Як зрабіць Сёмкава турыстычнай Мекай?

Автор: Таццяна Хамянкова
Фото: Сяргея Плыткевіча
6 1103

Сёлета мы святкавалі 305-годдзе Адама Хмары, які ўвайшоў у гісторыю як апошні, дваццаць дзевяты, мінскі ваявода.

1 Семково, Адам Хмара.jpg

Мінулы раз мы красамоўна апісалі асобу і гаспадарку фундатара сядзібна-паркавага комплекса Сёмкава і касцёлаў на Міншчыне, гэтым разам спынім вашу ўвагу на сядзібных парках. Тым больш, што акурат у снежні мясцовыя жыхары і валанцёры Рэспубліканскага фонда "Планета без межаў" падалі зварот з ініцыятывай надаць флоры і фауне Сёмкава ахоўны статус.

2 Семково, парк и дворец.jpg

Паркі Сёмкава

Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава – адзін з нешматлікіх гістарычных куткоў Беларусі, дзе ў нязменным выглядзе захавалася два сядзібных парка.

Раман Афтаназі, знакаміты польскі гісторык мастацтва і даследчык, які прысвяціў жыццё вывучэнню шляхецкіх маёнткаў, палацаў і сядзіб на тэрыторыях колішняга Вялікага княства Літоўскага (Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы), так апісваў парк у Сёмкаве:

Першапачаткова парк французскага тыпу, сіметрычны ў плане, разбіты на трох узроўнях і аточаны агароджай, падобнай да агароджы параднага двара, займаў адносна невялікую плошчу. Толькі ў першай палове XIX ст. ён быў павялічаны на 10 гектараў пейзажнага парку. На размешчанай тут жа, ля тыльнага фасаду палаца, другой паўкруглай па форме тэрасе знаходзіўся фантан. Засаджаная па восі ніжэй алея, шырынёй каля 20 м, даўжыней каля 90 м, вяла да ніжэйшай часткі парку, дзе пачыналася наступная алея, даўжынёй каля 100 м, высаджаная чатырма радамі старых дрэў. З аднаго боку парк упіраўся ў рэчку, што працякае побач. Прагулачная алея абдымала ўсю тыльную частку парка. Сярод дрэў пераважалі ліпы і дубы.

…Спуск у парк за сядзібным домам аформлены ў выглядзе дзвюх тэрас з невялікімі перападамі вышыні, тэрасы ў некаторай ступені паўтараюць форму эркера. У аснове кампазіцыйнага рашэння парка за сядзібным домам ляжыць барочны прынцып пабудовы восевай перспектывы “палац–парк–ландшафт”, якая сыходзіць у бясконцасць. Вось аформленая ў выглядзе сіметрычнай шэраговай пасадкі ліпы. Адлегласць паміж шэрагамі паступова, у тры этапы, змяньшаецца. Агульная працягласць замацаванай пасадкамі перспектывы 400 м, але, дзякуючы ўжытаму кампазіцыйнаму прыёму, падаецца нашмат большай.

З архіўных дакументаў, а менавіта з ліставання гаспадароў Сёмкава, вядома, што Адам Хмара любіў адпачываць у парку ля палаца, працаваў у паркавай альтанцы. Магчыма, там жа былі напісаныя шматлікія цыркуляры і “Запіскі да аканома” – парады па ўдалым гаспадаранні ад сапраўднага знаўцы гэтай справы. Безумоўна, парк быў улюбёным месцам і гасцей сядзібы. Нездарма бальная зала палаца наўпрост выходзіла ў парк.

…У кампазіцыі рэгулярнага парка ў асноўным ліпа. Інтрадуцэнты, як у іншых парках гэтага перыяду, выкарыстоўваліся мала. Па перыметры парк атачала ліпавая алея.

Кампазіцыйная вось парка, выцягнутая ў накірунку ўсход–захад складала каля 1 км. З паўднёвага боку перпендыкулярна ёй праходзіць другая пад’яздная алея (гаспадарчага прызначэння) з таполі белай. Пазней, у першай палове ХІХ ст., тэрыторыя з паўднёвага боку ад галоўнай пад’язной алеі атрымала пейзажнае паркавае афармленне, што, тым не менш, не парушыла першапачатковай кампазіцыйнай арганізацыі сядзібнай прасторы, а развіла і дапоўніла яе. Самая высокая частка сядзібы, дзе знаходзілася аглядная пляцоўка, зараз захоўвае пасадку ліпы вышынёй 26-28 м. Паўднёва-заходняя частка сядзібы з маляўнічым пераходам рэльефу занятая садам і часткова выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах.

3 Семковво, парк.jpg

Першы з паркаў – рэгулярны парк у французскім стылі – найбольш вегародна быў сфарміраваны адначасова з будаўніцтвам палаца Хмараў. Праўда, існуюць версіі, што, магчыма, гэты парк быў закладзены пры папярэдніх гаспадарах.

Найбольш раннія звесткі пра парк сустракаюцца ў адміністратыўна-гаспадарчым ліставанні за 1767 і 1772 гады. У дакументах таго часу фігуруюць некаторыя часткі “парка, які знаходзіцца за палацам” – партэр з шэрагамі дрэў – і “больш высокі ярус”, які знаходзіўся перад каналам.

У справаздачы слугі А. Хмары М. Каменскага ўлетку 1771 г. узгадваюцца высахлыя дрэвы “на партэры і вакол паркавага дома” – яблыні і грушы, а таксама ідзе гаворка пра неабходнасць агароджы вакол парка.

Дзякуючы архіўным дакументам мы можам даведацца, што акрамя ліпы ў парках былі пасаджаныя грабы, а паркавая альтанка нават была распісаная!

У дакументах фонда Хмараў узгадваюцца разнастайныя работы ў сядзібным парку, якія праводзіліся ў другой палове ХVIII – пачатку ХIХ ст., дзе фігуруюць некаторыя паркавыя пабудовы. Так, у карэспандэнцыі 1775–1776 гг. ідзе размова пра прывоз агароднікам з Ракава ў Сёмкава граба для засадкі гэтымі дрэвамі парка “за мост, уздоўж дарогі аж да леса”, а таксама пра роспіс мастаком паркавай альтанкі.

Цікава, што на паркавай тэрыторыі знаходзілася не толька рэчка, а цэлая дакладна прадуманая і дасканала ўладкаваная водная сістэма: сажалкі, стаўкі, каналы…

У 1777 г. кіраўнік будаўнічых работ у маёнтку загадаў “пусціць ваду з паркавага калодзежа ў канал”. Напрыканцы 70-х – пачатку 80-х гадоў ХVIII ст. у сядзібе праводзіліся работы па ўрэгуляванні воднай сістэмы – ачыстцы існуючых сажалак, стаўка, канала і вялося рыццё новых стаўкоў. У сённяшні час складана вызначыць, дзе яны знаходзіліся, але, магчыма, уваходзілі ў паркавы комплекс сядзібы.

9 Семково, рисунок.jpg

Асобнай ўвагі заслугоўвае апісанне работы на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава агародніка і пасадка ім… абрыкосаў і персікаў!

У справаздачах за 1781 г. ён дакладваў Адаму Хмары пра пасадку ў парку абрыкосаў і персікаў, з якіх адна частка была пасаджаная каля каменнай агароджы, другая – крыху далей ад яе. Агароднік таксама нагадваў гаспадару пра тое, каб даслаў з Варшавы насенне некаторых кветак і гародніны: артышокаў, белай, сіняй і ружовай леўконіі, квяцістай капусты.

У дакументах канца ХVIII – пачатку ХIХ стагоддзя ўзгадваюцца разнастайныя работы ў парку: выраб скрыняў агародных, дрэвы абвіваліся рагожай на зіму, высаджвалася вябра. Невядома, якія работы адбываліся ў старым рэгулярным парку, а якія – у новым, пейзажым. Варта заўважыць, што ў азначаны часовы прамежак “парк” і “агарод” мелі больш шырокае значэнне, чым у яго сучасным разуменні. У “агарод” уваходзіў уласна парк, а таксама сад і агароды. Таму зразумела, што сёмкаўскаму “агародніку” даводзілася займацца самымі разнастайнымі справамі ў даручаным яму паркавым комплексе.

Безумоўна для рэкаструкцыі сядзібна-паркавага комплексу істотна дакладна ведаць і памер агароджы парка, і ўсе будынкі не толькі каля палаца, але і на тэрыторыі паркаў.

У той жа час вяліся работы па рамонце старой і будоўлі новай агароджы парка. Хмара пісаў, што ў 1790 г. частка парка была адгароджаная каменнай сценкай ад аранжарэі, нішамі для кансервацыі дрэў з садавіной! Іншыя архіўныя дакументы сведчаць, што будоўля агароджы парка вялася раней і пазней, пра што сведчыць разлік з муляром А. Казлоўскім, датаваныя 1827 г. “за агароджу вакол будынка і варка з двума варотамі”.

На дакуменце 1797 г. пазначаны нейкі простакутны будынак, які знаходзіўся напрыканцы парка, і ўключаная ў яго агароджа (паркавы дамок?). На карце 1850 г. зялёны масіў сядзібы распаўсюдзіўся на поўдзень ад палаца да віленскага гасцінца (пейзажны парк?).

4 Семкава, малюнак Н.Орды.jpg

Частка парка, што прылягала да палаца з поўначы, выяўлена на малюнку Напалеона Орды. Мы бачым, што агароджа адпавядала рэльефу мясцовасці і спускалася ад двара ў парк, бліжэй да сядзібных пабудоў мела афармленне такое ж, як і парадны двор: каменныя слупы з шэрагамі штакету паміж імі. Далей гэтая агароджа змянялася простым штыкетнікам. Лёгкімі штрыхамі мастак выявіў тое, што знаходзілася за агароджай – кроны дрэў і невялікі аднапавярховы будынак з прыбудовамі. Цёмная крывалінейная паласа, якая праходзіла за гэтым будынкам, была, магчыма, паркавым каналам ці стаўком.

5 Семково, зима.jpg

Ідэі адраджэння

Сядзіба ў Сёмкаве з’яўляецца адным з лепшых помнікаў сядзібна-паркавай архітэктуры Беларусі позняга барока, утрымліваючы ў сабе рысы класіцызму.

У межах работы праекта “Адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава” неадночы адбываліся дыскусіі аб актуальным прызначэнні сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава, праходзіў пошук інвестараў і арыгінальных ідэй прызначэння будынкаў, калі ўзнікне магчымасць рэстаўрацыі. На дыскусіі, якая адбылася ў кастрычніку 2024 года і пасля яе, прагучала некалькі свежых ідэй, што можна было б зрабіць на месцы Сёмкаўскага палаца-паркавага комплекса:

  • Музей сядзібаў Мінскага раёна;
  • Арт-галерэя Мінскай вобласці;
  • Музей прыватных калекцый;
  • Музей-збраёўня (у Хмары акурат была ўласная калекцыя зброі) і школа шабельнага фехтавання;
  • Культурна-адукацыйны цэнтр для дзяцей “Мары Хмары” (сям’я была бяздзетнай).
6 Семково, парк осенью.jpg

Што тычыцца сядзібных паркаў, то найбольш арыгінальную ідэю выказала Алеся Караткевіч, ландшафтны дызайнер, адна з каманды дызайнераў экасцяжыны “Сёмкава”: аднавіць гістарычны аптэкарскі агарод і французcкі рэгулярны парк.

7 Семково, цветение.webp

Калі ісці шляхам садоў Нінфа ў Італіі, то будынак палаца дастаткова для пачатку проста закансерваваць, афіцыны пераўтаварыць у гатэль. А вакол стварыць багаты разнастайнымі раслінамі парк і сад. Тады сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава мае шанец стаць адной з самых рамантычных сядзібаў Беларусі, прывабнай для фотасесій.

8 Семково, Хаменкова, экскурсия по экотропе.jpg

На сённяшні дзень сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава выстаўлены на аукцыён. Новым гаспадаром і ініцыятарам адраджэння яго былой славы тэарэтычна можа стаць кожны з нас. А раптам сярод чытачоў “Планеты Беларусь” ёсць людзі, гатовыя на гераічны ўчынак?



Смотрите также

Руины усадебного дома в Семково Достопримечательности
Руины усадебного дома в Семково

Руины усадебного дома в деревне Семково окружены ландшафтным парком.