Выйшла кніга пра містычны лес пад Менскам

Автор: Дзмітры Гурневіч

Ёсць думка, што Беларусь — гэта нешта суцэльна-аднастайнае, а гэта няпраўда. Беларусь гістарычна была вельмі разнастайнай. Але адметнасьць рэгіёнаў амаль што страчаная. Ужо каторы год гісторык Аляксандар Белы стварае рэгіянальныя брэнды і натхняе да гэтага іншых. Ён распавёў, навошта Беларусі свае «Баварыя» і «Бургундыя».

Аляксандар Белы не тэарэтык у тым, пра што кажа. 13 гадоў таму ён стварыў аграсядзібу «Марцінова гусь» у Валожынскім раёне, займаецца папулярызацыяй лякальнай гісторыі і кухні Беларусі, піша кніжкі і артыкулы. Апошнія гады гісторык апантаны ідэяй стварыць рэгіянальныя брэнд — «Налібоцкая пушча».

kniga.jpg

«Беларусь павінна быць адной, але яна вельмі розная»

На Нацыянальным кніжным кірмашы ў пачатку сакавіка Белы прэзэнтаваў новую кнігу, якая мае стаць чарговай цаглінай у падмурак такой адбудовы — «Таямніцы Налібацкай Пушчы». Гэта міні-энцыкляпэдыя для дарослых і каляраванка для дзяцей пра рэгіён, які раскінуўся на тэрыторыі пяці раёнаў Меншчыны і Горадзеншчыны.

«У сутнасьці — гэта рэгіянальны гід для людзей, якія цікавяцца лякальнай гісторыяй і якім цікава падарожнічаць па Налібоцкай пушчы і думаць пра гэты рэгіён менавіта як пра суцэльнасьць, як рэгіён з устойлівымі культурнымі сымбалямі-мітамі», — кажа Белы.

Матэрыялы для кнігі гісторык зьбіраў больш за 10 гадоў. Кнігу ён называе пілётным праектам у справе паказу прыроднай прыгажосьці ды значнасьці рэгіёну для гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы, а таксама сусьветнага габрэйства.

Для Алеся Белага важна было знайсьці спонсараў кнігі сярод жыхароў рэгіёну. І гэта ўдалося. Гісторык перакананы, што ў Налібацкага краю павінна быць сваё калектыўнае жыцьцё.

«У нас з рэгіянальнымі брэндамі і сьвядомасьцю справы ідуць кепска. Пераважае думка пра Беларусь — гэта нешта сымбалічна адзінае і аднолькавае. Але ж гэта абсалютна не адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці. Вядома, Беларусь павінна заставацца ўнітарнай у сэнсе палітычнага ладу, але ў культурным пляне Беларусь гістарычна была вельмі разнастайнай. І гэтая разнастайнасьць рэгіёнаў амаль што страчаная», — кажа Аляксандар Белы.

Найбольшую шкоду, паводле гісторыка, зрабіла стварэньне калгасаў і пазбаўленьне сялян уласнасьці ды ініцыятывы. Культываваўся вобраз Беларусі як адной вялікай вёскі, у якой адрозьненьняў паміж рэгіёнамі няма.

Белы супакойвае, што ў рэгіяналізьме, які ён прапануе, няма сэпаратызму. Ані Налібацкая пушча, ані Заходняе Палесьсе, на ягоную думку, не прэтэндуюць на аўтаномію і ня стануць у будучыні протадзяржавамі.

«Гаворка ж не ідзе, напрыклад, пра налібацкі субэтнас. Ёсьць і габрэйская гісторыя гэтага рэгіёну, і каталіцкая, і праваслаўная, і нават татарская. Я адчуваю аркестар розных культураў гэтага рэгіёну, які грае пэўную мэлёдыю», — кажа Белы.

Даволі некалькі чалавек, каб праца кіпела

І Заходняе Палесьсе, і Наваградчына, і Дзісеншчына або Сапоцкінскі край ці іншыя рэгіёны краіны маюць цікавую і адметную гісторыю, якая дагэтуль не прагучала. А гэта мае значэньне для разьвіцьця турызму.

«І найперш — унутранага. Распавесьці пераканаўча пра гэтую адметнасьць іншаземцам мы яшчэ ня хутка зможам. А зрабіць гэта для саміх беларусаў — магчыма. Але культываваньне гэтых адметнасьцяў — праца на дзесяцігодзьдзі. І пачынаць яе трэба ўжо зараз», — кажа Белы.

