«Пагоня» у Лепелі, чорны Архангел Міхаіл у Навагрудку, крыжы, ці то георгіеўскія, ці то тампліерскія, у Крычаве, Гомелі ды Оршы, лілея ў Наваполацку, шчыт і колас у Салігорску – можна доўга працягваць. Калі на вочы неспецыялісту трапляюць сённяшнія гербы беларускіх гарадоў, ён, як той Сакрат, разумее, што нічога не разумее. Да якіх часоў адносяцца гэтыя выявы? Калі сярод іх ёсць старажытныя, ці дайшлі яны да нас без змен? Што яны значаць?
Калі ж паклікаць на дапамогу інтэрнэт, заблытаешся яшчэ больш. У сеціве гербы розных часоў без тлумачэнняў перамяшаныя, а факты часта падмененыя інтэрпрэтацыямі.
Гербы якіх перыядаў выкарыстоўваюць беларускія гарады? Якія звесткі мы маем пра сэнс выяў? Якія гарады ўвогуле сёння маюць права на герб?
З дапамогай гісторыка, вядомага беларускага геральдыста, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоля Цітова партал PlanetaBelarus.by падрыхтаваў матэрыял-падказку, які, мы спадзяёмся, стане своеасаблівымі ўводзінамі ў гісторыю беларускай гарадской геральдыкі, зацікавіць вас і скіруе вашы пошукі ў патрэбным напрамку.
Перад тым, як перайсці непасрэдна да гарадской геральдыкі, успомнім, што герб як такой – гэта феадальная з’ява. Яна адпаведная тым часам, калі існавалі саслоўі і кожны чалавек усведамляў сваю прыналежнасць да пэўнага сацыяльнага кола.
Такім чынам, гарадскі герб быў звязаны з эпохай феадалізму – з саслоўем мяшчан, якое паўстала ў выніку раздзялення працы і росту гандлю. Можна казаць пра пэўнае падабенства людзей у межах аднаго класу, іх ладу жыцця і псіхалогіі, аднак мяшчанства не было аднародным. Жыхары адных гарадоў карысталіся магдэбургскімі правамі, а іншых – не. Менавіта яно было нагодай для надання гораду герба. Бо не ўсе паселішчы дасягнулі такога ўзроўню палітычнага, эканамічнага ды сацыяльнага развіцця, пры якім узнікае патрэба ў адміністрацыйных органах, канцылярыі і, адпаведна, пячатцы і гербе. І таму, калі гараджане атрымлівалі карпаратыўны герб, ён станавіўся іх гонарам і візітнай карткай іх паселішча.
Згодна з перыядызацыяй Анатоля Цітова, гарадская геральдыка Беларусі прайшла некалькі этапаў у сваім развіцці, першы з якіх – дагеральдычны. Па меркаванні эксперта, то быў час нараджэння і выспявання эмблем з мясцовых традыцый. Даследчык адносіць да гэтага перыяду гербы Віцебска і Навагрудка (у першай рэдакцыі – з выявай чорнага анёла; потым герб трансфармаваўся -- анёла памянялі на архангела Міхаіла).
Гэта найбольш старажытныя з вядомых беларускіх гарадскіх гербаў. Анатоль Цітоў лічыць, што яны могуць быць сэнсава звязаныя з гістарычнымі назвамі розных частак беларускіх зямель – Белай і Чорнай Руссю. Першая – сучасныя Віцебшчына і Полаччына – хутчэй прыняла хрысціянства, адсюль быццам і «светлая» назва. Але хрысціянізацыя беларускіх зямель мела свае асаблівасці. Іпартаваная новая вера ў спалучэнні з мясцовым паганствам утварыла своеасаблівы мясцовы пантэон: з белымі багамі на Белай Русі і чорнымі – на Чорнай. Таму, лічыць эксперт, чорны анёл на гербе Навагрудка – «сталіцы» Чорнай Русі – выглядае цалкам лагічна.
Але пакуль, на жаль, гэта амаль усё, што вядома пра дагеральдычны этап развіцця гарадской геральдыкі.
Наступны этап – геральдычны (ён працягваўся з XVI ст. да першых дзесяцігоддзяў XX ст. і падзяляецца на два перыяды – уласна геральдычны (XVI ст. па канец XVIII ст.) і познегеральдычны (з апошняй чвэрці XVIII ст. па першыя дзесяцігоддзі XX ст).
Геральдычны падэтап – гэта некалькі залатых стагоддзяў у гісторыі беларускай гарадской геральдыкі. Як сказана вышэй, герб быў функцыянальна звязаны з правамі гарадоў на самакіраванне. Не ўсе, а асаблівыя, найбольш развітыя беларускія паселішчы мелі на яго права.
Горад атрымліваў герб згодна з каралеўскім прывілеем. Як прымалася рашэнне наконт эмблемы, мы пакуль не ведаем. Але таямніцу сэнсаў, якая прачыняе нам дзверы ва ўласную гісторыю, крыху паварушыць можам.
Гарадскія гербы часоў ВКЛ падзяляюцца на дзве групы: функцыянальныя і штучныя. Першая – гэта так бы мовіць «зразумелыя» гербы. Яны адлюстроўваюць геаграфічнае становішча горада, яго абарончую альбо эканамічную ролю ў жыцці краіны.
Паглядзім, дзе сустракаецца абарончая сімволіка (гэта не абавязкова ваенная атрыбутыка, але і муры, і вежы, бо іх прызначэнне – якраз абарона места). Гербы Высокага, Брэста, Камянца, Крычава і Пінска вядомыя з XVI ст. У той перыяд названыя паселішчы – памежныя гарады ВКЛ. Гербы Чавусаў, Чэрыкава, Магілёва і Мсціслава ўжываюцца з XVII стагоддзя. Гэтыя месты мяжуюць з Вялікім маскоўскім княствам.
Вы звярнулі ўвагу на тое, што названыя гарады і зараз стаяць на межах нашай краіны?
З гандлёва-гаспадарчай сімволікай таксама ўсё больш-менш зразумела. Полацк і Дзісна мелі выяву ладдзі. Часткова гэта тлумачыцца тым, што яны стаялі на Заходняй Дзвіне, дзякуючы чаму паспяхова гандлявалі (Полацк, згадаем, уваходзіў у Ганзейскі саюз). Але Анатоль Цітоў дадае, што падчас Лівонскай вайны, калі маскоўскае войска ўзяло Полацк, частка яго жыхароў збегла ў Дзісну, каб застацца ў сваёй краіне. Адсюль і «дачэрні» герб – ладдзя пад ветразем.
Бягучы алень на гербе Гродна, які ўпершыню сустракаецца на старажытнай пячатцы, фігуруе там пад назвай «алень святога Губерта». У Еўропе Губерт шанаваўся як заступнік паляўнічых. І, паколькі Гродна знаходзіцца паміж вялікімі лясамі, герб намякае на асноўны занятак яго жыхароў.
Распавядае пра сваіх гараджан і шклоўскі бязмен – у лепшыя часы гандлёвы абарот горада перавышаў 50 млн. рублёў.
А вось са штучнымі гербамі ўсё нашмат складаней. Калі такая выява і паказвае на нейкія рысы горада, дык наўрад ці агульныя для большасці яго жыхароў. Хутчэй, на выбар эмблемы ўплываў нейкі суб’ектыўны фактар.
Штучныя гербы таксама можна ўмоўна падзяліць на групы, але толькі на падставе знешняга падабенства. Разгледзім некаторыя прыклады.
Адна з груп – гербы з элементамі ўладальніцкай геральдыкі.
Возьмем Ашмяны. Адзін эдементаў герба: цялё -- радавы герб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Таксама вельмі цікавы герб у Пружан. Блакітны вуж з дзіцём у пашчы – насамрэч варыянт радавога герба каралевы Боны Сфорцы (варыянт, не копія, бо па законах геральдыкі існаванне дзвюх аднолькавых гербаў забаранялася), колішняй гаспадыні места. Пружаны атрымалі італьянскі прыватны герб па ініцыятыве яе дачкі – Ганны Ягелонкі.
Нясвіж меў палову чорнага арла – элеменце герба Радзівілаў. Яшчэ адна эмблема радзівілаўскага радавога знака – паляўнічы ражок – сустракаецца на гербах Капыля і Клецка.
Сапегі таксама адзначыліся ў беларускай гарадской геральдыцы. На гербе Слоніма леў трымае стралу з двума перакрыжаваннямі. Такая страла – радавы герб Сапегаў, так званы «Ліс», а леў – напамін пра, мабыць самага знакамітага прадстаўніка сям’і – канцлера ВКЛ -- Льва Іванавіча Сапегу, дзяржаўцу Слоніма.
Яшчэ адна ўмоўная група – гербы з рэлігійнай сімволікай. Найчасцей тут сустракаюцца выявы святых, якія, магчыма, успрымаліся як ахоўнікі места. У гэтым сэнсе рэлігійна афарбаваныя гербы знаходзяцца на мяжы паміж штучнымі і функцыянальнымі. Напрыклад, Барысаў атрымаў свой герб у канцы XVIII ст. Тады адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, і горад апынуўся на ўсходняй мяжы краіны. Не дзіва, што над брамай на эмблеме горада паставілі святога Пятра.
Вельмі цікавы герб Кобрына. На ім – выявы постацей Панны Марыі, з дзіцем на руках і нейкая жанчына. Насамрэч таямнічая асоба на трэцім плане – бабуля Ісуса Хрыста, калі можна так сказаць. Марыю абдымае яе маці – святая Ганна. Дарэчы, менавіта ейная постаць дамінуе ў кампазіцыі. Выбар ахоўніцы горада не быў невыпадковым – местам валодала вялікая княгіня Ганна Ягелонка.
Задзіночанне рэальных гістарычных асоб, а таксама паганскіх багоў, з хрысціянскімі святымі – натуральная з’ява. І не толькі на Беларусі, а паўсюль, дзе распаўсюджвалася хрысціянства. Анатоль Цітоў лічыць, што праявай гэткага сімбіёзу можна лічыць і сталічны герб. Багіня – маці жыта і заступніца хатняга ачага – верагодна, пакрысе пераўтварылася ў Панну Марыю.
Асобная тэма – гербавыя крыжы. Гомель, Крычаў, Орша – выявы падобныя, але што яны значаць? Відавочнага адказу няма. Хтосьці бачыць тут выразны тампліерскі крыж, хаця і не можа патлумачыць, як воіны Хрыста апынуліся на беларускіх землях. Анатоль Цітоў лічыць, што гэта, хутчэй, георгіеўскі крыж. Святы Георгі шанаваўся як заступнік ад басурманаў, з якімі змагаліся і воіны Рэчы Паспалітай. Калі яны мелі нейкае дачыненне да згаданых гарадоў, дык маглі паўплываць і на гербы. Але гэта таксама толькі версія.
Разглядаючы штучныя гербы, немагчыма прайсці міма Браслава. Усёвідушчае вока – вядомы масонскі сімвал. Анатоль Цітоў, аднак, раіць не выдумляць без дай прычыны. Па меркаванні эксперта, мы дакладна не ведаем, ці ўплывалі масоны на браслаўскае жыццё, і мусім аднесці гэтую выяву да рэлігійных – маўляў, бог усіх жыхароў горада бачыць. Але цяжка здацца так проста! Гэй, краязнаўцы Браслава, якую інфармацыю вы маеце на гэты конт?
Выразнай мяжой паміж геральдычным і познегеральдычным этапамі сталі падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якіх Беларусь была далучана да Расійскай імперыі.
З гэтых часоў пачалася мэтанакіраваная замена старажытных эмблем новымі, часта шаблоннымі і абсалютна адарванымі ад беларускай рэчаіснасці выявамі.
«Беларускае пытанне» вырашалася сістэмна. Напрыклад, усе павятовыя гарады Полацкага намесніцтва і сам Полацк атрымалі гербы з выявай «Пагоні», якія адрозніваліся толькі колерам поля. Здавалася б, навошта пакідаць беларусам іх сімвал, калі можна была ўвогуле яго скасаваць. Логіка простая. Па-першае, «Пагоня» была дзяржаўным сімвалам. І, дорачы яго гарадам, улады, скажам так, дэвальвавалі яго, апускалі на ўзровень ніжэй. Па-другое, імперскія гербы будаваліся па асаблівым прынцыпе: выява падзялялася на дзве часткі: зверху – імперскі арол, знізу – уласна эмблема герба. Па законах геральдыкі, верх падпарадкоўвае ніз. Мэта навідавоку – паказаць кожнаму гораду без выключэння яго месца ў новай дзяржаве. І, адпаведна, паказаць гараджанам месца іх былой дзяржавы і радзімы. Толькі факты: у новай, расійскай, рэчаіснасці ніводны з гарадоў Усходняй Беларусі не атрымаў пацвярджэння свайго старога герба.
Тыя гарады, якія ўвайшлі ў Расійскую імперыю пазней, таксама страцілі свае гербы. Анатоль Цітоў тлумачыць гэта тым, што царскі ўрад бачыў у іх непрымальныя для сябе сімвалы. Іх замянілі альбо на нейтральныя (звяркі, прылады працы), альбо на прарасійскія (царская зброя, знакі ў гонар імперскіх ваенных перамог). Пашанцавала толькі некаторым беларускім гербам, напрыклад, «рэлігійным». Калі мелася выява святога, агульнага для католікаў і праваслаўных, яе пакідалі.
Другі крок – наданне новых гербаў цэнтрам паветаў, намесніцтваў і губерняў, якія былі створаны на тэрыторыі Беларусі па агульна-расійскім узоры. Такім чынам адбывалася падмена паняцця «герб гарадскі» паняццем «герб павятовы».
Па словах Анатоля Цітова, 60-ыя гады XIX ст. расійская геральдмейстарская кантора, падпарадкаваная Сенату, запланавала ўніфікацыю ўсіх гербаў імперыі, у тым ліку беларускіх. Але пачалося паўстанне Каліноўскага, і гэты план не ажыццявіўся.
Анатоль Цітоў лічыць, што ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай так званыя «магдэбургскія» гербы значна часцей адлюстроўвалі рысы і асаблівасці мясцовых гарадоў, чым у імперскі перыяд.
Гербы Незалежнасці, то бок дадзеныя адносна новым гарадам у апошнія дваццаць пяць год, спецыяліст таксама называе сумніўнымі. Гербы – новаробы пачалі атрымліваць і вобласці, і раёны, і гарады, і вёскі, і калгасы. Такая неразборлівасць пазбаўляе герб яго сэнсу і сутнасці, пакідаючы толькі вонкавы малюнак. Да таго ж «навабуд» дэманструе грубыя парушэнні законаў геральдыкі. За прыкладамі не трэба хадзіць далёка: на гербе мінскай вобласці – залатая карона. Гэта сімвал горада, і выявай вобласці ён быць не можа.
Толькі тыя гарады сёння маюць права на герб, якім іх калісьці падаравала гісторыя, мяркуе эксперт. І нават гэта будзе гістарычнай нацяжкай хаця б таму што за імі не стаіць аніякая юрыдычныя база, якая б магла неяк вылучыць жыхароў гэтых гарадоў сярод астатніх жыхароў краіны. Калісьці, яшчэ ў часы калі Мінск карыстаўся магдэбургскімі правамі, ювеліра-мінчука абразіў войт. Пакрыўджаны гараджанін звярнуўся ў суд і выйграў. Паспрабуйце зараз судзіцца са старшынёй ну хаця б райвыканкама. Як вы самі ацэньваеце свае шанцы? Таму сёння герб – толькі вонкавая праява таго сацыяльнага статусу, які мелі жыхары вольнага горада.
Хай у далёкай мінуўшчыне, але некаторыя беларускія гарады такія правы мелі. Тут можна паглядзець спіс гэтых местаў, складзены Анатолем Цітовым. У тых выпадках, калі наяўнасць старажытнага герба даказаная, але сама выява не захавалася, эксперт выкарыстоўваў імперскія варыянты, вядома, прыбраўшы арла. Іх лёгка пазнаць па так званай “рускай” (прамавугольнай) форме шчыта.
Сёння мы з вамі зрабілі толькі першы крок у бок вельмі складанай тэмы. Калі ў нас атрымалася вас зацікавіць, раім звярнуцца да тэматычнай літаратуры – кніг: «Гербоўнік беларускіх гарадоў», а таксама «Геральдыка Беларусі» Анатоля Цітова. І хай ваша падарожжа ў свет беларускай гарадской гісторыі будзе займальным і захапляльным.
У улицы Советской в Пружанах удивительное
Между историческими сарматами и одноименным портретом, который
За мінулыя выхадныя беларусы ўжо паспелі дастаць самыя страшныя
Рассматривать марки под лупой стоит как в прямом, так и
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....