Будслаўскі фэст – штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Мерапрыемства праводзіцца з 1992 года, а ў 2018 годзе ўвайшло ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Фэст у Будславе збірае вялікую колькасць святароў і прадстаўнікоў самых розных манаскіх ордэнаў, а таксама усіх біскупаў Каталіцкай Царквы Беларусі.
Сёлета, у сувязі з эпідэміялагічным становішчам, было абвешчана аб рашэнні перанесці Будслаўскі фэст на больш позні час. А вось традыцыйная ўрачыстасць, прысвечаная Маці Божай Будслаўскай, адбылася 2 ліпеня. Святая імша праходзіла на адкрытым паветры.
У год святога Яна Паўла ІІ яна прайшла пад дэвізам яго біскупскага і папскага служэння: «Марыя, я ўвесь Твой».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што ў служэнні і асобе святога Яна Паўла ІІ, які залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю сусветнага Касцёла і Касцёла ў Беларусі, можна бачыць жывое Евангелле, якое дае святло і надзею. Ён своечасова прачытаў знакі Часу і адказаў на іх, дзякуючы чаму былі адроджаны структуры каталіцкага касцёла ў нашай краіне пасля трох пакаленняў ганенняў на веру: “Мы дзякуем Богу за гэтую ласку. Вучымся, як захаваць нашу хрысціянскую тоеснасць у абставінах адыхода ад Бога. Сёлетні Будслаўскі фэст мы адзначаем у поўны выпрабаванняў і выклікаў пандэміі каранавірусу час. Яна паказала крохкасць як сучаснага глабалізаванага і самазадаволенаго свету, так і самога чалавека. Чалавек адрынуў Бога і захацеў заняць Яго месца. Аднак нябачны і мікраскапічных памераў каранавірус перевярнуў з ног на галаву наша ўяўленне аб сучасным парадку. Эпідэмія таксама адкрыла духоўныя праблемы чалавека і паказала, што чалавек не Бог, а слабое і лёгка ўразлівае стварэнне, і не можа спадзявацца выключна на свае сілы. Неабходны духоўны падмурак! Гэтаму нас вучыць святы Ян Павел ІІ. Адказ стагоддзям – у першых словах яго пантыфікату: “Адчыніце дзверы Хрысту! Адчыніце шырока!” І толькі праз вучэнне Езуса чалавек можа да канца пазнаць самога сабе”.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч жартам заклікаў слухачоў не забывацца: “Чалавек горда кажа: я кароль прыроды. Калі ты кароль, дык вазьмі карону”. Як паказала жыццё, гэта “карона” аказалася смяротна небяспечнай. Свет пасля пандэміі каранавірусу ўжо не будзе такім, як раней!”
Не абыйшоў Тадэвуш Кандрусевіч і тэму выбараў у краіне: “Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары прэзідэнта, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі сіламі”. “Езус дапаможа нам, такім розным, быць адным народам, з’яднаным узаемнай любоўю і павагай адзін да аднаго, а буру пераменіць у штыль”.
“Бо калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?” – заклікаў напрыканцы сваёй прадмовы прысутных кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Служэнне завяршыла эўхарыстычная працэсія з копіяй цудадзейнага абраза на прыкасцёльнай тэрыторыі.
Звычайна на фэст у Будслаў ладзяць пілігрымкі, вернікі ідуць пешшу, едуць на байках, аўтамабілях і на роварах.
Але самы незвычайны спосаб дабрацца да касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі абраў сёлета пробашч мінскага касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Як мы ўжо распавядалі, гэта было монакола.
“Ад пажару, голаду, вайны і віруснай заразы барані нас, Божа!” – гэтыя словы былі напісаны на плакаце, прымацаваным да машыны суправаджэння. І гэта быў асноўны пасыл чатырохдзённай адзіночнай пілігрымкі Уладзіслава Завальнюка. Ён падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі:
– Вандруеш, незалежна ад педаляў, руля, сядла – і адчуваеш пад сабой толькі кола, больш нічога. Гэта сапраўды яскравае адчуванне, бо адначасова можаш разважаць, маліцца, спяваць.
Стамляешся? Не.
Стаміліся спіна і ногі – на чацвёрты-пяты кіламетр можна прысесці на 20 хвілін, і зноў наперад. Адразу, як выехалі з Мінска, праехаў 12 кіламетраў, але гэта трохі цяжкавата без сталай звычкі.
Гэта мая ахвяра – не проста праехаць да Нацыянальнага санктуарыя, а дзеянне Богу на хвалу, якое прысвячаецца апецы Багародзіцы. Каб яна апекавала нас, нашыя сем’і, наш народ – бо, як і кожны народ у свеце, мы маем свае праблемы. Таму трэба прасіць Бога, каб быць не проста моцнымі рукамі, інтэлектам, але – духам! Калі ёсць дух, тады адзін жаўнер можа перамагчы войска.
Часам даводзіцца чуць: малітва – гэта для бабулек і тых, каму няма чаго рабіць… Не! Яна ў розныя хвіліны жыцця падтрымлівала нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мацавала іх дух – і заставаліся моцнымі сем’і, вернымі, шматдзетнымі – і жылі дзякуючы веры. Таму зараз трэба адраджаць гэту ласку Божую.
– А калі Вам даводзілася больш цяжка? Калі горача паліла сонца ці калі пачалася бура?
– Вядома, у другім выпадку, мяне магло нават збіць з ног, калі б я знаходзіўся на краі, ля каляіны. Мог бы згубіць шлях. А так хаваўся за барты машыны суправаджэння. Яны як шчыт.
– Ніводнага разу не зваліліся?
– А чаго мне падаць, я ж з сакрамэнтам ехаў! Пытаецеся, ці цяжка было? Шчыра: не, і можна было бы не на чацверты дзень даехаць, а ў тры дні ўкласці дарогу, толькі ў апошні дзень выехаць а чацвертай гадзіны раніцы.
Дыван-маляванка цяпер упрыгожвае сцяну будынка ў Мёрах
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....