Унорыца – беларуская Атлантыда

Автор: Ганна Севярынец
Фото: Сяргея Плыткевіча і з архіва аўтара
19 1439

Невялікая, незаўважная турыстамі (і мясцовыя гэтаму толькі рады) вёска Унорыца ціха прытулілася ля Рэчыцы на правым, крутым беразе Дняпра. У вёсцы гэтай няма вуліц, яна цягнецца акуратнай, у адну сталку, стужкай уздоўж старога светлагорскага шляху, роўненька на кіламетр, ад слупа да слупа. Напачатку вёскі – могілкі і буслянка, напрыканцы – масток цераз рачулку Каменку. Адразу за агародамі, толькі збегчы з высокай стромы, якой абрываецца любы правабаковы ўнорыцкі надзел – шырачэзны Днепр. Праз пяцьсот метраў за агародамі левага боку – вялізарны, светлы і чысты лес, поўны чарніцаў і грыбоў. Дасканалы беларускі, старадаўняга радзіміцкага ўзору.

1 2005-10-12_0018.webp

Унорыцкая тапаніміка

Назва “Унорыца” – вялікая лінгвістычная таямніца. Чула, прыкладам, надзвычай хітрамудрае для яе тлумачэнне. Нібыта жыў калісьці на самым ускрайку вёскі, ля Каменкі, кітаец па прозвішчы Ца. Жыў пустэльнікам, у выкапанай пад дрэвам нары, заробак меў з гандлю рознай бліскучай драбязой, хадзілі да яго дзеўкі з усяго наваколля па ўпрыгожванні, таму і назвалі вёску – “у нары Ца”. Калі хто-небудзь гэта расказваў, сам не мог утрымацца ад смеху. Дакументальна падцверджаных кітайцаў на Унорыцы ніколі не было, а вось рака – была заўсёды, дый саміх унорыцкіх жыхароў называюць “нарачане” ( а тых, хто з блізкай Азершчыны – “азеране”, тых, хто з Чорнага – “чарняне”), таму, думаецца, этымалагічна Унорыца нарадзілася са словазлучэння “на рацэ”, і мне з дзяцінства падабалася, што мы, унорыцкія, адначасова і “на рацэ” і “у рацэ”, што цалкам адпавядала праўдзе майго маленства. Дарэчы, азеране звалі нарачан яшчэ “мурашамі”, бо нарачане з ранку да вечара бегаюць з гароду на раку, з ракі ў лес, а адтуль зноў у гарод, а нарачане па-свойску завуць азеран “шчаўлікамі”, бо менавіта азершчынскае шчаўе на мясцовым рынку самае смачнае.

2 2005-10-12_0022.webp Высокі бераг Дняпра і рыбак каля вёскі Мілаград
3 2005-10-12_0026.webp

Навакольныя назвы заўсёды гучалі як музыка: Горваль, Глыбаў, Борхаў, Мілаград, Стасеўка, Гарноўка, Пескаполле… Калі паставіць вялікі хор і папрасіць кожнага бясконца прамаўляць ціхім голасам адну з гэтых назваў – утворыцца цэлы аркестр, дзе будзе пералівацца звонкія “г”, “р”, “л”, разбаўленыя мяккім посвістам і пошэптам “п”, “с” і “х”. Такой самай музыкай цячэ пад гарой Днепр і хвалюцца вербалозы.

Унутры ж унорыцкага сусвету назвы шчэ цікавейшыя.

Па-першае – “пад гарой”. “Абабралі тыя вішні, што пад гарой…”, “Гэта я ж капаніцу была пад гарой кінула…”, “Травы пад гарой нарві…”, “Дзеці пад гару пабеглі…”, “А ты чуў, ты бачыў, дождж, а я бялізну пад гарой расклала…” Пад гарой – гэта значыць там, дзе канчаецца агарод, абрываецца зямля і ўнізе ляжыць Днепр. Амаль ува ўсіх гаспадароў, што маюць сядзібы на дняпроўскім баку вёскі, пад гарой былі зробленыя каменныя прыступкі, каб спусціцца да ракі, а на самым беразе стаяла ўласная лодка, прыкутая да якога дрэва ланцугом.

Цяпер – “грыўка”. Гэта месца паміж “падгарой” і ракой. На грыўцы расце самая мяккая ў свеце траўка, якую рвуць парсючкам і цялятам, а таксама вербы, маладыя і старыя. Грыўка цягнецца пад вёскай да самых могілак, а пачынаецца яна “шпыльком”, вузкім месцам, на якое спакон веку спакушаецца Днепр і перыядычна ўтварае там новае рэчышча. На другім канцы шпылька месціцца лужок з дзіўнай назвай “прысярод” - чаму так называецца бераг, куды вадзілі статак унорыцкіх кароў на вадапой, невядома. Шырокая сцежка ад грыўкі да прысяроду называлася “цярцежык” – з ранку і ўвечары цярцежыкам ішлі каровы, а ўдзень вясковыя хлопцы ганялі ў футбол. Гэта ўсё прыдняпроўскія назвы, а злева ад вёскі, ля лесу, калісці былі “машкі” (з націскам на апошні склад), балоцісты ўзлесак, дзе пачыналіся ўжо чарнічнік і трапляліся чародамі баравікі.

Што як называлася

Ніколі не было на Ўнорыцы ніякіх “сапак”, “цяпак” альбо “матык” – толькі “капаніца”, невялікая, пад руку, прылада для самых розных агародных прац. Маленькі хлявок, дзе захоўваліся розныя інструменты, семяно альбо патрэбнае і непатрэбнае рыззё, зваўся “павець”, але чамусьці ў нас казалі не “у павеці”, а “пад павеццю”. З дзіўных граматычных форм таксама ўспамінаецца бабуліна “пайду бЫку травы” ці “Анька, схадзі бЫку травы” – гэта значыла, трэба нарваць спецыяльнай прыдняпроўскай траўкі-мураўкі маладзенькаму бычку. Перад тым, як скласці стог, сена зграбалі ў “копы”, месца пад дахам, куды закладалі сена на зіму, звалася “вышкамі”. Свінню калолі “швайкай”, пакуль не прыдумалі страляць у вуха з пісталета – дзядзька мой быў міліцыянерам і меў табельную зброю.

Уся хатняя жыўнасць мела абагульненую назву “худоба” – акрамя, канешне, катоў. “Шчэ худобу не карміла” – тлумачыла бабуля сваю занятасць. Галоўнай у царстве худобы была, вядома ж, кароўка. Звалі нашых кароў заўсёды альбо Ночка (калі морда чорная), альбо Зорка (калі на пысе свяціліся белыя плямы). Часам у нас, гарадскіх унукаў, узнікалі спрэчкі: тая сёлета Зорка на заднім двары альбо ўжо новая. Шчэ Ночак ад Зорак можна было адрозніць, а вось самі Зоркі паміж сабой адрозніваліся не надта.

Кожную жывёліну падзывалі па-свойму. Кабанчыкаў – “дзюс-дзюс-дзюс”, курэй – “пыль-пыль-пыль”, качак, канешне, “вуці-вуці”. Калі трэба было загнаць свіней у хлеў - бабуля крычала на іх “аюц!” альбо “аля!” – абодва словы з націскам на апошні склад.

Разнастайным быў рыбін і рыбакоўскі сусвет. Рыба, якую найчасцей лавілі ў Дняпры малалетнія рыбакі, называлася “сібіль” – невялікая сярэбраная рыбка, па-вучонаму - верхаводка, якую звычайна не елі нават, а аддавалі коткам. Старэйшыя дзядзькі, канешне, сібілямі не цікавіліся: яны прыносілі дадому і на продаж акунёў, гусцеру (так звалі маладых падлешчыкаў), самога ляшча, ліня, шчуку, бычкоў. Тлустых, раскошных налімаў звалі “мяні”: “Паглядзі, якога мяня выцягнуў!” Сустракаліся і самы. Увесну, калі Днепр шырока разліваўся на навакольныя лугі, бабуля лавіла шчупакоў, што блыталіся ў высокай траве, проста рукамі і прыносіла дадому ў падале.

Наогул лоўля рукамі – адно з найцікавейшых унорыцкіх уменняў. Канешне, рукамі ловяць для забавы, з любові да чыстага мастацтва, бо асноўны промысел – гэта сеткі, таптухі, браднікі, крыгі, але рукамі – гэта не толькі каб паесці, а каб атрымаць задавальненне. Лавіць рукамі рыбу едуць уночы, загадзя нарыхтаваўшы “куканы” – спецыяльна надламаныя і заточная галінкі, на якія праз жабры будзе надзявацца рыба. На вёслы садзіцца самы дасведчаны вясляр, бо трэба плысці ціха-ціха, каб не пабудзіць акунёў, плотак ды язёў: яны вельмі чуйна спяць. Плывуць далёка, туды, дзе ў вадзе ёсць загадзя нагледжаныя “карчы” са зблытанымі ў вадзе каранямі – старыя велічэзныя дрэвы, што пападалі з берага ў раку. Даплыўшы да карча, швартуюцца. Рыбак асцярожна выходзіць з лодкі ў ваду, астатнія – стойваюць дыханне і абарочваюцца ў зірк і слых. Рыбаку трэба асцярожненька абследаваць корч рукамі пад вадой, намацаць снулую рыбіну – і ціхенька выцягнуць яе на паверхню. Лодка звычайна стаіць далекавата, таму рыбак моцна размахіваецца – і шпурляе здабычу над вадой. Срэбраная рыбіна ляціць над срэбранай ракой, усё гэта блішчыць і пераліваецца у месяцовым святле, гледачам крычаць і пішчаць ад радасці забаронена, таму сэрца проста рвецца ад невыказанага шчасця і ўсясветнай прыгажосці, і куканы цяжэюць з кожнай хвілінай, і рыба б’ецца аб дно лодкі пругкім хвастом.

4 2020-04-23-9 DJI_0113.webp Старое рэчышча Дняпра ля вёскі Глушэц, да Унорыцы ад яго два кіламетры

Летапісы і летапісцы

Унорыца – вёска невялікая і для акадэмічнай гісторыі не надта цікавая. Ёю нават не цікавіліся немцы – іх тут ніколі не было, хіба толькі ездзілі праз Унорыцу па светлагорскай шашы з Азершчынскага гарнізона ў Глыбаўскі. Як толькі даведаюцца нарачане, што немцы будуць праязджаць праз вёску, выводзяць кароў і свіней і бягом з худобай у блізкі лес. Немцы праедуць – тады вяртаюцца. З мірных унорыцкіх жыхароў ад нямецкай кулі загінуў толькі адзін. Неяк пачулі, што едуць немцы, кінуліся бегчы, а дзядзька Рыгор, што жыў у першай ад могілак хаце, заўпарціўся: што я са свайго двара буду бегаць, як заяц! Матацыклы ўсё бліжэй, дык дзядзька залез пад лодку і ляжыць. А немцы едуць – і па баках пастрэльваюць з аўтаматаў. Нейкая адна такая куля прабіла лодку – і дзядзьку Рыгора забіла. Што ж тычыцца тых, хто з Унорыцы пайшоў на фронт – дык палегла на апошняй вайне ажно 37 чалавек. Для маленькай вёскі – вялікая страта.

У гістарычных крыніцах Унорыца згадваецца зрэдку. Вядома, што на заходняй яе ўскраіне, а таксама ў двух кіламетрах на поўнач ад вёскі маюцца старажытныя паселішчы, датаваныя 1 тысячагоддзем да нашай эры – так званая Мілаградская культура. У інвентарах XVIII стагоддзя можна адшукаць Унорыцу ў складзе Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства ВКЛ. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай усе гэтыя землі адышлі да Расейскай імперыі, праўда, каб быў на Унорыцы нейкі пан – ніколі ніхто такога не чуў, была гэтая вёска ўласнасцю казны.

У 1910 годзе – якраз гэтую падзею лягчэй за ўсё адшукаць у літаратуры – Унорыца сустракала мошчы святой Еўфрасінні Полацкай, якія перавозіліся па Дняпры параходам “Галавачоў” з Кіева ў Полацк. Параход спыняўся ля унорыцкай прыстані, мошчы выносілі на бераг – летапісец згадвае вялікі дубовы гай, дзе сабраліся ўсхваляваныя сяляне – і нарачане прыкладаліся да святыні. Той дубовы гай пасеклі ў 1914 годзе на шпалы, калі цягнулі чыгуначную ветку на Горваль для ваенных патрэбаў, і шчэ да сёння ў Дняпры ля берага можна сустрэць агромністыя слізкія калоды – парэшткі пасечаных унорыцкіх дубоў. Адзін з іх, дуб, што калісьці жолудам збег з гаю і ўзабраўся на гару, жыве і цяпер.

З часоў першай сусветнай застаўся шчэ адзін артэфакт. Там, дзе за вёскай у Днепр упадае маленькая, але шпаркая Каменка, цяпер ёсць невялікі каменны масток, а побач тырчаць старыя сваі. Гэта – рэшткі часовай пераправы, якую, адступаючы, прыхапкам перакінулі цераз рачулку першыя немцы. Ва Унорыцы расказваюць, што вызваляў тады вёску Горвальскі партызанскі атрад, адразу за ім ішлі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі, наступ быў моцны і нечаканы, і немцы пераправу ўзарвалі адразу ж, як толькі перабеглі – і, не заўважыўшы апошніх салдат, забілі і іх.

З 1897 года працавала ва Унорыцы нават школка – тая хата шчэ жыве ў цяперашняй вёсцы, і мой дзед, і мой нават бацька ў яе хадзіў: звычайны сялянскі будынак быў раздзелены на дзве паловы, у адной займаліся першы і трэці класы, у іншай – другі і чацвёрты, на ўсіх вучняў напрыканцы пяцідзясятых – два настаўнікі: Рыгор Гаўрылавіч Жалязка і ягоная жонка Алеся Паўлаўна. Школка была чатырохгадовай, а потым уся ўнорыцкая дзятва хадзіла вучыцца пешшу спачатку ў Азершчыну, потым лодкаю праз раку ў Чорнае, а затым зноў пешшу ўжо ў Глыбаў. У перапісе 1926 года шчэ можна адшукаць звесткі пра нарачан, якія жылі не ў самой вёсцы, а ў пасёлку, што зваўся Амерыкай – крыху воддаль ад дарогі пабудавалі ладныя дамкі тыя хвацкія нарачане, што ездзілі на заробкі за акіян. Здаецца, усе нашыя “амерыканцы” урэшце рэшт вярнуліся дадому. Працавалі яны пераважна на аўтамабільных заводах і доўга расказвалі, што жывуць за акіянам нейкія небаракі: з раніцы як вылупяць вочы, як пабягуць на працу, так да ночы і працуюць. Ні табе рыбы налавіць, ні табе ў лес збегаць – і часу ў іх няма, і ракі з лесам таксама.

Абмінулі Унорыцу, на шчасце, і калектывізацыя, і высылкі, і рэпрэсіі. Калгасу тут ніколі не было – быў так званы “вучгас”, вучэбная гаспадарка Рэчыцкага зааветтэхнікума. Таму не знойдзеш нашу вёску ў газетных справаздачах і сумных мартыралогах. Затое ў кожнага, хто тут хаця б аднойчы быў, яна заўсёды застаецца ў сэрцы.

5 Унорица.webp

Імгненні з жыцця унорынцаў…

6 Унорица 2.webp

7 Унорыца 4.webp

8 Унорица 3.webp

9 Унорыца 5.webp