by | en

Як у Беларусі робяць бізнэс на Каліноўскім

Ссылка: Радыё Свабода

Парэшткі лідэра антырасейскага паўстаньня Кастуся Каліноўскага перапахаваюць у Вільні 22 лістапада. Свабода пацікавілася, як у Беларусі зарабляюць на культавым гістарычным пэрсанажы праз паўтара стагодзьдзя.

1. Настольная гульня «Паўстанцы»

Карткі ў гульні «Паўстанцы»

Гульню, якая нагадвае папулярную «Мафію», распрацавалі гарадзенцы Антон і Наста Янкоўскія. Толькі беларуская «мафія» — гэта паўстанцы. Ролі ў ёй разьмяркоўваюцца з дапамогай картак. Удзельнікі могуць стаць і Каліноўскім або кімсьці зь ягоных паплечнікаў, і Мураўёвым-вешальнікам. Задача — здагадацца, хто ёсьць хто.

Упершыню гульня выйшла ў 2013 годзе. Увесь наклад хутка разышоўся.

Сёлета ў сьнежні выдавецтва «А4» плянуе выдаць новую, палепшаную вэрсію «настолкі». Перавыданьне рыхтавалася два гады і выпадкова супала зь перапахаваньнем паўстанцаў. Цяпер ідуць перадзамовы, пры якіх можна заказаць лоты, якія будуць недасяжныя пазьней — прыкладам, пэрсанальную карту з уласным партрэтам.

Ужо замовілі больш як 300 гульняў, сказаў Свабодзе Антон Янкоўскі.

2. Бар Kalinoŭski

Новае месца на Зыбіцкай вуліцы ў Менску адкрылася сёлета ў чэрвені. Назьве, напісанай беларускай лацінкай, адпавядаюць выявы самога кіраўніка паўстаньня і цытаты з «Мужыцкай праўды» на сьценах. Алькагольныя кактэйлі маюць назвы месяцаў году па-беларуску. Можна замовіць кукурузную ці трысьняговую гарэлку. Ёсьць мэню на беларускай мове. У той жа час наведнікі неаднойчы скардзіліся, што афіцыянты гавораць па-расейску, а ў бары гучыць расейская «папса».

У бары Kalinoŭski

Кіраўнік бара Kalinoŭski Глеб Кізін сказаў Свабодзе, што зьмены колькасьці кліентаў перад перапахаваньнем паўстанцаў не назіраецца. Аднак усё часьцей людзі ў бары абмяркоўваюць гэтую падзею.

«Разоў пяць на тыдзень яны пытаюцца ў бармэнаў: „А вы ведаеце? Вы ведаеце?“ І расказваюць пра перапахаваньне», — кажа Глеб Кізін.

Наведнікі, арыентаваныя на беларускасьць, якія гавораць на беларускай мове або якім важная канцэпцыя бара, складаюць каля 20%. Іх больш у будзённыя дні, калі зручней пагаварыць. Астатнія — гэта турысты і людзі, якія проста любяць хадзіць па барах і рэстарацыях. У будзённыя дні агулам прыходзіць да 100 чалавек, у выходныя — каля 300.

Адмысловых акцый, прымеркаваных да перапахаваньня паўстанцаў, не плянуецца. На думку кіраўніцтва ўстановы, назваць кактэйль у гонар гэтай падзеі або зладзіць забаўляльнае мерапрыемства — значыла б паставіцца да яе без пашаны.

«Для нас гэта занадта сур’ёзнае мерапрыемства, каб абыгрываць яго ў забаўляльным фармаце. Я думаю, тут важна стрымана падтрымаць, пагадзіцца з тым, што гэта сапраўды важны чалавек для нашай культуры, гісторыі. Мы стараемся выкарыстоўваць вобраз Кастуся Каліноўскага як чалавека, які змагаўся за свабоду, і стараемся рэалізаваць як мага больш лякальных напояў», — патлумачыў кіраўнік бара.

Дарэчы, назву бару далі таксама не на хвалі абмеркаваньня знаходак на гары Гедзіміна. Уласьнік установы Аляксей Славута паходзіць з Мастоўскага раёну і зь дзяцінства захапляўся постацьцю лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў.

