Язэп Драздовіч. Да Космасу праз «магнетыстычныя сны» у беларускіх вёсках

Автор: Яўген Ждановіч

12.04.2018
01.jpg

Задоўга да 12 красавіка 1961 года геніяльны беларус зямляк падарожнічаў па Сусвету і занатоўваў уражанні ў дзённіках, карцінах і малюнках.

Імклівае развіццё авіяцыі захапіла мысляроў пачатку мінулага стагоддзя Космасам. Нават тэрмін з'явіўся – «касмізм». Што там? Ці ёсць там нехта – на тых планетах? Як гэта будзе – падарожжа чалавека у касмічныя бездані? У суседняй Расіі Ўладзімір Вярнадскі распрацоўвае філасофскія аспекты тэорыі Космасу, Канстанцін Цыялкоўскі думае пра ракеты, а ў заходняй Беларусі за 30 год да старту з Байкануру вандроўнік-мастак Язэп Драздовіч па начах лётае ў Космас – сам ён называе гэта «начнымі візіямі», «магнетыстычнымі снамі», «самнамбулістычнымі тэлевізіямі», «вандровачкамі» ды «духавымі падарожжамі».

02.jpg

Пазнаць нябесныя бегі

Нездарма славуты жывапісец Пётра Сергіевіч назваў Язэпа Драздовіча «беларускім Леанарда да Вінчы» — кола інтарэсаў і заняткаў яго ўражвае. Драздовіч – і мастак, і скульптар, і разьбяр, і паэт... Акрамя таго, ён працаваў выкладчыкам, збіраў фальклор, праводзіў археалагічныя даследаванні на роднай Глыбоччыне (у часы Драздовіча гаварылася – на Дзісеншчыне, Дзісна была цэнтрам павету).

Але адкуль прага да Космасу ў Язэпа Драздовіча, што нарадзіўся і вырас у засценку Пунькі на ўскраіне Галубіцкай пушчы, вучыўся ў прыватнай настаўніцы, а потым у Віленскай школе малявання і на фельчарскіх ваенных курсах? Па ўспамінах Марыі Баравік, унучатай пляменніцы і хроснай мастака, яшчэ падчас вучобы ў Вільні маці казала Язэпу: «Вучыся і пазнай нябесныя бегі». «Нябесныя бегі» — так назваў сваю кнігу Язэп Драздовіч, калі Космас захапіў яго ўсур'ёз, у 30-х. Твор з разлікамі прысвечаны пытанням вярчэння Зямлі, асобны раздзел – пра абручы Сатурну, ягонай самай улюбёнай планеты.

03.jpg

Праз «магнетыстычныя сны» Драздовіч піша карціны з дзіўнымі істотамі і краявідамі: «Падкружнікавы краявід на плянэце Сатурн», «Касмаполіс».

«З пятніцы на суботу я меў шчасце і яшчэ зрабіць адну калягадзінную вандровачку па Месяцы. Бачыў дзіўную краіну з серабрыстым дзённым небам… Бачыў шмат крутагорых у лясістых берагох вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты. Бачыў чырвонаружовы астравок, увесь укрыты нейкімі празрыстымі крышталямі», — апісвае адну з начных візіяў мастак у сваім дзённіку, які, на шчасце, захаваўся і ўжо не раз перавыдадзены за нашым часам у часопісах і зборніках.

04.jpg

Зімой 1931-1932 гадоў Язэп Драздовіч піша працу «Гармонія плянэтаў Сонечнае сыстэмы», рукапіс адсылае ў Акадэмію навук БССР. У лісце да навукоўцаў піша: «Магчыма, што для Акадэміі навук такое пытаньне, скуль сьвет паўстаў, паўстала гэта зямелька, на якой мы жывём, і гэта ўсяяснае зорнае неба, зусім неактуальнае, але для мяне, як аўтара, які знайшоў сваё тлумачэньне паходжаньня плянэтаў Сонечнае сыстэмы і іх самакручэньня, а таксама гармоніі руху плянэтаў, для мяне гэта вельмі паважная рэч».

Сярод сяброў і з Космасам

У чэрвені 1933 года Язэп Драздовіч у чарговы раз вяртаецца на сваю радзіму – пачынаецца перыяд жыцця ў амплуа вандроўнага мастака – ажно да 1939-га. Але і вельмі плённы перыяд – няхай няма публікацый, фінансавага поспеху, але ёсць сябра, у якога можна спыніцца і які забяспечвае мастака аўдыторыяй. Гэта – вядомы дзеяч на ніве беларушчыны Ян Пачопка, што жыве ў невялікай вёсачцы Летнікі. Яна месцілася на мяжы Залескай і Лужэцкай гмінаў, зараз там толькі могілкі, парэшткі садоў.

