Як справіць вяселле ў беларускім этнастылі (Фота)

Автор: Зоя Хруцкая
Фото: Сяргей Лескець

Стравы, уборы, традыцыі – гэта свята вылучаецца адметным стылем. Жаніх і нявеста вырашылі зладзіць этнавяселле – і яно дакладна запомніцца надоўга.

Маладыя пабраліся шлюбам 7 верасня, адзначалі свята на аграсядзібе ў Валожынскім раёне. Пра тое, як рыхтаваліся і што самім спадабалася найбольш, распавялі Ягор Кісялевіч і Аляксандра Сайкоўская.

Viasielle_1.jpg

Падрыхтоўка

Пачалі рыхтавацца да вяселля прыкладна ад канца чэрвеня. Падчас падрыхтоўкі шмат раіліся са старэйшымі сваякамі. А таксама са знаёмымі, якія ладзілі сабе традыцыйныя вяселлі. Звярталіся і да спецыяльнай літаратуры.

Шмат дапамагаў парадамі Сяргей Выскварка, якога запрасілі быць нашым маршалкам. Шмат чаго новага пра даўнейшыя вяселлі пачулі ад дзядзькі Казіка, музыкі з Дзятлаўскага раёна, з вёскі бабулі Ягора. Ён у маладосці разам са сваёй капэлай іграў на вяселлях па ўсім раёне.

Viasielle 2.jpg

Viasielle 3.jpg

Ці адгаворвалі сваякі?

Блізкія адразу зразумелі, што белых сукенак не будзе, і па максімуме ўключыліся ў працэс. Падтрымлівалі, распытвалі іншых сваякоў.

Некаторыя абрадавыя моманты абмяркоўвалі даўжэй, бо сваякі маладых паходзяць з розных раёнаў Беларусі. Гэта доўгая падрыхтоўка разам са сваякамі дала больш глыбокае разуменне беларускага традыцыйнага вяселля.

Viasielle 4.jpg

Viasielle 5.jpg

Viasielle 6.jpg

Якія традыцыі ўвасобілі?

Заручыны – калі пазнаёміліся бацькі Сашы і Ягора. Ладзілі дзявочы вечар, выпраўленне маладога з хаты. Выкуплялі маладую.

Традыцыі тычыліся і самога вясельнага абраду, падчас якога жаніх і нявеста станавіліся на агульны ручнік, і ім перавязвалі рукі другім ручніком. Потым бацькі сустракалі хлебам і соллю. Падчас застолля жанілі гарэлку.

Было дарэнне маладых і дзяленне караваю. Вясельныя маршы ад мінскай капэлы “На Таку”. Усё свята суправаджалася традыцыйнай музыкай і танцамі. Для кожнага значнага моманту дзяўчаты спявалі адмысловыя вясельныя песні.

Напрыканцы было завіванне маладой, калі свякроў здымае вясельны вянок і павязвае маладой жаночую хустку. Было і ламанне вясельнай лавы, якую рабіў малады разам з дзедам і на якой праседзелі ўсё вяселле.

Viasielle 7.jpg

Viasielle 8.jpg

Асаблівыя стравы

Традыцыйны стыль падтрымлівалі і ў стравах, якія былі на вясельным стале.

Так, напрыклад, зразы «з цымусам» – гэта значыць, начыненыя морквай. Альбо карп па-яўрэйску, тушаны ў піве, тут маладым спадабалася назва. Быў дамашні хлеб ад гаспадыні сядзібы, дзе святкавалі.

Viasielle 9.jpg

Viasielle10.jpg

Viasielle 11.jpg

Viasielle 12.jpg

Як вы зразумелі, што гэта будучая жонка?

Ягор адказвае:

– Вось калі прыехаў выкупляць, то і зразумеў, з кім звязаўся. (жартуе)

Што асабліва запомніцца са свята?

– Мне вельмі спадабалася, як нашы сваты, перавязаныя ручнікамі, выносілі каравай, – прыгадвае Аляксандра. – Усё адбывалася на двары. Сваты трымалі яго над галавой, танцавалі і кружыліся, а за імі ішлі музыкі і ігралі.

Таксама ніколі не забуду чароўны момант, калі мая свякроў павязвала мне хустку, а дзяўчаты спявалі песню «Гарэла сосна». Адчуванні, непараўнальныя ані з чым.

Viasielle 13.jpg

Viasielle 14.jpg

– Зрэшты для мяне таксама асаблівым момантам было завіванне маладой, – кажа Ягор. – Пасля завівання маладая танцавала з кожнай незамужняй дзяўчынай вальс, надзяваючы ёй свой вясельны вянок. Каб дзяўчаты замуж выходзілі.

Як бавіце свой мядовы месяц?

На гэта пытанне маладыя адказалі аднолькава:

– Бавім традыцыйна, як і сто гадоў таму – на працы.

Якімі марыце бачыць сябе праз 10 год?

Гэтым падзялілася Аляксандра:

– Мой муж галава, а я яго шыя.

Я кручу, куды хачу, ён талеркі мые.

Viasielle 15.jpg

Viasielle 16.jpg

Viasielle17.jpg



Самые популярные Самые обсуждаемые