Якуб Колас у Сёмкаве, або Незвычайныя прыгоды паэта пад Менскам

Автор: Павел Каралёў

17.01.2022

Сёмкава – адна з цікавейшых літаратурных мясцін Міншчыны. Маёнтак і яго наваколле звязаны з дзейнасцю такіх асоб, як Адам Хмара, Мялецій Сматрыцкі, Міхал Дудзінскі, Юзаф Пешка, Напалеон Орда, Максім Багдановіч, Янка Купала… У 1922 годзе ў Сёмкава прыязджае і Якуб Колас. Гэты перыяд жыцця паэта даследавала яго ўнучка, Вера Данілаўна Міцкевіч [1], [2]. У 2012–2014 гадах падчас працы па аднаўленні сёмкаўскага маёнтка я азнаёміўся з цікавымі звесткамі пра побыт у ім Якуба Коласа.

01 1924_984.jpg Якуб Колас з жонкай і сынамі.

З камандзіровачнага пасведчання вядома, «что предъявитель сего член Института белорусской культуры гр. Мицкевич К.М. увольняется в отпуск с 20-го сего апреля (1922 г.) по 1 июня сего года в ф. Сёмково Минского уезда Сёмковской вол.» Пры неабходнасці Канстанцін Міхайлавіч абавязаны быў прадставіць гэты дакумент адпаведным органам, бо мясціна гэта размяшчалася на той час блізка ля мяжы, а Радашковічы былі ўжо на польскім баку. Пісьменнік не мог паехаць у адпачынак на родную Стаўбцоўшчыну, бо мілыя сэрцу мясціны былі таксама пад Польшчаю.

Што ўяўляла сабой Сёмкава падчас прыезду туды Якуба Коласа? Пасля падзей 1917 г. апошнія ўладальнікі – Хелкоўскія – з’ехалі за мяжу, сядзіба была моцна разрабаваная. У 1921 г. згодна з пастановай Камісарыята земляробства Сёмкава і бліжэйшыя маёнткі сталі асновай для адкрыцця вучэбнай фермы Інстытута сельскай гаспадаркі, што размяшчаўся ў Мінску.

Цікава, што гэтае пасведчанне Якуба Коласа, як паказалі наступныя падзеі, у двух пунктах не адпавядала рэчаіснасці. Па-першае, забягаючы наперад, мусім адзначыць, што замест тэрміну з 22 красавіка па 1 чэрвеня паэт прабыў у Сёмкаве амаль паўгода, да кастрычніка 1922 г. Па-другое, замест адпачынку, пра які гаварылася ў пасведчанні, Якуб Колас працаваў, выконваў розныя абавязкі. Апошняе, верагодней за ўсё, звязана з неабходнасцю выправіць фінансавае становішча сям’і, бо пасля вяртання з-пад Курска ў 1921 годзе, згодна з успамінамі Ванды Лявіцкай, «сям’я Коласа жыла дужа сціпла, каб не сказаць большага. 1921-1922 гады былі яшчэ цяжкімі гадамі, і гэта адчувалася ў кожнай сям’і. Жонцы Коласа Марыі Дзмітраўне прыходзілася часам цяжка зводзіць канцы з канцамі» [3, с. 184]. У Сёмкаве сітуацыя была лепшая. Настаўнікам і супрацоўнікам вучэбнай фермы прадастаўлялася жыллё, выдавалася забеспячэнне бульбай, жытам і іншымі прадуктамі. Да таго ж паэту адкрылася прыгожая мясцовасць са старадаўнім палацам ХVIII ст.

У пераліку маёмасці, якая засталася ад апошняга ўладальніка, памешчыка Рамуальда Рудольфавіча Хелкоўскага, ёсць блізу 30 пунктаў. Першым пазначаны сам палац (у ведамасці – «дом барскі») з 15 пакоямі на першым паверсе і 12 пакоямі на другім. Для нас важным з’яўляецца апісанне яго стану: «окна разбиты, печи, двери поломаны». Падобная сітуацыя з флігелямі на 7 і 12 пакояў, дзе таксама «окна, двери поломаны… печи, пол поломанные» [4, арк. 167].

Засталіся звесткі пра рабаванне сядзібы. З маёнтка зніклі старадаўнія рарытэты, граматы, асабісты архіў гаспадароў. Паводле ўспамінаў апошняга аканома маёнтка, ён быў настолькі вялікі, што заняў бы цэлых шэсць вазоў. Застаецца загадкай, хто спыніў рабаванне. Верагодным падаецца, што гэта магло адбыцца не без удзелу Якуба Коласа. Прынамсі, яго знаёмы, пісьменнік Іларыён Барашка (1905–1968), на той час супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва, быў у хуткім парадку камандзіраваны ў Сёмкава пасля таго, як там з’явіўся Якуб Колас і выявіліся факты рабавання сядзібы «самым барбарскім парадкам». Адпаведны артыкул у газеце «Савецкая Беларусь» у 1923 годзе паведамляў чытачам наступнае: «мастацкія габелены ўжываліся на парцянкі, а вялікія малюнкі, пісаныя на палатне, драліся на доўгія кускі для абмотак. Таксама частка кніжак і дакументаў была патоплена ў возеры». І як вынік, «з усяго памянёнага толькі зусім выпадкова сярод лому, гразі, гною, пяску, цэглаў захавалася частка дакументаў. І. Барашцы прышлося капацца ў гэтай гразі цэлых чатыры дні і выкапваць старадаўныя дакумэнты. Як вынік працы, ён прывёз у Дзяржаўны архіў тры мяшкі падраных і замазаных дакумэнтаў, пачатак якіх адносіцца к канцу ХVI стагодзьдзя. Сярод іх шмат аўтэнтковых грамат польскіх каралёў» [5]. Сяброўства Іларыёна Барашкі і Якуба Коласа працягвалася і ў пазнейшы час. Архівіст і пісьменнік стаў аўтарам зборніка «Якуб Колас – народны паэт Беларусі».

У 1922 годзе у Сёмкаве працавалі і іншыя добрыя прыяцелі Якуба Коласа, блізкія яго сэрцу. Некаторы час рэктарам Палітэхнічнага інстытута, а потым намеснікам рэктара Інстытута сельскай гаспадаркі быў ўраджэнец в. Новы Свержань (пад Стоўбцамі) выдатны беларускі вучоны Міканор Казіміравіч Ярашэвіч (1885–1937?). Верагодна, менавіта ён і запрасіў Якуба Коласа працаваць і жыць ў Сёмкава. Пасябравалі на ўсё жыццё і жонкі прыяцеляў: Марыя Дзмітрыеўна і Вера Іванаўна Шыманская. Аляксандр Сянкевіч, з якім Я. Колас разам вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, прымаў удзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў 1906 г., працаваў лектарам у Палітэхнічным інстытуце, а яго жонка Ганна Сянкевіч была эканомкай фермы «Сёмкава». Аляксандр Сянкевіч – прататып настаўніка Садовіча ў рамане «На ростанях», а таксама прататып Баса Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі». Памочнікам загадчыка вучэбнай фермы, жывёлаводам працаваў Нічыпар Янкоўскі – Янкавец у трылогіі «На ростанях».

На шчасце, пра побыт Якуба Коласа ў Сёмкаве засталіся сведчанні, архіўныя дакументы і фотаздымкі. Нам вядомы тры здымкі паэта. Пра кожны з іх неабходна сказаць некалькі слоў.

1_984.jpg

На першым К.М. Міцкевіч сядзіць на прыступках з супрацоўнікамі фермы, сваімі сябрамі. Магчыма, здымак зроблены каля аднаго з флігеляў маёнтка, дзе жылі настаўнікі. У самім жа палацы размяшчаліся лабараторыі і вучэбныя пакоі.

e7c4ef453f9ddc4419b0a31db56b7d7d.jpg

На другім здымку Колас сядзіць на прыступках каля старой пабудовы. Побач з паэтам яго сярэдні сын Юрка (5 год) і подпіс, зроблены рукой паэта: «Сёмкава. 1922 г. 5/VII». Пры ўважлівым разглядзе можна вызначыць, што гэты здымак зроблены ля выхаду з былой бальнай залы палаца на тыльны бок двара. Менавіта гэта частка палаца мае паўкруглы эркер (з ням. Erker – выступаючая частка) з паўкруглымі аркамі. Бачым за спіною Коласа вялікія вокны, якія надавалі святочнасці і прапускалі ў палац дастаткова святла. Таксама на здымку зафіксаваны тагачасны стан палаца, будынак усё ж стаяў цэлы і не перабудаваны, што зменіцца праз чвэрць стагоддзя. Нажаль, невядома, з якой нагоды дзеці, што на здымку, уручаюць кветкі Коласу.

2-1 lff151ecck05hoy6vlunt00sywxei210.jpg

Вось так гэтае месца выглядала восенню мінулага года.

3_984.jpg

На трэцім гістарычным здымку Я. Колас у атачэнні дзяцей і дарослых, верагодна, чытае ўрыўкі са свайго твора, магчыма з «Новай зямлі». Сын Аляксандра Сянкевіча Георгій узгадваў: «У Сёмкаве у 1922 г. Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч збірала дзяцей: сваіх, Сянкевічаў, Янкоўскіх. Яна ім што-небудзь распавядала, чытала. Часам у гэтым удзельнічаў і Канстанцін Міхайлавіч» [6]. Тое, што Якуб Колас часта чытаў сваім знаёмым і сябрам, прыгадваў таксама беларускі вучоны Павел Рагавы: «...калі мы (студэнты – К.П.) вярталіся з палявых работ і вячэралі, Канстанцін Міхайлавіч чытаў нам урыўкі з паэмы «Новая зямля», якая ў той час была яшчэ ў рукапісе. Як ён добра чытаў, як мы былі яму ўдзячны! Напэўна, і яму было прыемна адчуваць сябе сярод усхваляваных і ўважлівых слухачоў» [7].

Калі глядзіш на гэтыя здымкі, на першы погляд можа падацца, што час спакойны і мірны. Насамрэч сітуацыя ў Сёмкаве была даволі трывожнай. Тэрыторыя вучэбнай фермы строга ахоўвалася, палявыя вартаўнікі нават мелі зброю. Жыхарам бліжэйшых вёсак забаранялася высякаць лес, пасвіць жывёлу на тэрыторыі фермы. Тым не менш мясцовы люд парушаў парадкі. Даходзіла не толькі да затрыманняў, боек, але і да выкарыстання зброі, судовых спраў. Так, упраўленне Інстытута сельскай гаспадаркі ад 20 верасня 1922 паведамляла ў адпаведныя ведамствы: «в расположении учебной фермы Сёмково имеются две винтовки берданки в исправном состоянии, только в одной из винтовок плохо закрывается затвор, вместе с тем Институт просит выдать 15 штук патронов, т. к. полученные ранее израсходованы» [8, арк. 157]. Загадчык Сёмкаўскай лясной дачы Рынейскі меў права нашэння рэвальвера сістэмы «Кольт» (за №643314) «как крайне необходимого для него при исполнении им служебных обязанностей» [8, арк. 422].

Часта здараліся цэлыя дэтэктыўныя гісторыі. Вось так, напрыклад, пачынаецца адзін з расповядаў: «Когда подходили к ферме со стороны мельницы, то услыхали на ферме какие-то крики, ругань, брань, стук в окна... Когда мы прошли мост около мельницы, то заметили стоявшую около кузницы подводу и около неё несколько человек и белую лошадь...» [9, арк. 40 аб-41]. Як у дадзеным выпадку, так і ў многіх іншых, мясцовых жыхароў затрымлівалі, заводзілі супраць іх крымінальныя справы. У ліпені 1922 года, напрыклад, зрабілі часовую агароджу саду, яго ахоўвалі два вартаўнікі. Аднак крадзеж яблыкаў гэта не спыняла.

Канстанцін Міхайлавіч быў не проста сведкам баталій. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь засталіся лісты, напісаныя ім асабіста, з просьбай прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконнай высечцы лесу. Пасля напісання яны адпраўляліся на подпіс кіраўніцтву інстытута, а затым – у судовыя інстанцыі. Чаму менавіта Колас пісаў дадзеныя дакументы? Прыкладна з канца ліпеня да пачатку кастрычніка 1922 года паэту давялося выконваць абавязкі Нічыпара Янкоўскага, які выязджаў у ЗША. Захаваўся дакумент, які сведчыць пра тое, што з 1 кастрычніка галоўны бухгалтар вучэбнай фермы Сёмкава Канстанцін Міцкевіч «словесно отказался, уехал в гор. Минск». Адной з прычын гэтага ўчынку мог быць не самы прыемны абавязак – пісаць скаргі ў суд на людзей, якім незадоўга перад тым абяцалі «зямлю» і «волю», а на справе сітуацыя не змянілася.

Пра належнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў Якуб Колас клапаціўся і на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. Павел Рагавы ўзгадваў: «Якуб Колас... часта выступаў за ўсемагчымае развіццё вывучэння глебы і наогул прыроды БССР як асноўнай крыніцы сродкаў дабрабыту народа» [7, с. 188]. Шмат у чым гэтая цікавасць у справе выкарыстання прыродных рэсурсаў, на нашу думку, магла сфарміравацца менавіта ў Сёмкаве, дзе ўкараняліся наватарскія формы земляробства. У архіўных матэрыялах адзначана: «У вучэбнай ферме Сёмкава адбываюцца практычныя заняткі са студэнтамі 2-га курса па глебазнаўству, жывёлагадоўлі і таксацыі. Тут жа ідзе заключная практыка са студэнтамі ІІІ курса. Гэтая ферма мае спецыяльнае прызначэнне: паляводства ва ўмовах рэзка выяўленага ледавіковага ландшафту на пяшчаных супесках. На ферме знаходзіцца рагатая жывёла нізіннага тыпу (галандскай пароды)» [10, арк. 8]. На вопытных палях вяліся даследванні па наступных тэмах: пытанні мінеральнага ўгнаення; параўнанне фосфарна-кіслых угнаенняў, забеспячэнне глебы арганічнымі рэчывамі; англійскі парк; пытанні культуры насеннага лубіну; значэнне паверхнаснага ўгнаення [10, арк. 24]. Развіваўся пры ферме дзевяціпольны севазварот.

У гэты час у Сёмкаве быў дагледжаны яблыневы сад (на яго месцы пасля з’явіўся новы сад, які збярогся да сённяшняга дня). Пра славутыя сёмкаўскія яблыкі ўзгадвае Павел Рагавы: «Надзвычай мне запомнілася першая сустрэча і знаёмства з Якубам Коласам, яго жонкай і сынамі, тады яшчэ малымі хлопчыкамі, якіх мы ласкава называлі каласкамі. Пасля першых хвілін сустрэчы Канстанцін Міхайлавіч прынёс з саду яблыкі, за якімі мы і правялі нашу гутарку» [5]. У садзе на той час было ажно 766 пладовых дрэў рознага ўзросту. У 1922-23 гадах у садзе было высаджана 175 дрэў, цалкам магчыма, што ў гэтым удзельнічаў і дзядзька Якуб.

Трэба адзначыць, што знаходжанне паэта ў гэтай маляўнічай мясцовасці, безумоўна, натхняла на стварэнне мастацкіх твораў. Я. Колас дапісваў тут паэму «Новая зямля» – своесаблівую энцыклапедыю жыцця беларускага сялянства канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У 1922 г. ім было напісана восем раздзелаў паэмы. У 1923 г. паэма была цалкам завершана.

На думку даследчыцы В.Д. Міцкевіч, Якуб Колас напісаў у Сёмкаве апавяданне «Салавей», а таксама верш «Ноч». Мясцовыя краявіды непасрэдна ўплывалі на стварэнне дадзеных твораў. Адным з самых прыгожых куткоў маёнтка Сёмкава лічыцца ўзбярэжжа ракі Чарняўка. Гістарычная назва ракі – Сёмкаўка (прыток Вячы). Каля рэчкі знаходзіўся цэлы шэраг пабудоў. Справа, перад мастом, знаходзіўся драўляны вадзяны млын. Злева – прыгожая сажалка. Непадалёк ад ракі знаходзілася кузня.. Вось некаторыя радкі з апавядання «Салавей»: «Дзесь над возерам, каля старога млына, дзе аднатонна шумела вада, наводзячы нейкі спакой і сон, чуліся мілагучныя, крыху засмучоныя галасы кнігавак:

– Кі-і – гік! Кі-і – гік!

Што яны хацелі гэтым сказаць, ніхто добра не ведаў, апрача старога млына».

Вось перад намі ўзгадка старога млына і сёмкаўскай сажалкі. А далей адбываюцца дзеі: «Жабы закрахталі такім дружным хорам, што ўзбудзілі ўсё азярко і патрывожылі сон старога млына

– Глядзеце, каб толькі не прыйшлося яшчэ вам плакаць, – буркнуў сабе пад нос стары млын».

Праз некаторы час усё наваколле ажывілася...

«...Адным словам, было тут праўдзівае ігрышча: спевы, скокі і ўсё, што хочаце. Над гэтым возерам, у зараслі раўчавіны, дзе срэбнай стужачкаю прабіваўся ручаёк, на арэхавым кусце сядзеў салавейка. Ён нядаўна, зусім нядаўна прыляцеў з дарогі. Дарога была вялікая і трудная, і пасля дарогі салавейка пачуваўся крыху ўтомленым. Але радасць спаткання і злучэння з дарагімі мясцінамі, а таксама і гэтая вясенька, гэты жыватворны подых яе, пах маладзенькіх лісточкаў і ранніх красак падтрымоўвалі ў ім добры настрой і рухавасць. Ён павёртваўся на сухой галінцы арэхавага куста і моўчкі вітаў ручаёк, гэту родную раўчавіну, слухаў, аб чым хто гаварыў».

У вобразе салаўя пазнаецца сам Колас. Ён піша пра сябе, пра сваё вяртанне ў Беларусь, пра сустрэчы з сябрамі. Салавей у гэтым апавяданні сваім спевам праганяе канчаткова зіму. Напрыканцы ўзгадваецца народная прыкмета: «Заспяваў салавей, ужо не вернуцца халады».

А чытаючы верш «Ноч», можна ўявіць самога паэта, які стаяў у цёплую восеньскую ноч і, гледзячы на сёмкаўскія краявіды і прастор, дзівіўся іх прыгажосцю:

Між палёў шырокіх
Я адзін стаю,
Ахваціла ціша
Ўсю душу маю.

Ночанька мая ты,
Водблеск глыбіні!
Ты душу чаруеш
Сьпевам цішыні.

Многа ў гэтым сьпеве
Водгукаў жывых,
Іх ня зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.

Ночанька мая ты,
Ціхі сон вясны!
Колькі зор на небе!
Як блішчаць яны!

Водблескам пажару
Неба край гарыць –
Там двурогі месяц
Выплыў з-за гары.

Ночанька мая ты,
Ціхая дума!
Не ахваціш вокам,
I тых слоў няма

Апісаць твой вобраз,
Хараство, спакой –
Толькі ў цябе ўнікнеш
Чуткаю душой.

Сёмкаўскі перыяд жыцця займае асобнае месца ў творчасці Якуба Коласа: нетыповая для паэта праца бухгалтара, не самыя прыемныя абавязкі, звязаныя з судовымі справамі, і ўвогуле няпростыя першыя гады савецкай улады ля новай польскай мяжы. Праз некалькі год замест вучэбнай фермы тут размясціцца дзіцячы дом, які быў названы ў гонар Чарвякова.

Даследчыкі сцвярджаюць, што на Міншчыне існавала звыш 200 шляхецкіх маёнткаў, з якіх большая частка на дадзены момант цалкам знішчана. Астатнія захаваліся ў рознай ступені. Сёмкаўскі маёнтак яшчэ мае руіны палаца, ацалелыя флігелі, паркі. А побач з выхадам з бальнай залы, дзе фатаграфаваўся Колас з сынам Юркам, расце старое дрэва, якое мае незвычайнае дупло ў форме вуха. Ці не апошні гэта сведка тых падзей у Сёмкаве? Ці будзе маёнтак належна адроджаны, залежыць ад нас усіх. Магчыма, некалі з’явіцца новы сорт сёмкаўскіх яблыкаў, названых ў гонар Песняра. Час пакажа....

4 5v6i3maqtlxmu1x0jubtkbkm5bgnhpya.jpg

Сеняшні стан былога палаца і паркаў у Сёмкаве на здымках Сяргея Плыткевіча

5 m6h823t8xvvsdnc2b5zf9folyc30t2kc.jpg

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. Міцкевіч Вера Данілаўна. Якуб Колас у Сёмкава. 1922 год / В.Д. Міцкевіч // Зборнік «Каласавіны». Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 35-годдзю Літаратурнага музея Якуба Коласа. Мінск, 1994. С. 129–132.
2. Міцкевіч Вера. Якуб Колас у Сёмкаве // Беларуская мінуўшчына. С.13–17.
3. Ванда Лявіцкая. Незабыўнае / У сэрцы народным. Мінск: Навука і тэхніка. 1967. С. 183–186.
4. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 209. Воп. 1. Спр. 102. Опись №1. Имущества, оставшегося в им. Сёмково, Сёмково-Городецкой волости помещика Хелковского Ромуальда Рудольфовича.
5. Ал. Шлюбскі. Лёс бібліятэкі і архіву Сёмкава Гарадка // Савецкая Беларусь. 1923, № 173. С. 3
6. Воспоминания Георгия Александровича Сенкевича об его отце Александре Антоновиче Сенкевиче. 1983.
7. Рагавы Павел. Такім я запомніў яго / У сэрцы народным. Мінск: Навука і тэхніка. 1967. С. 187–188.
8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 209. Воп.1. спр. 39. Переписка с ЦИК БССР, Совпрофбелом и др.
9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 209. Воп. 1. Спр. 49. Переписка со следственными органами о привлечении к ответственности граждан за самовольную порубку леса в лесной даче «Сёмково» Минского у.
10. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 209. Воп. 1, спр. 29. Отчёт и доклады учебных ферм о работе за 1922/23 г.

Фотаздымкі 1 і 3 прадастаўлены Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.



Самые популярные Самые обсуждаемые