дакументах уладар Адам Хмара называўся спадчыным панам “ў Зацані”. Маёнтак Хмары ў Зацані складаўся з сядзібы, гаспадарчых пабудоў, млына, фруктовага саду і інш. Сёння тэрыторыя панскага маёнтка і старая вёска Зацань таксама з’яўляецца адным з мікрараёнаў Мінска (у межах кальцавой дарогі).
Яшчэ адно паселішча пры старой віленскай дарозе – гэта Сёмкаў Гарадок. Месца вядомае яшчэ з 16 ст. як Гарадок Саламярэцкі, па назве мясцовых князей. У пач. 19 ст. паселішча атрымлівае новую назву “Хмарын гарадок” па назве ўладальніка і мясцовага памешчыка Адама Хмары (пазней назва была перайменавана ў Сёмкаў Гарадок па бліжэйшай вёсцы Сёмкава). У цэнтры паселішча збярогся будынак храма, які пабудаваў апошні менскі ваявода Адам Хмара.
Храм Раства Прасвятой Багародзіцы пабудаваны ў 1791–1802 гг. У 1866 г. пасля чарговага нацыянальна-вызваленчага паўстання храм быў пераасвечаны на царкву і дзейнічаў ужо як праваслаўны. Малавядомы факт, але менавіта ў гэтым храме ў 1888 г. вянчаліся бацькі Максіма Багдановіча: Адам Ягоравіч і Марыя Апанасаўна.
Некалькі словаў неабходна сказаць пра самога ўладальніка Сёмкава. Адам Хмара прымаў удзел у соймах Вялікага княства Літоўскага, атрымлівае вышэйшыя дзяржаўныя узнагароды. Ён кавалер ордэнаў Белага Арла і святога Станіслава – вышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай.
Развіваў Адам Хмара і эканамічную дзейнасць. Па яго загаду ўзводзіліся вадзяныя млыны, цагельні, вінакурні. Апроч таго, на сваіх суднах Адам Хмара спраўляў зерне па Нёману ў Прусію. Аднак ваявода не толькі ўзводзіў шэраг пабудоў, але і цікавіўся жыццём сялян.
XVIII ст. з’яўляецца часам, калі ў гаспадароў паступова змяняецца стаўленне да сваіх падданых. Эпоха Асветы накладае свой адбітак на светапогляды людзей. Адчыняюцца школы для сялян, адукацыя становіцца ўсё больш даступная. Вядома, што ўладальнік Сёмкава Адам Хмара напісаў спецыяльную “інструкцыю для аканома”, у якой указваў, як вясці сябе з сялянамі: “З падданымі больш цярплівасці, больш дагляду, больш працы патрэбна, а менш суровасці ўжываць”, акрамя таго “больш павіннасці нікога да нічога” не прымушаць, адміністрацыя павінна была паступаць з імі “па-чалавечы і па-хрысціянску”. Як адзначаюць гістарычныя крыніцы, для мужыкоў, ён быў “айцом і дабрадзеем”. Вядома, што нават сваёй апошняй воляй перад смерцю ён дараваў ім падатак ўрадавы, а слугам падвойную пенсію аплаціць прызначыў.
Такое стаўленне да людзей не магло не застацца незаўважаным, таму на Міншчыне было папулярным такое выслоўе: “Ветлівы як пан мінскі ваявода”. Чалавека, які так жа прыязна ставіўся да іншых, можна было параўнаць з мінскім ваяводам.
Як выглядаў апошні мінскі ваявода вядома з партрэта. Гэты партрэт Адама Хмары застаўся вядомым дзякуючы дзейнасці беларускага літаратара і гісторыка Аляксандра Ельскага. Менавіта Ельскі набывае ў пач. 20 стагоддзя багатую перапіску мінскага ваяводы, а таксама яго партрэт. Сёння партрэт Адама Хмары вядомы толькі па публікацыі пачатку ХХ ст. Партрэт яго жонкі збярогся і зараз знаходзіцца у сядзібе-музеі Ваньковічаў у Мінску.
