Вандроўка па Сыракомлевых ваколiцах

Автор: Анатоль Варава, Віаполь
Фото: Віаполь
9 4923

Як часта і заслужана гучыць на розных экскурсіях гэтае светлае імя – Уладзіслаў Сыракомля!.. 29 верасня 2018 года спаўнілася 195 год з дня нараджэння паэта. А пачынаўся ягоны лёс у фальварку Смольгаў на поўдні Мінскай губерні. Шлях Сыракомлі на нашых землях: Смольгаў – Нясвіж – Залучча – Барэйкаўшчына – Вільня. А гісторыю яго жыцця мы Вам раскажам падчас штотыднёвай экскурсіі ў Нясвіж.

Партрэт Ул. Сыракомлі пэндзля мастака Адама Шэмеша (1854)

Партрэт Ул. Сыракомлі пэндзля мастака Адама Шэмеша (1854)

Не я пяю – народ Божы
Даў мне ў песні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы
І з народам імі скуты.
Ул. Сыракомля

Нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля у фальварку Смольгаў  - зараз на гэтым месцы вёска Смольгава (што ў 16 км ад райцэнтра Любань). У 2003 годзе побач з мясцовай сярэдняй школай, якая носіць імя У. Сыракомлі, пастаўлены ў ягоны гонар мемарыяльны камень. Праз год у школе была адкрыта літаратурная экспазіцыя «Лірнік вясковы».

Музейная экспазіцыя ў школе вёскі Смольгава

Музейная экспазіцыя ў школе вёскі Смольгава

Смольгаў Кандратовічы – бацькі будучага літаратара, таму і ягонае сапраўднае імя і прозвішча Людвік Кандратовіч – пакінулі, калі малому не было яшчэ і двух гадоў. Маленства яго прайшло на колах, бо, вандруючы, Кандратовічы-арэндатары змянілі нямала фальваркаў. І на ўсё сваё кароткае 39-гадовае жыццё ўпартым падарожнікам застаўся ён сам, шчыра запрашаючы ў вандроўкі сваіх чытачоў. У прынёманскім краі пачаў пісаць – і набыў славу «лірніка вясковага» ды свой знакаміты псеўданім – Уладзіслаў Сыракомля…

Абсяг ягонай нястомнай дзейнасьці здзіўляе і сёньня. Ён пісаў лірычныя вершы і паэмы, народныя гутаркі і песні, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гістарычна-літаратурыня даследванні і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні і фалькларыстычныя працы, перекладаў з лацінскай, французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, рускай, украінскай моў. На жаль, яшчэ і дасёння не сабрана і недастаткова вывучана его літаратурная спадчына.

Пасля смерці – на працягу тыдня! – трох дачок, якіх ён пахаваў непадалёк ад фальварка Залучча (пад Міром, каля сённяшней вёскі Беражна), дзе пачалася ягоная літаратурная дзейнасць і дзе заставацца ён больш не мог з-за цяжкіх успамінаў аб гэтай страце, Сыракомля прыязджае ў верасні 1852 года спачатку ў Вільню, а потым, у красавіку наступнага года, – у сціплы, узяты ім у арэнду фальварак Барэўкаўшчына, што зараз месціцца амаль побач з беларуска-літоўскай мяжой, каля Рукойнаў (па-літоўску – Рукайняй).

Дом у Барэйкаўшчыне, дзе ў 1853—1862 гадах жыў «лірнік вясковы»

Дом у Барэйкаўшчыне, дзе ў 1853—1862 гадах жыў «лірнік вясковы»

Прыязждае Сыракомля сюды з 25-гадовай жонкай Паўлінай з Мітрашэўскіх (яны пабраліся шлюбам у 1844 годзе ў нясвіжскім касцёле Божага Цела), сынам Уладзікам, якому было толькі 4 гады, і памочнікам-сакратаром Вінцэсем Каратынскім, якому ішоў 22 год. Вінцэсь быў добрым каліграфістам і, седзячы за адным сталом з Сыракомлем, перапісваў творы свайго, так бы мовіць, «патрона», а таксама адказваў на шматлікія лісты, адрасаваныя паэту, дый сам паступова далучаўся да паэзіі, да літаратуры ўвогуле.