3. Тату з Каліноўскім і касінерамі

Тату з Кастусём Каліноўскім

Гарадзенка Юлія Кульба распрацавала эскізы для татуіровак зь беларускімі героямі і дзеячамі. Сярод іх — Кастусь Каліноўскі і касінер. Майстрыха гатовая рабіць тату зь беларускай тэматыкай за паўцаны. Каб набіць Каліноўскага, трэба 9 гадзін.

Апошнім часам росту попыту на тату з паўстанцамі не назіраецца.

4. Швэдры і цішоткі «Каго любіш?»

Сьвітшоты і цішоткі з прынтом Кастуся Каліноўскага (аўтарства мастака Міколы Купавы) і паўстанцкім паролем «Каго любіш?» стварылі адмыслова да перазахаваньня парэштак нацыянальнага героя. На больш старым варыянце цішотак можна прачытаць і адказ на пароль: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь» — «То ўзаемна». Яшчэ адна навінка — цішоткі з прынтом «Каліноўшчына», дзе рэвалюцыянэр трымае пісталет у выцягнутай руцэ, аўтарства Макса Пякарскага. Паўстанцкае адзеньне прапаноўвае крама symbal.by.

Як сказаў уласьнік крамы symbal.by Павал Белавус, падрыхтоўка да перапахаваньня паўстанцаў пакуль не адбілася на попыце на адпаведныя тавары. Рост чакаецца бліжэй да 22 лістапада.

Аднак «сымбальбаеўцы» самі стараюцца ўзьняць цікаўнасьць да гэтай падзеі, паказаць важнасьць Каліноўскага перадусім маладому пакаленьню беларусаў. На сваім сайце яны разьмясьцілі праграму мерапрыемстваў, прысьвечаных перапахаваньню. Разьмясьцілі ў сябе бясплатную электронную вэрсію кнігі Васіля Герасімчыка «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда». Вылучылі асобны разьдзел, прысьвечаны таварам з выявай Каліноўскага. Сабралі ў адным месцы прапановы, якія ўжо існуюць, і распрацавалі навінкі.

5. Паўстанцкая магерка

Яшчэ адзін элемэнт паўстанцкай вопраткі можна знайсьці ў горадзенскай краме «Адметнасьць». Гэта магерка «Рагуля», расшытая футрам, — дакладная копія той, якую насілі каліноўцы. Каштуе 60 рублёў. Адну падобную ўжо набылі раней.

6. Сувэніры

Паўстанцкую тэматыку да таго ж можна сустрэць на кубках — «Захоўвайце спакой ды вастрыце косы», магнітах з выявамі Каліноўскага, паштоўках. Значкі з гербам паўстаньня 1863–1864 гадоў плянуюць выпусьціць аўтары гульні «Паўстанцы» сёлета ў сьнежні. Значак адносіцца да так званай «чорнай біжутэрыі». Так у 1863 годзе называлі знак грамадзянскай жалобы, праявы салідарнасьці і падтрымкі паўстанцаў.

Па назіраньнях уласьніка горадзенскай крамы «Адметнасьць» Сяргея Верамеенкі, зарабіць на Каліноўскім пакуль складана. Часам набываюць адпаведныя паштоўкі, пытаюцца пра цішоткі. Цікаўнасьць да паўстанцкай тэмы больш праяўляецца, прыкладам, калі наведнікі купляюць для паездкі ў Вільню на перапахаваньне бел-чырвона-белыя сьцягі.

Перапахаваньне паўстанцаў — на Свабодзе

Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага 22 лістапада ў Вільні. Сачыце за далейшымі абвесткамі на svaboda.org і ў нашых сацсетках.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Што вядома на гэты момант.

Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Моц дрэва. 7 велічных драўляных касьцёлаў Беларусі

Войны, пажары, савецкую ўладу на Беларусі перажылі некалькі дзясяткаў драўляных касьцёлаў. Пераважна гэта помнікі

Самые популярные Самые обсуждаемые