У другой палове XVIII ст. (1770–80-я гг.) Адам Хмара, атрымаўшы Сёмкава ад рода Сапег, разгарнуў актыўную будаўнічую дзейнасць і стварыў шыкоўны каменны палацавы комплекс, які азнаменаваў адыход эпохі барока і пачатак новага стылю – класіцызму.
Да нядаўняга часу з пэўнай доляй верагоднасці лічылася, што яго архітэктарам хутчэй за ўсё быў знакаміты італьянскі дойлід Карла Спампані. Менавіта ў гэты перыяд (1775–1783 гг.) ён працуе ў Вільні, Нясвіжы, Радзівілімонтах, Кухцічах, Беніцы і Заслаўі. У справаздачах аканома сапраўды ўзгадваюцца частыя ад’езды “пана архітэктара” ў Нясвіж, Вільню і Заслаўе. У Нацыянальным гістарычным архіве ў справах асабістай перапіскі Адама Хмары з жонкай (2.06.1778 г.) былі адшуканы такія радкі: “Напішы Спампані, каб прыехаў на свята да Ракава, бо маю з ім размову пра нашу фабрыку”, што пацвярджае кантакты Адама Хмары са знакамітым італьянцам. Верагодней за ўсё, менавіта яму, Карлу Спампані, мінскі кашталян замовіў пабудову палаца.
За часамі Адама Хмары за палацам быў закладзены парк у французскім стылі. Аснову яго складае алея з незвычайным зрокавым эфектам. Наведвальніку палацавага маёнтка адкрывалася далёкая перспектыва, якая аднак паступова звужалася.
Гэты эфект стаўся магчымы дзякуючы сіметрычнай пасадке ліпы. Адлегласць паміж радамі ліпы паступова, у тры этапы, памяншаецца. Спачатку ідуць чатырохрадныя пасадкі ліпы і шырына перспектывы складае каля 20 м., на другім этапе назіраецца ўжо двухраднасць у пасадцы ліпы і перспектыва адкрываецца значна меншая (працягласць жа пасадкі ліпы каля 130 м.), трэцяя частка перспектывы на прыпаднятым паркавым участку працягласцю каля 110 м. праходзіць паміж дравеснага масіва толькі ў выглядзе вузкага прасвета. Агульная працягласць перспектывы каля 400 м., аднак дзякуючы зробленаму кампазіцыйнаму прыёму здаецца значна большай.
Завяршаецца гэта алея пад’ёмам на яшчэ адзін паркавы пагорак, дзе і сёння засталіся старыя дрэвы... Ажывала гэта алея падчас правядзення значных балоў і розных урачыстасцей, якія адбываліся ў адмысловай залі палаца.
Комплекс пабудоў складаўся з цэнтральнага палацу, двух семітрычных афіцын (флігеляў) па баках. Побач размяшчаўся таксама будынак лядоўні, дзе зберагаліся харчовыя запасы.
Унутры памяшканняў планіроўка была анфіладная. У інтэр’еры палаца былі роспісы, значная колькасць ляпніны, прыгожая паркетная падлога. Былі каміны з чорнага і белага мармуру, кафляныя печы на разных драўляных ножках і інш.
Неабходны матэрыял для пабудовы палаца дастаўляўся з розных месцаў: шкло з Налібоцкіх мануфактур Радзівілаў, цэгла з Заслаўя, кафля выраблялася на месцы. Для накрыцця выкарыстоўвалася дахоўка. Вядома, што на будоўлі працавалі майстры са знакамітых Шчорсаў (маёнтак графа Тышкевіча). Дэталі архітэктуры, афармленне інтэр’ераў зацвярджаў сам Адам Хмара.
Цэнтральны ўваход у палац упрыгожвалі калоны порціка, франтон палаца завяршаўся выявамі гербаў гаспадароў. Уваход у будынак быў даволі манументальны. Гэта бачна на выяве пач. ХХ ст.