Дзесяцігоддзе паэта ў Барэйкаўшчыне і Вільне было ўзмацненнем у яго творчасці грамадскіх матываў.  У 1853 годзе ў Пецярбургу вышла яго паэма-гутарка «Дабрародны пан Дэмбарог», у Вільні ўбачыла свет  краязнаўчая кніга «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», якая перавыдаецца і да нашых дзён вялікімі накладамі! Гэта кніга нібыта сунімала тугу Уладзіслава па мясцінах маладосці, зноў і зноў вяртаючы яго ў родныя ваколіцы: Нясвіж, Стоўбцы, Мір, Койданаў… І як працяг «Вандровак…» быў задуманы і неўзабаве напісаны нарыс «Мінск», у якім ён адзначыў: «Мінск я люблю як сталіцу правінцыі, дзе нарадзіўся. Вільню – як сталіцу майго краю, не ўмею адрозніваць адной любові ад другой».

У 1856 годзе Сыракомля выехаў з Барэйкаўшчыны ў сваё першае падарожжа ў Варшаву. Прывёз туды свае творы для сцэны і вынес уражанне, што яго творчасць у сталіцы Польшчы ведаюць не горш, чым на радзіме. Яго запрашалі на прыёмы, вялі перагаворы пра супрацоўніцтва ў розных перыядычных выданнях, нарэшце, запрашалі стаць рэдактарам газеты і пераехаць на сталае жыхарства ў Варшаву. Але ён адмовіўся, бо, як адзначаў, «сум па радзіме, па сваіх, па Вільне забіў бы мяне».

Экспазіцыя ў музеі Сыракомлі ў Барэйкаўшчыне

Экспазіцыя ў музеі Сыракомлі ў Барэйкаўшчыне

Між тым разгараецца полымя яго «рамана» з Геленай Маеўскай, жонкай вядомага ў краі этнографа, гісторыка і выдаўца Адама Кіркора, у віленскім літаратурным салоне якога яны і пазнаёміліся. Гэтае каханне двух вольных натур – паэта і актрысы – успыхнула насуперак халоднаму розуму, насуперак бытавой логіцы, але ў поўнай згодзе з іхнымі пачуццямі.

Гелена пакінула мужа і паехала ў Кракаў, што быў пад Аўстрыяй. Потым скіравалася ў Познань, якая ўваходзіла ў склад Прусіі. Сыракомля рушыў услед за ёй у Познань ў 1858 годзе… З часам гэтае каханне абрасло ў вуснах розных каментатараў, часцей недабразычліўцаў і ханжэй, плёткамі і легендамі...  Муж прыгажуні ўжо збіраўся абараняць свой гонар на дуэлі з Сыракомлем, але дуэль не адбылася: Гелена разбіла сэрцы абодвум…

Адам Кіркор (1818—1886)

Адам Кіркор (1818—1886)

Летам 1858 года Сыракомля і Маеўская развіталіся ў Варшаве, не ведаючы, што больш яны ўжо ніколі не сустрэнуцца. Пад канец жніўня таго ж года Сыракомля зноў быў у Барэйкаўшчыне. Ягоны бацька памёр, вестку пра што ён атрымаў яшчэ ў дарозе. Стомлены дарогаю і нервовым напружаннем, засмучаны жалобаю па бацьку, няпэўнасцю стасункаў з Геленай, паэт упаў у дэпрэсію. А тут яшчэ запрацавала чыноўніцкая машына «Слово и Дело»…

Паездка Сыракомлі ў Познань і ягоныя сустрэчы там з дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху сталі прадметам дэталёвага абмеркавання віленскага і пецярбургскага паліцэйскага начальства. У ягоных вершах літаратуразнаўцы ў пагонах знайшлі «шкодны кірунак». За ім быў устаноўлены сакрэтны нагляд. Паперы-даносы збіраліся спакваля ў добры стос. Калі Сыракомля нелегальна (бо ягоны пашпарт быў ануляваны, але ж ён не без рызыкі раздабыў другі ў Коўне) трапіў за мяжу, яго арыштавалі і даставілі ў Вільню. Хворага на сухоты паэта амаль месяц трымалі ў віленскай турме. Пасля, да заканчэння следства, яму дазволілі жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а пазней – пераехаць на лячэнне ў Вільню. 15 верасня 1862 года трапяткое сэрца вясковага лірніка перастала біцца ў Вільні – у доме, які захаваўся да нашага часу і адзначаны мемарыяльнай дошкай (вул. Барбары Радзівіл, 3). Прыяцелі ўсклалі яму на чало лаўровы вянок…

Але ж нагляд за ім, як гэта ні парадаксальна, быў спынены не са смерцю, а толькі праз тры дні – з пахаваннем. Вось што пісаў на гэты конт віленскі жандармскі штабс-афіцэр палкоўнік Лосеў: «6 верасня (па ст. ст.) у Вільні адбылося ўрачыстае пахаванне знакамітага польскага паэта Кандратовіча, вядомага ў літаратурным свете пад псеўданімам Сыракомля. Людзей сабралася вельмі многа, да 10 тысяч, нават з суседніх губерняў прыехала шмат асоб, каб аддаць апошнюю пашану яго таленту…»

У гэтым запісе не было аднаго, што засведчылі, аднак, тыя, хто ішоў за труной паэта. Калі пахавальная працэсія рушыла па вуліцах Вільні ў бок могілак Роса, высока ў небе ляцеў у вырай жураўліны ключ, развітаючыся з радзімай і яе песняром жалобным курлыканнем…

Замак Радзівілаў у Нясвіжы, дзе працаваў У.Сыракомля

Замак Радзівілаў у Нясвіжы, дзе працаваў У.Сыракомля

Польская, беларуская, літоўская моладзь Віленшчыны сабрала сродкі на памятны камень у гонар Сыракомлі. Ён быў пастаўлены ў Барэйкаўшчыне ў 1899 годзе.  Ушанаванне памяці Сыракомлі адбылося таксама ў 1908 годзе, калі былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі ў касцёле Св. Яна ў Варшаве, а яшчэ раней, у 1902 годзе, – у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. З цягам часу з’явіліся вуліцы Сыракомлі ў Варшаве, Вільнюсе, Нясвіжы, Мінску, Навагрудку, Гродне... У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа.

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы (1593)

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы (1593)

Помнік Ул. Сыракомлю ў Старым парку Нясвіжа (1993)

Помнік Ул. Сыракомлю ў Старым парку Нясвіжа  (1993)

У Барэйкаўшчыне супольнымі намаганнямі аматараў паэзіі ў ягоны гонар створаны  музей. Здаецца, збылося тое, пра што казаў Янка Купала стагоддзе таму:

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы паміж намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.   

ЭКСКУРСИИ ПО БЕЛАРУСИ ОТ ТУРОПЕРАТОРА ВИАПОЛЬ



Смотрите также

Деречинский пазл Статьи
Деречинский пазл

Уголок Зельвенщины, где на высокой драматической ноте в начале ХIХ века завершилась история знаменитого магнатского...

Вся культура – из культа Статьи
Вся культура – из культа

Не спеша, пристально вглядываемся в облик синагог, уцелевших на нашей земле

Феномен Минской Гимназии Статьи
Феномен Минской Гимназии

216 лет тому назад, 26 января 1803 года, был подписан государев указ об основании Минской мужской гимназии.

Патрыярх з Малой Люцінкі Статьи
Патрыярх з Малой Люцінкі

9 лютага 1852 года, спраўдзілася мара Марцінкевіча: разам са Станіславам Манюшкам ён паставіў першую ў гісторыі...