Галоўнае, на яго думку, каб у рэгіёнах былі актывісты і краязнаўцы, якія б культывавалі гэтыя вобразы. На цэлы раён даволі нават некалькі імпэтных людзей, якія б ініцыявалі працу і натхнялі іншых. Адным з прыкладаў ён называе Лепельшчыну, якая стварыла ўласны брэнд «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў». У Лепельскім раёне створаны 155-кілямэтровы роварны маршрут. Ён адрасаваны найперш аматарам беларускай этнаграфіі і фальклёру, а таксама актыўнага адпачынку. Перамяшчацца паміж пунктамі можна на роварах, лодках і пешымі экалягічнымі сьцежкамі.

За апошнія 20 гадоў, распавядае Белы, і ў Налібоцкай пушчы ўзьнікла нямала асяродкаў, дзе людзі ўласнымі сіламі робяць шмат. Нядаўна былая настаўніца Рамуальда Сабалеўская ўласнымі высілкамі зрабіла сьціплы музэй габрэйскай культуры Рубяжэвічаў. У Івянцы ёсьць прыватны музэй народнага скульптара Апалінара Пупкі. У Прудах каля Налібак людзі гуртуюцца каля мясцовага Дому рамёстваў, спрабуючы вярнуць мясцовасьці колішнюю славу рамесьніцкага асяродку.

Пруды — вёска майстроў

«Праблема ў тым, што дзяржаўныя ўстановы на ўсё гэта глядзяць вельмі кандова і бюракратычна. Нядаўна яны абвясьцілі пра стварэньне турыстычных зонаў. Але нават слова „зона“ для постсавецкага чалавека мае напаўкрымінальную канатацыю. І гэта невыпадкова. Гэта сьведчыць пра ўнутраную несвабоду, зь якой у нас усё і робіцца», — наракае Аляксандар Белы.

Ён нагадаў, як некалькі гадоў таму ў рамках праграмы, якую фінансавалі ПРААН і Эўразьвяз, у заходняй Беларусі было ўкладзена 17 турыстычных кірункаў: «Зэльвенскі дыярыюш», «Муховэцька Кумора», «Мірскае графства» ды іншыя. Усе яны, на думку Белага, утрымлівалі зерне рэгіянальных турыстычных брэндаў.

«Але Міністэрства спорту і турызму ўвогуле не заўважыла гэтай працы і паралельна стварала з-пад палкі праграму разьвіцьця турызму, у якой гэтая праца, зробленая мясцовымі актывістамі, увогуле не была заўважаная. Нібыта яе і не было. З гледзішча вэртыкалі ўся гэтая нізавая праца ня мае ніякай вартасьці», — гаворыць гісторык.

2018 год абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы. Але гісторык мяркуе, што гучная назва можа аказацца чарговым раўндам «бюракратычнай балбатні».

«Беларусь разьвіваецца ў постмадэрнісцкім ключы, абсалютна ігнаруючы праявы мінулага»

karta.jpg

Але як разьвіваць рэгіянальныя брэнды, калі ў многіх мясцовасьцях амаль не захавалася помнікаў архітэктуры, няма ані музэяў, ані рэстаранаў, а вёскі выглядаюць ідэнтычна? Пачынаць, на думку Белага, трэба з добраўпарадкаваньня ляндшафту.

«У Валожынсакім раёне нешта ўжо робіцца. Дзякуючы часткова валянтэрам, часткова замежным грантам. Ужо каля 5 гадоў мы працуем над сеткай роварных маршрутаў «Валожынскія гасьцінцы», «Эўравела-2». Гэта найперш праца Менскага роварнага таварыства ў супрацы зь мясцовымі аграсядзібамі. Але ў Налібацкай пушчы трэба зрабіць яшчэ вельмі шмат, каб яна стала па-сапраўднаму прывабнаю», — мяркуе гісторык.

Галоўнае, што ёсьць гістарычная традыцыя, за якую можна зачапіцца, лічыць Белы. У Налібацкай пушчы гэта, напрыклад, гісторыя нёманскага плытніцтва. Налібацкі край — гэта таксама месца найбольш маштабнай мэталюргічнай вытворчасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вядомае канкрэтнае месца, дзе была гута, — гэта вёска Кляцішча ў Стаўпецкім раёне. Засталося некалькі кавалкаў дарог, высыпаных блакітнымі выгаркамі; дарогі, магчыма, неўзабаве зьнікнуць зусім. Ёсьць сьляды будаў, дзе выпальвалі вугаль для мэталюргіі.