7 жніўня Язэп Драздовіч, прыбыўшы ў Глыбокае, адразу ж імкнецца хутчэй папасці да свайго роднага брата Канстанціна, які жыве ў Антаполлі, пад Германавічамі. З гэтага дня і пачынае Драздовіч весці свой «Дзённік», які потым стане для ўсіх навукоўцаў каштоўнейшай крыніцай вывучэння яго жыцця і творчасці.

Настаўнік Залескай школы, краязнаўца, стваральнік і дырэктар гістарычна-краязнаўчага музея «Мінулае Залесчыны» Рыгор Шарыпкін кажа, што ужо 12 і 13 жніўня Язэп Драздовіч гасцюе ў Янкі Пачопкі ў Летніках. Часам да кампаніі дадаецца паэт Міхась Машара.

– У гэтыя ж дні, напэўна, па вечарах, з’яўляюцца ў «Дзённіку» навуковыя разважанні Драздовіча аб месяцовым цырку Plato. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што працяг захаплення Драздовіча Космасам, прага пазнання Сонечнай сістэмы і фантастычныя мары аб жыцці на Месяцы, Марсе, Сатурне асабліва ажываюць тут – у Летніках, у глухім кутку Залесчыны, дзе сама прырода і зорны абшар над галавою акрыляюць да касмічных роздумаў, - мяркуе краязнаўца.

05.jpg Краязнаўца Рыгор Шарыпкін

Заўважым, што сам Янка Пачопка – адметная асоба беларускага руху, паэт, празаік, фалькларыст, вядомы таксама і сваёй агранамічнай дзейнасцю. Працаваў у Дэпартаменце земляробства Віленскай губерніі, па прапанове паслоў Грамады быў рэдактарам двухтыднёвіка «Праваслаўны беларус» (1925), які выдаваўся ў Варшаве, працаваў аграномам (1939-58), у 30-я гады жыў на ўласнай гаспадарцы. Першы яго верш «Дудар» надрукаваны ў «Нашай Ніве» (1913), пісаў таксама прозу.

06.jpg Янка Пачопка з жонкай

Пачопка збіраў і запісваў народныя казкі, паданні, з якіх пытым нарадзілася кніга «Народныя казкі і апавяданні Дзісненшчыны» — але разгром Грамады спыніў дзейнасць выдавецтва, з друку выйшла толькі адна казка. Творы Пачопкі друкаваліся таксама ў заходнебеларускіх часопісах «Калоссе», «Хрысціянская думка», газеце «Сялянская ніва». Пісаў кнігі і на сельскагаспадарчую тэматыку. Драздовіч зрабіў не толькі разны партрэт Пачопкі, але і праілюстраваў ягоную кнігу «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях». Сябраваў Пачопка і з ужо згаданым Пётрам Сергіевічам – ён напісаў ягоны партрэт, сямейную рэліквію нашчадкаў Янкі з Летнікаў.

У хаце Янкі Пачопкі, як распавядае Рыгор Шарыпкін, Драздовіч дэманструе жадаючым замалёўкі з цыклу «Жыццё на месяцы» – «У цырку Платона» і «Расавыя тыпы луніды».

07.jpg

10 верасня ў Летніках усю ноч Драздовіч піша роздумы-фантазіі пра Месяц.

— Валянціна Іванаўна Паульская, дачка Янкі Пачопкі, сёння жыве ў вёсцы Загор’е Залескага сельсавета, і выдатна памятае Язэпа Драздовіча, калі ён быў частым госцем у іх хаце, — расказвае краязнаўца. — Паводле Валянціны Іванаўны, ёй, тады яшчэ малой дзяўчынцы, якую Драздовіч жартаўліва называў «Лінка-журавінка», іншы раз дзіўнымі здаваліся яго ўзнёслыя вечаровыя маналогі аб Космасе.

08.jpg Янка Пачопка. Партрэт у кнізе Драздовіча

Янка Пачопка падтрымліваў свайго сябра, а Драздовіч з апантанасцю даказваў прысутным: «Пройдзе час, Вы яшчэ мяне ўспомніце! Ёсць жыццё ў Космасе!»