Цэнтральную частку палаца займалі парадныя залы. Сярод іншых выдзяляліся: каралеўскі, вялікі (або бальны), салонны (або сталовы) і інш.
Каралеўская, найбольш шыкоўная ў аздабленні зала – сцены ў тоне шэрага мармуру, дарагі паркет, белы мармуровы камін – была спецыяльна аформлена для прыёму ў Сёмкаве апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да пакоя асобна далучылі ванную з умацаванымі ў сцены люстрамі.
Вялікая, або бальная зала, урачыстасць якой падкрэслівалі змешчаныя на сценах барэльефы на антычныя сюжэты, мела аркестровую галерэю-балкон, за якой знаходзілася хатняя капліца. У ліставанні паміж кіруючымі па будаўніцтву узгадвалася, што для гэтай залы былі зроблены тры канапы і 32 стула. Тут наладжваліся балы, урачыстыя прыёмы.
Справа ад бальнай залы на першым паверсе быў салонны зал (або сталовая) на вялікую колькасць чалавек. Тут былі роспісы на антычныя тэмы. У тым ліку былі і некалькі партрэтаў. Падчас правядзення баляў у салоннай залі выстаўлялася багатая нумізматычная калекцыя гаспадара.
На другім паверсе знаходзілася капліца ў гонар Божай Маці “Ружанцовай”, кабінет гаспадара, бібіятэка, якая налічавала неверагодную на той час колькасць кніг – 8000 тамоў і калекцыю старажытных рукапісаў!
Нездарма прыгажосці палаца і талентам яго гаспадароў была прысвечана паэма “Палац у Сёмкаве”.
Маёнтак у Сёмкаве – адзін з нешматлікіх палацаў, якому былі прысвечаны радкі спецыяльна напісанай паэмы (“Палац у Сёмкаве” польскага паэта Міхала Дудзінскага). У канцы XVIII – пач. ХІХ ст. усё часцей з’яўляюцца паэмы, якія ўслаўлялі помнікі мастацтва, архітэктуры, а таксама ўладароў гэтых мясцін.
Падобная паэма была напісана пра маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Аўтар паэмы «Залессе» (1821) Леанард Ходзька – гісторык, публіцыст, выдавец. У паэме услаўлялася прыгажосць наваколля.
Яшчэ адна паэма пра зачараваны замак была складзена пра Прылукі Антонам Эдвардам Адынцом (1804 – 1855), паплечнікам Адама Міцкевіча па таварыству філарэтаў.
Аднак паэма “Палац у Сёмкаве” самая ранняя сярод азначаных паэм. Была напісана ў 1780-х гг. Яе аўтар Міхал Дудзінскі (1747 г. – пасля 1782 г.), – настаўнік паэтыкі ў мінскіх школах.
Верагодна, што аўтар быў вельмі блізкі да кашталяна Адама Хмары, бо поўная назва паэмы гучыць наступным чынам: “Палац у Сёмкаве, пабудаваны за сродкі Яснавяльможнага Ягамосці пана Адама Хмары, мінскага кашталяна, і адным з яго найзычлівейшых слуг у вершах апісаны”. Арыгінал паэмы "Палац у Сёмкаве" знаходзіцца ў Літоўскай акадэмічнай бібліятэцы імя Урублеўскіх. У пачатку 2013 г. быў зроблены пераклад дадзенай паэмы на беларускую мову (пераклад зрабіла Ганна Шаўчэнка). Узгадаем ў межах гэтага артыкула толькі радкі, у якіх праслаўляецца “разумны гаспадар” Адам Хмара і яго палац:
Адкуль на той гары, парослай крапівою,
Узнёсся дужы гмах імгненна над зямлёю?
Мо, гэта Амфіён зрабіў, каб заскакалі
Пад ліры спеў усе каменні, што тут спалі?
Абчэсаныя ўсцяж, адны пайшлі ў аснову,
Другія — у сцяну складаліся стылёва.
Так здзіўляўся паэт убачыўшы узведзены палац. Міфічным чынам ён стараецца апісаць яго будаўніцтва.
А, можа, тут Арфея скрыпка заіграла,
З якой такая моц, энергія сплывала,
Што толькі загучалі спевы-перазовы,
Дык збегліся дубы і ясені з дуброваў?
Сад у Сёмкаве аўтар параўноўвае з эдэмскім садам:
У гэтым па-майстэрску высаджаным гаі
Сапраўдны бачу рай, Адама бачу ў раі...
Тым не менш, не біблейкія і не антычныя героі пабудавалі палац, а розум і багацце самога кашталяна:
Не лютні гукамі, а срэбра, кашталяне,
Ты гожа збудаваў такое памяшканне.
Калі пачуўся звон сярэбранай манеты,
Сабралася ў свой час для вызначанай мэты
Дубоў і клёнаў, ясеню й сасны драўніна,
З’явіўся алебастр і цвёрдая тут гліна.
І тут ставіцца галоўнае пытанне ў паэме, якое надалей будзе раскрывацца:
У срэбры справа ўся! Але не кожны здатны
Манетай дзынкнуць так — разумна й акуратна.
Якім чынам належна скарыстоўваць свае капіталы, гэта турбуе аўтара твора? Што вядзе чалавека да бяздумных стратаў? Якім чынам зберагчы свае грошы? Усё гэта раскрываецца ў паэме “Палац у Сёмкаве”.
Мяркуй тут кожны сам. А я ж праслаўлю пана,
Які свой скарб аддаў на хорам мураваны…
Апошнія дні свайго жыцця ён праводзіць у Сёмкаве, вядомыя яго універсалы і указы, на якіх стаіць пазнака “напісаны ў Сёмкаве”. У 1804 годзе, за год за смерці, Адам разам са свпім родным братам Іахімам, замаўляе мемаряльную пліту памяці бацькоў Антонія і Кацярыне Хмарам.
Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай Адам Хмара асабіста прысягаў на вернасць Кацярыне II, узначальваў адпаведную дэлегацыю ад землеўласнікаў Міншчыны у Пецярбург. Тым не менш, праз некаторы час ён займае больш фармальную пасаду тайнага дарадцы.
Знойдзеная ў 2012 годзе на тэррыторыі сядзібна-паркавага комплексу мерарыяльная пліта памяці бацькоў – своеасаблівы помнік Адама Хмары сваім бацькам, брату, сабе самому і часу, ў якім ім выпала жыць і працаваць. Помнік уяляўляе сабой мармуровую пліту з падпісам на латыні. Прывядзем пачатак надпіса ў перакладзе на беларускую мову Алеся Жлуткі:
Мінаюць каралеўствы, мяняюцца ўлады,
але ў нябёсах адвечная айчына несмяротных духаў
дзякуючы веры ў Бога застаецца бяспечнаю.
У гэтым помніку – любоў да найдаражэйшых бацькоў,
пашана ўдзячных нашчадкаў да іх
і плынная ды мінучая зменлівасць чалавечага лёсу.
Як бачым слава гэтага месца не сыходзіць, а наадварот вяртаецца. Валанцёры праекта “Адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава” спадзяюцца не толькі неўзабаве прэзентаваць грамадскай супольнасці сайт пректа і ўрачыста адсвяткаваць 250-годдзе ад пачатку будаўніцтва палаца ў Сёмкаве, але, з дапамогай інвестараў, партнераў і, безумоўна, валанцёраў, вярнуць гэтаму месцу былую веліч.
Завершым наш артыкул словамі з той жа паэмы “Палац у Сёмкаве”:
Палац гэты паўстаў за сродкі кашталяна —
даўней мястэчка Зацань дзедзічнага пана.
Займеў ужо ён дом на ўзвышшы эмпірэйскім,
Узведзены яму за цноты й дабрадзействы.
З зямных муроў туды душа яго памкнецца,
Калі шчаслівых дзён цячэнне перарвецца.
А гэты ўсё адно палац не запустуе:
Сенатара хвала ў ім стала загасцюе.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....