«На могілках у Налібаках ёсьць кляцішчанскія крыжы, ёсьць нават цэлая экспазыцыя ў Івянецкім музэі. У Польшчы, напрыклад, такіх маршрутаў па старым гутніцтве вельмі шмат. А ў нас — ніводнага. Беларусь разьвіваецца ў нейкім постмадэрнісцкім ключы, абсалютна ігнаруючы канкрэтныя праявы мінулага», — гаворыць Аляксандар Белы.

Ён лічыць, што пачынаць трэба ад простых інфармацыйных стэндаў, нанясеньня ўсіх месцаў на мапы, правядзеньня пілётных экскурсіяў, прэс-тураў па гэтых мясьцінах.

Як перамагчы агіду да руінаў

Для разьвіцьця рэгіянальных брэндаў і турыстычных шляхоў патрэбная дапамога мясцовага насельніцтва. У чым карысьць ад брэндаў людзям, чый штодзённы клопат — гэта праца на полі, хатняя гаспадарка, сьвіньні і каровы?

«У ідэале людзі на гэтым турызьме мусяць зарабляць. Зарабляць на бульбе ў нашы часы даволі складана. Сельская гаспадарка павінна быць высокапрадукцыйнай. Грошы можна зарабляць толькі на ўнікальных нішавых падуктах, якія ня сталі полем дзейнасьці вялікіх прадпрыемстваў. А гэта таксама зьвязана з турыстыкай і рэгіяналізмам», — кажа гісторык.

Перадумовы для разьвіцьця турызму, законы і правілы, паводле яго, — гэта абавязак дзяржавы. Але ня менш важна выхаваньне ў гэтым ключы. На думку Белага, трэба штогод з частковым фінансаваньнем дзяржавы ствараць стымул для настаўнікаў геаграфіі, біялёгіі, літаратуры і гісторыі, каб было як мага больш школьных вандровак. Гісторык лічыць, што рэгіянальныя асаблівасьці трэба выкладаць у школе. І калі малады чалавек прызвычаіцца да гэтай цікаўнасьці да рэгіёну, то пазьней у дарослым жыцьці ён будзе цікавіцца ім ужо сам.

«А нашая буржуазія выхаваная такім чынам, што крытэрам пасьпяховасьці для яе ёсьць экзатычная вандроўка. Наш калгасны буржуа шукае экзотыку толькі за мяжой. А сваёй краінай гэтая квазібуржуазія моцна пагарджае. Усё мясцовае для яе — другаснае і ня вартае ўвагі. Гэта звычайная крывадушнасьць. І такая ж палітыка нашай дзяржавы. З аднаго боку паўсюль гэтыя сардэчкі «Люблю Беларусь», а на асабістым узроўні крытэр пасьпяховасьці — гэта вырвацца зь Беларусі. Беларусь проста нецікавая сучаснаму пасьпяховаму постмадэрнісцкаму беларусу», — кажа Аляксандар Белы.

Пярэчу гісторыку, што ня кожны любіць катацца на ровары, есьці калдуны на лясной паляне і глядзець на на дарогу з блакітных выгаркаў ад руды. Як пераканаць «постмадэрнісцкіх беларусаў», якія падарожнічаюць па сьвеце, што гэта цікава і важна, калі ім гэта нецікава?

«Каб пераадолець інстыктыўную агіду да руінаў, да таго стану, у якім знаходзяцца нашыя гістарычныя аб’екты, трэба зрабіць над сабою высілак. Немагчыма гэтага зрабіць без першых крокаў. Любоў і каханьне заўсёды патрабуюць пэўнай працы душы. Пасьпяховы чалавек, які шмат падарожнічае па сьвеце, бачыць, як жывуць мэтраполіі ?, скажа: „Ну што гэта за ўзровень?“ Але ад канрэтных людзей, якія гэта робяць тут і цяпер, усё патрабуе вялікіх высілкаў. Так, шмат што сёньня ў руінах. Але калі людзі не пачнуць цікавіцца руінамі, то ніколі і нічога ня ўдасца аднавіць».



Смотрите также

Статьи
Неизведанное рядом. Топ-10 диких мест Беларуси, где вы точно не бывали

Беларусь только на первый взгляд кажется страной, где давно

Статьи
И на карте Беларуси имеются «белые пятна»!

Не так давно директор компании «ВЛП» Дмитрий Платков

Статьи
Маляўнічая турыстычная карта раскажа аб Налібоцкай пушчы

Створана турыстычная карта Налібоцкай пушчы, на якой

Самые популярные Самые обсуждаемые