09.jpg

Космавернісажы

Паводле ўспамінаў дачкі Яна Пачопкі, першымі гледачамі фантастычных твораў Драздовіча і слухачамі не менш фантастычных лекцый аб Космасе былі мясцовыя жыхары. У хаце Пачопкі мастак ладзіць свае выставы-вернісажы, тлумачыць вяскоўцам свае карціны і погляды на касмалагічныя сюжэты, чытае лекцыі пра Сонечную сістэму, пра Галактыкі.

— Пасля размоваў з тымі, хто памятаў Драздовіча, прыходзіш да высновы, што ў асноўным тут яго лічылі дзіваком – людзі думаюць пра хлеб надзённы, а тут чалавек расказвае пра жыццё на Сатурне і малюе нябесныя бегі. Дываны, што маляваў Драздовіч, думаю, цікавілі іх нават больш – з практычнага пункту гледжання, нядорага – і мастацтва ў хаце. Нездарма ў нашых мясцінах потым з'явілася некалькі прадаўжальнікаў «дывановай школы» Драздовіча. Але мастак усё ж рабіў на сваіх вернісажах сваё, спрабаваў прыўзняць чалавека, адарваць ад звыклай прызямлёнасці, натхніць... Магчыма, толькі Янка Пачопка і разумеў яго ў тыя моманты, — кажа Рыгор Шарыпкін.

10.jpg

11.jpg

Паміж касмічнымі імпрэзамі і карцінамі (і дыванамі, зразумела) Язэп Драздовіч шмат вандруе па Залесчыне. Вось уражанні з «Дзённіка»: «Прыгожая мяйсцовасць – гэтае Залессе. Колькі мастацкай красы ў гэтых азёрах, што расцягнуліся ланцугом – адно за адным – серабрыстымі плямамі між узгоркаў. А вунь і бор, увесь у старадаўнейшых магілках-валатоўках, а па-за ім, над узбярэжжам апошняга возера на шапкавастай гары, ніўё распаханага з-за няпамятных часоў, калісь абведзенага кругом тэрасамі пад’езду і агароджанага частаколамі ды замётамі мейсца старадаўнейшага гарадзішча».

Потым Язэп Драздовіч яшчэ вернецца да гэтых гарадзішчаў. Фактычна, ён быў першым археолагам-даследчыкам тут – толькі праз чатыры гады, у 1938-м, тут з'явіцца экспедыцыя польскіх археолагаў Гелены Цэгак-Галубовіч і Уладзіміра Галубовіча.

Да Новага 1934 года ў хаце Янкі Пачопкі Драздовіч заканчвае пісаць свае начныя падарожжы па Месяцы – «Mare Frigoris».

Канец зямных бегаў

Рэальнае жыццё, пастаянная нястача, беспрытульнасць, адзінота паціху прыпынялі «духавыя падарожжы» Язэпа Драздовіча. Ад 1935 года ён ужо не апісвае іх у «Дзённіку». Пасля вайны Драздовіч працягвае вандроўкі, зноў піша «касмічныя» артыкулы, але і здароўе, і жыццё – зусім неўладкаваныя. 65-гадовага мастака знаходзяць непрытомным на дарозе, 15 верасня 1954 года ён памёр у бальніцы ў Падсвіллі.

Ян Пачопка дажыў да 1977 года. І Драздовіч, і Пачопка, як і многія дзеячы беларушчыны пры Польшчы, з надзеяй чакалі ўз'яднання Беларусі. Але, як аказалася, самыя лепшыя для іх творчасці гады былі да 17 верасня 1939 года. На шчасце, мастак і паэт не патрапілі пад рэпрэсіі, але пры камуністах вернісажаў не ладзілі і кніг не друкавалі, стараліся асцярожна выжываць і адзін аднаго пасля вайны амаль не бачылі.

Напрыканцы ўзгадаю словы Максіма Танка, яшчэ аднаго сучасніка Драздовіча і з таго ж Паазер'я: «неспакойная мара мастака імкнулася ў неаглядную далеч Сусвету ў той час, калі космас быў прадметам цікавасці толькі паасобных вучоных», творы Драздовіча – «рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе».



Смотрите также

Статьи
Где белорусу поклониться праху великих предков

На Дзяды многие белорусы традиционно отправляются на

Статьи
Язэп Драздовіч, якім яго ведаюць на Глыбоччыне

13 кастрычніка спаўняецца 130 год з дня нараджэння Язэпа

Статьи
Путешествия в декабре: пять отличных вариантов

Многие события декабря приурочены к Рождеству и Новому году.

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые