Ru
En Bl

Улады дазволілі паставіць бюст Алеся Адамовіча на ягонай радзіме

Ссылка: Радыё Свабода

Бабруйскі райвыканкам дазволіў паставіць бюст пісьменьніка Алеся Адамовіча (1927–1994) на ягонай малой радзіме — у пасёлку Глуша.

Ліст з «узгадненьнем устаноўкі» атрымаў лідэр кампаніі за ўшанаваньне пісьменьніка Андрусь Архіпенка.

Грошы на выраб бюста, 6 тысяч даляраў, сабралі летась талакой. Цяпер за працу возьмуцца скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей, кажа Архіпенка.

Эскіз бюста прэзэнтавалі летась у кастрычніку на адкрыцьці ў Глушы арт-абʼекта «Прыпынак Адамовіча».

Калі зьявіцца музэй Адамовіча, бюст перанясуць да яго

Андрусь Архіпенка кажа, што каля Дому культуры бюст мае стаяць часова. У будынку старой пасялковай аптэкі плянуюць адкрыць музэй Адамовіча, і тады бюст перанясуць да яго.

Андрусь Архіпенка з дачкой Алеся Адамовіча — Натальляй

«Апекавацца музэем будзе грамадзкая арганізацыя, стварэньнем якой мы цяпер займаемся», — кажа ён.

Сродкаў на рамонт будынка не хапае

Аднак грошай на рамонт будынка пад музэй не хапае. Амаль за чатыры гады на дабрачынны рахунак пералічана каля 12 тысяч рублёў — гэта дзясятая частка патрэбнай сумы.

Будынак старой бібліятэкі

Пасялковы дом культуры, каля якога паставяць бюст Алеся Адамовіча

У 2016 годзе гаварылася, што на рамонт будынка, які два дзясяткі гадоў пуставаў і цяпер аварыйны, патрабуецца каля мільярда рублёў (53 тысячы даляраў). 5 тысяч даляраў, якія ахвяравала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, — гэта больш як 90 адсоткаў ад усяго, што сабрана.

Бюст Адамовіча паставяць на Кастрычніцкай вуліцы

Дом культуры і старая аптэка месьцяцца на Кастрычніцкай вуліцы. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі перайменаваць яе ў вуліцу Алеся Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Але ўлады яе не ўхвалілі. Пазьней вуліца Адамовіча ў Глушы зьявілася, але на ўскрайку.

Генік Лойка з макетам бюста Алеся Адамовіча

Алесь Адамовіч пахаваны на глушанскіх могілках. Непадалёк і магіла ягонай маці Ганны. Яна працавала ў аптэцы. У дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі» Алесь Адамовіч апісваў, як працуе вясковая аптэка, перадаўшы праз гэта атмасфэру жыцьця пасялкоўцаў пад нацысцкай акупацыяй. Ягоная дачка Натальля хоча, каб у музэі адчувалася тая атмасфэра.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые