pl | de | by | en

Выбітныя лекары Беларусі: Цэлястын Цеханоўскі

Автор: Сяргей Абламейка
Ссылка: Радыё Свабода

20.04.2020

Сёньня да лекараў прыцягнутая ўвага грамадзтва за іх самаадданасьць і вернасьць прафэсіі. І так было заўсёды. Многія лекары пакінулі выдатны сьлед у гісторыі Беларусі і іншых краін. Сёньня аповед пра аднаго зь іх — Цэлястына Цеханоўскага.

Ён нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў маёнтку Горлава Чавускага павету Магілёўскай губэрні ў 1835 годзе. Пасьля заканчэньня магілёўскай гімназіі вучыўся ў Варшаўскай мэдыка-хірургічнай акадэміі і Маскоўскім унівэрсытэце.

Падчас навучаньня стаў паплечнікам Кастуся Каліноўскага, уваходзіў у студэнцкую арганізацыю «Огул». Пасьля атрыманьня дыплёму працаваў лекарам ў Горадні.

cekhanovskij.jpg

Удзел у паўстаньні

У пачатку 1863 году Каліноўскі прызначыў Цеханоўскага паўстанцкім начальнікам Горадні, але ён ня толькі кіраваў паўстанцкімі структурамі, але і лячыў паўстанцаў. Якраз падчас аказаньня мэдычнай дапамогі параненым паўстанцам Цэлястын Цеханоўскі і быў арыштаваны ў жніўні 1863 году.

У лістападзе яго асудзілі на 20 гадоў катаргі, паводле іншых зьвестак — да пажыцьцёвай катаргі. Праз два з паловай года цяжкіх этапаў і працы катаржнікам на будоўлі, у 1866 годзе ён трапіў ў пасёлак Аляксандраўскае пад Іркуцкам, дзе знаходзілася фабрыка, на якой працавалі вязьні.

Цеханоўскі пачаў добраахвотна лячыць іншых вязьняў і катаржнікаў.

Адмова зьняць кайданы

Нашаму суайчыньніку спрыяў начальнік турмы Аляксандар Сіпігін, пры дапамозе якога Цеханоўскі здолеў палепшыць гігіенічныя умовы жыцьця вязьняў, а пасьля пачаў лячыць і вольных жыхароў Аляксандраўскага і навакольных вёсак. У вёскі да хворых ён хадзіў пешкі ў кайданах і пад канвоем.

Цеханоўскага так палюбілі мясцовыя жыхары, што праз год яму было дазволена зьняць кайданы. Але на знак салідарнасьці з закутымі ў жалеза ўдзельнікамі паўстаньня — сваімі таварышамі, ён адмовіўся ад прапановы і застаўся ў кайданах.

Празь пяць гадоў, 1872 годзе яго нарэшце прызначылі штатнымі лекарам Аляксандраўскай турмы і толькі тады ён зьняў зь сябе кайданы. На волю Цеханоўскі выйшаў роўна праз 20 гадоў зьняволеньня, у 1883 годзе, атрымаўшы дазвол на вольнае пасяленьне ў Іркуцку.

Лекар для бедных

Ён ажаніўся з расейскай Тацянай Яршовай, зь якой у іх нарадзілася сямёра дзяцей.

У невялікім драўляным дамку Цэлястын Цеханоўскі заснаваў амбуляторыю, у якой лячыў найбяднейшых жыхароў гораду і навакольля.

У 1905 годзе адзін з гарадзкіх дэпутатаў зьвярнуўся да іркуцкай думы з прапановай прызначыць 70-гадоваму лекару, былому катаржаніну дзяржаўную пэнсію. Дума згадзілася і пэнсію прызначыла. Але Цэлястын Цеханоўскі адмовіўся ад гэтай пэнсіі, як некалі і ад зьняцьця кайданоў.

Праз год ён памёр, не перажыўшы трагічнай весткі пра сьмерць сына Міхаіла, засечанага казакамі ў Маскве падчас дэманстрацыі.

У расейскім Іркуцкі захоўваецца памяць пра яго. Дом, у якім жыў Цеханоўскі, знаходзіцца ў сьпісе гарадзкіх помнікаў Іркуцку. Адны там лічаць нашага суайчыньніка палякам, іншыя беларусам.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые