Янка Купала ў Сёмкаве

Автор: Павел Каралёў
Фото: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц

На старым віленскім шляху размясцілася шмат адметных гістарычных мясцін, звязаных з выбітнымі постацямі пісьменнікаў, а таксама з літаратурнымі прататыпамі іх твораў. Адной з такіх мясцін з’яўляецца Сёмкава (раней фальварак Сёмкаў) Мінскага раёна.

Яшчэ ў 1770-х паэт Міхал Дудзінскі напісаў паэму «Палац у Сёмкаве», дзе ўслаўляецца мудрасць мясцовага ўладальніка Адама Хмары, апошняга мінскага ваяводы.

З Хмарамі, уладальнікамі Сёмкава, быў звязаны род Кастравіцкіх. Самыя вядомыя літаратурныя дзеячы з роду Кастравіцкіх – Гіём Апалінер і Карусь Каганец.

У 1888 годзе ў суседнім мястэчку Сёмкаў Гарадок вянчаліся бацькі Максіма Багдановіча – Адам Ягоравіч і Марыя Апанасаўна. А ў 1922 годзе ў Сёмкаве адпачываў Якуб Колас. У Нацыянальным архіве Беларусі захавалася шмат аўтографаў Я. Коласа з Сёмкава. Захаваліся фотаздымкі, якія адлюстроўваюць месцазнаходжанне пісьменніка ў Сёмкаве. На той час там размяшчалася вучэбная ферма, Канстанцін Міхайлавіч выконваў абавязкі бухгалтара.

10ec883b687321b38e355dd43e32ba81.jpg

Як сцвярджае даследчыца, унучка песняра Вера Данілаўна Міцкевіч, у Сёмкаве Колас дапісваў паэму «Новая зямля» (за 1922 год ім было напісана 8 раздзелаў, а ў 1923-м паэма ўжо цалкам завершана). У Сёмкаве ён напісаў апавяданне «Салавей», верш «Ноч» [8]. Адметна, што на вучэбнай ферме ў той час працавалі добрыя знаёмыя Якуба Коласа: Аляксандр Антонавіч Сянкевіч, прататып настаўніка Садовіча з паэмы «На ростанях», і Нічыпар Янкоўскі, прататып Янкаўца.

Jan_Łucevič_(Janka_Kupała)._Ян_Луцэвіч_(Янка_Купала)_(1911-12)_388.jpg

Важнай і дагэтуль малавядомай старонкай літаратурнай гісторыі Сёмкава з’яўляецца знаходжанне тут ў канцы 1905 – пачатку 1906 года Івана Дамінікавіча Луцэвіча, вядомага паэта Янкі Купалы, які на той час працаваў на мясцовым бровары. У творчасці Купалы ёсць наступныя радкі:

Менск, Маладзечна, Вільня...
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змераў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.

(верш «Еду сягоння я ў Вільню», 1939)

Сёмкава – менавіта такая мясціна, дзе паэт шукаў сваё «шчасце». Ён выправіўся ў самастойнае жыццё з вёскі Селішча Лагойскага раёна, і адной з мясцінаў, дзе ён адольваў навуку самастойнага жыцця, было Сёмкава, і цяпер рака Вяча нібы паўтарае шлях паэта. Рэчка бярэ пачатак у тым жа Лагойскім раёне, побач з роднымі Купалавымі Селішчамі, цячэ па Мінскім узвышшы і ўпадае побач з Сёмкава ў Заслаўскае вадасховішча. Рака, як і талент паэта, прабівалася, выходзіла на шырокі прастор.

У час прыезду паэта ў Сёмкава яго сям’я, якая складалася з маці і сясцёр, жыла непадалёку, у в. Бараўцы. Верагодна, у Бараўцах аднойчы Янка і даведаўся, што на сёмкаўскім бровары ёсць вакансія. Неўзабаве пачаў працаваць там. У чым прычына выбару такой прафесіі? Для сям’і Луцэвічаў 1902 год стаўся трагічным. Памерлі бацька Янкі, брат і дзве сястры. Прыйшлося вучыцца гаспадарыць самому, але гэта давалася маладому Ясю Луцэвічу цяжка. Урэшце рэшт Янка кідае хатнюю гаспадарку і пачынае шукаць «лёгкага хлеба». Вырашае ўладкавацца на бровар, каб атрымаць спецыяльнасць вінакура і зарабляць сабе гэтым на жыццё, а летам у вольны час чытаць кнігі і пісаць вершы [1, с. 63].

На момант з’яўлення ў Сёмкаве за плячыма Янкі Луцэвіча ўжо была першая публікацыя – верш «Мужык», тады ж у друку з’явіўся псеўданім – Я. Купала. Малады паэт паступае практыкантам да вінакура Сарнецкага на бровар, які размяшчаўся ва ўладаннях Хелкоўскіх, сваякоў Хмараў, якім маёнтак перайшоў ва ўладанне ў 1880-х гадах.

На жаль, звестак пра час жыцця ў Сёмкаве надзвычай мала, таму любая дэталь мае асаблівае значэнне. У Дзяржаўным літаратурным музеі захоўваюцца ўспаміны сясцёр Марыі Лапко (1887 г. н.) і Франі Богдан (1898 г. н.), у дзявоцтве Быкоўскіх, у якіх яны пішуць пра знаёмства Янкі Луцэвіча ў Сёмкаве з іх братам, Уладзімірам Быкоўскім. Сумесная праца на бровары, аднолькавы ўзрост паспрыялі неўзабаве іх сяброўству. Марыя Лапко таксама ўзгадвае знаёмства Янкі з дальнім сваяком Быкоўскіх Уладзімірам Віткоўскім, «які быў выгнаны з вучылішча за «вольныя» паводзіны, за тое, што ён пеў рэвалюцыйныя песні…» [3]. Такім чынам, Янка Луцэвіч знайшоў ў Сёмкаве таварышаў, з якімі праводзіў вольны час.

12 Семково, парк и дворец.jpg

Сёмкаўскі бровар на той час працаваў актыўна, выпускаў у сезон трыццаць тысяч вёдзер спірту. Ва ўспамінах сясцёр ёсць некаторыя падрабязнасці працы «практыкантаў»: як памочнікам вінакура ім прыходзілася рабіць разнастайную, часам няпростую працу: чысціць трубы, засыпаць збожжа [4]. Умовы працы былі складанымі. У сваіх успамінах Купала адзначаў, што яму прыйшлося быць не практыкантам, а фактычна чорнарабочым [7, с. 266]. У аўтабіяграфіі 1926 года паэт пра сваю працу на бровары ўспамінаў: «Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў» [1, с. 63].

Згодна ўспамінам М. Лапко і Ф. Богдан, работнікі працавалі і жылі на заводзе увесь тыдзень. «Брат і Янка жылі на заводзе, верагодна, у інтэрнаце», – піша Марыя Лапко [3]. «Але ў нядзелю ці на свята хлопцы прыходзілі ў Прудзішчы, заходзілі ў хату Быкоўскіх (Я. Купалу было далёка дадому: ён жыў недзе каля Радашковічаў)» [4]. Такім чынам, штотыдзень у нядзелю яны сыходзілі з завода пешшу за 10 км у Прудзішча.

Што рабілі яны ў Прудзішчах, распавядаюць далейшыя ўспаміны Марыі Лапко: «У нядзелю Янка і мой брат збіралі моладзь у нашай хаце і весела праводзілі гэты дзень: пелі, танчылі, гулялі ў фанты» [3]. Не абыходзілася і без добрага пачастунку. «Маці частавала свайго сына і яго таварыша Янку, які быў высокім, прыгожым і разумным хлопцам. Бывала, малодшы брат Юліян зайграе на гармоніку, а брат, Янка і іншыя дзеці танцуюць народныя танцы» [4].

Цікавымі прадстаўляюцца ўспаміны пра знешнасць і характар Янкі Луцэвіча: «Ён быў бландын з блакітнымі вачыма, прыгожы. Па натуры ён быў вясёлы, жыццярадасны» [3]. Звярталі на сябе ўвагу ягоныя паводзіны і гумар: «У стасунках з моладзю быў ветлівым, ахвочы да жартаў. Часам ён высмейваў багатых нявест, пытаўся ў іх: «А колькі кароў табе дадуць у пасаг, колькі падушак і якую табе набудзе шубу бацька?». Усё гэта было жартам…» [3].

IMG_5399_1330.jpg Янка Купала на бровары сярод рабочых i сялян. Акварэль Н. Гусева i В. Цiхановiча

Янка Луцэвіч заўсёды аказваўся ў цэнтры ўвагі, бо часта распавядаў розныя гісторыі: «Мы ўсе слухалі яго і рагаталі ад яго аповядаў. Старыкі лічылі яго лёгкадумным, а моладзь яго любіла і лічыла яго адукаваным і перадавым хлопцам. Усім ён падабаўся» [3].

Перыяд, калі працаваў Янка Луцэвіч на бровары, звязаны з рэвалюцыйнымі падзеямі 1905–1906 года ў Расійскай імперыі, куды на той час уваходзіў і наш край. Малады паэт не быў абыякавым да рэвалюцыйных падзей. Так, напрыклад, на Курлоўскі расстрэл, калі падчас мірнай дэманстрацыі загінула больш за 80 чалавек, ён адгукнуўся вершам «Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску». Дадзены верш па часе мог быць напісаны менавіта ў Сёмкаве.

У сваіх успамінах Купала адзначаў, што пазнаёміўся з беларускімі рэвалюцыйнымі дзеячамі, калі жыў яшчэ ў Бараўцах, непадалёк ад Мінска. Гэта прыпадае акурат на перыяд, які папярэднічаў працы ў Сёмкаве. Улетку 1904 года ў Мінску ён першы раз сустрэўся з сябрамі Беларускай сацыялістычнай грамады – Алесем Бурбісам, братамі Луцкевічамі і інш. Менавіта А. Бурбіс даваў Луцэвічу для распаўсюджвання нелегальную літаратуру, а сам выкарыстоўваў вершы паэта ў агітацыйных мэтах. Так, напрыклад, у 1906 годзе Бурбіс з поспехам чытаў верш Купалы «Што ты спіш?..» пасля спектакля ў Пятроўшчыне пад Мінскам [2, с. 97].

Што рабіў Купала з агітацыйнай літаратурай? Трэба меркаваць, што раздаваў у той мясцовасці, дзе жыў і працаваў. Можа быць, з гэтым былі звязаны і вандроўкі за 10 км з Сёмкава у Прудзішча. Тая ж Марыя Лапко ўзгадвала такі выпадак у Прудзішчы: «Помню, як Янка і мой брат паклікалі мяне і сталі ўгаворваць, каб я іхнюю літаратуру ў форме брашур разносіла па вёсцы, пры гэтым каб не аддавала ў рукі сялян, а клала ў зацішных месцах: у браму, на ганак, і папярэджвалі, каб кніжкі не патрапілі ў снег ці ваду» [3]. Дарэчы, на той час менавіта так і было прынята разносіць нелегальную літаратуру. Напрыклад, Паўліна Мядзёлка ў сваіх успамінах «Сцежкамі жыцця» пісала: «На працягу 1905–1907 гадоў мы часта знаходзілі то ў кветніку, то ў сенцах падкінутыя невядома кім пачкі такіх лістовак, газет, брашур» [5, с. 10]. Восенню 1906 года такім чынам яна ўпершыню ўбачыла газету «Наша доля», якая ў мясцовага люду пакінула вялікае ўражанне, бо была напісана папросту, што азначала – па-беларуску.

wr-960.jpg

Пра выкананне задання ад Янкі Луцэвіча і свайго брата Уладзіміра Быкоўскага Марыя Лапко распавядала наступнае: «Гэтыя звязаныя пакункі я разнесла па іх указанню і просьбе. Засталося гэта ў памяці яшчэ і таму, што, калі я хадзіла па вёсцы, на мяне напалі сабакі, і мяне абараніла адна сялянка» [3]. Прыкладна да таго ж часу адносяцца звесткі пра з’яўленне Купалы ў вёсцы Лысая Гара (на Лагойшчыне) у сям’і Бычкоўскіх, што было таксама звязана з распаўсюдам нелегальнай літаратуры. Прычым Янку тады прыйшлося нават уцякаць ад стражнікаў.

У Сёмкаве Купала правёў кароткі час. На пачатку 1906 года ён сышоў на іншую працу. Ёсць успаміны пра тое, як гэта адбылося. Марыя Лапко ўзгадвала, што яе брат Уладзімір не прыжыўся ў Сарнецкага і перайшоў на працу да памешчыка Гартынга. «Спісаўшыся з братам, Янка таксама сышоў да Гартынга». Тым не менш, адзначае такую акалічнасць, што «яны ўжо былі памочнікамі вінакураў» [3]. Праўда, перад тым, як перайсці на працу ў Дольны Сноў да памешчыка М. Гартынга, Янка Луцэвіч паспеў папрацаваць яшчэ на бровары ў Яхімоўшчыне ў памешчыка Любанскага. Можна меркаваць, што досвед, атрыманы ў Сёмкаве, спатрэбіўся на падобнай працы ў Яхімоўшчыне і Дольным Снове.

Сястра Янкі Купалы Ганна таксама ўзгадвала некаторыя падрабязнасці працы ў Сёмкаве: «Брату там не падабалася… Усе, хто працаваў на гэтым бровары, былі горкія п’яніцы. Купала не піў і піць не хацеў. Да таго ж ён неўзабаве абварыў сабе рукі і пайшоў адтуль» [1, с. 64].

Што датычыцца літаратурных твораў Янкі Купалы, напісаных у Сёмкаве, то вызначыць іх даволі няпроста: няма дакладных звестак пра час знаходжання там паэта, пазнакі «Сёмкава» пад творамі адсутнічаюць. Адзначым, што звычайна праца на бровары была сезонная, з восені па вясну. Цяжкія ўмовы працы, пра якія ўжо згадвалася, верагодна, не вельмі садзейнічалі творчаму ўздыму. Але, з іншага боку, менавіта ў складаных варунках магло адбывацца станаўленне светапогляду паэта як абаронцы чалавечай годнасці. Бо ў Сёмкаве і на іншых боварах ён спазнаў усю цяжкасць жыцця працоўнага чалавека, вымушаную нястачу. Таму з пэўнай доляй верагоднасці ў Сёмкаве маглі быць напісаны вершы «Нуда» (ад 10 сакавіка 1906 г.), «Нябожчык» (ад 18 сакавіка 1906 г.), «Чаго б я хацеў» (1905) і некаторыя іншыя.

13 Семково, парк.jpg

Але больш пэўна тое, што было напісана ў Сёмкаве, можна вызначыць з дапамогай анкеты-біяграфіі, якая вядома пад назвай «Матэр’ялы да біяграфіі Янкі Купалы, запісаныя з яго ўласных выказванняў перад Язэпам Дылаю ў Менску, прыблізна ў 1928 ці 1929 годзе». Пытанні, якія задаваў Язэп Дыла, пазначаны ў рукапісе фіялетавымі чарніламі, а адказы, якія даваў Янка Купала, напісаныя іншым, сінім колерам (тут ніжэй будуць выдзелены тлустым). Сярод іншага, ёсць і звесткі пра Сёмкава: «Зіма 1905-1906 практыкант у Сёмкава-Гарадоцкім бровары, дзе без грошэй працаваў як звыч[айны] работ[нік]. Вінакур Сарнэцкі. Куды прадавалі? У Сёмкаве напісаны «С песьняў аб вясне» (Жалейка, 28 стар.)» [6, с. 109]. Такім чынам, у Сёмкаве было напісана некалькі вершаў, аб’яднаных назвай «З песьняў аб вясне». Адзін з іх пачынаецца радкамі: «Свяціла сонца, птушкі пелі / Была вясна ўжо дзве нядзелі», другі «Засвяціла цяпло бляскам радасці яснай / Разбудзіла ўвесь свет ад зімовага сну». Датыроўка гэтых вершаў у энцыклапедычных выданнях пазначана як [1905–1907 г.]. Цяпер можна вызначыць, што напісаны яны былі вясной 1906 года ў Сёмкаве.

Радкі апошняга верша надзвычай дакладна перадаюць настрой абуджэння, сустрэчу вясны, якая дорыць спадзяванне на лепшае:

Ва ўсіх шчасце на твары вясёлкай гуляе
Ды ахвоціць да працы, да праўды святой,
Невясёлыя думы і сны разганяе, –
Аж так хочацца жыць усяёю душой!

Аж так хочацца жыць і жывую надзею
Калыхаць у душы, думку сніць аб адном:
Што вясна наша гора, як снег і завею,
Пахавае ў рацэ, спале сонца агнём.

Захапленню надыходам вясны садзейнічалі прыгожыя ваколіцы маёнтка Сёмкава. Непадалёку ад вінакурні знаходзілася сажалка, стаяў драўляны млын, літаральна праз дарогу пачынаўся старасвецкі прыгожы пейзажны парк. Сёмкаўскія мясціны натхнялі Янку Купалу, а праз 17 год яны ж натхнялі Якуба Коласа.

kn84hdzeynuw2htc3ky5do2hqjde622h.jpg

У далейшым Сёмкава засталося толькі ў памяці паэта. Няма звестак, што ён вяртаўся туды. Тым не менш, 23 лістапада 1922 года Янка Купала падпісаў за сакратара Інбелкульта ліст у Інстытут сельскай гаспадаркі з просьбай аб увядзенні у вучэбны план абавязковых прадметаў: беларускай мовы і геаграфіі Беларусі. Разам з кіраўніком Інбелкульта Сцяпанам Некрашэвічам паэт падкрэсліваў важнасць гэтых прадметаў для ўстановы, якая рыхтуе аграномаў для беларускай вёскі. Тым самым Янка Купала спрычыніўся да працэсу беларусізацыі Сёмкаўскай вучэбнай фермы, якая на той час уваходзіла ў склад Інстытута сельскай гаспадаркі [11, арк. 80].

Бровар, у якім працаваў Янка Купала, пацярпеў яшчэ ў першыя месяцы пасля рэвалюцыі 1917 года. Як правіла, рабаўніцтва панскіх маёнткаў пачыналася з бровара. Мясцовая жыхарка Адамовіч Г.А. (1944 г. н.) узгадвала: «Калі паны ўбеглі, то людзі спірт браць прыйшлі. І цёк спірт у раку. Свякрові было страшна, што рэчка гарыць» [10]. На 1923 год у архіўных крыніцах вінакурны завод узгадваецца як разбураны. Існаваў таксама «вінны склад каменны без даху», дзе вокны і дзверы былі разбітыя, без шкла [9, арк. 68–70]. На заводзе было яшчэ махавое кола, параўнік, вялікі жалезны чан. Паравы кацёл і вентылі з разбуранай вінакурні былі перададзены Інстытуту сельскай гаспадаркі. На месцы бровара быў пабудаваны дом, які згарэў у 1970–1980-х гадах [10]. Але старыя падмуркі і падвальнае памяшканне старой вінакурні ацалелі. Сёння на іх размясціўся жылы будынак (вул. Школьная, 2). Гаспадары гасцінна пускаюць у сутарэнні дома экскурсійныя групы, якія жадаюць убачыць месца працы Янкі Луцэвіча.

Семково, дворец.jpg

У 2011 годзе пачаліся працы па адраджэнні сядзібы ў Сёмкава, якія, на жаль, праз некалькі год былі спыненыя. Сімвалічна, што ландшафтным архітэктарам аб’екта стала сваячка песняра – Людміла Пятроўна Луцэвіч. Ёй зроблены праект развіцця сядзібнага комплексу, які прадугледжвае з’яўленне больш за 30 аб’ектаў турыстычнай і гаспадарчай накіраванасці. Яго рэалізацыя паспрыяла б аднаўленню былой велічы вядомага маёнтка. Спадзяемся, што сядзібны комплекс у Сёмкаве нарэшце будзе адноўлены, і належная ўвага будзе звернута на працу ў ім маладога Яські Луцэвіча, будучага першага народнага паэта Беларусі.

Каралёў Павел Анатольевіч, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Любімы паэт беларускага народа. Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1990 – 257 с.
  2. Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. І.П. Шамякін Мінск: Выдавецтва БСЭ, 1986. – 727 с.
  3. Успаміны пра Янку Купалу. Лапко Марыя Феліксаўна. 17.04.1964. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея, КП 1396
  4. Успаміны пра Янку Купалу. Богдан Франя Феліксаўна. 05.04.1964. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея, НД 1383
  5. Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця. Успаміны. Мінск: Мастацкая літаратура, 1974. – 245 с.
  6. Купала і Колас, вы нас гадавалі: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн.1. 1909–1939 / уклад.: В.Дз. Селяменеў, В.У. Скалабан. – Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2010. – 230 с.
  7. Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. Т. 9. Кн. 1. Пераклады; Эпісталярная спадчына. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. – 686 с.
  8. Міцкевіч В. Якуб Колас у Сёмкаве // Беларуская мінуўшчына. – 1997. – № 5. – С. 13–17.
  9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 209. Вопіс 1. Справа 102. Вопіс маёмасці, якая засталася ў маёнтку Сёмкава, Сёмкава-Гарадзецкай воласці, Хелкоўскага Рамуальда Рудольфавіча.
  10. Каралёў П.А. Апытанне мясцовых жыхароў вёскі Сёмкава. 2012 год. З уласнага архіва.
  11. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 209. Вопіс 1. Справа 39. Перапіска з ЦВК БССР.


Самые популярные Самые обсуждаемые